Назад

Аб праекце

Прывітанне!

Вы патрапілі на старонку, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму. Тут можна знайсці разнастайную інфармацыю пра ягонае жыццё і дзейнасць, пазнаёміцца з пэўным дакументальным матэрыялам, мастацкімі творамі...

Увогуле сёння пра паўстанне 1863-1864 гг. можна пачуць дыяметральна процілеглае. Прыкра, што ў шальмаванні гераічнага кіраўніка інсургентаў бяруць удзел некаторыя беларускія літаратары і навукоўцы. Часам яго нават адкрытым тэкстам называюць "польскім шавіністам" ці наогул "бандытам". Вядома, большасць гэткіх выказванняў прадыктаваныя чыннікамі палітыка-ідэалагічнага плану. Аднак з'яўленне пэўнай часткі з іх, на мой погляд, абумоўлена яшчэ і паверхнасным поглядам аўтараў на поўны супярэчнасцяў жыццёвы шлях Кастуся, разуменнем рэаліяў другой паловы XIX ст. з пазіцыі сённяшняга дня.

Дык ці з'яўляецца К. Каліноўскі нацыянальным героем Беларусі? Адказ на гэтае пытанне дае толькі ўдумлівае, аналітычнае вывучэнне ўсіх матэрыялаў, што маюць дачыненне да Каліноўскага: архіўных дакументаў, мемуараў ягоных сучаснікаў, глыбокіх навуковых даследаванняў... Сабраць усё гэтае ў адным месцы – такая задача-максімум дадзенага web-рэсурса.

Зразумела, на сённяшні дзень ён утрымлівае толькі мізэрную частку таго, што хацелася б на ім бачыць. Планаў безліч, аднак далейшае імклівае пашырэнне рэсурса без знешняй дапамогі, бадай, немагчымае. Таму я запрашаю да супрацоўніцтва ўсіх прафесійных (і не толькі) гісторыкаў, ды й проста аматараў айчыннай даўніны. Спампоўвайце апошнюю версію "Праграмы развіцця сайта", глядзіце, дапаўняйце, шукайце... Дасылайце таксама для публікацыі на сайце Вашыя працы аб Паўстанні, артыкулы і г. д.).

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць сваім бацькам, без усебаковае падтрымкі якіх ажыццяўленне дадзенага праекта наўрад ці было б магчымае.

Асобная падзяка Аляксею Малашчанку, Аляксею Абрамчуку, НЛ, Настассі Жарскай, Алесю Смаленчуку, Андрэю Шулаеву, Валеру Мазынскаму, bibliograf'у, weezer'у, Вользе Сямашка, Яўгену Батуру і Язэпу Янушкевічу за карысныя парады і прадастаўленыя матэрыялы.

Веру, што з дапамогаю неабыякавых людзей да 150-х угодкаў паўстання ў сеціве будзе сфармаваны ўнікальны інфармацыйны рэсурс, нешта накшталт расійскага праекта "1812 год".

Буду ўдзячны таксама за любыя Вашыя водгукі й заўвагі адносна як афармлення сайту, так і яго зместу. Слушная крытыка абавязкова будзе ўлічаная.