Кастусь Каліноўскі
Смерць і неўміручасць
Заўвагі для акцёраў
Нягледзячы на тое, што гэта — "трагедыя" — “рвать страсть в клочки” не рэкамендуецца. Гэта руна, то бок паданне, песня, а людзі паданняў павінны быць значна цішэйшыя, чым жывыя, больш задушэўныя і стрымана рамантычныя. Гэта асабліва датычыцца сімвалічных сцэн, героі якіх нават рухаюцца запаволена, нават гавораць глухавата, нават жэстыкулююць амаль аднымі скупымі і выразнымі рухамі рук. Шумнымі і гарластымі, салёнымі і нястрыманымі павінны быць толькі “народныя” сцэны. Іхнія героі павінны напінацда і напівацца, гарланіць і рагатаць, жартаваць, плявацца, лаяцца і ўчыняць усялякія іншыя дзеянні, прынамсі, як цэлы дзесятак Гарганцюа. Непрыкрытая буфанада, фарс, рогат ва ўсю глотку — тут ніколі не перашкодзяць. Біць дык біць, секчы галовы дык секчы, скакаць у магіле дык скакаць. I, аднак, за ўсім гэтым павінна цвёрда праглядацца веліч, бо гэта яны героі трагедыі, хаця самі і не разумеюць гэтага. Характар астатніх сцэн падкрэсліваецца нават дэкарацыямі. Змрок і блытаніна вуліц старой Вільні, гмахі яе касцёлаў — самі павінны выклікаць у акцёра адпаведны настрой. Калі да подыху стагоддзяў дадаць яшчэ тое, што паўстанне асуджана на смерць з самага пачатку, дык гэтае наканаванне, якога ніхто не разумее, але адчувае кожны, павінна прыдаць паводзінам людзей горкае, страшнае і ад гэтага яшчэ больш чалавечае, велічнае і горкае адценне.
I менавіта таму крый божа даць у характары Кастуся нешта ад “правадыра”, а ў характары, скажам, Вастравуха — нешта ад палкаводца, ад Напалеона. Правадыроў і напалеонаў робіць удача (і то не з такіх людзей, як нашы героі), а ў нас — апошнія месяцы мяцяжу.
Мятеж не может кончиться удачей.
В противном случае его зовут иначе.
Нашы героі проста людзі, выключныя людзі, вельмі страсныя, добрыя і чалавечныя. Яны робяць тысячы памылак, але з гэтай прычыны яшчэ больш дарагія нам, бо іхнія памылкі таксама ад любові. Ад галоўных станоўчых герояў хацелася б вялікай высакароднасці, асаблівай, глыбокай і, вядома, не той, што ходзіць на катурнах, а той, што прымушае выключна высокага чалавека заўсёды сутуліцца, каб не падкрэсліваць свайго росту. А рост гэты ўсё адно прыкметны.
І яшчэ адно: крый божа рабіць дурнямі ворагаў. Мураўёў, магчыма, нават разумнейшы за Кастуся (іначай перамога не далася б яму так параўнаўча лёгка), але гэта ганебны розум бліскучага адміністратара дзяржавы катаў, розум, не сагрэты ні дабрынёю, ні вераю ў людзей. I, аднак, Мураўёў чалавек. Яму нельга дараваць, але яго можна зразумець.
Наогул, усе ў п’есе павінны быць людзьмі. І дэ Салье зусім не легкаважная распуста і не дурніца, а проста жанчына, што шукае кахання, не думаючы аб тым, ці вартая яна яго цяпер. І Парафіяновіч — не той здраднік, што скуголіць і качаецца ў нагах: “А браточкі вы мае: ручкі-ножкі пацалую, а я ж не сам да немцаў пайшоў”. Такі стандарт набіў аскому, такі лямант ганебна чуць са сцэны і экрана, бо гэта хлусня, бо нават здрада для самога здрадніка з’ява заўсёды абгрунтаваная. I вось гэтую логіку кожнага характара, карані яго, павінен паказваць кожны, не думаючы аб тым, хто ён: герой у плашчы, ці нягоднік у шортах. І тады ўсё астатняе прыкладзецца, але характары будуць жывыя, і нам будзе не смешна, а страшна.
