Кастусь Каліноўскі
Смерць і неўміручасць
Трагедыя ў трох актах, трынаццаці карцінах
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
СЕЙБІТЫ:
Беларусь
Кастусь Каліноўскі
Арсень Станевіч — сябра Кастуся.
Караліна Яцына
Вастравух — камандзір атрада інсургентаў.
Юзэфа Яневіч
Пан Заруба
Бронюс Марцявічус — кінжальшчык.
АРАТЫЯ:
Пархвен Бабаед
па мянушцы Чортаў Бацька
Яўхім Барданос
Яўхіміха
Чорная Плакальшчыца
Агей Блажэнны — юрод.
Баба Гарэліха — удава.
Ігнась Шоцік
Нямы Ян
КРУМКАЧЫ:
Граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў
Імператар Аляксандр ІІ
Жандарскі палкоўнік Лосеў
Палкоўнік Цаплін
Капітан фон Юнген
Паручнік Гогель — член следчай камісіі.
ІНШЫЯ:
Пасланец белага жонду
Вітаўт Парафіяновіч
Марыя Грэгатовіч
Стоцкі
Мадам дэ Салье
Палкоўнік Шалгуноў — старшыня следчай камісіі.
Палкоўнік барон Тызенгаўзен
Сяляне, прахожыя, салдаты, натоўп, госці на бале, члены следчай камісіі і трыбунала.
Дзея пачынаецца ў маі 1863 — канчаецца ў сакавіку 1864 года.
АКТ ПЕРШЫКарціна першая
Яшчэ перад тым як падымаецца генеральная заслона, чуваць далёкія, жудасныя па сіле і журбе, гукі старадаўняй песні. Гэта “Дарота”... На саматканым чынаватым палатне заслоны скачуць адбіткі далёкага агню. І вось перад заслонай узнікае Жанчына ў чорным.У яе журботнае аблічча з прадоннямі чорных вачэй. Вялізны цень жанчыны рухаецца ва ўспышках зарыва, то ападаючы, то вырастаючы амаль да столі.
ЖанчынаЯ — Беларусь... Я — чорная зямля...
Я — маці ўсіх дзяцей маіх.
І ўсіх гасцей, што прыйдуць з добрым словам
На берагі маіх празрыстых рэк.
Нямнога, пэўна, знойдзецца такіх,
Што злом мяне успомняць. Толькі тыя,
Што смерць прыносілі ў мае палі
І зараз спяць на дне маіх курганаў.
Я — перад вамі... Паглядзіце... Рукі...
Стагоддзі працы — шрамамі на іх.
Я — ў чорным. Але быць бы мне ў барвяным
Ад рэк крыві, што працяклі па мне...
Якой была я светлаю дзяўчынай!
Ў каралах арабін, ва ўборы ясным
3 зялёнага атласу і ў сапфірах
Маіх азёр бязмежных і крыніц.
І цар прыслаў — мяне ў рабыні сватаць —
Сваіх паноў з мячом, свінцом, агнём...
І вось я скінула свае уборы
І чорны плашч усклала. Ў соты раз.
Але ў бясконцых, страшных гэтых бедах
Не апусціла я сваіх вачэй...
Вы, што глядзіце зараз мне ў зяніцы,
Вы, светлыя, вы, добрыя, вы, дзеці
Вялікія мае, павінны ведаць
Паданні краю.
Вось, вазьміце крылы,
Якія Вас туды перанясуць...
І уявіце, што якраз сягоння
Рассыпаліся вёскі і палацы
Чырвоным жарам. Шыбеніцы страшна
На раздарожжах стогнуць па начах...
Па жылах рук маіх ідуць салдаты,
І валяць родны лес наўсцяж дарог,
І паляць пушчы, каб ніхто не здолеў
Схавацца там са зброяй і страляць
Па карніках. Яны ж паўсталі, дзеці,
Не вытрымалі рабства і цяпер
Ляжаць, забітыя рукой варожай,
Між зрынутых калон маіх лясоў.
Не будзе дрэваў — і мяне не будзе...
Паслухайце... Вось... Вось яшчэ... Яшчэ.
Здалёк, глухія і нерэальныя, далятаюць, мацнеюць, гучаць, гучаць удары сякер.
І уявіце, што сягоння, зараз,
Выходзяць лепшыя сыны змагацца.
І рог гучыць. І раўкаюць гарматы.
І мужыкі, што верылі спачатку
Ў цара, цяпер за лепшымі ідуць.
Узняўшы вілы ў зарыва... І гэта
Зрабіў адзін з сыноў маіх... Кастусь.
Сын той зямлі, што несла крыж пакуты...
І тут узмывае страшная, на мяжы голасу і адчаю, песня-лямант “Дарота”.
А Дарота крыж нясе
Па сцюдзёнай па расе,
Па папёлах стылых,
Па пажарах дымных
Нясе...
Нясе...
За ўсіх бедных людзей
Па палёх яна ідзе...
Ідзе... ідзе...
Беларусь Глядзіце! Успомніце! Прыходзіць час!..
Уздымаецца заслона.
Закінуты вадзяны млын пад Бахарэвічамі. Грэбля парасла дрэўцамі, лес прысунуўся амаль да самых сцен... Чортаў Бацька і баба Гарэліха глядзяць у глыбіню сцэны, адкуль чуцен далёкі шум натоўпу.
Гарэліха Куды гэта народ сыпануў? Га, Чортаў Бацька?
Чортаў Бацька Паўстанца ловяць... Паныча... Ішоў нібыта па дарозе сюды.
Гарэліха А Яўхім наш... Сокал-мужык!..
Чортаў Бацька Над пешым арлом і варона з калом... Але нішто — сокал...
З’яўляецца падарожны вандроўнік у лапленай сялянскай світцы, з торбай за плячыма, з трохгранным кіем у руках. Бахматая галава, густыя бровы, доўгія вусы.
Падарожны Дзень добры на славу божую.
Чортаў Бацька Ветлівы... Па-нашаму... Здароў, вандроўнік.
Падарожны сядае побач з імі.
Хто будзеш?
Падарожны Павей-вецер, дзядзька. Хаджу, зямлю нагамі штурхаю.
Чортаў Бацька Я і гляджу, лёгкі ты на хаду. Як ляціш...
Падарожны Што, сябры, ці не было тут хлопца, светлавалосага такога, высокага?..
Чортаў Бацька А табе чаго?
Падарожны Ды так... Таварыша павінен быў тут сустрэць.
Гарэліха (бурчыць). Сустрэнецеся ў ката на дыбе... Носіць тут...
Чортаў Бацька Змоўч ты, Гарэліха... Гэта наш чалавек... Мужык.
Падарожны Дзякуй, добры чалавек... Ну, як тут у вас жыццё?
Чортаў Бацька Не жыццё, а выццё...
Падарожны Паўсюль так. Сам бачыў. А мураўёўцаў не чуваць?
Чортаў Бацька Каго?
Падарожны Новага намесніка цар прызначыў. Мураўёва. То яго салдаты.
Чортаў Бацька Не чуваць. А ў наваколлі паляць-такі вёскі.
Падарожны А што народ?
Чортаў Бацька А што народ! Народ паноў б’е...
Падарожны Якіх паноў?
Чортаў Бацька І вінаватых, што паўсталі, і невінаватых.
Падарожны Ды нашто?
Чортаў Бацька Невінаватых пад шумок. Усё лягчэй мужыку. Тым больш — разбірацца не будуць. Унь мужыкі сёння пана Зарубу на хутары вырашылі памацаць. А вінаватых, злачынцаў царскіх, тых, што ў лясах са зброяй, — тых цар загадаў.
Падарожны Як цар?
Чортаў Бацька Поп казаў у нядзелю, што, маўляў, гэта паны, што прыгон вярнуць хочуць. Цар вызваліў, дык яны паўставаць. 3 амбона казаў — не брэша.
Падарожны Дык гэта ж няпраўда...
Чортаў Бацька А ты хто такі, што лепей за папа праўду ведаеш?
Падарожны Поп нават пра дзяцей сваіх усёй праўды не ведае. Пра тую праўду спытай у пападдзі ды ў паповага найміта.
Чортаў Бацька Гэ... Наконт нашага папа — як у ваду глядзеў...
Падарожны То што ўсё ж вашы мужыкі рабіць збіраюцца?
Гарэліха Скора ўбачыш.
Падарожны відавочна непакоіцца.
Падарожны Чаго-то вы тут седзіцё? Як прыклееныя, як госці... “Надвор’е якое цёплае. Каб быў госцем — даўно б дахаты пайшоў”.
Чортаў Бацька Ды тут зараз народу будзе — поўна... О! Спаймалі-такі... Вядуць...
Здалёк чуваць гоман натоўпу.
Падарожны Хто вядзе? Каго?
Чортаў Бацька Царскага злачынца. Яўхім, мужык наш, аблаву на яго збіў... Хто за цара і бога — бі паноў.
3-за дрэў сыпануў на прагаліну віруючы сялянскі натоўп: бабы, мужыкі, дзяды. У руках цапы, доўбні, сякеры. Вядзе натоўп Яўхім Барданос, сталы, страшнаватага выгляду мужык. 3 ім ягоная жонка з аглаблёй. Пярэднія мужыкі цягнуць Вастравуха. Яму, відаць, давялося паспытаць кухталёў. За імі другія цягнуць звязанага Зарубу. Народ кіпіць.
Яўхім Цягні іх, хлопцы! Бі! Сячы галовы!
ЯўхімІ ха. Бач ты, з іхніх зажывошчаў нам хаты спаляць. Зброю ім! Прыгон!
3 Вастравуха зрываюць перавязь.
Галасы Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!
Падарожны, рассоўваючы людзей, ідзе да пня.
Падарожны (ціха). Вастравух... Бог ты мой, што з табой зрабілі?!
Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялі людзі, для якіх ён жыў.
Перад ім стае Яўхіміха.
Яўхіміха А ты галодны рот печкі бачыў, Хрыстос?
Вастравух Баба бедная, гэта ж мы за вас... Супраць бацькоў сваіх... за вас!..
Яўхіміха Пан мужыку тлумачыў: “Гэта, мужык, атлас”. А мужык яму: "Ад нас, паночку, ад нас". (Са страшнай іроніяй.) Ты — пан. Ты “за нас”, як воўк за авечую шкуру.
Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на калені перад пнём.
Вастравух Што ж, вазьміце жыццё. Яно — ваша.
Яўхім бярэцца за сякеру. Падарожны праціснуўся да яго. Якраз у гэты момант з’явіліся на грэблі Арсень Станевіч і Караліна
Арсень Вядзі хутчэй да ваяводы. Тэрміновыя весткі з Вільні, панна Караліна.
Караліна Ды Вастравух якраз тут, ля млына, павінен быў сустрэцца з кімсьці...
Арсень 3 ім якраз...
Караліна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзіце!
Уражаныя, яны застылі. Потым Арсень адштурхнуў Караліну за дрэвы.
Яўхім (Вастравуху). Ты хто такі?
Вастравух Камандзір атрада паўстанцаў.
Яўхім Маліся... Замольвай апошні грэх.
Падарожны Які грэх?
Яўхім А ты хто?
Чортаў Бацька Ды наш... Мужык ад чобатаў да гаворкі... Вандруе...
Яўхім Сляпы... Мужык галадае, мужык памірае. Цар мужыку долю даў. І знайшлася сабачая парода, што супраць загаду цара... Каб прыгон вярнуць, стайні, каб маці ад дзяцей асобна прадавалі... (Узняў сякеру.)
Падарожны (з пагрозай). Стой! Што робіш?! Ты яму жыццё даў, каб адбіраць? Ты, відаць, з дзяцінства такі: тварык бяленькі, ды на вуме мяленька. Яны за цябе воляй, шчасцем, жыццём рызыкуюць... А ты... багаты дужа... Скарбы табе такія кожны дзень пад ногі сыпалі... Зірні яму ў вочы, ты, чакуха драўляная... Могуць быць такія вочы ў гада?..
Паўза.
Арсень Самасуд. Схопяць.
Караліна Такога адважнага? Не-е. Хто гэта?
Арсень шэпча ёй на вуха.
Што будзем рабіць?
Арсень Пачакаем... (Выцягнуў пісталеты і паклаў іх перад сабой на пень.)
Яўхім Ды цябе чаго яшчэ слухаць? Ты хто такі, кіслая шэрсць, каб парады даваць?
Падарожны стаў на пень. Зрывае парык і вусы, адкрываючы вельмі малады твар з гарачымі вачыма. Скідае світку. Пад ёй чамарка падпяразаная срэбным поясам. За поясам два пісталеты з залатой насечкай, вялізныя, старыя.
Падарожны Я — вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губерні, Кастусь Каліноўскі.
Адхіснуўшыся, ахнуў натоўп.
Вастравух Кастусь... Ты бачыш... Вось як яны... 3 сякерамі... Доўбнямі... Ловяць паўстанцаў. Аддаюць іх уладам... Нашто мне жыць?.. (Рыданне раздзерла глотку Вастравуха.) Нашто-о, калі я за іх?!
Яўхім Слёзы табе выцерці?
Кастусь І выцеры. Яны гэтага вартыя, такія слёзы. Табе такімі до-оўга яшчэ не плакаць. Слязьмі крыўды на свой народ... Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калі — свае! — сваім галовы сячэце!
Гарэліха Якія яны да халеры свае! Яблыкі з панскага дрэва.
Кастусь Яны свае, баба. Яны ўпалі са сваёй яблыні і адкаціліся на мужыцкую ніву. Чаму ты пайшоў у лес, Вастравух?
Вастравух Бацька абразіў маю маці... Ён мяне пракляў, калі я пайшоў у лес. А я не мог не ісці. Бо гэта такія, як мой бацька, запраўляюць у воласці, царкве, судзе, турме. У павеце, губерні, сенаце, на...
Кастусь Стой, Вастравух, далей не трэба... 3 часам... (Да мужыкоў.) Самі бачыце... Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якія зразумелі падман бацькоў, вы — сякерай. А падман будзе, калі яны не перамогуць. На вас будзе вісець! На дзецях вашых! (Паказаў на маладзіцу, якая гадуе грудзямі дзіця.) Ну вось ты... Сын гэта?
Маладзіца Сын.
Кастусь Мужык. Падман чыноўнікаў будзе вісець і над ім. Будзе ён расці, твой сын, Яўхімаў, мой, цароў брат. Будзеш ты яго макам паіць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле... Стане хлопчыкам, вучыць трэба. А школа ёсць?
Чортаў Бацька Раней на стайні была. Цяпер — у воласці. Порткі ў руках трымае.
Кастусь А ўрад адно скубе з вас падаткі. А між тым не вы для ўрада. Урад для вас. Без вас яны, няробы, з голаду здохнуць.
Маладзіца Што ж з ім далей будзе, дзядзька?
Кастусь А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлуміць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, маці. А захоча праўды — павязуць туды, дзе бабы бялізну мыюць, а пранікі на неба кладуць. Маці прымусяць забыць, сумленне, свой народ.
Сям-там пачынаюць усхліпваць бабы.
А потым за ўсю працу — крыж струхнелы. I канец.
Караліна Іншыя — гавораць. Гэты — як душу аддае.
Арсень I якую душу...
Кастусь Не. Ён, і я, і ўсе іншыя такія пакляліся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслівы... Ты, Вастравух, жыццё сваё аддаў бы за яго?
Вастравух (проста). Я аддаваў.
Кастусь Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. І я прашу вас, мужыкі Бахарэвічаў, калі не хочаце самі паўставаць — хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму і нашаму ворагу.
Чортаў Бацька Што ж мы, за чужой спіною сядзець будзем?
Кастусь Сядзіце, калі хочаце. Чыноўнікі, каб вы нас не падтрымалі, глядзіш, яшчэ і зямлі вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць... А колькі мужыкоў ідзе з намі! І тут, і на Магілёўшчыне, і паўсюль. І паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, — у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. І няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць — Людзі.
Яўхіміха падыходзіць да Кастуся.
Яўхіміха Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такі адчайны? Ты што, бессмяротны? Маці не шкадуеш?
Кастусь Я не памятаю маці. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна маці.
Яўхіміха Хто?
Кастусь Наша зямля.
Яўхім раптам з сілаю ўвагнаў лязо ў пень ля ног Кастуся. Кастусь непарушны. І тут завірылі людзі вакол Вастравуха, вызваляючы яго.
Вастравух Што ты хацеў перадаць маім хлопцам, Кастусь?
Кастусь Тое і хацеў. Усуперак кіраўніцтву паўстання — трэба абапірацца на мужыка.
Вастравух Бачыў? Галовы сякуць.
Кастусь І няхай. І менавіта таму — ідзі насустрач. Пераконвай. Без іх — канец.
Арсень з Каралінай праціснуліся да Кастуся.
Ты, Арсень?
Арсень Я. (Амаль шэпча.) Слухай мяне, Кастусь. Белы віленскі ўрад распаўся. Спалохаліся мураўёўскіх шыбеніц. Галава ўрада знік з Вільні ў невядомым кірунку.
Кастусь На рэвалюцыях таксама робяць кар’еру.
Караліна Я глядзела на вас. Мяркую, вам гэта будзе па плячы... Трэба ехаць туды, ратаваць.
Яны стаяць і глядзяць адно на аднаго. Потым Кастусь працягвае руку.
Кастусь Кастусь Каліноўскі.
Караліна Караліна Яцына...
Кастусь Даўно з намі?
Караліна 3 лютага.
Кастусь (з пяшчотай). Паўстанка.
Караліна Што вы! Я баюся навальніц.
Арсень Нічога яна не баіцца. Сувязная — якіх мала.
Кастусь А чаму мяркуеце, што мне трэба ў Вільню?
Караліна Вы ж такі, што самі не ўседзіце...
Кастусь Кінуць нельга. А вы хіба застанецеся?
Караліна Не... Бадай, таксама пайду.
Арсень Ты нядрэнна трымаўся, чалавеча.
Кастусь Вось да чаго дайшло, да чаго давялі, да якой цемры, дзікунства! Якая прорва між намі! Як жа нам не ўмяшацца?
Яўхім Бабы нашы тут... разрумзаліся... А я табе не да канца паверыў, атаман. Быў тут адзін з вашых, напрадвесні. То ён казаў: “Зямлю — не чапаць! Паноў бессардэчных — не чапаць”. Як гэта так?
Кастусь Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылі вас пакоры, раілі вам не чапаць зямлі,— гэта людзі Белага жонду, а па-нашаму — урада. Яны толькі што ўцяклі з Вільні, спалохаліся.
Чортаў Бацька А вы хто?
Кастусь А мы не спалохаемся. Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю — браць. Паноў лютых — вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы — за вас. Да канца.
Натоўп між тым выштурхнуў да пня звязанага пана Зарубу. Заруба стаіць, па-маладзецку выпнуўшы жывот.
Яўхіміха А вось яшчэ адзін... 3 гэтым што рабіць?
Кастусь Ён хто?
Гарэліха Ён не з лесу. Ён проста пан.
Кастусь Вы разбярыцеся справядліва, людзі!
Заруба глядзіць яму ў вочы і з пагардаю варушыць вусамі.
Хадзем, Арсень.
Караліна Я цяпер не хачу сустрэч са сваімі людзьмі. Таму што за кожнага новага... знаёмага даводзіцца баяцца. Вось цяпер... за вас...
Кастусь Вы так не хочаце ўраганаў?
Караліна Я люблю сонца, Кастусь.
За іхняй спіною загуў натоўп.
Што там такое?
Кастусь Адвядзі яе, Арсень. Баюся, для таго пана справа скончыцца дрэнна.
Караліна I нічога нельга?.. Ах, гэта... страш-на...
Кастусь Яне ведаю, што гэта за чалавек. Але я пастараюся не даць ім яго. (Ідзе да натоўпу.)
Яўхім Адзін ці два — цару напляваць. А нам лягчэй... Адным над намі — меней!
Зарубу заламілі за спіну рукі.
Чортаў Бацька Ражна з’ясі. Мне цяжка нават і курку.
Яўхіміха (вырываючы з рук мужа сякеру). Дай мне... Я пакажу гэтаму панку.
Яўхім (зноў вырываючы сякеру). Пабойся бога, баба, як з табою мне пасля такога спаць?
Яўхіміха Не наспаўся? Васьмёх дзяцей прыжыў, а тут будзе чувырла вараціць. Сякеру давай!
Яўхім Адкасніся... Што, ніхто не хоча? Відаць, што мне трэба. (Папляваў на рукі.) Маліся, пан.
Заруба (насмешліва). На каго маліцца? На цябе, басурман ты мардасты? Бачыце, дарваўся. Хоча звязанага Зарубу зарубіць. Каб з цябе на тым свеце чэрці ўвесь час капусту шаткавалі.
Смяшок у натоўпе.
Каб яны з цябе калоду драбілі дровы секчы, каб з цябе ўжо. Каб твая жонка замест дзевятага вырадка ахапак крапівы нарадзіла.
Чортаў Бацька Справа не з цяжкіх. Народзіць.
Заруба Дзевятага дурня... У бацьку пойдзе. Прысніся такі Барданос — памрэш у сне ад жаху.
Рогат.
Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д’яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас...
Рогат.
Гарэліха Чаго ж ты лаіссі, чаго?!
Заруба 3 вамі іначай — як? Вы ж, халеры, і памерці, як я, не сумееце.
Яўхім Заторкніся!
Заруба Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?
Яўхіміха Не руш мужыка!
Заруба Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?
Рогат.
І ці не ты гэта, Гарэліха, на ўвесь вялікі пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзіўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?
Гарэліха Цьху!
Яўхім Досыць.
Зарубу цягнуць да пня.
Заруба І ці не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалі?.. (Перад плахай.) Стой. Пусціце рукі. Глядзі, Беларусь, як паміраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць ім на гэтыя пасконныя пузы. Не баяліся каралёў — не збаімося кароў... Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшніц з пекла выпусці... Га? Як для пакутніка...
Сеў абхапіў пень нагамі. Мужыкі з нейкім нават спачуваннем ляпаюць яго па спіне. Чуваць выгукі: “Нічога, хлопча”; “Не палохайся”; “Гэта ў нас хутка”. Паспрабавалі нахіліць яму галаву.
Прэч! Я на калені не стаў. То і пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.
Кастусь Чакайце, мужыкі... Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам...
Чортаў Бацька Гэ-эх... (Голасна.) Гэй, Гарэліха!
Гарэліха Чаго ты яшчэ, чаго ты лопаіссі, п’янюга?
Чортаў Бацька Можа б, і ты з ім?
