Назад

"Тварам да шыбеніцы". Прэзентацыя ў амбасадзе Летувы

У амбасадзе Летувы адбылася прэзентацыя дапоўненай паэтычнай анталогіі-калінаўскіяны "Тварам да шыбеніцы", укладзенай беларускім гісторыкам-літаратуразнаўцам Язэпам Янушкевічам. У анталогіі з'явіліся прысвечаныя паўстанню 1863–64 гг. вершы летувіскіх паэтаў, істотна пашырана падборка айчынных аўтараў.

Адкрыў вечарыну вітальным словам па-беларуску амбасадар Эвалдас Ігнатавічус. Пра сваю працу распавёў укладальнік дзвюхмоўнай паэтычнай калінаўскіяны Язэп Янушкевіч, прапанаваўшы напрыканцы свайго выступу ўшанаваць загінулых паўстанцаў хвілінай памяці. І — гучалі вершы. Прафесійныя акторкі Кацярына Ермаловіч (яна ж вядучая імпрэзы) і Ганна Лаўшына чыталі пранікнёныя радкі Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Ніны Мацяш... А сам укладальнік анталогіі — вершы Ніла Гілевіча, Зянона, урывак з паэмы Міхася Машары... Уласныя творы агучылі Славамір Адамовіч і Васіль Зуёнак. Спадар Ігнатавічус прачытаў у арыгінале верш Бронюса Рыбокаса "1863 год". Па-беларуску гэты верш перастварыў Уладзімір Някляеў.

У фінале імпрэзы скульптар Дарыюс Міляўскас прадставіў сваю працу — стылізаваны герб паўстання, створаны на аснове трыадзінай пячаткі паўстанцкага ўрада з сімваламі Польшчы, Літвы-Беларусі і Русі-Украіны.