У гэтым, у характарах, — галоўнае, а зусім не ў тым, урэшце, малаважным факце, што Беларусь і Літва паўсталі, а потым іх скарылі, што Мураўёў быў вешацель і спавядаў фаталізм, а Каліноўскі быў харошы і навучыўся дэмакратызму, чытаючы артыкулы Чарнышэўскага. Людзі, вось што галоўнае. Розныя: дрэнныя, добрыя або проста цёпленькія, дурныя ці разумныя, людзі, скутыя адным ланцугом.
Праблемы шавінізму, сенсіманізму і г. д. нас не павінны тут цікавіць. Руну, песню гэта не цікавіць ніколі. Яна не думае, што гістарычны гетман Сагайдачны быў не вельмі і варты захаплення чалавек. Яна проста памятае, што ён “обміняв жінку на тютюн та люльку”, і, у захапленні ад заліхвацкай гультайскай прыгажосці гэтага ўчынку, гарланіць ва ўсё горла: “Ой, на горі тай женці жнуць”. Так і нам. Проста перад намі ўстаюць людзі, якія жылі сто год назад, але якіх мы разумеем, магчыма, лепей, чым сучаснікаў. Устаюць, кахаюць, сварацца, гінуць. Адных з іх катуюць і гоняць — а значыць, яны маюць права на наша спачуванне, на наша сэрца. Вось і ўсё. Адны з іх больш любяць людзей (а значыць, і мы любім іх), другія — фальшывую ідэю велічы, якая — не веліч дзяржавы, якая даўно не дзяржава, а турма, і спакою, які не спакой, а застой. Таму першых мы любім, а другіх ненавідзім, але разумеем.
Я магу расказаць кожнаму акцёру, які захоча падрабязную біяграфію кожнага з герояў (тым больш што цалкам выдуманых сярод іх амаль няма, і толькі некаторым я, каб мець прастору для выдумкі, змяніў прозвішчы: скажам, Юзэфа Яневіч — Юзэфа Баневіч,— мне не падыходзіў яе ўзрост, трэба было прыбавіць некалькі год). Магу расказаць, як яны апраналіся, якія кнігі чыталі, якія ў іх былі валасы, жэсты, вочы, паходкі — але я думаю, што запісваць гэта не варта. Матэрыял для гэтага — у дыялогу, а жэсты і іншае прыдумаюць самі творцы, і аўтару менш за ўсё варта шчаміцца ў гэты працэс. Таму я скажу толькі пра некаторых, каб акцёры пазбавіліся грубых памылак. І яшчэ, каб яны ведалі, чаго нельга рабіць ні ў якім разе, бо гэта не адпавядае характару, задуманаму аўтарам. Дык вось:
Каліноўскі — на пачатку п’есы яму 25 год. У жыцці ён быў сярэдняга росту, але ў нас не трактат, а руна, таму нам важна ўяўленне аб ім. А героя ўяўляюць высокім і гожым. Няхай будзе так. Я казаў ужо, што ён ваявода, герой, талент, але ніяк не правадыр, не манумент. Проста чалавек, страсны, гарачы, нястрыманы чалавек, любоў якога да народа (абстрактная спачатку) запаліла ўрэшце невялікую, найбольш чуткую да праўды, частку гэтага народа і стала ў канцы асэнсаванай любоўю. Ён чалавек жывы і разнастайны, але недзе, падтэкстам, мы павінны ўвесь час адчуваць, што гэта пра такіх, як ён, сказаў паэт: “Твой сын живет, чтоб пасть в неравном бою, всю горечь мук принять без воскресенья”.
Станевіч — яго сябар, гэтым сказана шмат. Ён толькі трохі больш просталінейны, бо не адчувае такой адказнасці, як Кастусь.