Гарэліха Чаго гэта?
Чортаў Бацька Хоць з панам разам паляжыш. Унукі ганарыцца будуць.
Рогат.
Во, маўляў, у нас бабця была.
Галасы Давай, Гарэліха! Карыстайся! А можа, даць ім часу да раніцы?
Заруба (узняў галаву). 3 гэтай? Свят-свят-свят! (Паклаў галаву.) Сячыце лепей адразу, чым такую пакуту мець.
Дабрадушны рогат.
Рагочуць. У дурня і песня дурная.
Яўхім Чаго гэта мы — дурні?
Заруба Ато разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьці галаву.
Галасы Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!
І тут разрагатаўся ўжо і Яўхім. Рагоча, кінуўшы сякеру.
Чортаў Бацька Кастусь, га Кастусь! Ну што з ім, чортам, рабіць?
Кастусь Ды ён жа, па ўсім відаць, не можа быць жорсткі...
Яўхім Не.
Кастусь Астатніх як хочаце. А гэтага... гэтага я ў атрад узяў бы. Ма-лай-чы-на! Нашага духу чалавек! Смехам віруе, як кацёл... Ну што, громакіпячая бочка, пайшоў бы з намі?
Заруба Ты — смелы. Сабой прыемны. Але якога гэта я д’ябла бяспятага з вамі пайду?
Кастусь А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут... Ты — месца апошняга ўспакаення курэй, гарэлкі і бульбы. Таму што любіш Беларусь.
Заруба А вы за што?
Кастусь За тое, каб паўсюль смяяліся і жартавалі.
Заруба Недзе хіба не жартуюць?
Кастусь На троне не жартуюць. Трон, ці ведаеш, неяк не хіліць да нястрымнай весялосці.
Заруба Дык вы вось куды?.. Ф’ю-ю...
Кастусь Што, страшна?
Заруба Ды не... (Паважна.) Што ж... (Падае Кастусю руку.) Дав-вай пасмяёмся.
Рогат.
Чортаў Бацька Што, брат Заруба, трошачкі... таго... перапалохаўся?
Арсень А тут яшчэ той Яўхім... Злез з печкі. Узрадаваўся.
Чортаў Бацька Ён у нас такі. З’есць бульбы такую патэльню, што сучка мая не пераскочыць, а потым... сядзіць на печы, а б’е, як з горада.
Магутны рогат пакаціўся натоўпам.
Яўхім Ото ж бо лэйбус.
Гарэліха От дзе ж бо ўжо-ткі хіба такі!
Гоман. Цяпер убаку Арсень, Караліна, Кастусь.
Кастусь Збірайцеся. I ты, Арсень?.. Не хапае там людзей.
Арсень I я.
Чортаў Бацька (зусім нечакана). І я.
Кастусь Чаго?
Чортаў Бацька Мне губляць няма чаго... Ані вабраза памаліцца, ані вяроўкі задушыцца.
Кастусь 3 намі пойдзеш, то што ўжо што, а вяроўку дадуць.
Чортаў Бацька І тое набытак... Дыхаць, праўда, нельга, але затое відаць далёка...
Кастусь абняў старога. І тут на грэблю вырываецца мужык
Мужык Яў-хі-ім!.. Тры роты салдат ідуць... Толькі што Вавёрыцы і Пнюхі спалілі... На нас ідуць. Пустыню робяць... Палкоўнік Цаплін ідзе...
Страшная паўза. Потым Кастусь узнімае рукі.
Кастусь Карнікі ідуць. Без вашай віны — проста страшаць народ. І справа зараз не ў спрэчках. Зараз справа ідзе аб тым, што ў вас хаты спаляць... (Вельмі ціха.) Мы не спяшаліся. Не дапамагаеце цяпер — потым зразумееце, дапаможаце. Але тут... Але сёння... Драпежны звер ідзе... Без сэрца, без розуму, без сумлення. Ён разбірацца не будзе... Не нас шкадуйце. Пашкадуйце свае хаты, пашкадуйце дзяцей... Спрэчкі потым дагаворым.
Мужыкі стаяць, не рухаючыся з месца.
Д-добра... Вастравух — за сваімі людзьмі!
Караліна Іх добра ля Сцюдзёнага Яра абкласці... Вастравух — коннікаў ля выхаду з яго. У гаі...
Кастусь Паляўнічых — на хвоі. Са штуцэрамі... Да вёсак — не дапусціць... Хадзем.
Ідуць. У маўчанні, у цішыні — тупат ног.
Яўхім Хлопцы, у вілы!!!
Карціна другая
Залпы. Далёкія залпы. Бязладнае з аднаго боку і магутнае з другога гучыць “Ура!”. Поле бітвы, над якім пасмамі плыве парахавы дым. Ляжаць трупы паўстанцаў, мужыкоў, салдат. Далёкае гігатанне параненага каня. Кінутая зброя. Дым... Праз сцэну, ратуючыся, прабягаюць некалькі салдат За імі Заруба з двума пісталетамі ў руках.
Заруба Святы Юры і Белая Русь!.. Стой, кажу, званіцу святога Яна вам у пашчы! Стой!
Страляе. Знікае следам за салдатамі... Дым, дым над полем. Здалёк гучыць “Ура!”. Між трупамі, напалову сагнуўшыся, прабіраецца палкоўнік Цаплін
Цаплін Чорт... Чорт... Ах, чорт бы іх падраў... Чорт... Апамятацца не паспелі... Чорт.
Ён сядае і пачынае ліхаманкава сцягваць з сябе палявую афіцэрскую кашулю. Ціхі жаласны стогн. Цаплін насцеражыўся. Адна з нерухомых фігур прыўзнялася на рукі і, бяссіла перакаціўшыся, упала на спіну.
Салдат (стогне). Брат! Брат! Дапамажы!
І, нібы ў адказ яму, аднекуль чуваць: “Братка! Братка! Ратуй!” Некаторы час, з інтэрваламі, ідзе нібы пераклічка стогнаў: “Брат! — Братка!” “Брат! — Братка!” Цаплін, нібы падумаўшы нешта, ідзе да салдата.
Пан палкоўнік?.. вы?
Цаплін Я... я... Дай здыму кашулю. Пагляджу, што і як.
Салдат О-о, смертухна... Ратуй... Ты вёў — ты ратуй цяпер, калі ласка.
Цаплін здымае з салдата кашулю. На сарочцы кроў.
О-о... Дзякуйце за дабрыню, ваша...
Цаплін Кажы "ты"... Мы — салдаты... Адкуль?
Салдат Казанскія мы... Мужыкі...
Цаплін I я казанскі...
Салдат (задыхаючыся). Ваша высакароддзе... Няправедная гэта справа... Няправедная... Мужыкі, як нашы... Піць-есць хочуць... Гадаваць бы галодных, а мы страляем...
Цаплін, не звяртаючы ўвагі, нацягвае на сябе салдацкую кашулю. Сваю кідае побач з паміраючым. Салдат заўважае гэта.
Брат! Брат!
Цаплін ударае салдата нагой.
Цаплін Маўчы, чарналапатны.
Салдат траціць прытомнасць. Цаплін зусім быў сабраўся бегчы, але тут на поле рынуў узброены натоўп мужыкоў і інсургентаў. Сярод іх усе людзі з мінулай карціны.
Заруба Стой! Стой, салдат, зарад карцечы і палікандзіла табе...
Цаплін падымае рукі. Мужыкі заўважаюць ля параненага палкоўніцкую кашулю.
Галасы Палкоўнік! Падмануць, пераапрануцца хацеў! Кат! Віламі яго!
Кастусь Не смець параненых! Стой! (Да Цапліна ) Хто такі?
Цаплін Салдат... Крутаў Сідар... Цвярскія мы...
Кастусь Што ж ты, салдат? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..
Цаплін 3-загадана нам... Шпіцрутэны зноў жа... Дахаты б... Конь зноў жа...
Арсень Пусціце яго, мужыкі...
Вастравух Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?
Яўхім (змрочна). Мужык ён. Няма чаго нам з ім дзяліць.
Яўхіміха Простыя людзі... Томна і ім...
Арсень Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.
Паранены захрыпеў і падняў галаву. 3 хвіліну глядзіць Цапліну ў вочы.
Цаплін Палкоўнік! Бачыш, супраць каго вёў? Пускаюць мяне. Высакароднасць якая! А ты, сволач! (Ударыў параненага). Ты... На каго вёў? На братоў?!
Салдат Браты!
Траціць прытомнасць. Цапліна закалаціла.
Яўхім Бачыце? Хай ідзе... Ідзі...
Цаплін пайшоў. Наўздагон яму — вясёлы свіст. Пабег.
Баяцца нас, хлопцы.
У гэты момант з’яўляецца Чортаў Бацька, літаральна згінаючыся пад цяжарам ахапка кайданоў.
Караліна Што гэта ён?
Чортаў Бацька Гатовенькія везлі, паненачка... Каб на цёпленькіх надзяваць. Ці не возьмеце часам, пан Кастусь? Ці не возьмеце, пан Яўхім?
Людзі разбіраюць кайданы. Яўхім бярэ адны, як змяю, кладзе на рукі, важыць. На яго твары грымаса страшнай гідлівасці.
Яўхім Гэта як жа... Мне?
Гарэліха Што? Не хочаш?
Яўхім Вось як... (Кідае кайданы ўбок.) Вось яно як...
Кастусь Вось так... І штамп... “Імператарскі Пятроўскі завод”.. В-вось так.
Кідае кайданы. Кідаюць яшчэ. Ляск... Ляск...
Вось так, людзі... Вось так, браты мужыкі... Вось так, народ...
Гарэліха (бярэ адну "змяю"). Ланцуг зрабіць для калодзежа, ці што?
Чортаў Бацька Л-ланцуг? Баба ты, курыныя твае мазгі, дурацкія, пакуль з лавы ляціш — сем дум перадумаюць... Досыць ланцугоў! У Нёман іх, хай глытае!.. Досыць...
Топча звінячую кучу. У гэты момант з крыкам “Ура!” увальваецца натоўп.
Мужык Яў-хі-ім! Вастравух! Гарматы ў палон узялі! Аж чатыры!
Кастусь ідзе да Караліны, якая схілілася над параненым.
Кастусь Што ты?
Караліна Ранены — гэта проста ранены. Яго трэба лячыць.
Кастусь I тут твая праўда... Як у вас рукі лётаюць... Як стрыжы над ракой...
Караліна А вашы грубаватыя, гожыя, яны надзейна кладуць бінт.
Яўхім (да Вастравуха). Даруй... І ведай: цяжка нам дасталіся нашы хаты. Мужык дарэмна ніколі не бунтуе. Але вашых больш хапаць не будзем... братка.
Кастусь Я раней не разумеў, чаго гэта хворыя, ачуняўшы, часта жэняцца з сядзелкамі.
Караліна А цяпер?
Кастусь Пачынаю разумець... Бо гэта — як добры лёс над табой... Часам, відаць, прыемна адчуваць сябе слабым.
Салдат падымае галаву.
Салдат Каго адпусцілі, браты, каго?
Кастусь Салдата.
Салдат Цаплін гэта... Кашулю зняў... Палкоўнік... Апошні паход з намі быў... На Магілёўшчыну потым яго... пераводзіць... хацелі... Дзе пажар найбольш зыркі... Вешальнік... Вешаюць жа вас у Вільні... Вешаюць... Шкада...
Памірае. Кастусь і Караліна, разгубленыя, стаяць над ім, узяўшыся за рукі. А над імі зноў узлятае “Ура!”.
Галасы Ура ваяводзе! Ура атаману! Ура! Ура-а-а!!!
Карціна трэцяя
Пакоі ў кватэры Юзэфы Яневіч. Куток прыхожай, у якой сядзіць Чортаў Бацька, і гасціная. У гасцінай Кастусь, Караліна, Арсень, Пасланец Белага жонду. Гаспадыня кватэры сядзіць у крэсле, такая ўладная, што здаецца — пад ёю не крэсла, а трон. Кульмінацыя спрэчкі.
Кастусь Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!
Пасланец Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў...
Арсень Вашай забаронай мы...
Яневіч Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?
Арсень Прабачце, цётка Юзэфа... Але яны — лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер “забараняюць”.
Яневіч А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.
Пасланец Ваш мужык — хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.
Кастусь Гэта стагоддзі вашага панавання зрабілі яго такім.
Яневіч Адсталыя, любчык, людзі. Немудрагелістыя, як барана. Пытаюся я нядаўна ў вясковага хлопчыка, чым яны пысы выціраюць, як памыюцца. А ён мне: “Татка рукавом, мамка — падалом, а я — сам сохну”. Вось і растлумач ім, што ўсе яны цяпер вольныя, як старапольская шляхта.
Кастусь Але ён устае, мужык радзімы. І калі вы не будзеце з ім — ён вас выкіне.
Пасланец Такое паўстанне нам непатрэбна. Мужык лезе ў яго бруднымі лапамі, а не лезе, дык прадае.
Яневіч Дзіўна. Тысячу год камандавалі — і не абрыдла ім!
Пасланец Дваране ўмеюць ваяваць.
Чортаў Бацька (голасна). Яшчэ б, усе продкі разбойнічалі.
Пасланец Яны ваююць лепш за мужыкоў.
Кастусь Правільна. Сядзяць у лесе чалавек сорак. Хваляцца: “Я, бывала, як налячу на сотню казакоў з шабляй, дык усё палавінкі-палавінкі-палавінкі”. Аж тут прыбягае вартавы: “Панове, казакі!” — “Колькі?” — “Пяць”. — “Уця-кай-ма!”
Пасланец Дваране! Чуеце, што ён кажа, гэты пёс? Героі, пакутнікі, чуеце? Дзе ваша мужная безнадзейнасць?!
Яневіч Прыгожа як! Маткам іхнім радасць якая!
Арсень Досыць істэрык.
Пасланец (амаль суха). Мы не дазволім вам ставіць вашы беларускія інтарэсы вышэй інтарэсаў вялікай Польшчы: да Смаленска і Кіева... Толькі з намі — іначай мы вам...
Чортаў Бацька 3 кулька ў дзяружку.
Пасланец І не смейце нават заікацца аб нейкай аўтаноміі.
Кастусь Мы не заікаемся. Мы крычым аб правах і можам нават ударыць за іх. Бо абуджаецца свабодны народ.
Пасланец Замест радзімы — трыумфуючы хам.
Кастусь У нас свая радзіма.
Пасланец Замест легенды — валока зямлі, замест рыцара — беларускі смерд, замест залатога сцяга нашага — ануча.
Кастусь Гэта што, вельмі жахліва?
Пасланец Нездарма, відаць, адзін з бясконцых вашых псеўданімаў — Хамовіч.
І тут раптам устае Караліна.
Караліна (ціха). А які псеўданім прыдумаць вам? Бізуновіч? Цемрашал? Посцілка-Здрадовіч?.. Не смейце нават глядзець на гэтых людзей, бо за іх любіш зямлю. А зямлю любіш за тое, што яны ёсць на ёй...
Яневіч глядзіць на яе.
Пасланец Ах, якія крылатыя!
Караліна I ў вас крылы. Толькі вы імі савіху ў цёплым гняздзе прыкрываеце. А ім яны — для палёту. Яны — суровыя. Што ім пяшчота і ўсмешкі, калі яны ўсё аддалі другой?
Арсень І досыць жартаў! Малахоўскі меў рацыю. Няхай такія, як вы, хрыпяць на шыбеніцы перад ранейшымі сваімі неграмі.
Яневіч (устае, ціха). Вы тут крычалі аб Польшчы. Я — полька. І я ганаруся гэтым. (На Кастуся.) А ён тутэйшы. (На Караліну.) І яна. І яны, разам з палякам Серакоўскім, бліжэй мне, чым вы. (Цяпер яна велічная, амаль страшная.) Польшча павінна быць вялікай. Але яна такой не будзе, пакуль вы не зразумееце, што яны не смерды, не рабы, а сябры, суседзі, якія маюць права на шчасце. Не зразумееце — будуць вас нішчыць, як нішчылі сто разоў. Не захочаце зразумець... Пархвен!
Чортаў Бацька (з’яўляючыся). Га!
Яневіч Не захочаце зразумець — загадаю Бабаеду выкінуць вас у акно. Ідзі, Пархвен... Ён не будзе.
Пасланец (цішэй). Вас будуць біць.
Кастусь Пакуль — мы б’ём.
У прыхожай званок. Чортаў Бацька прапускае дваіх людзей, захутаных у плашчы.
Чортаў Бацька Каго любіш?
Марцявічус Люблю Беларусь.
Чортаў Бацька То ўзаемна. Што перадаць?
Марцявічус шэпча яму нешта на вуха. Чортаў Бацька ідзе ў гасціную.
Чортаў Бацька Пані Яневіч... Кастусь... Там нейкі Парафіяновіч.
Пасланец Хто?
Арсень (ціха). Вітаўт Парафіяновіч.
Чортаў Бацька І з ім яшчэ чалавек. Амаль за рукаў яго цягне... Кажуць, “надзвычайныя” весткі.
Яневіч Вядзі.
Чортаў Бацька выходзіць у прыхожую.
Чортаў Бацька (Вітаўту). Здымі плашч.
Вітаўт Ты мне не загадвай — здымаць ці не здымаць.
Марцявічус (глуха з-пад капюшона). Пакінь яго. Там, відаць, паненкі, а ён ведае, што ў плашчы ён больш эфектны... Крылаты серафім...
Вітаўт Памаўчаў бы. (Глядзіць на Чортавага Бацьку.) Мужык. Людзьмі аскудзелі, ці што?
Чортаў Бацька Ты, здаецца, казаў, што Беларусь любіш?
Вітаўт Ну...
Чортаў Бацька (амаль сурова). То і я... паныч... яе люблю. Давеку.
Заводзіць абодвух у пакой.
Кастусь Вітаўт, ты? Здорава як!
Вітаўт Вечар добры, Кастусь... Да ручак, пані Яневіч... Шчасліва, Арсень... Добрага сонца... дзяўчынка...
Паўза.
Кастусь Вітаўт, што здарылася?.. Адказвай...
Вітаўт Даношу аб разгроме. Паўстання на Магілёўшчыне больш не існуе.
Караліна Што?.. Як?..
Вітаўт Не ведаю. Пярэдняму краю цяжка...
Караліна Цяпер паўсюль пярэдні край.
Кастусь А дзе атрады Раўбіча, Грынкевіча, Загорскага?
Вітаўт Бадзяюцца недзе, але арміі няма.
Паўза.
Вы, спадзяюся, не сумняваецеся ў маёй смеласці?
Арсень Хлапецтва! Пры чым твая смеласць?.. Разгро-ом.
Пасланец Нясцерпна. Але што я вам казаў?
Арсень Знойдзеш сілу хвіліну памаўчаць?
Пасланец Непрыемна? Закруціліся?
І тут нечакана аддзяляецца ад сцяны Марцявічус.
Марцявічус Хлюсты паўстаннем кіруюць. Белая сволач. Вы ад іх чаго, перамог хацелі?
Караліна (амаль з жахам, бо чалавек — страшны). Хто гэта?
Марцявічус Я Бронюс Марцявічус, жмудзін. Сын... аднаго чалавека з горада Сухадола... Люблю Беларусь!
Кастусь Люблю Жмудзь!
Марцявічус Я прыйшоў з ім, каб паслухаць, як ён раскажа аб усім.
Кастусь Кажы, Вітаўт.
Вітаўт Мы гналі іх тры тыдні. І вось, калі мы ўсёй сілай ішлі з Сухадола на Гадарочы... Тысяча дваран... Дзве тысячы мужыкоў... На ўз’яднанне з атрадамі Загорскага і Грынкевіча — гэта яшчэ чатыры тысячы...
Кастусь Ведаем...
Вітаўт Нас спыніла войска...
Марцявічус Мы гэтаму войску маглі б духам вязы скруціць.
Вітаўт Я не спадзяваўся на мужыкоў. Як часта яны кідалі косы.
Пасланец Я казаў.
Марцявічус Ні пікні... Супраць гарматы — кінеш.
Вітаўт І тут нас прыціснулі да Дняпра. Пачалося знішчэнне... Гэта было страшна! Людзі з кручы падалі... Коні... Гігаталі так жахліва, як людзі. Мяшанка... Агонь...
Марцявічус Ты скажы, чаму так атрымалася...
Вітаўт Не папракай! Я сабраў кучку людзей. Мы па іх ударылі, прарваліся! Я не апошні, я першы з пісталетам ішоў... На конных!
Марцявічус (горка). Што мне ў тваёй мужнасці? Ты пагубіў людзей. А мужнасць — твая асабістая справа... Шчанюк ты... Шляхта, вось хто...
Вітаўт Я табе зараз язык твой заб’ю ў тваю паганую глотку разам з зубамі.
Марцявічус Ану!!!
Кастусь Ціха! Кажы далей, Вітаўт.
Вітаўт Мы беглі. Падалі людзі. Ад’ютанты ўвесь час, на хаду, зараджалі, падавалі мне пісталеты... Я смерці прасіў... А падалі яны. Пяць ад’ютантаў...
3 грудзей Кастуся вырваўся цяжкі, страшны ўздых.
Марцявічус Ён сказаў... Цяпер я. Пра тое ж... Адзін... чалавек з Сухадола (голас жмудзіна сарваўся) благаславіў на паўстанне мужыкоў. Тыя прыйшлі вось да яго. І ён... ён не даў ім зброі. Мужыкі ўсё ж пайшлі, з віламі, без зброі. А ён іхнюю зброю — шляхцюкам Хаданскага.
Пасланец Правільна, сынок.
Марцявічус I тыя памірыліся з палкоўнікам, што вёў салдат. У баі пад Доўгай Кручай — кінулі нас, адышлі... Мужыкі біліся тым, што пад руку трапіла. Цяпер яны ляжаць на дне Дняпра.
Кастусь Гэта так?
Марцявічус (за Вітаўта, глуха). Так. Што мне ў яго мужнасці, калі ён сам аддаў край ворагу? Вешалі на ўсіх варотах.
Кастусь Гэта праўда, Вітаўт?
Вітаўт Так. Яны неабвучаныя.
Арсень А людзі Хаданскага абвучаныя... Чаму? Здрадзе?
Вітаўт Я не мог ім верыць. Мужыкі дапамагалі карнікам знішчаць батальёны Серакоўскага пад Дынабургам.
Марцявічус Мужыкі дапамагалі Каліноўскаму знішчыць карнікаў пад Бахарэвічамі.
Вітаўт Мужыкі — здраднікі.
Марцявічус Мужыкі — героі.
