Назад

Не забытыя

"Партрэты паўстання". Прэзентацыя ў амбасадзе Летувы

10 лютага ў амбасадзе Летувы ў Менску адбылася прэзентацыя фотаальбома "Партрэты паўстання", укладзенага Камілай і Язэпам Янушкевічамі.

Гэта ўжо другое выданне альбома, істотна дапоўненае і дапрацаванае. Цяпер яно рэалізаванае на трох мовах: беларускай, летувіскай ды польскай і налічвае блізу 250 фатаграфіяў патрыётаў, якія паўтара стагоддзі таму, у 1863 г., адважыліся кінуць выклік магутнай імперыі. Тут ёсць як рэдкія, дагэтуль незнаёмыя чытачу здымкі, так і класічныя, вядомыя кожнаму беларусу са школьных падручнікаў. Але адметнасць альбома яшчэ і ў тым, як адзначылі аўтары, што ўсе фотавыявы друкаваліся з арыгінальных адбіткаў. І, значыць, высакаякасныя. Пашыранае тэкставае афармленне кнігі: многія подпісы-анатацыі сталі больш разгорнутымі.

У прывітальным слове амбасадар Летувы Эвалдас Ігнатавічус падзякаваў аўтарам за зробленую працу, адзначыў яе велізарную важнасць у наш трывожны час, калі мы па-ранейшаму вымушаны змагацца за сваю незалежнасць, за права ведаць сваю гісторыю... За нашу і вашу Свабоду... Паўстанне, на жаль, не скончылася дагэтуль.

Гэтай балючай думкі краналіся многія выступоўцы, якіх пасля кароткага ўласнага слова запрашала да мікрафона вядоўца вечарыны Каміла Янушкевіч... Але больш за ўсё, гаварылі, натуральна, пра кнігу. Пра аўтараў, пра зробленую імі вялікую працу. Высока ацаніў фотаальбом "Партрэты паўстання" мастацтвазнаўца Валеры Буйвал. Паэт Васіль Зуёнак прачытаў свой верш "Развітанне Каліноўскага". Шмат прыязных цёплых словаў аўтарам-укладальнікам выказалі акадэмік Радзім Гарэцкі і літаратар Кастусь Цвірка, прычым стваральнік "Беларускага кнігазбору" праанансаваў хуткі выхад у гэтай серыі ў свет "Выбранага" Францішка Багушэвіча, падрыхтаванага да друку Язэпам Янушкевічам.

Нельга не адзначыць выступ слыннага артыста, музыказнаўцы, опернага спевака Віктара Скорабагатава. Цікава і дасціпна, на гістарычных прыкладах ён паказаў, як музыка, мастацтва можа ўплываць на жыццё краін і народаў, на барацьбу за незалежнасць. І напрыканцы артыстычна выканаў спеў на словы Яна Чачота "Кум і кума". Вельмі важка выступіў Уладзімір Някляеў. Заклікаючы ўсіх беларусаў да яднання сваіх сілаў, ён прачытаў ня толькі перакладзены ім верш летувіскага паэта Бронюса Рыбокаса "1863", але і адзін з наймацнейшых урыўкаў з уласнае паэмы "Паланэз":

На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж, і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч з ім —
Ягайла, пяты сын Альгерда...

Апошнім выйшаў да мікрафона з аўтарскім словам Язэп Янушкевіч.

А паміж выступамі ў залі лунала шчымлівая музыка, песня. Навучэнка каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка Вікторыя Янушкевіч цудоўна грала на флейце "Развітанне з Радзімай" М. К. Агінскага. Пад гітару пранікнёна спяваў Лявон Валодзька:

З таго самага
Светлага-светлага-светлага Свету
Я малюся, малюся, малюся за вас…
І прашу прабачэння дагэтуль
За Паўстанне не ў час.

Гэтая "Малітва Каліноўскага" на верш Галіны Хінкі-Янушкевіч — толькі адна з цэлай нізкі "паўстанцкіх" песень, якія праспяваў паэт, кампазітар і выканаўца за вечар.

У цёплай, сяброўскай, амаль сямейнай атмасферы паўтары гадзіны, адведзеныя на імпрэзу, праляцелі незаўважна. Гучалі завяршальныя словы ўдзячнасці спадара Ігнатавічуса. А з вялізнага экрана па-ранейшаму глядзелі на прысутных фотаабліччы інсургентаў 1863 г. Вызваленыя з цемры архіўных сховішчаў. І не забытыя...