Вастравух — чалавек тыповы для паўстанцаў 1863 г. Лічыў, што мужык сустрэне яго абдымкамі, а мужык, на жаль, сустрэў у многіх мясцінах доўбняй. Гэта пра такіх пісаў Жэромскі: “Всё проиграно, беспутно спущено до последней нитки... Вот сейчас выползет страх...” Цікава паказаць адраджэнне гэтага чалавека. Ад шляхецкага рамантызму да ўсведамлення таго, што ў паражэнні трэба быць больш мужным, чым у перамозе.
Юзэфа Яневіч — божая маці паўстання, Марозава паўстання. Уладнасць да закасцянеласці, калі справа ідзе аб праўдзе паўстання. І, непрыкметна, вялікая дабрыня. Яе гумар павінен быць заўсёды нечаканым: сярод суровых іранічных сказаў раптам выскачыць, як чарцяня з бутэлькі, жарт.
Яўхіміха — баба з тых, ідэйныя продкі якіх адны, без мужыкоў, разграмілі калісьці аглоблямі пад Масквою нагайскую арду. Мужыкі былі ці то ў паходзе, ці то п’яныя. Усе як адзін. Так што кіравалі пабоішчам таксама бабы. Яўхіміхі.
Барданос — па жонцы і муж. Трошкі больш лянівы, бо жончынай энергіі хапае на дваіх. Васіль Вашчыла, якому не далі разгарнуцца, Пугачоў з невялікай арміяй. Такія, як ён, спачатку, па цемнаце, могуць порах падпаліць у роце пана-настаўніка (“усё адно пан”), а потым робяцца героямі. Дзіўна, але ён добры.
Лосеў — ні ў якім разе не дурань. Чалавек, магчыма, і не бліскуча адукаваны, але прыродна разумны. Хітрая і небяспечная асоба, сышчык па самай натуры сваёй.
Мураўёў — аб гэтым пісаў ужо. Трэба памятаць толькі, што і ён — чалавек з трагедыяй, што ён увесь час вымушаны (і не без поспеху) змагацца з самім сабою, з рудыментамі пакут сумлення. Выключна разумны, жорсткі. Як вораг — страшны. Як разбэшчвальнік душ — жахлівы. Як чалавек — увасабленне той смяротнай сілы, якая ва ўсе вякі гняла людзей. Сімвал адвечнай іерархіі насільства. Перст лёсу з мяса і крыві, які нібы забыў, што ён памрэ, як усе.
Парафіяновіч — аб гэтым паўтару толькі тое, што гаварыў ужо. Хай ён, чорны здраднік для нас, будзе ва ўсім мець рацыю для сябе. І таму акцёр павінен паважаць сябе ў гэтай ролі і не абражаць яе віскам і дрыжэннем каленак. Проста дзевятнаццацігадовы няўдачнік. Камісар без ваяводства, разбіты без адзінага бою палкаводзец, каханак без каханай, паўстанец без мужнасці, аплецены хітрым і страшным ворагам. У подласці ягонай прысутнічае нават нейкая веліч адчаю.
Пасланец жонду — зародыш Цэзара без задаткаў Цэзара. Чалавек, які пайшоў у бунт, бо лічыў яго пачаткам кар’еры, а цяпер не кідае толькі таму, што амністыі няма і яго павесяць. Падман лічыць падмуркам палітыкі. 3 такіх, калі бог дае ім рогі, вырастаюць дыктатары.
Гогель — роля не такая простая, як здаецца. Гэта не проста нягоднік. Гэта нягоднік з прэтэнзіямі. Праз некалькі год яго пачне рваць друкаваным словам, і тады ён выпусціць кніжку, у якой будзе паклёпнічаць на Кастуся.
Панцялееў — вобраз важлівы таму, што гэта апошняя перамога Кастуся. Капітан Панцялееў стане з часам рускім рэвалюцыянерам, актыўным дзеячам “Зямлі і волі”. Таму нават у памылках і зманных выказваннях ён павінен быць вельмі абаяльным, як кожны сумленны і чысты чалавек [пазней абзац быў закрэслены аўтарам].