Яневіч Гэй, пане пасланец, ану глянь на мяне...
Паўза.
Кастусь Не верыў народу...
Караліна Сябры... браты... таварышы...
Кастусь Гэта страшна. Але яшчэ страшней, што не верыў... Будзеш плаціць, Вітаўт... Жыццём...
Вітаўт Я гатовы.
Кастусь Не нам... Бацькаўшчыне... (Да пасланца.) Так. Вось вам і канец нашай спрэчкі. Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць — будзем расстрэльваць... як здраднікаў.
Паўза.
Пасланец Я маўчу. Але вы забіваеце веліч нашу. Горка заплача над гэтым радзіма.
Кастусь Добра... Ведаючы вашу схільнасць да няправільнага вырашэння практычных пытанняў, я прапаную вам прыемную прагулку... Пархвен!
Чортаў Бацька Га!
Кастусь Калі ласка, Пархвен, вось тут пан хоча прагуляцца. То ты ж месяц у горадзе. Ведаеш яго... Будзь другам, пакажы пану Ніжні замак, дзе Беларусь з Літвою магнатам прадалі... Пакажы месца, дзе па віне магнатаў у мінулае паўстанне суайчынніка ягонага, святога паляка Канарскага, расстралялі...
Пасланец Хама мне ў гіды?
Кастусь А калі не хоча, то пакажы яму, Пархвен, недалёкае месца... Наш задні двор. Дзе выграбныя ямы.
Чортаў Бацька 3 асаблівым задавальненнем.
Пасланец Што ж... Пашкадуеце... (Пайшоў.)
Кастусь Духам не трэба падаць, браты... Не трэба. Мы жывыя. І пакуль мы жывыя — агонь не згасне.
Марцявічус Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.
Кастусь Чаго просіш?
Марцявічус Права на стрэл.
Кастусь У каго?
Марцявічус Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.
Кастусь У чым абвінавачваеш?
Марцявічус Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.
Кастусь Ты нешта скрываеш, брат.
Марцявічус Той... чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус... Галава карнікаў павесіў яго.
Караліна Ты раней казаў, што ты... сын аднаго чалавека з Сухадола... брат.
Яневіч Караліна... Як можна?! Ксёндз...
Караліна Што ж з таго? (Яна ласкава дакранаецца да скроні Марцявічуса.) Хіба перад сапраўдным пачуццём бываюць перашкоды? Ды яшчэ і такія дурныя... нявартыя.
Марцявічус (на яго страшна глядзець). Дзякуй, сястрычка... Добрая мая... (Нячутна прыклаў вусны да яе рукі.) Праўда. Я тое, што людзі завуць “байструком”. Ксёндз Малявічус — мой бацька.
Яневіч Ну і дзякуй богу. Падумаеш, бяда вялікая!
Марцявічус “У бога быў сын, а чаму мне нельга?” — казаў бацька. Ён любіў мяне. І вось ён вісіць.
Кастусь Хто гэты чалавек?
Марцявічус Палкоўнік Цаплін...
Кастусь Ах, бестыя!
Паўза.
(Караліне ціха). Памятаеш?
Караліна (вельмі ціха). Памятаю.
Паўза.
Кастусь Чаго патрабуеш?
Марцявічус Жыцця Цапліна... Прашу помсты. Кастусь. Права на суд маеш не ты адзін.
Паўза.
І таму мы заўтра будзем сачыць за ім. І мы выкрадзем яго на вуліцы ці яшчэ дзе. І павязём у адно месца, дзе ён таксама нарабіў гора. І будзем там судзіць яго мужыцкім судом. І за ксяндза Малявічуса таксама.
Арсень Ты атрымаеш сваё... друг.
Кастусь А я табе дапамагу... Бывайце, сябры, да заўтра.
Усе выходзяць.
Арсень Ай-я-яй. Які ж вы дрэнны патрыёт, пані Юзэфа. Як жа вы абыдзецеся без Кіева?
Яневіч Змоўч, шалапут. Я каталічка. Я на багамолле і ў Чэнстахову магу паехаць.
Усе пайшлі. Засталіся Яневіч, Караліна, Кастусь. Яневіч глядзіць на маладых людзей. Доўгая цяжкая паўза. Потым пані Юзэфа здымае невялікі партрэт.
Вось... Жаніх мой.
Караліна Якое гордае аблічча!
Яневіч Ох, ён быў горды! Ён быў тутэйшы. Любіў радзіму.
Кастусь І што?
Яневіч Мы лічылі — няўчасна. У трыццаць першым было паўстанне. Ён пайшоў і не вярнуўся... І ўсё... І вось баба-сухадрэвіна, а вакол ані парастка... акрамя вас... Якое можа быць суцяшэнне? Памерці? Сустрэцца там? Растаць у ім, як зорка ў ранішнім усходзе? А што, калі няма ўсходу, што, калі там нічога няма?
Паўза.
Ой, што гэта я. Трэба ж хаця кавай вас напаіць... Пачакайце, я зараз. (Пайшла.)
Паўза.
Кастусь (глуха). Страшны яго лёс.
Караліна Страшны яе лёс.
Кастусь І вырастала ў іх садзе дрэва. Вялікае-вялікае дрэва кахання. І дарасло аж да сонца.
Караліна Пакуль вырастала — жах. І як вырасла — жах. Хіба можна глядзець на сонца? Аслепнеш.
Кастусь І якая гэта была пакута... Як насланнё.
Караліна (нібы спалохана). Нам жа не так, праўда?
Кастусь Канечне. Ты — нейкі вялікі-вялікі, магутны, добры дух. Ты сама яшчэ не ведаеш, хто ты.
Глядзяць у вочы адно аднаму.
Як дзіўна. У цябе задрыжэлі веі. Якія доўгія, чорныя! Апусціліся... “як ворана пяро на снег”.
Караліна І над хлопцамі вораны...
Кастусь Толькі не над табой... Толькі, калі ласка, не над табой.
Караліна Не ідзі заўтра... Не ідзі...
Кастусь Ты бывай... Бывай... Іначай — не пайду. (Амаль у адчаі працягвае руку.) Каго любіш?
Караліна Люблю... Беларусь.
Кастусь То ўзаемна... Навекі... Навекі...
Карціна чацвёртая
Вуліца. Краты саду. Слуп ліхтара. Конус святла гойдаецца над маленькай фігуркай. Гэта Чортаў Бацька
Чортаў Бацька Горад... Вялікі... Касцёлы гудуць. А паноў! А екіпажаў!
1-шы прахожы Каго любіш?
Чортаў Бацька Люблю Беларусь.
1-шы прахожы Цаплін прыехаў у тэатр к пачатку трэцяга акта. (Ідзе далей.)
Чортаў Бацька Перадам... Тут ужо на вуліцы п’яны не паспіш, як у нас у вёсцы.
2-гі прахожы Каго любіш?
Чортаў Бацька Люблю Беларусь.
2-гі прахожы Ландо не падалі. Значыць, з тэатра пойдзе пешы... Значыць, на вуліцы.
Чортаў Бацька Паглядзім.
Пайшоў 2-гі прахожы
На вуліцы тую чаплю лавіць, вядо-ома, куды б лепей было.
Падыходзіць Караліна
Караліна Што чуваць, Чортаў Бацька?
Чортаў Бацька Загадана, каб перадала, палкоўнік той у тэатр спазніўся — грошай яму, відаць, не шкада, што пад канец прыязджае. Але прыехаў-такі: уганорыў той тэатр сваёй прысутнасцю... А на баль пойдзе пехатою — для мацыёну і яшчэ таму, што гэтую... ну... ланду яму не падалі.
Караліна Добра... Зараз пайду перадам.
Набліжаецца Вітаўт Парафіяновіч
Чортаў Бацька Паненачка, шляхцюк той ідзе...
Караліна Бог ты мой. Вось яшчэ.
Вітаўт Караліна... Пастой...
Караліна Я спяшаюся, Вітаўт, слова гонару, вельмі спяшаюся.
Вітаўт Два дні ты... спяшаешся. А ты ж ведаеш, што ўжо год...
Караліна Я сапраўды спяшаюся.
Вітаўт (з глыбокай узрушанасцю, амаль груба). Гэтыя твае крокі... могуць каштаваць жыцця. Чуеш? Аддай мне пяць хвілін. Нічога, пачакаюць.
Караліна Я слухаю цябе, Вітаўт.
Вітаўт Слухай, дзяўчынка. Я стаяў на фарпосце, і зямля мая была за мной. Т ы была за мной. І калі я хаця трошкі хацеў жыць у тыя страшныя часы — я хацеў гэтага таму, што была ты.
Караліна Вітаўт, мілы, ты ведаеш: гэта ўсё дарэмна.
Вітаўт Я ведаю. Але пасля майго вяртання ты горшая са мной.
Караліна Не. Мне шкада цябе, Вітаўт.
Вітаўт Сябры сталі горшыя са мной. І ты... Я разумею вас.
Караліна Не.
Вітаўт Але я ішоў бараніць цябе. І не мая віна, што яны задушылі нас сілай.
Караліна (ціха). Ты не ведаў, што яны мацнейшыя? Нашто тады ішоў у паўстанне?
Паўза. Падыходзіць Каліноўскі ў чорным плашчы.
Вітаўт Ты не спяшаешся?
Караліна Мне цяпер няма куды спяшацца.
Крутнуўся, усё хутчэй і хутчэй пайшоў у цемру Вітаўт
Кастусь...
Кастусь Што чуваць?
Караліна Ён у тэатры. Да губернатарскага палаца пойдзе пешшу.
Кастусь Значыць — па дарозе будзем браць. Пархвен, папярэдзь Марцявічуса.
Пархвен зусім быў сабраўся ісці, але тут з’яўляецца 1-шы прахожы
1-шы прахожы Люблю Беларусь...
Кастусь Узаемна...
1-шы прахожы Выйшлі з тэатра. Ён ідзе не адзін. 3 ім Мураўёў, дэ Салье, яшчэ людзі. Яны ідуць пад аховай салдат...
Чортаў Бацька Гэ-эх... Сарвалася.
Паўза.
Кастусь Не... На вуліцы яго вартуюць салдаты...
Чортаў Бацька Ну.
Кастусь Але ж на бале яны, пэўна, не будуць яго вартаваць... Уявіце сабе, кружыцца ў вальсе Цаплін, а вакол вальсуюць шэсць салдат... 3 прымкнёнымі штыкамі...
Караліна (У нейкім дзіўным, пакутным лікаванні). І гэта азначае?..
Кастусь І гэта азначае, што мы выкрадзем яго на балі. (Ляпнуў Чортавага Бацьку па плячы.) Бяжы да Марцявічуса. Хай ідзе туды. Скажы — баль... (Да прахожага.) Ты — апрануты. Бяры другога і ідзі на дапамогу жмудзіну... Караліна...
Караліна Але...
Кастусь Ідзі дадому, сланечнік... Ідзі да Яневіч... Вазьмі там найлепшы бальны ўбор... І адразу, на рамізніку, да палаца... У мяне будзе на гэтым балі дама... Найлепшая прыгажуня зямлі... На цэлы вечар... (Вочы ў яго гарэзлівыя і адначасова страшныя.) Скажы, ты ніколі не бачыш у сне, што танцуеш?
Караліна Часта... Кастусь. І гэта такое шчасце!
Кастусь І мы будзем танцаваць. Мы натанцуемся на сто год наперад, сланечнік... Мы будзем танцаваць... Ідзі.
Караліна Ах-х... Кастусь.
Пайшла. Кастусь глядзіць ёй услед.
КастусьНатоўп кіпіць. Гудзе, віруе горад,
А ты, прыкуты да яго цяснін,
3 трывогаю няўлоўнай адчуваеш
Няўмольны лёс, што абступіў цябе.
І побач светлая мая, святая,
Якой не смерць — сусвет бы падарыў...
Прыслухайся да шуму: горад спіць.
Прыслухайся да шуму: спіць Зямля.
Спіць воля ў турмах, праўда — ў катавальнях,
І людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй...
Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць.
Такія не даюць сабе дазволу
Любіць што-небудзь, акрамя свабоды.
Няшчасна закаханыя ў яе,
Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы,
Яны пажнуць найлепшых закаханых
Праз трыста год. У новы вольны час,
Калі прамовіць нейкая дзяўчына:
“Чаму я не жыла тады, матуля?
Чаму не йшла на бітву сярод іх?”
Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына,
Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў...
Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры...
Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца
Спыняецца. А ты, мая зямля,
Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма,
І нема замірае мой язык.
Паўза.
Ідзе... 3 Дамініканскага завулка,
Дзе мураўёўскі, чорны той засценак,
Святло касое падае пяшчотна
На плечы, твар і золата касы...
О, як ты будзеш танцаваць сягоння,
Якім жывым і цёплым захапленнем
Заззяюць вочы мілыя. І руку
Адчую я ў сваёй руцэ. І вочы
Ніжэй сваіх вачэй убачу я.
І вусны мне раскрыюцца насустрач,
Як кветка цёплая насустрач сонцу...
А потым... Што казаць аб тым, што потым...
Дадому з балю разам не паедзеш...
І я ў святле бягучых ліхтароў
Не буду цалаваць тваіх вачэй...
Ідзі далей, маленькая вясёлка,
Свяці над добрай, змучанай зямлёй,
Што ў нетрах цёплых парасткі раджае.
Жывую рунь апошніх нашых дум.
Паўза.
Ідзі далей, маленькая вясёлка,
Гары над светам. Я не пазаву.
Большае людзей на вуліцы. Паўз Кастуся прабег, звонячы вярыгамі, гарадскі юрод Агей Блажэнны.
Агей (Кастусю). Дай што-небудзь Блажэннаму Агею... Не... Не грошы... Душу дай...
Кастусь (сумна). Аддам, Агей.
Юрод Дай каму трэба. (Робіць пальцамі вілы.) У-у... Ані дня, ані часу... Ястрабы над табой. Крылатыя.
Кастусь Бог з табою, Агей.
Юрод 3 табою, з табою... (Адбег убок і сеў на кукішкі, як ідал.) Вось. Лятуць.
Выходзіць варта. За ёю Мураўёў, Цаплін, Дэ Салье, Тызенгаўзен.
Кастусь Дык вось ён, Цаплін... 3 Мурашом побач.
Дэ Салье Б’яніні проста выключны Атэла. Такі раўнівы! Як гляне на мяне — сэрца падае... Як гэта можна так душыць?!
Мураўёў (змрачнавата). Калі патрэбна, дык усё можна.
Цаплін Гэта не так складана, як мадам думае.
Дэ Салье Уявіце, які жах! Чытаю сёння раніцай французскі часопіс — і там пра вас, граф, такія словы... “Рыцар пяньковай вяроўкі...”
Усім няёмка.
Мураўёў (з усмешкай). Нядрэнна! Яна абдымае моцна... І рэзультаты някепскія. Лепш, чым у Атэла.
Юрод Міхал! Міхал! Мі-ха-ха-хал!
Спыніліся.
Мураўёў Чаго табе?
У руцэ юрода вялізны кавалак сырога мяса.
Юрод На. З’еш. На.
Паўза.
На вуснах Мураўёва з’яўляецца нацягнутая ўсмешка.
Мураўёў Сёння пост. Серада. Я мяса не ем.
Юрод амаль пяшчотна ўсміхаецца.
Юрод А кроў п’еш? Не, ты вазьмі... Вазьмі...
Цаплін М-гух!
Ён кінуўся быў на юрода з палашом. Мураўёў спыняе яго. Юрод, усміхаючыся, трымае звісаючае мяса. Доўгая страшная паўза.
Мураўёў Улада з вар’ятамі не ваюе.
Карціна пятая
Задні фасад мураўёўскага палаца. Святло падае з дзвярэй і люстраных акон на балюстраду, на шырокія белыя сходы, што спускаюцца ў парк. На адзін бок сходаў, злева, агароджа з лаўкай. Правей фасада — арка, частка аркадаў, што акружаюць парк. За ёю зорнае неба... Урачыстыя гукі паланеза. За цэльным шклом акон плывуць пары. Па сходах ідзе Каліноўскі, апрануты ў бездакорны фрак. Насустрач яму Арсень.
Кастусь (ціха). Ну што?
Арсень Марцявічус п’е з ім.
Кастусь Бедны... I лёгка ідзе?
Арсень Цаплін пасля сустрэчы з намі шмат п’е... Можаш ісці спакойна.
Кастусь ідзе далей. У гэты момант з’явілася ля балюстрады Марыя Грэгатовіч Сустрэліся позіркамі.
Марыя Пан Макарэвіч, добры вечар.
Кастусь аглянуўся, і на хвіліну нешта дрогнула ў яго вачах.
Кастусь Прабачце, не маю гонару.
Марыя Вы жылі ў флігелі дома маёй маці, у Зарэччы. Я — Марыя Грэгатовіч.
Кастусь Запэўніваю вас, вы памыляецеся. Я — князь Мсціслаўскі. Але я хацеў бы быць гэтым невядомым Макарэвічам, каб мець шчасце хаця зрэдку бачыць вас...
Марыя І Вітаўта Парафіяновіча не памятаеце? І як мы ўтраіх сядзелі ў нашым садзе... Вы... так нечакана з’ехалі ад нас у сакавіку.
Кастусь Вы абазналіся... Прабачце.
Ідзе далей. Насустрач яму ідзе Караліна
Караліна Ідуць. Заўважыў мяне і захапіўся. Такая брыда!
Кастусь Стой непадалёку, калі... ласка...
Змрочны, маўклівы і доўгі, як Мефістофель, Марцявічус вядзе Цапліна. Цаплін не хістаецца, але ён цяжка, трагічна п’яны.
Цаплін (жмудзіну). Сядзіш тут сярод дам і кветак... як самая непатрэбная радзіме кветка. А ці быў ты на полі, дзе дабіваюць... Я таго мужыка з віламі... не забуду... Аблічча бледнае... як пры ўсплёску бліскавіцы... Хочаш, падару на шчасце вяроўку павешанага?
Марцявічус Не.
Цаплін Тады — мармуровы бюст імператара. Я люблю бюсты імператара.
Да Каліноўскага падыходзіць Дэ Салье
Дэ Салье Вымушана была пакінуць вас, князь. (Угледзеўшыся.) 3 вамі нешта здарылася?
Каліноўскі Пачаў губляць галаву, мадам. (На Караліну.) Мая стрыечная сястра, княжна Надзея Загорская... Я прашу вашай апекі над ёй.
Дэ Салье Якая мілая... На выданні?
Кастусь Самая багатая нявеста Прыдняпроўя.
Караліна (з дакорам). Юры...
Дэ Салье Пры такіх вачах пасаг — зусім лішняя справа. Мяркую, часам вы шкадуеце, што яна — сястра вам.
Кастусь Часам... вельмі шкадую.
Караліна Юры...
Кастусь Вядома, калі вас няма побач.
Дэ Салье Я схільна палюбіць вашу кузіну... Дарэчы, вось князь Стоцкі... Мілы...
Кастусь Паляк? Яны так сур’ёзна паўстаюць, палякі...
Дэ Салье Сто-оцкі...
Кастусь Ф-фу... Мне здалося — Друцкі... Гэта яшчэ горш, чым палякі... Гэта нашы радзінныя ворагі... Забабоны мацней за нас. Мне давялося б, не адчуваючы ніякай варожасці да беднага маладога чалавека, справацыраваць яго на сварку... Так недарэчна!...
Мураўёў падышоў да балюстрады. Пакуль дэ Салье знаёміць Караліну са Стоцкім, змрочны, як Мефістофель, Марцявічус торгае Цапліна.
Марцявічус Хадзем.
Цаплін Не, я да графа. Я люблю графа. Мы з графам — два чаравікі — пара. Мы з графам і з табой — тры чаравікі пара. (Ідзе да графа.)
Дэ Салье зноў з Кастусём, які відавочна кампліментуе з ёю. Караліна кідае на Кастуся ўмольны позірк. Кастусь непрыкметна паказвае ёй язык. Караліна ўсміхаецца. Стоцкі відавочна ў захапленні.
Дэ Салье (Кастусю, нібы ведучы далей размову). I вам не шкада райскіх птушак?
Кастусь Ім мяне не шкада.
Дэ Салье Бедны. Няўжо зусім?
Кастусь Адной.
Цаплін Ваша сіяцельства. Тут адзін сказаў, што вы сякі і такі. Я не веру. Мы з вамі — тры чаравікі пара. Я вам падару гіпсавы бюст Каліноўскага.
Кастусь (дэ Салье). І, з-за адсутнасці мадэлі, закажа бюст з мяне.
Дэ Салье смяецца.
Цаплін І вы будзеце ўспамінаць нябожчыкаў Каліноўскага і Цапліна.
Мураўёў Калі вы будзеце так піць, вы станеце нябожчыкам хутчэй, чым трэба... Ідзіце дамоў...
Змрочны жмудзін вядзе Цапліна па сходах паўз Каліноўскага. Цаплін спыніўся.
Цаплін А я вас... пазнаю.
Кастусь Мне прыемна, што вы ў такім стане яшчэ здольны пазнаць кагосьці.
Цаплін Дык ты... у модных панталонах?
Збіраюцца да іх людзі.
Кастусь (Стоцкаму). Малады чалавек, адвядзіце яе Яна... спалохаецца...
Караліна Не!
Кастусь (да Цапліна). Я не нашу спадніцы. Я не шатландзец. Хаця з ахвотаю стаў бы ім на хвіліну, каб вы з задавальненнем канстатавалі гэта і пайшлі дамоў
Цаплін Дзе твае пісталеты?
Кастусь Яны дома. Па іх лёгка паслаць.
Марыя глядзіць на сварку пашыранымі вачыма. Цаплін хапае Каліноўскага за плечы.
Цаплін Мяцежнік!
Кастусь Працягніце ўздоўж тулава вашы рукі, калі не хочаце працягнуць ногі.
Арсень Па-мойму, яму зараз стане дрэнна.
Цаплін (да Арсеня). І ты мяцежнік... (Да Караліны.) І вы. Уся зала ў мяцежніках... як пры ўсплёску бліскавіцы.
Махнуў рукою, пайшоў да садовай лаўкі Мураўёў.
Кастусь Не навучыліся суразмерваць сілы з колькасцю віна на стале... Мяркую, і не паспееце.
Дэ Салье Выдаліце яго хто-небудзь!
Ля Цапліна выраслі 1-шы і 2-гі прахожыя
Марцявічус Хадзем, галубчык. Дапамажыце мне, панове.
Цаплін Выдаляюць цвярозага!
Кастусь Цвярозыя маюць дастаткова здаровага розуму, каб разумець, што ва ўсякім іншым месцы ім будзе зручней.
Павялі Цапліна.
Цаплін Панове, мяне выносяць!
Голас Бачым.
Цаплін Мы яшчэ сустрэнемся... пры святле маланкі!
Кастусь І пры секундантах... (Падае картку Марцявічусу.) Перадайце яму маю візітную картку... калі ён, вядома, мае звычай хоць калі-небудзь выходзіць з такога вось стану.
Вывелі Цапліна.
Марыя (ціха). Князь Мсціслаўскі?
Кастусь Уф-ф! (Да Караліны.) Раю вам, сястрычка, запасціся верай, што не ўсе мужчыны падобныя да палкоўніка. Зрэдку трапляюцца і іншыя.
Караліна Веру.
Смяшок. Людзі разыходзяцца.
Дэ Салье Мілы князь, граф хоча пазнаёміцца з вамі... Вас я вазьму з сабой, дарагая княжна. Вы ўбачыце графа, а тады я аддам яе вам, князь Стоцкі.
Падыходзяць да Мураўёва. Дэ Салье рэкамендуе Кастуся і Караліну.
Мураўёў (Караліне). У вас адухоўленыя вочы, княжна. Вы непадобная на большасць свецкіх паненак.
Караліна Мне прыемна чуць гэта, граф.
Дэ Салье Хадземце, дарагая... (Мураўёву.) Спадзяюся, вы будзеце ў захапленні ад князя... як я...
Мураўёў Мне часта даводзіцца захапляцца вось так... Аддаюць перавагу маладому Нуліну, які толькі што прыехаў з Парыжа, а не мне, які “в сраженьях изувечен”.
Кастусь “И вас за то ласкает двор”.
Караліна і Дэ Салье пайшлі.
Мураўёў Ласкі двара не ласкі жанчын... Мсціслаўскі... Я ведаў аднаго па Магілёўшчыне.
Кастусь Наш радзінны край, граф.
Мураўёў Н-нулін... Непрыемны выпадак, га?
Кастусь Відаць, вам дрэнна, калі сярод гэтых жырандоляў і калон людзям блюзняцца цені паўстанцаў.
Паўза. І раптам Каліноўскі рассмяяўся.
Цікавая ідэя. Уявіце сабе, што я сапраўды паўстанец. І сустракаюся з чалавекам, які мяне ведае... Бр-р...
Мураўёў А вы пайшлі б у паўстанцы, князь?
Кастусь Пайшоў бы. Каб імператару прыйшла ў галаву ідэя адмяніць гасудараў радасловец.
Мураўёў Дзікая ідэя. Хіба ён можа?
Кастусь Радасловец — небяспечная кніга.
Мураўёў Чаму?
Кастусь 3 яго вынікае, што першыя — мы, а Раманавы — мелката.
Мураўёў Сказалі б гэта ў вочы?
Кастусь Прывілей арыстакратаў — праўда.
Мураўёў Нават на эшафоце?
Кастусь Э-э! Столькі сапраўдных дваран за апошнія гады мужна стаялі на ім. Я не горшы. Толькі мне хацелася б ведаць... навошта вам усе гэтыя страты, граф? Якая вам патрэба знішчаць?
Мураўёў Таму што толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі.
Кастусь А нашто нам апраўдваць іх спадзяванні, ратаваць іх?
Мураўёў Для сябе. Бунт мужыка — заканамерны. Ён воўк і глядзіць у лес. Калі ж дваранін стае на бок мужыка, здраджвае саслоўю, хоча ў свінапасы — такога нельга літаваць.
Кастусь А такія ёсць?
Мураўёў Ёсць.
Кастусь Хто яны?
Мураўёў Ну вось, напрыклад, Каліноўскі...
Кастусь Хто ён?
Мураўёў Самы небяспечны і самы дастойны мой вораг.
Кастусь Тады гэта, відаць, фігура. Хацелася б мне ўбачыць яго. Я з цікавасцю паціснуў бы яму руку. Гэта, ці ведаеце, сустрэча не з тых, якія забываюць.
Мураўёў Я не магу забыць аб ім ужо некалькі месяцаў.
Кастусь Цікава, які ён?
Мураўёў Кажуць, русыя, вельмі пышныя, хвалістыя валасы.
Кастусь Гэта не прыкмета. На жаль, мода псуе валасы мужчын памадай.
Мураўёў І вялікія выразныя вочы.
Кастусь У беларусаў наогул выразныя вочы. Нямнога... Чакайце, чакайце, як, вы сказалі, прозвішча?
Мураўёў Каліноўскі.
Кастусь Я ведаў аднаго па Пецярбургу. Як яго зваць?
Мураўёў Канстанцін.
Кастусь Н-не. Таго звалі Віктар... Сядзеў у Публічнай бібліятэцы днямі і начамі.
Мураўёў Гэта яго старэйшы брат. Ідэйны выхаваўца. Кажуць, быў яшчэ горшы якабінец. На шчасце, не дачакаўся перамогі ўлюбёнага браціка. Здох ад сухотаў.
Паўза. Кастусь устае.
Кастусь Я вымушаны адвітацца, граф.
Мураўёў У чым справа?
Кастусь Мне няма аб чым размаўляць з вамі. І не хочацца.
Мураўёў Князь, вы няветлівы!
Кастусь Магчыма. Але затое — прамы. І выхаваны ў правілах дваранскага ганаровага кодэкса. А ў прыдняпроўцаў, у мяне... ёсць цвёрдае перакананне ў тым, што павінен і чаго не павінен рабіць дваранін... чалавек. Што ён павінен мець.
Мураўёў (з жудаснай іроніяй). Прасвяціце старога. Што?
Кастусь Толькі душу для праўды, жыццё — для сапраўдных людзей, сэрца — для жанчыны... І яшчэ гонар. Чуеце? Гонар... для самога сябе і ні для каго на свеце больш.
Мураўёў У чым жа ён, калі не сакрэт?
Кастусь У тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў... І яшчэ ў тым, каб ніколі не лаяць мёртвых, якія не могуць адказваць: ні дрэнныя, ні высакародныя.
Паўза.
Калі мой субяседнік не трымаецца такога — я ў праве пайсці ад яго. Калі так робяць многія — тады няхай хутчэй ставяць гільяціны на ўсіх плошчах... Такому панству — туды і дарога.
Мураўёў Сядайце, князь... Сур’ёзна... Я не думаў, што ў свеце ёсць хаця адзін чалавек з іншымі паняццямі. Цікава. Небяспечна.
Кастусь Чаму небяспечна?
Мураўёў Таму што такія людзі — дзейныя людзі. А свет непадобны на космас іхняй душы. І яны ў гардыні пачынаюць думаць, што пераробяць вялікі свет па вобразу і падабенству свайго... малога. А адсюль — адзін крок да фронды... бунту... эшафота.
Кастусь Вы мяркуеце?
Мураўёў Я ведаю... Я ведаў у маладосці шмат такіх... У-у, якая ў іх была сатанінская гардыня! І смеласць пры няправільным шляху.
Кастусь Хто яны былі?
Мураўёў Ну хаця б... Сяргей Мураўёў-Апостал.
Кастусь Той, каго павесілі?
Мураўёў Ну вядома ж не той, хто вешаў... А пайшлі б да нас?
Кастусь Не.
Падыходзіць Дэ Салье
Мураўёў Чаму?
Кастусь Вешаць дваран, як піратаў! Фу!
Мураўёў 3 усіх людзей — вы першы, хто сказаў мне аб гэтым у вочы. І вы не думалі, што дзяржава — вышэйшая праўда і таму несправядліва знішчаных няма?
Кастусь Ваша сіяцельства, вы маеце на ўвазе Хрыста?
Мураўёў Дайце мне зірнуць у вашы вочы.
Ён кладзе руку на плячо Кастуся. Рука ўспаўзае на шыю. Гэта так страшна, што дэ Салье ўскрыквае.
Дэ Салье Граф!
Кастусь (з адценнем насмешкі). Супакойцеся, гэта інтымны жэст. Граф прыдатны мне ў бацькі.
І тут у голасе Мураўёва загучала незвычайная, страшная, вострая пяшчота.
Мураўёў Сынок... Смелы... Не любіш старога... Не баішся... Першы з усіх.
Дэ Салье Не выключаючы гасудара?
Мураўёў Не выключаючы і яго... Смела... Люблю... Не хацеў бы я сустрэчы з табой на страшнай сцежцы.
Бярэ Кастуся за скроні і цалуе ў лоб. Пайшоў з Дэ Салье. Хвіліну Кастусь стаіць моўчкі. Потым Стоцкі падводзіць да яго Караліну.
Стоцкі На жаль, мяне патрабуе служба, князь... Вось... Я прывёў... Нешта здарылася... Шукаюць некалькіх афіцэраў. І Цапліна шукаюць. Я спадзяюся, я вельмі спадзяюся.
Адкланяўся. Пайшоў. Караліна ўздыхнула.
Караліна Вызвалі майго князіньку...
Кастусь Сумуеш, бедная сястрычка. Пойдзеш, можа, у княгіні?
Караліна Бог з ім, з княствам і з князем. Фігурай — нажніцы, розумам — сушаная траска.
Да Каліноўскага падыходзіць афіцэр
Афіцэр Цапліна не бачылі? Тэрмінова выклікае камендант.
Кастусь Яго адправілі дамоў.
Госць Ён набадаўся, як сорак тысяч пустэльнікаў.
Афіцэр Ды няма яго дома.
Арсень Значыць, не давезлі.
Збіраецца натоўп. Непаразумелыя выгукі.
Афіцэр І дома няма.
Кастусь І дома няма? Ну, панове, тады застаецца выказаць адно меркаванне.
Госць Якое?
Кастусь Яго ўкралі. Ён выкрадзены.
Госць Кім?
Кастусь А вось тут самае шырокае поле для вашых меркаванняў: ад паўстанцаў і нячыстай сілы да спакусніц нізкага гатунку і тайнай паліцыі.
Смех.
Асабіста я схільны падазраваць цыганоў.
Арсень Хіба ён дзіця ў пяшчотным узросце?
Кастусь У самым пяшчотным, панове. Настолькі пяшчотным, што я не ведаю, ці можа ён сказаць слова “мама”.
Зайграла музыка.
(Гучна.) Вось мы і танцуем свой танец, сланечнік... Гэты вальс — наш.
АКТ ДРУГІКарціна шостая
Заслона з чынаватага палатна. Перад ёй булькоча крынічка. Спачатку здалёк, а потым усё мацней і мацней чуюцца гукі ліры: струны гудуць, як чмялі. Гучыць “Дарота”.
А Дарота крыж нясе
Па сцюдзёнай па расе,
Па папёлах стылых,
Па пажарах дымных
Нясе...
Нясе...
З’яўляецца жабрачка-плакальшчыца ў распатланай чорнай вопратцы. 3 ёй нямы Ян, хлопчык год чатырнаццаці, ва ўсім белым. У яго дзіўнай тонкасці прыгажосць... Ён торгае жанчыну за прыпол.
Плакальшчыца Скора, дзетка, скора нашы Бахарэвічы. Горачка маё нямое. Ніхто цябе не разумее. Адна я.
Булькоча, звініць з перападамі крынічка.
Блякочаш нешта, як тая крынічка, а людзі сабе ідуць...
Ян Мм-м...
Плакальшчыца Ну, прысядзем.
Сядаюць.
Я з-за цябе на ўсіх, хто адвеку маўчыць, як на знямелых, глядзець стала. Нібы ўсё ведаюць, а не могуць сказаць. Камень. А раптам і ён? Сабака пярхае “пхла, пхла” — ясна, на блох скардзіцца.
Ян дзікавата засмяяўся.
Другі раз ты смяешся з таго самага часу.
Зазвінела крынічка.
Што табе, маленькая крынічка?
Звон.
Ведаць хочаш? Пра хлопчыка? І ведаць няма чаго. Жабравалі. Залез дурнічка ў магнацкі сад. Залатога яблычка захацелася. А там на яго хортых спусцілі: Цюга яго! Цю-га! І хто з іх за гэта спытае?
Мыкае Ян.
Правільна. Сабакі. Страшныя сабакі. 3 перапуду завязала яму язык. Так шэсць год ходзім. Цяпер вось дамоў.
Мяккі звон. Жабрачка ўстае.
Ну добра, добра, крынічка. Ты заставайся, мы пойдзем.
Ідуць. Жужжаць струны ліры.
За ўсіх бедных людзей
Па палёх яна ідзе...
Ідзе...
Ідзе...
Знікаюць.
Уздымаецца заслона.
Бахарэвічы. Густы сад пры хаце Яўхіма. Апошнія дні жніўня. Пад дрэвамі, на лавах, проста на зямлі сядзяць людзі. Тут Кастусь, які гладзіць па галаве нямога Яна, Яўхім з жонкай, Гарэліха, Марцявічус, Чортаў Бацька, Арсень, Вастравух, Заруба, Караліна ў сялянскім адзенні. Трохі ўбаку — Чорная Плакальшчыца. Вочы людзей глядзяць на адну постаць, наводшыбе ад усіх. Гэта Цаплін.
Арсень Імем нашага народа я, старшынствуючы Арсень Станевіч, абвінавачваю палкоўніка царскай арміі Цапліна ў незлічоных ліхадзействах, якія ён чыніў тут і на магілёўскай зямлі, як супраць мірнага народа, так і супраць людзей, якія законна паўсталі за сваю волю, веру, бацькаўшчыну.
Вастравух То праўда.
Арсень Мы выкралі яго і прывезлі сюды, каб людзі наваколля ўбачылі самі, хто ім вораг... Цаплін, устань, адказвай.
Цаплін (з гонарам). Не ваша справа мяне судзіць, бандыты. Я сумленна выконваў загады майго цара.
Яўхім (уздымаецца). Ца-ра?!
Яўхіміха Нясе немаведама што.
Гарэліха Цыганская твая праўда, пане. Мілуе цар, ды не мілуе псар.
Цаплін (Арсеню). Мне здаецца, вы адукаваны чалавек. Скажыце гэтым тубыльцам, што калі рука ўздымае палаш, то абавязкова павінна быць галава, якая загадала ёй зрабіць гэта.
Заруба Ясна. А мы ж вам казалі...
Крык. Арсень ударае малатком па стале. Цішыня.
Арсень Яны паўсюль такія. Слугі аднаго пана...У чым вінаваціць гэтых слуг тваё наваколле, Яўхім?
Яўхім Яны не далі нам зямлю. Калі народ пачаў шумець — чатыры вёскі выселілі ў Сібір ды ў Туркестан, у пустэчу. 3 немаўлятамі. Сэрца наша ад крыўды запяклося крывёй.
Яўхіміха Вінавачу ў пажары Ганова.
Гарэліха Дзетачак шкада. На гнаішчы ляжалі...
Арсень Ты, Вастравух.
Вастравух Тапілі паўстанцаў у балотах. Вешалі за ногі.
Плакальшчыца Грушы бачыла... Грушы на вербах... Доўгія... На вяроўках... Гайдаюцца...
Арсень Ты, Заруба.
Заруба Ды халера на іх. Усё б нічога, але нашто яны нас абылгалі перад народам. Мы, бачыце, прыгон вярнуць хацелі.
Арсень Ты, Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька Язык яшчэ мазаліць аб падла тое... Спытайце замест мяне лукішскія шыбеніцы. Колькі соцень людзей яны зжэрлі.
Арсень Ты, Караліна.
Караліна Што я магу сказаць? Зямля плача.
ПлакальшчыцаНівы патаптаныя,
Дрэвы пассяканыя.
Гнёзды раскатаныя,
Свінец...
Свінец...
А дзеці без хлеба,
А пажары — у неба,
Шыбеніцы ў неба.
Канец...
Канец...
Арсень Ты слухаеш, Цаплін?
Цаплін (з гонарам). Я паўтараю. Ваша быдла яшчэ мала вучылі.
Паўза.
Арсень Устань... Кажы...
Устае Марцявічус, на якога страшна глядзець.
Марцявічус Я вінавачу яго ад імя магілёўскай зямлі. На ёй цяпер сапраўды адны магілы. На дне Дняпра, безыменныя, ляжаць браты... Усё...
Кастусь Ён вам, палкоўнік, нічога не сказаў пра свайго бацьку, якога вы павесілі...
Арсень (да нямога Яна). Гавары.
Кастусь Я скажу... За яго...
Паўза.
(Устае і кладзе руку на галаву Яна.) Я нямы, як мая зямля і як народ яе... Як кожны, народжаны ў свет, я хацеў шчасця. Я хацеў плесці вянкі, біць нагамі ваду на мелкаводдзі, вучыць літары ў школе, спяваць песні, араць нівы, пакрыкваць на коней. Хацеў абгаворваць з жонкай, ці не пара касіць. Хацеў благаславіць перад канчынай дзяцей на сваёй мове.
Ян хоча сказаць нешта.
Адна раніца адняла ў мяне ўсё гэта. Яблык свяціўся над агароджай, як маленькае сонца. Я пацягнуўся за ім, забыўшыся, што сонца таксама не для мяне... Я ўцякаў, адчуваючы спіною гарачае дыханне сабак. Я хацеў крыкнуць — крыку не было...
Ян мыкае, хітаючы галавой.
Я нямы, як мая зямля і як народ яе... І калі за мяне хацелі ўступіцца — з'явіліся людзі ў мундзірах і пачалі страляць...
Цаплін Досыць! Даволі ўжо! Даволі!
Нямы цалуе руку Кастуся. Кастусь адказвае пацалункам у галаву.
Кастусь Ты як мой сын. І для цябе я клянуся: ніколі ў жыцці ў мяне не будзе іншых сыноў, акрамя такіх, як ты. Я чалавек, я люблю, але пакуль я за адзін твой язык не вырву языкоў ва ўсіх тых, што цкуюць людзей сабакамі, — да таго часу я не буду ведаць ні сну, ні спакою, ні любові.
Уздымае нямога. Паўза.
Арсень Што хочаце сказаць?
Цаплін (глуха). Я нічога не хачу сказаць.
У цішыні Арсень кладзе на стол пісталет. Марцявічус бярэ яго.
Марцявічус Ідзі.
Выходзіць следам за палкоўнікам. Паўза. І тут з-за хаты выбягае задыханы хлопчык.
Хлопчык Дзядзька Яўхім! Салдаты з Ганова! Абходам!
Яўхім Дзе?
Хлопчык У вёску заходзяць! 3 капітанам.
Яўхім У яшчура загуляліся, вартаўнікі!
Паўза.
А збірацца больш трох... цар забараніў.
Паўза. І тут раптам Яўхім махнуў рукою.
Жаніцца і быдлу можна... Хлопцы, борзда!
Натоўп завіраваў. Людзі ўскочылі з месца, кінуліся ў розныя бакі. Нехта ўзмахнуў у паветры абрусам, і вось, нібы гэты абрус — абрус-самабранка, на сталах пачалі з’яўляцца ежа і “пітво”. Бразгаюць боханы хлеба, цвёрдыя тараны, коцяцца яблыкі, нехта высыпае рэшата вогненных ракаў. Людзі цягнуць пустыя сулеі, і Заруба, хэхэкаючы, налівае іх вадою з цэбра ля студні.
Заруба А вось крынічнай... каб ад п’янства аж вочы вылезлі!
Сталы нагадваюць ужо галандскі нацюрморт, а людзі цягнуць і цягнуць “пітво” і ежу. Здалёк далятаюць крокі і песня.
Вастравух Сто-ой! Што ж гэта за стол, каб вы спруцянелі! (Бярэ ракаў г растрасае іх па стале, ламаючы. Бярэ суляю з вадой і кропіць стол.) Дзе п’юць, там і льюць...
Крокі зусім блізка. І тут Яўхім ляпае далонню па лбе.
Яўхім А жаніх?
Заруба На вяселле паехалі, а жаніха ў гумне забылі. Малоціць!
Вастравух Людцы! Абы выпіць!
Яўхім (глядзіць на Пархвена). Вось яно... Знайшліся... (Хапае за рукі Пархвена і Гарэліху.) Марш у галаву стала!
Чортаў Бацька Што ты!.. Што ты!.. Ды я? Ды з ёю? То Зарубу, то мяне! Жар-тач-кі?!
Арсень Трэ было не высоўвацца!
Вастравух Пацягнулі бычка.
Гарэліха Каб я, сумленная ўдава?! Ды з гэтым эфіёпам?!
Крокі ўжо зусім блізка. Пархвена і Гарэліху пасадзілі сілком, змайстравалі вэлюм, вянок з галінкі. Пархвену паклалі за вуха кветку. Выгляд у “пары” надта смешны.
Заруба Семярых прыжыла, а ўсё дзеўкай была.
Людзі размясціліся ў маляўнічых паставах. І вось ужо гэта сапраўды вяселле. Яўхіміха падае Кастусю кол
Яўхіміха (Кастусю). А ты вастры кол!
Кастусь вострыць. І тут з-за хаты з’яўляецца капітан фон Юнген з салдатамі. Натоўп за сталом прыйшоў у рух. Людзі п’юць і відавочна “п’янеюць”.
Яўхім Бяседа ніш-то сабе!
Арсень Ты цёшчу на другі дзень набі, чым пад руку трапіць.
Чортаў Бацька Дзеля чаго?
Арсень Так... Каб ведала.
Яўхіміха (да Гарэліхі). Плач, кажу табе. Плач.
Гарэліха (галосіць). А-а родная ж мая матачка! А-а сама ж ты йшла за роднага татачку! А-а мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка!
Гамонка робіцца бязладнай, твары — чырвонымі. Ідзе геніяльная містыфікацыя. Гульны, п’яны, шалёны натоўп не звяртае аніякай увагі на афіцэра і салдат.
Яўхіміха Горка!
“Маладыя”, вагаючыся, цалуюцца. Гарэліха непрыкметна сплёўвае. Шум сціхае.
Арсень Пі, кажу, пі, каб ты дзёгцю ўжо дзе была напілася!
Яўхіміха Вой, упілася!
Вастравух Пі!
Заруба Білі мяне... малацілі... Вось вам і свята.
Арсень (суцяшае). Ну і чорт з ім, што набілі. Свята без мучаніка не бывае.
Юнген Ці-ха!
Шум сціхае.
Чаму зборышча? Якая прычына? Чаму з сякерай?
Чортаў Бацька Жанюся, паночак, выпі, не пагрэбуй. (Падносіць Юнгену чарку.)
Вастравух (шэптам). Здурэў, ёмашнік стары... Вада ж...
Юнген (жорстка ўсміхаецца). Каму прапануеш, хам? Стайню забыў? П’яныя напіліся, халеры.
Чортаў Бацька далікатна дыхае ўбок.
Хто чалавек з сякерай? Што робіць?
Гарэліха (падкаціўшыся да яго). Госць... Аднадворац! Калок вострыць!
Юнген Нашто?
Гарэліха А л-любенькі. Вядома нашто... (І засаромелася.)
Яўхіміха Забіваць ля хаты жаніха будзем. Каб трымаўся моцна, як кол,— усё жыццё, аж пакуль не спарахнее.
Юнген Дзікуны.
І тут успыхвае сумная, прыгожая песня.
ЯўхіміхаПрывяжу я свайго коня
Да ліповага кола,
ЯўхімА сам пайду да каханай
У вясёлае кола.
ЯўхіміхаПрывяжу я свайго коня
Да адрыннай плятушкі,
ВастравухА сам пайду да каханай
На белы падушкі.
Юнген Ціха! Што за тлум? Які кол, мужыцкія морды? Як забіваць?
Каліноўскі падносіць кол блізка да салдат, торкае ў зямлю — у вачах ягоных небяспечная гарэзлівасць — і абухам пачынае заганяць яго глыбей.
Кастусь Вось як!
У вачах у Яўхіма злосць змянілася чымсьці чартоўскім, помсліва-вясёлым. Ён падыходзіць, нахіляе кол.
Яўхім Не лезе! Вады падліць.
Яўхім хапае цэбар і вылівае пад кол. Цяпер яны б’юць з Кастусём У дзве сякеры. Пасля першага ж удару пырскае гразь. Удары мацнеюць. І раптам страшэнны струмень гразі ляціць на салдат і афіцэра.
Юнген Но!
Толькі хвіліну людзі стаяць страшна і сурова. Потым натоўп завірыў. А гразь пырскае і пырскае.
Чортаў Бацька Жыве-е! Каб вам, бабачкі, Барданос сасніўся.
Закруцілася кола. Вяршыцца язычаскі страсны абрад “калка”. Урэшце ўсё змяшалася. Хто скача, хто коціцца па зямлі. Вось ужо ўтварылася "куча малая". І грукаюць, грукаюць сякеры, пырскае гразь. І староняцца, староняцца салдаты і Юнген. І раптам, у той момант, калі салдаты ўжо зусім збіраліся пайсці, — глухі далёкі стрэл перарваў і вяселле, і музыку, і ўсё. Людзі застылі хто як быў.
Юнген Што гэта?
Паўза
Салдаты, у ружжо!
Салдаты выбеглі.
Карціна сёмая
Кабінет Аляксандра ў Зімнім палацы. За вокнамі пахмурая асенняя Нява. Гарыць камін. Мякка прабіў недзе англійскі гадзіннік. У кабінеце граф Мураўёў і жандарскі палкоўнік Лосеў. І раптам варухнуўся, зрабіў крок наперад чалавек на партрэце цара. Толькі тады, толькі ў гэты момант мы разумеем, што перад намі не партрэт, а дзверы і жывы імператар, які заходзіць у пакой.
Аляксандр Сядайце, панове. (У яго завучаны ветліва-абыякавы тон і сляпуча халодная ўсмешка.) Я задаволены разведкай і не задаволены ўладай. Я задаволены вамі, палкоўнік Лосеў, і не задаволены вамі, граф.
Лосеў Я раблю сваю справу для вас, ваша вялікасць.
Мураўёў (паморшчыўся). А я раблю сваю справу не для вас, ваша вялікасць. Я раблю яе для ідэі імператарскай улады, якая — увесь ваш род і, адначасова, ніхто з вас... Магчыма, палкоўніку будзе няёмка чуць такое, але яна вышэй, бо яна — сімвал, ідэя.
Лосеў пачаў пакручвацца на месцы.
І таму я, напэўна, дрэнна раблю сваю справу для вас, але для яе — добра.
Аляксандр Iдэйны чалавек... Прадстаўнік дзяржаўнай ідэі ў Заходнім краі... І ён кажа: “Хацелі неба на зямлі. Цяпер палова з іх у зямлі, а палова — паміж небам і зямлёй”.
Мураўёў Кажыце далей, ваша вялікасць. Сказаў жа Пётр Валуеў, што бедным беларускім балотам дастаўся ва ўладары не бусел і не цурбан, а помесь таго і другога.
Аляксандр Што гэта?
Мураўёў (пакасіўся на Лосева). Па-мойму, гэта дыскрэдытацыя той улады, якая прызначае намеснікам такую помесь... Па-мойму, гэта распуста...
Паўза. Лосеў глядзіць на Мураўёва з жахам і здзіўленнем.
Аляксандр Міністр Валуеў сваё атрымае. Але караць можна і без вашых цынічных выхадак. Я зрабіўся прытчай ва языцах усёй Еўропы... Дзякуючы вам... Я, цараванне якога называюць добрым, які вызваліў народ... І вы... вы шуміце пра шыбеніцы ва ўсіх газетах... Я, урэшце, за-ба-ра-няю вам гэта.
Мураўёў Шыбеніцы? Тады заадно забараніце паўстанцаў.
Лосеў шумна пацягнуў ротам паветра.
Ваша вялікасць, вы, за якога я сто разоў рызыкаваў жыццём, зганьбіў сваё імя, зразумейце, мы на краі прорвы. Папярэдняе жорсткае цараванне павесіла пяць чалавек. Наша, добрае, распачало трэцюю тысячу... І правільна робіць... Таму што паўстанне на Беларусі і Літве робіцца мужыцкім паўстаннем. Каб не я, каб не памылкі іхняга ранейшага камітэта — сёння існавала б ужо літоўска-беларуская рэспубліка.
Аляксандр Я не дзіця, якое палохаюць букай.
Мураўёў Гэта не бука... Гэта пажар...
Аляксандр (тонам загаду). І мне хацелася б, каб мае слугі ўсё ж не злоўжывалі пятлёй. Існуе Сібір.
Мураўёў Я выселіў туды трыццаць тысяч чалавек, я сяку лясы, я выпальваю заразу. Але гэтага цяпер мала. Бо гэта ўжо не дваране, а народ! І калі Валуеву, Пятру-малому, малому нават у жорсткасці, не хочацца помесі бусла і цурбана — хай ведае: гаспадаром у гэтых балотах стане л е ў... Імя яго — Кастусь Каліноўскі...
Аляксандр Мяне не абыходзяць вашы папяровыя львы... Мяне засмучае ваша палітыка. Разгул катаў! Даносяць! Падкідаюць зброю з мэтай правакацыі!
Лосеў устае і на дыбачках адыходзіць трохі далей.
Мураўёў (сумна). Куды вы? Мяркую, вы, Лосеў, не будзеце падобныя да тых, што перанеслі мой жарт гасудару?
Лосеў Пастараюся...
Мураўёў Пастарайцеся. Тым больш, гэта не зусім смешны жарт.
Аляксандр Гуляць маім імем сапраўды не зусім смешны жарт...
Мураўёў Я прывык за доўгае жыццё разграбаць гразь, каб рукі іншых былі чыстыя. Я нічога не саромлюся. Сілу апраўдваюць. Вучоныя, паэты — уся гэтая сволач. Вас — абеляць. Мяне — ніхто. Я не баяўся гэтага. Але цяпер мне кажуць, каб пальчаткі для гразі былі белыя. Я стары чалавек, і мне позна перавучвацца... Я патрабую адстаўкі.
Паўза.
Аляксандр Вы не смееце нічога патрабаваць. Гэта я патрабаваў у вас. Аднаго. Менш публічнасці.
Мураўёў Тады не трэба вешаць. Усе пяць з паловай мільёнаў павінны ведаць: вось што чакае таго, хто паўстае... Перадайце гэта, калі ласка, майму намесніку...
Аляксандр (менш рашуча). Гэта кажа хрысціянін.
Мураўёў Хрысціянін не той, хто плача, чытаючы евангелле. Хрысціянін — гэта воін той армады, што завецца ваяўнічай царквой... Ён павінен сячы галовы, іначай — беларусы пачалі ўжо клапаціцца аб гэтым — не будзе ні хрысціян, ні вас, гасудар.
Паўза. У голасе графа іронія.
Цяпер я стану хрысціянінам у вашым разуменні. Усе стануць мяне хваліць. Нехта мяне заменіць. А можа, самі згодзіцеся запэцкаць рукі ў крыві?
Лосеў Граф!..
Мураўёў Што, Лосеў... Я не саромлюся маіх слоў. І запамятайце іх... для сябе... Я нічога не баюся, гасудар, акрамя бога і сустрэчы з вашым святым бацькам на тым свеце. Ён з мяне спагоніць. Ён спагоніць і з вас. За вашы ўчынкі. За царства... Дагаворым там, гасудар.
Паўза.
Аляксандр Як, вы казалі, прозвішча таго чалавека?
Мураўёў Кастусь Каліноўскі.
Аляксандр Паляк?
Мураўёў Беларус, ваша вялікасць. Ён паставіў пад ружжо сто тысяч мяцежнікаў. Хай мой намеснік помніць што дзяржава, вы — нічога не можаце яму зрабіць, а ён хістае імперыю, як хоча.
Аляксандр Хто ён... Лосеў?
Лосеў Амаль нічога не ведаем. Але ў кожным стрэле — яго рука.
Мураўёў Гэта ўтрапёны фанатык, чалавек каменнай волі, вялікага розуму, таленту...
Аляксандр Розум, талент... Колькі іх было?!
Мураўёў Былі і да яго, але гэта асоба нечалавечай нянавісці да вас...
Аляксандр І што?
Мураўёў Ён таленавіты арганізатар, ваявода, публіцыст. Ён любіць сваю ідэю... Перадайце гэта майму намесніку, прызначце пенсію яго дзецям і развітайцеся з ім. Бо, калі так пойдзе, намеснік праз месяц будзе вісець пад Вострай Брамай.
Аляксандр Ён хто?
Мураўёў Мой намеснік? Не магу ведаць.
Аляксандр (глуха). Не жартуйце... Я пытаю пра Каліноўскага.
Лосеў Выхаванец Пецярбургскага універсітэта... Дваранін... Паэт...
Аляксандр І Пушкін пісаў вершы. Гэта — як хвароба.
Лосеў Ён піша, вядома, куды горш.
Мураўёў Але кожны нумар яго газеты — выбух. Перадайце гэта...
Аляксандр (ціха). Вы амаль давяршылі свой подзвіг... Што б вы ні рабілі — вы павялічваеце гэтым маю нязменную прыхільнасць да вас.
Мураўёў Дзякуй вам... гасудар!
Аляксандр І злавіце, злавіце гэтага чалавека... Знішчыце гэты зброд... Павялічце ўдвая штат Лосева.
Мураўёў Я — зраблю.
Лосеў Вы зробіце, ваша сіяцельства.
Мураўёў Іх мала знішчыць. Іх трэба яшчэ і прынізіць. Мёртвыя — жывуць.
Лосеў Віленскі камендант скардзіўся: на полі, дзе хаваюць пакараных смерцю,— маўклівыя маніфестацыі... Магілы мы раўняем. І ўсё адно, кожны дзень стаяць людзі ў чорным. Моўчкі стаяць. Не плачуць... Страляць?
Мураўёў Нашто? Проста зрабіце ім фізічна немагчымымі гэтыя наведванні.
Лосеў Як?
Мураўёў Ну... хаця б ачысціце за ноч усе прыбіральні Вільні і заліце гэтыя магілы слоем... Дастаткова чвэрць сажня... Прабачце, ваша вялікасць.
Лосеў Ваша вялікасць...
Мураўёў Нявіннасць не дазваляе? А гэта лепш чым кулі. Статак не хоча быць смешным.
Аляксандр Ён ведае людзей, Лосеў. Трэба ўгноіць Заходні край для будучага пасеву.
Паўза.
Задайце... задайце ім.
Карціна восьмая
Яшчэ да падняцця заслоны чуваць гарматныя стрэлы, залпы, воклічы. Калі заслона паднялася — мы бачым скарэжаную зямлю, на ёй сям-там трупы, кінутыя косы, апракінутыя гарматы і — далёка! — вёску ў агні. гараць Бахарэвічы. На першым плане абгарэлы шкілет дрэва, на другім — некалькі салдат капаюць чарговую яму. Пад дрэвам сядзіць капітан фон Юнген, піша.
Салдат Дзевятую капаем.
Юнген Пэўна, досыць, па дваццаць шэсць на яму. Капец. (Апусціў Note bene ў скураной вокладцы.) Ну што данясеш? Разбілі пераможна палком — пагана ўзброены атрад.
Салдат Вядуць.
3 левага боку салдаты выганяюць на сцэну невялікі натоўп жыхароў спаленай вёскі. Пераважна і старыя і жанчыны. Сярод апошніх — Яўхіміха, баба Гарэліха.
Юнген Ну што, мужыкі. Дастукаліся... Давядзецца замест сваіх бяроз чужыя піхты пілаваць... А замест торфу — біць кіркой у рудніках руду чужому дзядзьку.
Натоўп маўчыць. І раптам вокліч. 3 правага боку канвой выводзіць пана Зарубу, Вастравуха і Яўхіма Барданоса. Вастравух паранены ў галаву: праз павязку выступае кроў. Заруба і Барданос вядуць яго. Палонных паставілі перад Юнгенам. Левая рука Яўхіма бязвольна звісае.
Юнген Ну?.. Што?..
Яўхім Нічога, пагулялі ладна.
Юнген А як наконт расплаты?
Яўхім Мы людзі з гонарам. Карчму разнеслі, то неяк і за чарапкі заплоцім.
Злавесная цішыня.
Парушае яе салдат, звяртаючыся да фон Юнгена.
Салдат Мы зносім трупы.
ЮнгенПаглыбей
Забітых закапайце, каб ваўкі
Касцей не расцягнулі.
Вастравух (злосна).
Воўк нічога.
Прынамсі, ён хлуслівым чорным словам
Не пэцкае імён герояў.
Ўсё гэта людзі зробяць... Зробіш ты,
Халуй.
Юнген (іранічна).
Зараз упадзе,
А брэша, недабіты, гнойны пёс.
Вастравух адштурхоўвае сяброў.
Вастравух Пусціце!.. Сам...
(Пахіснуўшыся трохі, ён умацаваўся і стаў цвёрда.)
А то яшчэ ён збрэша,
Што я, калі мяне на смерць вялі,
Пручаўся і нагамі дзве дарожкі
Да месца праараў.
ЮнгенТы, Вастравух,
Падумай: варта заплаціць жыццём
За слова вострае, за жарт дурны?
ВастравухХай будзе слова, як няма кінжала.
ЮнгенМне ад цябе не вельмі многа трэба.
Скажы адно: хто вамі кіраваў,
Хто прысылаў для вас наказы з Вільні,
Хто ўгаварыў вас падтрымаць мяцеж?
ЯўхімДа сэрца дабіраюцца — маўчы.
ЮнгенАдно імя... І я тады палонных
І ўсіх сялян адразу адпушчу.
ЯўхімДа сэрца дабіраюцца — маўчы!
ЯўхіміхаУгаварыла беднасць. А наказы
Нам голад прысылаў.
ВастравухА кіравала
Усімі намі ярасць. Вось і ўсё.
Юнген (да Яўхіміхі).
У беднасці вы самі вінаваты.
Народзіце дзяцей — а потым лямант:
“Зямлі няма!”, “Галеча!”, “Усё паны!”
Як быццам вам паны дапамагалі
У гэтай справе.
ЯўхіміхаГэ-эх, панок... панок...
Бог любіць нас і дорыць нашы хаты
Дзіцячым крыкам і дзіцячым смехам.
І ганарыцца вам прычын няма.
Усё жыццё вы плавалі ў крыві,
А бог вас пакараў за грэх ваш цяжкі.
Таму яны й пустыя, вашы хаты,
І рэдка ў іх гучыць дзіцячы смех.
Салдат (Юнгену).Ваша высакароддзе сказалі па дваццаць шэсць...
Юнген Ну.
Салдат Памылачка атрымалася. Выкапалі лішнюю магілу.
Юнген Чакай, колькі забітых?
Салдат Іхніх — восемдзесят. Нашых — сто дваццаць восем.
Заруба Дрэнная прапорцыя.
Юнген Што?
Заруба Ваюем дрэнна. Шэлег нам цана. Нас на Гродзеншчыне не больш дзвюх тысях са зброяй. Вас — дзесяць.
Юнген Апошні раз пытаю: хто?
Вастравух Голад! Рабства!
Паўза.
Юнген Салдаты, слухай маю каманду!
Паўза.
Магіла пустой не застанецца. Гэтых трох — туды
Агульны ўздых.
Салдат Ваша высакароддзе...
Юнген Шпіцрутэнаў захацелі... Вядзіце.
Заруба Нашто весці? Мы — самі. Мы скакаць будзем, туды ідучы.
З асуджанай рашучасцю ўзяліся за плечы. Павольна закруцілася, пачало рухацца да ямы страшнае кола. Ногі намацваюць такт. Знайшлі. І толькі тады прыходзіць музыка, хуткая, але грозная, падобная і не падобная на звычайныя гукі “Мяцеліцы”.
Курыць, вее мяцеліца,
Чаму стары не жэніцца.
— Як жа яму жаніціся?
Усе будуць дзівіціся.
Ух, ух, уха-ху!
Янкі галава ў снягу.
— А як гэта дый не снег,
Тады людзям будзе смех!
Яны на краі ямы. Яўхім скокнуў у яе сам. Цяпер відаць толькі іхнія плечы. Ім цесна, але яны рухаюцца, але галасы спяваюць.
Ух, ух, уха-ху!
Гэта ж быў я на таку.
— А як гэта дый не пыл,
Дык ад дзеўкі будзе тыл.
— А хоць стары — не паганы,
Яшчэ дужы і румяны.
А што каму да таго?
Можа, я пайду ды за яго.
Голас з натоўпу Даволі!
Спыніўся танец.
ЯўхімСапраўды даволі, браце...
Занадта... Не павераць... Стой, Заруба.
Мацуйся, любы браце Вастравух.
ЯўхіміхаТрымайцеся спакойна, мужыкі!
Хрыстос над вамі. Ён, пакутных, вас
Каля сябе пасадзіць.
ЯўхімЦьху табе
3 тваім Хрыстом. Не мог падмогі даць
На памагатых д'ябла.
ЯўхіміхаНе блюзнер!
ЯўхімЧаго блюзнерыць? Я яшчэ не знаю.
Ці ёсць ён, бог?
ЮнгенА што ты, хаме, зведаў?
ЯўхімА тое! Краем правіць Сатана.
Ты, капітан, і твой Мураш паскудны,
І ваша банда, і царок ваш снулы.
Ты пачакай, яму яшчэ за нас
Павытаргаюць ногі са...спіны.
Вастравух То спраўдзіцца.
Юнген Салдаты! Закапаць!
Паступова сыплецца з-пад рыдлёўкі зямля. Загаласілі бабы.
ЯўхімЦыц, бабы, не рвіце наша сэрца.
Спакойна дайце нам сустрэць канец
І весела...
Гарэліха Змоўч, людзі... з імі бог...
ЯўхіміхаА гэтым — гонару занадта многа,
Каб перад імі плакаць... Змоўч, народ.
Цяпер цішыня вісіць над галовамі людзей. Зямля дастае смяротнікам амаль да плячэй.
Вастравух (Яўхіму). Бачыш, а ты мяне засячы хацеў... “Пан, пан...” У адной зямлі... стаяць будзем.
Яўхім А можа, табе і лягчэй было б?
Вастравух Ну не. Памерці растаптаным, як я тады? Так я хаця чосу ім даў...
Заруба вышэй за ўсіх, астатнім зямля дастае да рота.
Яўхім Гэй, Заруба, ты й тут выгадаў... каб я табе прысніўся.
Заруба Прысніся, брат, я тады адразу ўваскрэсну. Ад жаху.
Зямля падае Зарубу на галаву. Ён адплёўваецца.
Гэй, афіцэр, каўбаса гарохавая... Можа быць у смяротніка апошняе жаданне?
Юнген Ну?
Заруба Я служыў паручнікам. Ты — капітан. Ці нельга саступіць сваё месца старэйшаму па чыну?
І ўсё. Замест людзей — капец зямлі.
Юнген (да натоўпу). Ну як?
Маўчанне.
Карціна дзявятая
Задні пакой за модным магазінам, які належыць Юзэфе Яневіч Пад манекенамі доўгія рагожныя цюкі са зброяй. Тут жа сядзіць Арсень, узброены лупай; рэжа на гуме штамп, робячы пробныя водціскі. Кастусь сядзіць за сталом, гамонячы з Каралінай, Чортавым Бацькам, Марцявічусам. Кастусь скандуе.
Кастусь Сачыніцель папулярных баек, з камітэта адказны таварыш, паважаны Арсенька Станевіч...
Арсень Чаго табе?
Кастусь Маніфест аб зямлі, які вы адрэдагавалі, на-дру-ка-ва-ны... вось... Трыста экземпляраў на Міншчыну...
Чортаў Бацька (уздыхае). Зямля-зямля...
Арсень Добра.
Кастусь Як пячаць?
Арсень Зараз скажу. Будзе — хоць падарожныя фельд’егерам адмячай.
Кастусь (скандуе). Паважаны фальшываманетчык і падробнік дзяржаўных пячацяў. Да чаго ж ты, браток, дакаціўся?!
Арсень Змоўч, чапяла.
Чортаў Бацька Сапраўды, як дзіця малое.
Караліна (з дакорам). Хлопцы... Вы ж ведаеце, калі ён вершы піша, вершамі гамоніць...
Яневіч Вершамі жартуе.
Арсень Знайшоў час жартаваць...
Кастусь Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце... Каб не вершы, не жарты — ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б... самім... не чакаючы мураўёўскай ласкі... От, пэўна, узрадаваўся б! (Цытуе.) “3-за адсутнасці здаровага смеху ўрад паўстання перавешаўся ў поўным складзе”.
Караліна Каліна, не трэба...
Кастусь Сонца з месяцам ззяе на небе. На зямлі — адно толькі сонца. Каралінай яно завецца... Подлых змоўшчыкаў святлом сагравае.
Яневіч (ціха). Сэрца збалелася, на цябе гледзячы. Не забыў жа... Не...
Паўза.
Кастусь Я, матулечка, усё помню... Я — не з тых, што забываюць...
Паўза.
Рыгнецца ім яшчэ за жыўцом закапаных, за дзярмо на святых магілах... Адальюцца кошцы мышчыны слёзкі... І не дзярмом — крывёю. Вось яно як.
Паўза.
І таму працаваць, хлопцы, працаваць.
Званочак. Яневіч выйшла. Кастусь выняў з цюка штуцэр, прыцэліўся.
Дзіва штуцэры. Адвязём на Слонімшчыну.
Марцявічус Згода. Кастусь. А тыя няхай зэльвенцы возьмуць.
Заходзіць Яневіч
Яневіч Ф-фу-у. Удружыў ты мне, Кастусь, дружок, гэтым магазінам... Бабы прыходзяць дурныя, як курыцы.
Кастусь Гаспадыня моднага салона, найяснейшая пані Яневіч, пацярпіце дзянёк, калі ласка, накіруем мы вас у Варшаву: аднаўляць з “чырвонымі” сувязь.
Яневіч Праўда?
Кастусь І “чырвоныя” ў Варшаве — праўда. І паездка — праўда... Караліна!
Караліна Што?
Кастусь Добра ты гукі вымаўляеш. (Хітнуў галавою.) Справа для цябе.
Караліна Ну...
Кастусь Імператар Аляксандр Другі, вялікі князь Самагіцкі, гасудар і вялікі князь Абдорскі і Кандзійскі, наследнік Нарвежскі, Дзітмарсенскі і прочая і прочая зволілі прыняць катэгарычны імператыў графа Мураўёва, вялікага князя Самаедскага, гасудара Шыбеніцкай зямлі, Лобных месцаў і прочая — аб разгроме і рэпрэсіях. (Ідзе да непрыкметных дзверцаў і дастае адтуль два чамаданы.) У адказ на гэта найбольш небяспечная з калматых нігілістак беларускіх, Караліна, па мянушцы Крывавы Кінжал, павязе ў горад Мінск гэтыя шрыфты.
Караліна Нашто?
Кастусь Каб падкласці іх пад трон начальніка мінскага акцыза.
Чортаў Бацька Хай узрываецца.
Марцявічус О, выбуховая моц беларускага вольнага слова!.. Гекзаметрам загаварыў.
Караліна Сур’ёзна.
Кастусь Дрэнна... (Голас ягоны сеў.) Рэпрэсіі. Сярод калег — слабіна... Трэба зноў звязваць людзей... як сноп... дарагое маё перавясла...
Званок ля дзвярэй магазіна.
Яневіч Зноў... Адны гускі ды аслы ходзяць... (Выйшла.)
Караліна Я зраблю.
Кастусь Ведаю... (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала... Няўхільна... Няўмольна... Адразу...
Марцявічус Даўно пара...
Яневіч (у дзвярах). Кажу, нельга.
У дзвярах Вітаўт і Марыя Грэгатовіч
Вітаўт Свае. Трэба.
Зайшлі. Паўза.
Кастусь Ах-х, вось яшчэ не было... Вітаўт!.. (Ціха.) Нашто прывёў старонняга?
Вітаўт Ну-у!.. В-ведаеш! Табе ўнаравіць... як графскаму сабаку... Табе што, жыццё сваё — капейка?.. Я прыйшоў, каб вы-ра-та-ваць яго... Мала гэтага?.. Зразумеў? І ўсё! І досыць!
Кастусь Зразумеў... Але гэта канспіратыўная кватэра. Я магу памерці — камітэт павінен жыць...
Вітаўт То і памрэш...
Марыя Пан Макарэвіч... Не трэба яго... Я ў адчай прыйшла, пакуль яго адшукала... Горад аббегала...
Кастусь Спакойна, Марыя. Што такое?
Марыя Надвячоркам зайшла суседка... Прасіла не выдаваць... Па сакрэту сказала, што ўжо ва ўсіх на тым баку вуліцы правяралі дамавыя кнігі, што заўтра будуць у астатніх... У нас... Я пайшла да мадам Салье... (У адчаі.) Выявілася, што ўлады шукаюць слядоў Макарэвіча... Яны ведаюць, што ён і Каліноўскі — адно...
Чортаў Бацька М-маем.
Арсень Значыць, табе нельга вяртацца на Антокаль, Кастусь.
Паўза.
Марыя (зусім ціха). Вы на Антокалі? І не маглі знайсці... Што ж, я зрабіла ўсё, што магла: заліла чарнілам ліст у дамавой кнізе маці.
Арсень Чортаў Бацька, давай бланк.
Чортаў Бацька дастае з-пад маснічыны нейкія паперы.
Чортаў Бацька На.
Караліна падышла яшчэ бліжэй да Кастуся і Марыі.
Марыя Я ненавіджу гэтую вашу... справу. Але я зрабіла гэта.
Кастусь За што ненавідзіце?
Марыя Яна адбірае вас ад мяне. Якраз у той дзень, калі я зразумела, што... кахаю вас...— вы зніклі з флігеля на Антокалі: пайшлі, відаць, у гэтую сваю... справу... Яна і цяпер адбірае вас, дае мне замест шчасця штодзённае гора.
Кастусь Марыя...
Марыя Бо я кахаю вас. І я слабейшая за яе, праклятую. Што яна зрабіла з горадам, з краінай, са шчасцем, ваша справа?! А я — слабейшая. Я не магу змагацца супраць яе... Гора маё! Бяда мая! (Плача.)
Караліна Сочаць... Падбіраюцца. Як пальцы да горла.
Марцявічус (змрочна). Не лезь, Мураш, да горла мяцяжу, бо атрымаеш ты... па пысе... Не, я не Пушкін... Але па пысе ён атрымае.
Вітаўт Не ўсё ж каб шанцавала ды шанцавала. Паўсюль. Ва ўсім. У вайне, выкраданнях, каханні... у картах... чорце, д’ябле.
Арсень са здзіўленнем азірнуўся.
Арсень У якіх картах?
Вітаўт Скажам, “у стратэгічных картах”.
Марцявічус 3 імі некаторым, прама скажам, не шанцуе...
Арсень (нудна). Ты, Вітаўт, нуда японская... Астабрыд ты мне. (Думае над бланкам пашпарта.) Якое б табе прозвішча, Кастусь?
Вітаўт (сам сабе, вельмі змрочна). Банапарт нядрэннае прозвішча... Пугачоў.
Чортаў Бацька Відны...
Арсень Нешчаслівае для нашага брата прозвішча... Гм... Не, там людзі дрэнныя, поскудзь дробная, а не людзі... Спасаіконапрэабражэнскі? Пузам для такога прозвішча не выйшаў... А што, калі тваё, Пархвен, прозвішча? Ды не, які ён Бабаед... Унь бабы я г о, гаротнага, поедам ядуць... Ага, ад лацінскага “віта” — жыццё... Шчаслівае прозвішча — Ві-та-жэ-нец.
Яневіч А жыць яму, святому дурню, у святым месцы. У Свентаянскіх мурах.
Чортаў Бацька Праўдачка. Да Мурашоўскага палаца адтуль — д-даплюнуць можна. Хто стане шукаць?
Кастусь (да Марыі). Але я не ўводзіў вас у зман.
Марыя Але я кахаю.
Кастусь (мякка). Мне шкада, Марыя. Вельмі шкада.
Паўза.
Але я не магу быць побач. Не думайце, што прычына таму — вы. Проста мы ўсе тут — жаніхі радзімы, свабоды... Калі гэта цябе супакоіць — супакойся.
Караліна апускае галаву.
Калі можаш дараваць — даруй.
Караліна Досыць... Не трэба слоў... Яна ж — ну проста... (Робіць жэст адчаю.) Маўчы. (Бярэ Марыю за плечы, адводзіць.)
Марыя Ты таксама кахаеш... (Дапытліва глядзіць на Караліну.) Нічога. Я цябе не баюся. Я баюся — той... Бывай, Кастусь.
Кастусь Бывай.
Марыя (ціха). Да сустрэчы... як прыйдзе “свабода”. (Горка.) Не думала, што буду яе чакаць.
Чортаў Бацька Чакай, дзетухна, чакай светлую нашу.
Пайшла Марыя.
Караліна (ціха). Нясцерпна ёй.
Яневіч Ты ўжо маўчы!.. Ты ўжо маўчы!.. Як аперазаю, не гледзячы.
Арсень бярэ стары пашпарт Кастуся, паліць на запалках. Падае яму новы.
Арсень Усё. Вітаю з хрышчэннем, пан Вітажэнец, прыватны настаўнік.
Марцявічус Пан настаўнік, пан настаўнік, у вас бяда!
Кастусь (змрочна). Што?! Кабан здох?
Марцявічус Горш... інспектар прыехаў.
Усе засмяяліся, не вельмі весела.
Вітаўт (голасна). Жарцікі... А ты на полі страчаных быў, а-та-ман?
Арсень А ты лічыў, гінуць са сцягам? Так і гінуць.
Вітаўт Ты быў, што жартуеш?
Яневіч Змоўч, псіх... Выгляд твой пахмуры — свята светлае побач з ягонымі... жартамі, імяніны сэрца...
Кастусь Не трэба яго крыўдзіць... Вітаўт, я ж не таму сказаў табе папрок, што ў мяне дрэнны характар, што я дрэнна стаўлюся да цябе. Проста, нават калі справа ідзе аб жыцці аднаго з нас — на канспіратыўную кватэру нельга весці старонніх. Ты гэта — запомні.
Вітаўт Яна ж твая кватэрная гаспадыня. Ты ж з ёю ды са мною аб зорах гаварыў.
Кастусь Зоры — справа іншая. На іх яшчэ мураўёўскія сышчыкі не паспелі залезці.
Вітаўт Я ж думаў, у яе толькі справа. Я ж не ведаў, што яна яшчэ і куры з табой строіць.
Кастусь Не буду я з табой біцца, Вітаўт мілы.
Вітаўт (непрытомна). Ух-х, да чаго ж цябе пашанцаванне любіць!
Кастусь Скончу, значыць, дрэнна.
Чортаў Бацька Тых бунтаўшчыкоў, якім шанцуе, улады асабліва не любяць.
Вітаўт (у ціхай раз’юшанасці). І ваявода ты, і трасца, і хвароба... і паэт... “І акадэмік, і герой...”
Кастусь Разнастайны чалавек... І цесля... Калок аднойчы зачасаў. І скончылася — страшна. Хіба што не мараплаўца... Вітаўт, што з табой?
Вітаўт Мараплаўца... І каламутнае яно, тое мора, у якім плаваеш. Плывец ты — нічога. Толькі замест залатога ветразя ў цябе — ануча. Чужым зрабіў нам мора. Не ведаю, з якой прычыны. Са славалюбства?
Кастусь Я не адмірал. Я грабу дзень і ноч, ратуючы карабель. У мяне ад напругі — кроў з-пад пазногцяў. Ты гэтага хочаш?
Вітаўт Адмірал... хамаў...
Кастусь За сябе я не крыўдую... хаця я любіў цябе... (Грозна.) Але гэтага, але людзей, братоў маіх,— ты мне не чапай... Мы за гэта за-ка-панымі заплацілі... Іх... жывымі... а ты мне тут... тэарэтычныя антраша вырабляеш, зміеў шып папалам з істэрыкай.
Доўгая паўза.
Досыць аб гэтым.
Вітаўт Не, не досыць... Ты чаму мяне да вялікай справы не дапускаеш?! Чаму?
Кастусь Ты ўдзельнічаў. У многіх.
Вітаўт Ах, справы... Тэрарыст, экспрапрыятар, трасца, хвароба... А мне змыць, змыць з сябе трэба...
Кастусь (пасля паўзы). Добра... Караліна не паедзе на Міншчыну...
Караліна А хто?
Кастусь Ён...
Вітаўт Туды? Дзе развал?
Кастусь Больш цяжкай працы няма... Не ўпэўнены — не едзь.
Вітаўт Вось... Вось яе... толькі яе...
Кастусь І ўлічы, там сапраўды цяжка.
Вітаўт Зробім... Не ўсё ж ты ды другія... Мы таксама не шапкай боршч ямо, не ў нерат узімку хутаемся, не нагою нос выбіваем...
Паўза.
Кастусь Едзь. Марыш аб славе? Законна для тваіх год. Хочаш небяспекі? Таксама. Працаваць хочаш? Працуй. Вось табе Міншчына. Рабі там што хочаш. Але каб праз месяц быў стальны парадак. Не зробіш — адкажаш. Будзем ведаць: крыкі твае — шчанюкоў віск. Зробіш — вось табе твая слава і памяць у пакаленнях.
І тут раптам устае пані Юзэфа.
Яневіч Не! Агойтайся, Кастусь! Нельга!
Кастусь Чаму?
Яневіч Панства яго! Сённяшняя яго выхадка...
Кастусь Ён заўсёды быў смелы... І ён зразумее сваю няслушнасць. Усім нам іншай дарогі няма: або перамога, або пятля... Мяне ён не абразіць, Юзэфа. І потым, ён хлопец з хворым сумленнем, яму сапраўды трэба верыць у сябе...
Яневіч Нішто сабе гусь! Ну і ну! Яму дзевятнаццаць, табе — дваццаць пяць, а ты за яго не разумнейшы...
Кастусь Чаго гэта я гусь, цётка Юзэфа?
Яневіч А тое... Не любоў галоўнае ў ім. Зайздрасць!
Кастусь Рэўнасць, цётка... Рэўнасць да катаржнай працы... Хай працуе.
Яневіч Не вер!
Кастусь Ён — чалавек. Я не магу не верыць чалавеку.
Паўза.
(Кастусь паказвае на чамаданы.) Бяры. Чакай на кватэры інструкцый.
Вітаўт Дзякуй... Кастусь.
Пайшоў Вітаўт
Арсень Позна ўжо. Нам — час.
Яневіч Ідзіце... Я вас — выведу.
Усе пайшлі. Толькі Караліна трохі затрымалася.
Караліна Ты добра падумаў?
Кастусь Трэба ратаваць чалавека... Як яно радзее, кола сяброў... Але гэтага я адчаю і злосці — не дам.
Караліна збіраецца ісці.
Скажы мне, сланечнік... Ты мне з самага таго дня не гаварыла.
Караліна Што?
Кастусь Ты ведаеш, што...
І тады Караліна традыцыйным жэстам прыкладае кулачок сагнутай левай рукі да сэрца.
Караліна Люблю... Беларусь...
Кастусь То ўзаемна... узаемна...
Карціна дзясятая
Канцылярыя ў мінскай жандармерыі. Ноч. Гарыць толькі адна свечка. Стол падзяляе дзве фігуры. Гэта Лосеў і Парафіяновіч Ідзе допыт.
Вітаўт Вы нічога ў мяне не знайшлі... Я пратэстую супраць арышту!
Лосеў Усе гэта патроху робяць.
Вітаўт Я — гэта не ўсе.
Лосеў У вас — як ва ўсіх — дзве нагі... Цалкам прыдатныя, каб мераць камеру... Усе — мераюць. То чым гэта вы такі адметны перад дзяржавай?
Вітаўт. Без здзекаў!.. Я вам — не хлопчык!
Паўза. Лосеў раптам усміхаецца... Усмешка страшнаватая.
Лосеў Гм... Магчыма... А я вось здзіўляўся, нашто арыштавалі такое дзіця?.. Дурасць!.. Што яно магло небяспечнага нарабіць у сваім узросце?
Вітаўт (з гневам). То чаму арыштавалі?
Лосеў Таму што, калі ідзе звычайная праверка, невінаваты не шукае чорнага ходу з кафэ. Чаму б гэта?
Вітаўт У вас жа прынцып: вінаватага і дурань пакарае. Ты невінаватага пакарай — вось у чым сапраўдная дзяржаўная веліч.
Лосеў І тое праўда... Прымітыўна — па ўзросту, — але ўмееце думаць. Глядзіце вы! Можа, вы сапраўды большая асоба, чым я меркаваў?
Вітаўт І што?
Лосеў А тут яшчэ пашпарт на ваша імя знайшлі сярод папер забітага паўстанца Далеўскага. Чаму б гэта?
Вітаўт Адзін Гаўрыла ў Полацку... Аднафамілец.
Лосеў І тое... Другі аднафамілец, па чутках, Магілёўшчынай кіраваў.
Вітаўт Парафіяновіч — распаўсюджанае прозвішча.
Лосеў Канечне. Хіба мог юнец кіраваць такой махінай? Вам колькі?
Вітаўт (праз зубы.) Дзевятнаццаць.
Лосеў Небяспечныя бываюць цёзкі... хлопчык... Вы — не з тых. Вам, дзіця маё, трэба славу любіць... жанчын... Карыстацца іх узаемнасцю. Вы прыгожы... хлопчык.
Вітаўт Я магу вас папрасіць адмовіцца ад гэтага ідыёцкага звароту?
Лосеў Так... Канечне... мой юны друг...
Паўза.
Дык вось, я наконт пашпарта магу вам паверыць... Але сістэма — не. Трэба зрабіць лянівай яе бязлітасную памяць. Можа, ведаеце хаця што-небудзь?
Вітаўт Адкуль?
Лосеў Ну, не ведаеце — не трэба... Я гэта пра дробязь... Каб улады маглі праявіць звычайную мяккую паблажлівасць і аддаць вас на парукі бацькам... малады чалавек.
Вітаўт Лічыце, што маладосць перашкаджае рабіць вялікія... (Асекся.)
Лосеў глядзіць на яго.
Лосеў Т–так... То бок — не... Я проста лічу, што вашаму ўзросту не вялікія справы, а каханне... Жанчыны, што праўда, любяць моцных, нязломных мужчын, але і ваша тонкая... тандэтная прыгажосць павінна ім падабацца...
Вітаўт (гледзячы ва ўпор). Гэта да чаго?
Лосеў (усміхаючыся). Ні да чаго. (Канфідэнцыяльна.) Шукайце жанчыну — кажа мая сістэма. І вось я, стары сыскны сабака, не ведаю, як гэта дастасаваць да вас... Якія вакол вас могуць быць жанчыны? Так, паненкі. Яны пішуць у альбомах, мараць аб прынцах і таму... павінны любіць вас.
Вітаўт Канечне. Што я, пачвара?
Лосеў Та–ак... Вельмі павінны. (Скоса глядзіць на Вітаўта, які нервуецца.) Шкада мне! Хаця б трошачкі ведалі... Хаця глупства... Ад сістэмы адчапіцца.
Вітаўт Я нікога не ведаю.
Лосеў Шкада... Таму што гульня скончана, хлопчык... А ўлады ў такіх выпадках не жартуюць. На Магілёўшчыне — правал, пад Бахарэвічамі — правал, Белы жонд ад... вас адхіснуўся. Разумныя... Не з хамамі ж ім блакіравацца?.. Хаця б нехта... Сказаць аб ім — і ўсё...
Вітаўт Я нікога не выдам.
Лосеў Стоп! Як так не выдам? Вы ж толькі сказалі, што нікога не ведаеце... Га?
Паўза.
Вітаўт Я гэта... у тым сэнсе, што... не ведаю.
Лосеў (са знішчальнай пагардай). Фінціць пачынаеце... шчанюк? Выкручваецеся, баязлівец... Трус! Насцеражылі свае маленькія, мякенькія вушкі... мужчына, які так і не адбыўся? Лічылі, пэўна, што велічыны. А вам сапраўды паненкам у альбомы пісаць.
Паўза.
Вітаўт (з гонарам). Досыць, вы!.. Даўно мне хочацца кінуць у вашу... пысу пару сапраўдных слоў. Але зарубіце на сваім фіскальным носе, што я... я адзін буду адказваць... Што я ні-ко-га не прадам, бо я не з бітых кантаністаў, як вы, і не з хамскіх падпявал, як іншыя...
Лосеў (ціха). Хм...
Вітаўт Я дваранін, я рыцар, і ў мяне свой саслоўны гонар... Так што можаце не нюхаць далей мяне. Дарэмна стараецеся.
Паўза.
“Мой юны друг...” “Хлопчык”. Вас у мае дзевятнаццаць год розгамі хвасталі... Вы тады для фельдфебеляў па піва бегалі... хам... А я батальёны, палкі вашы, як трусікаў, ганяў... Я... Трус... Я — Парафіяновіч, камісар Магілёўскай губерні.
Лосеў (з удаванай уражанасцю). То гэта — вы?
Вітаўт Я!
Паўза.
Лосеў Каледа старая... То гэ-та, значыць, вы?.. Сапраўды рыцар. Муж... І гэта пры такой маладосці.
За тонам бязмернай павагі ў яго словах гучыць страшны, бадай непрыкметны здзек, але Вітаўт яго не заўважае. Вочы яго гараць, твар амаль прыўкрасны.
Я памыліўся з альбомнымі паненкамі. Такога вас і Жанна д’Арк пакахала б...
Паўза.
Чым жа вы маглі стаць, калі ўжо зараз?!
Вітаўт (глуха, горда і спакойна). Цяпер нічым.
Лосеў Талент дзяржаўнага мужа. У яго дзевятнаццаць год?
Вітаўт Мы — усе маладыя.
Лосеў Т–так... І пры такіх здольнасцях увогуле — другарадная роля. Інспектар малаважнай губерні. Нейчы папіхайла... Паштальён чужых загадаў.
Вітаўт Я паштальён, і я... ганаруся гэтым.
Лосеў (пільна гледзячы на яго). Т–так... Другі раз у самыя небяспечныя месцы. Фарпост Магілёўшчыны. Асуджаны на смерць Мінск... Як знарок...
Вітаўт Значыць, вераць: магу.
Лосеў (узважваючы словы). Ой не-е... Нешта не тое. Вы што, не ведалі, едучы, што тут — усё... што ехаць сюды можа толькі смяротнік?
Вітаўт Не.
Лосеў Скажыце, а ў кіраўніцтве — я не пытаюся пра імёны — не было нікога, з кім у вас былі старыя звады?
Вітаўт У мяне няма ворагаў.
Лосеў У кожнага ёсць ворагі... Толькі высакародны іх не заўважае. Няўжо вы думаеце, што я, напрыклад, аддаў бы заваяванае мною месца без барацьбы?.. Нават больш вартаму яго...
Вітаўт То — вы...
Лосеў О-ой, друг... Па-адумайце над прычынай, чаму вас піхаюць у небяспечныя месцы, як цар Давід — Урыю... Ну, там зразумела, жонка Урыі спадабалася цару... А вы?
Вітаўт здрыгануўся, і Лосеў заўважыў гэта.
А можа, і сапраўды жанчына. Вы ж малады, прыгожы, адважны... словам, небяспечны.
Вітаўт (з ноткай хістання). Не.
Лосеў Т–та–ак... Жанчын вы не дзя-лі-лі... А як наконт славы?
Вітаўт Мы не кар’ерысты.
Лосеў Рэвалюцыя — адна з самых хуткіх кар’ер. Няхай за кошт рызыкі... І раптам — побач мацнейшая фігура...
Вітаўт Н-не...
Лосеў (з узрастаючай упэўненасцю). Ён мог заўважыць, што пешка стала прахадною і можа зрабіцца ферзём паўстання.
Вітаўт Не хлусіце на высакародных людзей.
Лосеў Крый божа. Я ж і не пытаюся імён... Не скажаце. Не з тых... Скончым допыт... Толькі ў пратакол запішу. (Піша.)
На Вітаўта з кожнай хвілінай страшней глядзець.
(разважліва.) Подла... Адкупіліся вашай галавой... Прахадная пешка. Ведалі, што не прадасцё, загінеце адзін... І загінеце адзін... І загінеце... Слаўны, мужны вы чалавек. (Піша.) Стары метад гнюсных палітыкаў. Урыю — пад стрэлы, лаўры ягоныя — на чало, жанчыну — да сябе ў ложак... (Амаль пад нос.) Магчыма, якраз цяпер... Такія гэта ўмеюць...
Вітаўт Не! Не! Не!
І тут Лосеў устае, нагінаецца, у вачніцах яго цені.
Лосеў І-мя?!
Вітаўт Я ненавіджу! Я заўсёды ненавідзеў яго!
Лосеў І-мя-а!
Вітаўт Жыў пад прозвішчам Макарэвіча. Цяпер? Здаецца.. Ві-та-жэ-нец.
Лосеў Імя!
Вітаўт Жыве ў Свентаянскіх мурах.
Лосеў Імя.
Вітаўт Кастусь Каліноўскі
АКТ ТРЭЦІКарціна адзінаццатая
Абсерваторыя ў Свентаянскіх мурах. Старадаўнія зорныя сферы, бронзавы секстант, тэлескопы. У цёмных кутах таямніча пабліскваюць сімвалы знакаў задыяка. На усім пячаць занядбанасці. За вокнамі начны заснежаны дворык Пачобута. Сходы вядуць на падмосткі да двух тэлескопаў у невялічкіх вежах з купаламі. Створкі аднаго купала трошкі рассунутыя, і ў шчыліну відаць зімовае зорнае неба. Вызарыла буйна. На мароз... У абсерваторыі Каліноўскі, Чортаў Бацька і Марцявічус. Пархвен гадуе жмудзіна.
Кастусь Ціха ў цябе. А я за два крокі, а шум.
Марцявічус Чаму сапраўды ціха?
Кастусь Былы універсітэт. Мікалай яго закрыў. І абсерваторыя пасля пажару не працуе.
Марцявічус Такая безліч залаў — і на замку...
Кастусь То і добра. Табе тут бяспечна, хоць “Бітву” танцуй.
Марцявічус Не кажы... Быццам людзі вымерлі на зямлі... Нават зоры — непатрэбны... Нібы паўсюль пустыня, адзін я жывы.
Кастусь Яны гэтага і хочуць, пустыні... Дай ім волю — яны нас назаўжды ад зор адвадзяць.
Паўза
Маеш рацыю: пустыня... Адвучылі на зоры глядзець... Час такі...
Чортаў Бацька А будзе іншы час?
Кастусь Павінен быць.
Марцявічус (лёг на спіну). А я ўсімі начамі гляджу на зоры... Тысячы светаў... Часам гляджу ў тую трубу: Стажары, Батыеў Шлях... А месяц такі васпаваты.
Чортаў Бацька Ёсць там людзі?
Кастусь Ніхто не ведае. Можа, і ёсць.
Марцявічус Цікава, ці так дрэнна яны жывуць, як мы тут, на зямлі.
Кастусь Напэўна, не. Так дрэнна, як мы, людзі жыць не павінны... Караліна нешта спазняецца...
Аднекуль знадворку, як воўчае выццё, чуюцца галасы. Першы да спуду блізка, іншыя — далей і далей. “Слухай! Слу-хай! Слу-ха-а-й!" Вакол палаца пераклічка.
Вось пачнеш ты храпці, а Мураш пачуе. Ты, Бронюс, не храпі... Баюся за яе...
Марцявічус Вакол яны, сволачы. Абклалі.
Кастусь Нічога. Будзе час: яны будуць усярэдзіне, а мы — вакол.
Марцявічус А пакуль нам як выйсця няма.
Кастусь Ёсць. (Паказвае на неба.) Гэтага яны ў нас не адбяруць.
Марцявічус А калі ў падвал?
Кастусь І над падвалам — неба...
Марцявічус Чорт ведае чым людзі займаюцца: стрэлы, шыбеніцы, подласць. А тут... такое дзіва... І ці думаў я, што мой апошні дом будзе такі прыўкрасны, што апынуся сам-насам з небам.
Кастусь Як то там Вітаўт?
Марцявічус У такую хвіліну ўсе павінны глядзець на зоры. Пархвен! А ты глядзіш?
Чортаў Бацька Гляджу. Унь Зорны Воз. Сем зорак — сем кабылак. Адна ажарабілася. Унь ля яе маленечкая зорка. І ўсе кабылкі спакойна стаяць, толькі ўздрыгваюць часамі ад зайздрасці да той... (Глуха.) Як ты, Кастусёк, калі часам на скверы дзяцей бачыш.
Кастусь (амаль груба). Ты змоўч... паэт.
Чортаў Бацька Гэта вы... паэты... Са зброяй спіцё... Без жонак, без дзяцей, без грошай. Так, за народнае дзякуй.
Марцявічус Вось прыйдзе светлае заўтра — яно цябе здзівіць.
Чортаў Бацька Чым?
Марцявічус А тым, што грошай зусім не будзе.
Чортаў Бацька І там не будзе? Варта было паўставаць.
Паўза.
А я, каб мне плацілі, усякую работу рабіў бы. Сказаў бы мне той... “Работа твая, Чортаў Бацька, будзе брахаць. За кожнага абрэханага прахожага — рубель”. Калі ласачка... Сеў бы сабе, як пан, з газеткай ля варот, на траўку, і як толькі нехта пройдзе, то я на яго: “Гаў... Гаў” — і ні разу больш.
Кастусь Чаму?
Чортаў Бацька Голас бярог бы. “Гаў” — і рубель. “Гаў” — і рубель.
Кастусь Гэта, брат, за цябе журналісты робяць. 3 таго часу, як газеты з’явіліся. Не адбівай чужога хлеба.
Паўза.
Чортаў Бацька (раптам). Не хачу я гаўкаць. Сорамна нібы тут... перад нечым.
Кастусь Правільна.
Чортаў Бацька Во каб у кожнай хаце такія дахі.
Марцявічус Нашто?
Чортаў Бацька Нельга сварыцца, калі над табой такое. Не можа быць забойстваў, злосці, несправядлівасці... Ледзь нехта закіпае няправедна — рассунь дах.
Паўза.
Кастусь Пераможам — узбагацеем — зробім.
Стрэл пракаціўся рэхам у далёкіх завулках.
Чортаў Бацька Што такое?
Кастусь Пэўна, вартавому здалося... І чаму не ідзе?
Паўза.
Чортаў Бацька Кажуць, зорка падае — душа падае.
Кастусь То што?
Чортаў Бацька У-у, які гэтай восенню быў зарапад... Падалі, падалі, канца не відно.
Марцявічус 3 людзьмі пра такое нельга... Пархвен.
Чортаў Бацька Ведаю. Гэта я — з вамі.
Паўза.
Марцявічус I вось я ляжаў і думаў. А зоры кружыліся ў вечным абегу. І праходзілі перада мной пакаленні. У-у, якая далячынь... Што людзі будучага перад намі? Нікога не здзівіць чалавек сярод людзей. А вось чалавек сярод ваўкоў, свіней, гіен — вось што варта здзіўлення. А нараджаецца, жыве чалавекам сярод поскудзі. Значыць, ад прыроды — харошы... А я раней не бачыў неба... як многія...
Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.
Караліна Кастусь.
Кастусь Нарэшце... Божа мой... У-ух...
Караліна Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў... У Лібаву іх адразу, на караблі і — шукай іх за мяжой.
Кастусь Нарэшце.
Караліна Кастусь, мне трэба пагаварыць сам-насам.
Марцявічус То я ў дворык выйду... Пад зоры... (Выйшаў.)
Чортаў Бацька адышоў у далёкі кут, за вялізны зорны глобус. Сеў там.
Караліна Ішла сюды паўз губернатарскі палац... Там некалькі рот пад ружжом. Такія сілы яны выводзяць толькі супраць небяспечных атрадаў.
Кастусь Даведаемся. Што яшчэ?
Караліна Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга... Пакінь Вільню... Прашу.
Кастусь Вільня — сэрца. Мне нельга ад яго.
Караліна Вазьмі пашпарт.
Кастусь Не.
Караліна Чаму?
КастусьУ мяне — надзейны. Я вазьму, а ў другога не будзе.
Караліна Цяжка мне... Як душыць мяне ўсё гэта... Вежкі... Знакі...
Кастусь Супакойся. Я змяню кватэру, хаця гэта — надзейная. Хочаш зараз? Ты не думай, мне трэба берагчы сябе. Дзесятага сакавіка зноў пачнём.
Караліна То я — па рамізніка.
Кастусь Пачакай... Не ідзі... Тут пераклікаліся... Стрэл быў... За гэты час нібы крывёй сэрца сплыло.
Караліна І ў мяне за цябе.
Кастусь Жывём, як на вастрыі маланкі. Вось блісне аб скалу...
Караліна Цемра для цябе.
Кастусь Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых.
Караліна Толькі?
Кастусь А для каго яшчэ?
Караліна Для Яневіч... мяне...
Кастусь Было б у мяне сто жыццяў — усе аддаў бы вам. Ты дзяўчынкай хадзіла босая?
Караліна І цяпер хацела б.
Кастусь То я іх аддаў бы... каб пылок ад кветак асядаў на твае ногі...
Караліна Сто? Хаця адно жыццё сабе пакінь.
Кастусь Хіба гэта здрада, калі я ведаю на другім канцы горада, што табе дрэнна? Калі я падумаю — і ты побач? І сілы мае так узрастаюць, што я магу ўсё. І ты ж таксама?
Караліна Але.
Кастусь І няхай нехта палічыць здрадай... І чорт з імі...
Крок. Яшчэ крок у глухой цішыні. Засталося чатыры... тры... два...
Караліна! (Голас яго гучыць так, быццам ён заклінае.) Не думай ні аб чым... Кінь усё... Толькі не адштурхні дзеля нейкіх там меркаванняў, бо я ўжо больш — не ма-гу... (І тут ён кінуўся да яе, абняў і, як непрытомны, як смяртэльна паранены, споўз да яе ног, абняў іх, прынік галавою. Глыбокі, вызвалены, страшны ўздых вырваўся з яго грудзей.)
Ты мне — дождж яснавокі над полем і борам,
Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.
Ты мне сонца і зоры,
Ты мне — цёплае мора,
Ты мне ветрык, што з майскай лістотай гаворыць,
Ты мне — зорныя іскры на мурагу.
Караліна Устань, хлопчык мой. Устань, яркае сонца маё. (Заплюшчыўшы вочы, яна гладзіць яго валасы.) Залатая павуціна. Веі апушчаны... (Глуха.) Слёзы? Ты?!
Кастусь Стрымаць... не магу... Я пятнаццаць год не плакаў...
Караліна Рвуцца, як дождж вясной? Бедны...
Кастусь Буду з табой вельмі верны, вельмі пяшчотны.
Караліна Ведаю... Нашто ты так мучыўся?.. Нашто, калі няма нічога на свеце, чаго б я не зрабіла, каб табе было светла жыць? Калі ўся твая пакута — вось яна. Знішчы. Адкінь з дарогі... Застанься... Спі ціха...
Паўза.
Нашто, калі ўсё адно ахвяраваць? Учора. Сёння. Заўтра. Заўсёды.
Паўза.
(Глуха.) Ты мне скажы, я к ты мяне любіш...Скажы нарэшце.
Кастусь Паўсюль — ты. Спявае жаўрук — і гэта твой смех... Стронг б’е ў патоку — і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе — і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной — як святло нябёс... як радзіма.
Караліна Кажы.
Кастусь Я блытаю вашы імёны. Успомню — радзіма — і прад вачыма т ы на квітнеючым поплаве, т ы спіш у пушчы на сонечнай заечай капусце, ты пад ліпай у мокрай сукенцы, а вакол залатыя завесы дажджу... Ты... ты... ты...
Караліна Вельмі буду цябе кахаць.
Кастусь Усё жыццё... як рака, над якой ніколі не бывае сонца. І вось... Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе. 3 усіх пустынь, праз якія я працякаў... Нарэшце... Як рака ў акіян... (Прыціснуў яе да сябе. Вусны сустрэліся ў не вельмі ўмелым, але моцным-моцным, нібы ад адчаю, пацалунку.) Няма дарогі.
Караліна Не хачу...
Заплюшчыўшы вочы, прыпаўшы адно да аднаго, яны стаяць. Неразлітна. Вызвалена. Адно... Увайшла Яневіч. Спынілася. Да Пархвена, які пахмура круціць пальцам зорны глобус.
Яневіч Яны?
Чортаў Бацька Але...
Яневіч Матка боска... Дзякуй табе, божа... Ёсць ты на зямлі.
Кастусь Хто там?
Яневіч Я... я рада за вас... за сябе...
Кастусь Калі думаеш, што больш узрадавана, чым я, то памыляешся. (Абхапіў за плечы Яневіч і Караліну, закружыў па пакоі.)
Чортаў Бацька То, можа, ужо разам і мяне?
Кастусь Давай і ты... Дав-вай, стары, любы...
Яневіч Хлапчына...
Кастусь А што, грэх? Мне на дзесяць год менш. Мне шаснаццаць. Я кахаю!
Караліна (мякка). Кастусь, любы... Ты не адмовіўся ад думкі пайсці адсюль?
Кастусь Ты кажаш. То як я магу?
Яневіч Кватэра ёсць. На Георгіеўскім. Хадзем па рамізніка, Караліна.
Кастусь Стой... Ты не знікнеш?
Караліна Я вярнуся праз гадзіну. І нікуды, ніколі больш не пайду.
Кастусь І тады я скажу... Я тады ўсё, усё табе скажу. Я к я люблю.
Караліна І я... я табе скажу потым.
Пайшлі разам з Чортавым Бацькам. Кастусь агледзеўся вакол, глыбока ўздыхнуў і раптам пайшоў па абсерваторыі, вырабляючы нейкія прыгожыя, надзвычай пластычныя рухі. Дарогаю накіраваў секстант у другі бок.
Кастусь Ты, брат, у той бок глядзець не смей. (Раскруціў глобус.) Круціся, пузан, круціся, як загадана, хутчэй, хутчэй. (Шчасна засмяяўся, кінуўся на рыштаванні і з грукатам шырока рассунуў створкі абодвух купалоў. Бязмежнае неба ўварвалася ў запылены пакой. І чалавек стаў на фоне зор і ўзняў рукі, як крылы.)
Пусціце зоры ў мой пакой шырокі!
Пусці ў пакой сузор’і, чалавек!
Нічога не палохайся. Пад сонцам
Ёсць толькі ты і светлыя сузор’і.
Нічога, акрамя цябе і іх.
Каханне, зорка чыстая, ў глыбінях
Бязмежнага сусвету ты гарыш
Святлом далёкім, цёплым, нездрадлівым.
О колькі год я да цябе ляцеў,
Раскрыліўшы свае слабыя рукі,
І сек сваім мячом мячы камет!
Я знемагаў, я паміраў у муках,
І ты пачула мой апошні крык.
Сама прыйшла, наблізілася, ўпала
Ў маю далонь. І стала ўсім на свеце.
Ўсё — ты. Маё чаканне — гэта ты,
Маё змаганне, і душа, і вочы,
Любоў, нянавісць, вера і сумненне —
Усё гэта ты. І праўда, і дыханне,
І... нават смерць. Нічога не баюся.
Бо космас неўміручы ў гэтым сэрцы,
Бо космас не заб’еш. І я лячу,
Лячу ў сусвет.
Зоры паплылі назад, і чалавечая фігура нібы сапраўды ляціць між іх.
Мінаюць ночы, дні.
Гады мінаюць. Дзе зямное гора?
Дзе кроў, пажары, смерць? Адна свабода
Пануе на зямлі, пабраўшы ў жонкі
Багіню шчасця. І зямныя людзі
Звярнулі вочы да далёкіх зор.
Я вас люблю, браты! Люблю! Люблю!
Лячу ў сусвет. І сотні мангальф’ераў,
І караваны зорных караблёў,
Пад ветразямі сінімі, ў сусвет
Лятуць за мною. Гэта ты, планета
Любові запаветнай? Божа! Божа!
Якое шчасце ўсім, якая мара,
Які гарачы, радасны, вясёлы,
І залацісты, і бязмежны свет!!!
Цяпер у цемры толькі дзве плямы святла: чалавек на фоне зор і скупа асветлены пераход да адной з лесвіц, што вядзе на падмосткі. У ніжняй пляме з’яўляюцца постаці. Гэта капітан з салдатамі Глухія, неразборлівыя, бы ў студні, гучаць галасы.
Капітан Акружылі квартал?
Салдат Але.
Цемра і крокі. Кастусь на пляцоўцы чуе іх.
Кастусь Яна... Вяртаецца. Трэба сустрэць са святлом. (Запальвае свечку.) Якая шчаслівая ноч!
Цемра і крокі. Маленькі, як іскрынка, агеньчык: чалавек ідзе са свечкай. Ціхі голас спявае, вядзе без слоў нейкую ясную і радасную мелодыю. Спускаецца ўніз, робіцца ўсё больш яркім агеньчык свечкі. Цемра маўчыць.
Капітан . Гэй, хто са святлом?
У цемры асвятляецца твар Кастуся.
Кастусь Я са святлом.
Блік ад ягонай свечкі ўпаў на твар капітана.
Капітан Ваша прозвішча?
Кастусь (проста). Вітажэнец.
У той жа момант яго схапілі за рукі. Свечка ўпала на прыступкі і пакацілася па іх. Меркне агеньчык. Коціцца свечка. Прыступка... другая... трэцяя... Згасла. Насунуўся змрок.
Карціна дванаццатая
Пакой, у якім засядае асобая следчая камісія. Цяпер яна ў поўным складзе: шэсць чалавек. Старшыня, палкоўнік Шалгуноў, гартае справы. Астатнія моўчкі глядзяць у акно, за якім падае снег. Сядзяць па старшынству: штабс-капітан, два паручнікі, обер-аўдытар. Адзін з паручнікаў, у артылерыйскай форме, Гогель.
ГогельЯ часам шкадую, пан палкоўнік, што катаванні выйшлі з моды.
Шалгуноў А тое, што мы робім, — не катаванне?.. Ён не спіць ужо некалькі начэй.
Гогель І ён не будзе спаць столькі, колькі спатрэбіцца.
Шалгуноў Пры такіх метадах людзі гавораць на сябе невядома што.
Гогель Гэты? 3 ягонай закаранеласцю?
Шалгуноў Добра. Прывядзіце арыштаванага Было б значна прасцей, каб Парафіяновіч апазнаў ён ці не ён.
Гогель Парафіяновіч заявіў, што на вочных стаўках н і к о г а апазнаваць у твар не будзе.
Шалгуноў Баіцца сустрэчы, заяц.
Гогель У нас фактычна нічога няма ў руках. Лосеў — спрытняга, але на яго месцы я жыва выбіў бы з Парафіяновіча ўсё, што трэба.
Шалгуноў На яго месцы вы і ў сто год не дабіліся б прызнання. Маўчыце ўжо...
Салдаты прыводзяць Кастуся. Ён змарнеў, але вочы ўсё яшчэ свецяцца ранейшым цёплым агнём.
Вы не надумалі?
Паўза.
Хто вы?
Гогель Камісар Літвы...
Кастусь Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.
Гогель І гэта ўсё?
Кастусь Усё.
Шалгуноў Шоціка сюды.
Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.
Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?
Шоцік Какурат так.
Шалгуноў Ведаеце гэтага чалавека?
Шоцік Ды я яму... сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!
Гогель Што падазронага заўважылі?
Шоцік (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць... Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і, дальбог, нічога. (Падумаў) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то, дальбог, не тое, што паны думаюць.
Вочы Кастуся смяюцца.
Гогель Не паяснічай!
Шоцік Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.
Гогель Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?
Шоцік Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.
Гогель Што рабіў?
Шоцік Уставалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)
Шалгуноў Якога строганага быка?
Шоцік Ну, мяса такое настраганае. 3 бульбай. Каровіна мяса. Словам, хаця строганы, але ўсё адно бык.
Гогель (здагадаўся). Беф-строганаў.
Шоцік Потым зноў гулялі. У шэсць амаль заўсёды дома. Зноў чай пілі... Дасхочу.
Гогель У сваю насалоду?
Шоцік У сваю, паночак, насалоду. Чай — справа сур’ёзная. Потым зноў ішоў. А ключоў ён мне, галубочкі вы мае, ніколі не пакідаў.
Гогель (прагна). Чаму?
Шоцік Мы ж людзі не высакародныя. Ці мала гэта выпадкаў, што дворнікі рабуюць? Унь у нас нават будачнік адзін, проша пана, праходжага абдзёр. Зняў паліто і гадзіннік. Дык нам і бог загадаў.
Гогель Або ты здзекуешся са следства, або ты дурань.
Шоцік А нашто нам разумнымі быць? Мы не паны. Хамуйлы, проша, вароны.
Паўза. Шалгуноў схіліўся да суседа. Шэпча.
Шалгуноў Нічога, відаць, не зробім.
Гогель Т-так...
Паўза.
Я думаю, трэба вочную стаўку з тымі... домаўласнікамі. Памятаеце, затрымалі ўсіх тых, у каго папсуцці ў кнігах домаўласнікаў за сакавік мінулага года? Калі Макарэвіч жыў у Вільні.
Шалгуноў Лухта. Я яшчэ тады казаў — гэта беззаконне... І тут будзе — без-за-конне.
Гогель Але зразумейце, гэта адзін... бадай што адзін шанс... Дазвольце мне.
Шалгуноў Гм... Колькі затрыманых домаўласнікаў?
Гогель Тры... І яшчэ дачка адной домаўласніцы... Бо тая — хворая... Яны — тут.
Гогель Ну хаця б тую. Усё ж жанчына.
Шалгуноў Каб вы былі ў маім узросце — вы б ведалі, што з жанчынамі цяжэй... Нязмерна... Вядзіце...
Гогель ідзе да дзвярэй, шэпча нешта салдату і вяртаецца на сваё месца.
Гогель Слухай, Шоцік. Слухай і паспрабуй толькі падманваць. Гаспадар кватэры Жэброўскі казаў, што бачыў аднойчы, як у кватэру пана прыходзіла дзяўчына.
Шоцік (няўпэўнена). Ды яно... было...
Салдаты прыводзяць Марыю. I тады Гогель рэзка нахіляецца да Шоціка і амаль крычыць.
Гогель Гэтая?!
Шоцік Што?
Гогель Яна?! Яна, я пытаю, ці не яна? Яна наведвала падследнага?!
Шоцік (заўважае позірк, якім абмяняліся Марыя і Кастусь, і зноў пачынае круціць). Крый божа, пане. Гэтая не хадзіла. Другая хадзіла. Ну, можа, больш, чым некалькі разоў.
Гогель (да Марыі). Вы ведаеце гэтага чалавека? Вітажэнца?
Марыя Не.
Гогель Ну не Вітажэнца, дык Макарэвіча?
Марыя Не.
Гогель Глядзіце на яе, Шоцік! Яшчэ раз: яна?!
Шоцік Не, тая была іншая.
Гогель Якая?
Шоцік Светлая такая. Ці Янінай яе зваць, ці, можа, Марынай... ці... Нешта так.
Марыя (сама сабе). Караліна...
Гогель Нашто гэтая ваша... “Іна” хадзіла да падследнага?
Шоціку пакутліва шкада пана. Ён муляецца, думаючы, як лепей яго выгарадзіць. Знайшоў, як яму здаецца, выйсце.
Шоцік Справы.
Гогель Па мяцяжу?
Шоцік Што вы? Якая мяцежніца? Светлая такая дзяўчынка? Дваранка.
Гогель То якія справы?
Шоцік (вочы яго неспакойныя). М-м... Справы... маладыя. Маладая, значыцца, справа, вось што. (І натхнёна брэша.) Каханне ў іх было.
Рукі Марыі ўчапіліся ў стол. 3 гэтага моманту глядач павінен глядзець толькі на яе і Кастуся, на маўклівую дуэль іхніх вачэй.
Гогель Вы гэта ведаеце ці толькі мяркуеце?
Шоцік Хто гэта можа ведаць?.. Але ён вельмі ласкавы быў да яе. Мяккі. Мяркую так... Канечне, каханне...
Паўза. І тут Марыя ўстае, занадта прама трымаючыся на нагах.
Марыя Я ведаю гэтага чалавека. Ён жыў у доме маёй маці пад прозвішчам Макарэвіча. Яго імя — Кастусь Каліноўскі... Ён...
Гогель ... вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Страшная паўза. Потым Шалгуноў гаворыць ціха.
Шалгуноў Вы не шкадуеце маці?
Марыя Я не шкадую сябе.
Шалгуноў Ён — мой вораг. Вораг маёй вялікай імперыі, цара, маёй радзімы. Я шчаслівы, што ён тут. Але ці ведаеце вы, што падпісалі яму і вашай маці смяротны прысуд?.. Мая справа падрыхтаваць для яго шыбеніцу. Але як вы маглі дапамагчы мне ў гэтым, нізкая вы жанчына? (Салдатам.) Адвядзіце яе. Такія вартыя толькі нашай святой мужчынскай пагарды... Гадзіна! (Гогелю.) І такія сцервы дастаюцца большасці сапраўдных, чыстых мужчын.
Салдаты вядуць Марыю. Ля дзвярэй яна спынілася.
Марыя Кастусь...
Кастусь Што табе, жанчына?
Марыя Кастусь... Кастусь. (Нечакана яна падае на калені.) Даруй мне, Кастусь!
Кастусь Ідзі з богам.
Шоцік (у ярасці). Пабойся бога! Такую гадаўку?
Шалгуноў Святы ідыёт.
Кастусь Ідзі з богам. Каб табе было лягчэй — ведай: я сапраўды любіў, люблю і буду любіць яе да канца. Недалёкага канца. Але я не казаў ёй аб гэтым... Да мінулай ночы... Магчыма, гэта для цябе занадта жорсткая аплявуха. Але з ёю табе будзе лягчэй.
Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.
Марыя Даруй мне, даруй!
Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: “Кастусь!” І цішыня.
Шалгуноў Адвядзіце і гэтага.
Шоціка цягнуць.
Шоцік Даруйце, пан... Каліноўскі. Я не хацеў.
Кастусь Жыві шчасліва, Ігнась.
Паўза.
Гогель (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?
Кастусь Як вам не сорамна, паручнік?
Гогель Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?
Кастусь Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі... і іншыя.
Гогель Менавіта “былі”. Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.
Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы... Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.
Шалгуноў Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў — гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?
Кастусь Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.
Шалгуноў Я... загадаю даць вам паперу.
Кастусь Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых — не больш.
Шалгуноў Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.
Кастусь Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць з’яўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.
Шалгуноў Я вас... паважаю. Пашкадуйце сябе.
Гогель Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю — вы заб’яце і блакітны, і аранжавы...
Кастусь Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі — вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. І гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы — проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.
Паўза.
Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?
Кастусь Уяўляю.
Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.
Кастусь Ведаю. І мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.
Карціна трынаццатая
Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў “Дамініканах”. За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюцца ў цемры... На ложку сядзіць Кастусь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.
Тызенгаўзен Вы мяне слухаць?
Кастусь Нашто? Я і так усё ведаю... Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.
Тызенгаўзен (чытае далей). ...прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага... дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава...
У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф Мураўёў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.
пакараць смяротнай карай — расстраляннем... (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?
Кастусь Гэта дарэмна. І не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.
Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.
Мураўёў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.
Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.
Кастусь А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.
Мураўёў Другі... Князь Мсціслаўскі.
Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.
Я прыйшоў пагаварыць... Дзіўна, але так.
Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.
Мураўёў Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі — а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы — парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас — жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. І кожны раз льецца кроў. І гінуць лепшыя, а не горшыя. І пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.
Кастусь Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?
Мураўёў Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі — трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны... Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне... Я вам абяцаю. Не Аляксандр — я.
Кастусь Гэта важыць больш. Ведаю... Чаму прапаноўваеце?
Мураўёў Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.
Кастусь У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Мураўёў А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.
Кастусь Ведаю.
Мураўёў А паслухаеш — можаш жыць, кахаць...
Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.
Кастусь Кахаць...
Мураўёў Так... Бачыш?
За акном густым вэлюмам падае снег.
Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў...
Кастусь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.
Мураўёў Я пажыў...
Кастусь Як пажылі?.. І чаму прапаноўваеце гэта мне?
Мураўёў Сынок... Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні...
Кастусь Сімптаматычна.
Мураўёў У вас блакітная сонечная кроў. Вы — сапраўдны дваранін, рыцар — не тое што гэтыя вырадкі. І вы са сволаччу.
Кастусь Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае — гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да “сволачы”?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. 3 крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.
Мураўёў Гэта фатальная, жахлівая памылка маладосці. А маладосць праходзіць. Я ведаю гэта... сынок. Ты, магчыма, не ведаеш, які быў я, пакуль не зразумеў.
Кастусь Вы заўсёды былі такі.
Мураўёў А я быў такі, як ты.
Паўза.
Такі, а магчыма, і горшы бунтар. Я быў адзін з самых першых дзекабрыстаў. Нас было чацвёра.
Маўчанне.
Гэта я прыняў у тайнае таварыства Івана Пушчына... Так, таго самага, лепшага сябра забітага паэта.
Маўчанне.
Потым я зразумеў — у гэтым няма праўды. Праўда не там. Я выпадкова не трапіў на шыбеніцу, хаця не скардзіўся б, нават трапіўшы. І вось я служу айчыне. І хачу зрабіць для маладога, чыстага, бліскуча таленавітага чалавека тое, што калісь зрабіў для мяне выпадковы лёс.
І раптам Кастусь засмяяўся ціхім, горкім смехам.
Кастусь Вы? Мой лёс? Жывы, з крыві і плоці, з дзвесце сарака васьмю касцямі і некалькімі аршынамі кішак... Ох, як доўга гэта яшчэ будзе!.. Любіць гэта чалавек: захапіць уладу над жыццём і смерцю, назваць сябе лёсам, богам, з усёй сваёй вузасцю, тупасцю, капрызамі.
Мураўёў Не смейся з мудрасці... сыне.
Кастусь устае і адыходзіць далей ад Мураўёва.
Кастусь (ціха). Я зразумеў вас. У вас дагэтуль смыліць і пячэ ў сэрцы, калі вы параўноўваеце сваё жыццё з чужой чыстай смерцю... Вы... нібы хочаце перавешаць пакаленне, што бачыла ўсю вашу непрыглядную галізну... Бачыла пяць пакутнікаў на верках Петрапаўлаўкі і вас... вось такога... жывога... Праўда?.. Праўда.
Мураўёў устае і ўдарае ў дзверы. На яго страшна глядзець.
Я думаў, вы больш мужны... Я разумею, я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы, у дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе.
Паўза.
Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе... Але я гэтага... апошняга... вам не падару... граф-вешальнік.
У камеру заходзіць Тызенгаўзен.
Мураўёў Скажыце членам часовага палявога аўдытарыята, што я прапаную ім замяніць расстрэл павешаннем.
Згасае святло. Калі яно загараецца зноў — Кастусь адзін. Сядзіць за сталом. Піша.
Кастусь “Браты мае родныя, мужыкі! 3-пад... шыбеніцы прыходзіцца мне вам пісаць. І, можа, у апошні раз. Горка пакінуць родную зямельку і цябе, дарагі мой народзе. Застогнуць грудзі, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
І калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела...
Ты, аднак, народзе, не чакай і з чым можаш ідзі ваяваць за свайго бога, за сваё права, за сваю славу, за сваю бацькаўшчыну”. Усё... Усё?.. Так, усё.. (Устае і ідзе да акна, за якім няспынна варушыцца снег і бязвольна схіляецца заснежаная галіна яблыні.) У мяне былі тры каханыя ў адной: ты, Караліна... Ты, радзіма... Ты, воля... Я амаль нічога не паспеў...
Падае, падае снег. Ніжэй згінаецца галіна.
Снег... Снег... Варушыцца. Падае. Апошні снег гэтай зімы.
Апускаецца на ложак. Засынае. Цьмянее над ім святло. І ў змроку з шолахам, адчаем і маленнем пралятаюць галасы: “Воля... Во-о-о-ля!.. Радзіма!.. Караліна!.. Вас клічуць! Мы клічам! Клічам!” Паступова святлее. Ля ложка Кастуся стаіць жанчына ў чорным. Толькі цень, які паступова набірае рэальнасць.
Цень Уставай, Кастусь. Уставай, сынок. Пагаворым. У нас мала часу.
Кастусь Гэта ты... маці? Чаму я пазнаю твае вочы? Ты так рана памерла. Я ж ніколі ў жыцці не бачыў цябе.
Жанчына скідае з галавы шаль. Гэта Беларусь.
Ніколі не бачыў, а пазнаю... адразу. Ты ж мая маці?
Беларусь Але.
Кастусь Якое шчасце, што ты прыйшла.
Беларусь Я не магла не прыйсці.
Кастусь Чаму ж ты раней ні разу не прыходзіла? За ўсе дваццаць шэсць... год... і два месяцы?!
Яна маўчыць. І ён зразумеў маўчанне. На імгненне ў яго перахапіла дыханне, ён правёў тылам далоні па вачах.
Так... Разумею... Не кажы нічога. Якое шчасце, што ты ўсё ж прыйшла, мама.
Беларусь Ты маўчы. Ты не кажы нічога, не думай ні аб чым. Ты проста пакладзі мне галаву на калені і паплач... Ну. (Бярэ яго галаву і кладзе на калені, гладзіць валасы.) Супакойся... супакойся... Пакуль ты жывы — я з табою. 3 усімі лясамі, рэкамі, людзьмі. 3 небам і вясёлкамі, з начнымі зарніцамі. Спі.
Голас заводзіць калыханку.
Люлі-люлі-люленькі,
Зашумелі лазнякі,
Гнуткія трысцінкі,
Тонкія націнкі. Спі-і, спі.
Кастусь спіць. Яна гладзіць яго валасы. І раптам, праз калыханку, з вуснаў яе прарываюцца гнеўныя, смутныя, жалобныя словы.
Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся...
(Яна не можа стрымаць сябе. Яна тужыць, яна вяшчае.)
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
І рабства ў ім навекі спапялі.
Варухнуўся Кастусь. І тады яна, глушачы словы і рыданні, вядзе калыханку далей.
Над зямлёй-балесніцай
Тонкі чоўнік месяца.
Ў хвалях месячык скакаў,
3 плаўняў чоўнік выплываў,
3 плаўняў чоўнік выплываў,
Князя ціха калыхаў...
Натаміўся жывучы,
Нахадзіўся уначы,
Столькі стрэл параскідаў,
Столькі нівак заараў.
(І зноў вырваліся глухія словы.)
Бо сонца шчасця немінуча ўстане,
Калі яго чакаць і зваць, як мы,
Сярод цямноцця і сярод рыданняў,
Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы.
Заснежаная галіна яблыні, вырастаючы, пранікла ў камеру, працягнулася над ложкам, сіняя, зорная ад іскраў. Кастусь застагнаў у сне.
Люлі-люлі-люленькі,
Не шуміце лазнякі,
Божыя націнкі,
Моцныя трысцінкі...
Яна ўстае і цалуе яго ў лоб. Ён усміхаецца ў сне. Святло цьмянее паўсюль, акрамя сіняга-сіняга ззяння на заснежанай галіне.
Спі... Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы...
Спіць Кастусь. Постаць знікла, але недзе вядуць і вядуць напеў калыханкі скрыпкі. Цяпер ужо не змрочна, а з праніклівым, палкім сумам... І вось на галіне ўжо не снег, вось ужо ўся яна ўсыпана, заліта не сінім снегам, а ружова-белай, магутнай квеценню. І над ёю, у празрыстым сяйве, па чарзе з’яўляюцца постаці людзей... Кастусь прыўстае, гледзячы на іх.
Караліна Бачыш, яблыні цвітуць... Я ніколі не думала, што я так не магу без цябе... Уначы блішчыць раса на пялёстках, як зоры.
Кастусь То хадзем туды...
Караліна Я ніяк не магу дацягнуцца, падаць табе руку.
Кастусь Нічога... Усё адно дзякуй. Бо я блытаю імя тваё і радзімы. Бо я працякаў праз пустыні. Бо толькі з табой я паверыў у вясну...
Караліна Сэрца згарае ад любові... Я не магу без цябе... Каб ты толькі ведаў, як я не магу без цябе.
Кастусь Яблыня, яблыня... Абсып яе пялёсткамі... Бяжым, сланечнік... Глядзі, якая цвецень.
Знікае Караліна З’яўляецца Яневіч.
Яневіч Я дапамагу вам. Вось месяц-чоўнік дрыжыць ля берага. За ракой зорны сад. Ён чакае. Плывіце. А тых, хто асуджае такіх, як ты, — заўсёды будуць глытаць чорныя воды... Бывай, сынок... А рукі мае сумавалі-такі па тваім сыне... Бывай... Плыві.
На месцы яе Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька (на твары ягоным слёзы). Я табе такое вясельца выстругаю... хаця... каркадзілаў ганяй. Я, сынок, для цябе — усё. Толькі і святла, разумееш, убачыў, што з табою... Бывай...
Устаў Марцявічус.
Марцявічус Трымайся, светлы мой... Было б магчыма — я б за цябе... Тым, хто катуе такіх, як ты, ніколі ў вяках не заззяе сонца. Ну вось... Бывай...
Узнік Арсень.
Арсень Мужчыны маўклівы народ. Але я... вельмі люблю цябе... Сёння дзесятае сакавіка. Пачнём... Бывай... І няхай для ворагаў волі не існуе вялікага жыцця.
Знік. І тут, трохі наводдаль, устала постаць Вітаўта.
Вітаўт А для... такіх... як я, не існуе вялікай смерці...
Кастусь І ты тут?
Вітаўт І я... Хаця мне гэта ўжо непатрэбна.
Кастусь Ты памёр?
Вітаўт Я ўсё адно што памёр. Я горш чым памёр... Я не прашу “даруй”, не зайздрошчу табе... Я зайздрошчу забітым. Тут над табой стаяў мужык. Яны засталіся вернымі. Яны. Хто б падумаў?.. Калі ты хацеў гэтага — ты перамог...
Кастусь Як было б добра, каб ты раней гэта зразумеў.
Вітаўт Позна... Бывай...
Знік. Караліна ўстае.
Караліна Вось... Я зноў... Цяпер толькі два словы... Мала часу... Разумееш, гэта для мяне мала часу... Бо ты — вечны. Такіх, як ты, нельга не любіць... Я спяшаюся сказаць. Што сказаць? Ага... Для ўсіх тых жанчын, што калі-небудзь, аж да канца дзён людскіх, будуць з нейкіх там меркаванняў... кроіць сэрца такім, як ты... не жадаць іх адпусціць і баяцца забыць дзеля іх усё... з-за спакою, з-за вартых жалю даброт...— для ўсіх тых жанчын ніколі не будуць цвісці яблыні... Гэта мой праклён. Праклён сапраўднай жанчыны, якая... стала ўдавою, не пабачыўшы жаніха...
Кастусь Ты — бессмяротная... Лепшая... Сапраўдная... Ты — зямля мая...
Караліна Што яшчэ? Ага. Ва ўсіх найлепшых мужчынах, аж пакуль не згасне сонца, будзе частка цябе. Гэта — запавет жанчыны. Яны будуць... вось такія. Як прамень. Хто не разумее — тым горш для іх. Я шчаслівая, што ты быў у маім жыцці... Бывай... цвецень мая!..
Знікае. Сінеюць кветкі яблыні. І вось гэта ўжо снег. І цьмянее святло... Потым яно ўспыхвае, нібы ад таго, што недзе — вельмі далёка — пачалі ракатаць барабаны. Успыхвае, асвяціўшы пустую, бязлюдную камеру, чатыры сценкі і пусты ложак... І — цемра. Цьмяныя сілуэты дрэў. Гола, страшна, трывожна шумяць дрэвы, і ў пошум уплятаюцца жудасны матыў “Дароты” і далёкі барабанны пошчак... Слаба асветленыя толькі некалькі постацей: Юрод, Плакальшчыца, нямы Ян.
Голас з цемры Прыгавор! Па ўказу яго Імператарскай Вялікасці ваенны суд, заснаваны пры Віленскім ардананс-гаўзе... прыгаворвае двараніна Каліноўскага...
Голас Кастуся У нас няма дваран. У нас усе роўныя.
Цемра. Пошчак. Шум дрэў.
Плакальшчыца Зямля наша, беспрытульная наша... Рукі нашы, як зямля, у вачах змрок... Не хацеў ты гэтага, белы наш коннік, Юры наш, пераможны наш... Вось яны цябе і скруцілі падманам... Глядзіце ж толькі, каты, глядзіце... Лятуць між хмар рыцары... Мячы іхнія — маланкі, вочы іх — стрэлы смертаносныя... Белыя коні... Залатыя коні... Гоняцца за ноччу...
Голас з цемры А маёмасць яго — канфіскаваць.
Юрод Был-ла хата ў арла.. Был-ла шата ў арла... Галгофа! Адзенне дзеляць!..
Расце барабанны пошчак. Плакальшчыца заламіла над галавой рукі.
Плакальшчыца Аі гало-о-вачка наша... Па-а-сівела ж яна за нас, бедных... Ра-а-са на ве-ечкі пала, як слёзы... Яне, Яне мой... Скардзіся... Цяпер няма каму за цябе... Скардзіся.
Нямы крычыць. Лямант страшэннага абурэння і злосці ляціць над людзьмі. Аблічча Яна — нібы аблічча анёла гневу. Крычыць нямы. І раптам з рота яго...
Нямы Не-е-е... усё яшчэ... Не-е ўсё! Не-е ўсё!!!
Гукі “Дароты” цяпер пагрозлівыя і магутныя. Ракочуць барабаны. Мацней. Мацней. Нясцерпна. І на самай вышэйшай мяжы пошчаку з яго вырываецца, адсекшы ўсё астатняе, — страшны жаночы лямант...
Голас А-а-а!
Змрок. У цемры гола і трывожна шумяць дрэвы.
Голас Беларусі (ясны і нечакана спакойны). Не!.. Не!.. Не!.. Вы — гэта я. Хіба я магу памерці? Устаньце з зямлі. Той, хто памёр, як вы, — не памірае.
Яснее святло. Некалькі вялізных, на ўсю сцэну, кратаў. За апошнімі ўсё яснее постаць. Гэта Кастусь. Яснее срэбнае святло, і ўрэшце ўся фігура Каліноўскага прамяніцца срэбрам — нібы знутры. Ён ідзе проста на краты, і краты бяссіла падымаюцца перад ім...
Адны... другія... трэція. Паступова мацнеюць барвяныя адбіткі зарыва на постаці Кастуся.
КастусьВялікі мой народ, зямля мая.
Гняздо пакут, змагання і свабоды,
Зямля маіх нябёс, маёй каханай,
Маіх сяброў, маёй спявучай мовы...
Я толькі што памёр. І ў гэты час
Аддаў табе, зямля, сябе самога,
Каб ведала, як я цябе люблю.
Аддаў азёрам — вочы, чуб — ільнам,
Смех — ручаінам, песні — цёмным пушчам,
Закатам — кроў, мужыцкім бунтам — гнеў.
А душу — кожнаму з братоў сапраўдных,
Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.
Што бачу я ўдалечыні? Пажары,
Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці.
Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе,
Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,
Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ...
Кратаў няма. І, нібы ў адказ на словы, вырастаюць з зямлі, побач з постаццю Каліноўскага, іншыя постаці. Стаяць, абняўшыся, як стаялі ў яме, Заруба, Яўхім, Вастравух Барвяны пажар залівае іх абліччы. Яшчэ, і яшчэ, і яшчэ постаці. Арсень, Яневіч, Марцявічус з кінжалам. Побач з Кастусём вырасла постаць Караліны Устаюць нямы Ян, Плакальшчыца, Гарэліха, Яўхіміха, Агей.. Народ!.. Яны збліжаюцца моўчкі, сурова. І вось яны — адно. Адна маса, адлітая з расплаўленай медзі... Яны вырастаюць, яны высяцца над зямлёй... Чырвонае зарыва скача па іх абліччах.
Заслона
1963