Назад

Вацлаў Ластоўскі

Памяці Справядлівага

Многа гадоў праляжала ў мяне ў скрытнай схоўцы пачка папераў, з каторых адрыўкамі хачу цяпер падзяліцца са сваім грамадзянствам. Паперы гэтыя — ніклая памятка па згінуўшым барцу за беларускае адраджэнне с[вятой] п[амяці] Касцюку Каліноўскім...

Радзіўся ён 21 студня 1838 года ў фальварку Мастаўляны Вілкамірскага павета1. Вучыўся ў Свіслачы ў тамтэйшай гімназіі. Скончыўшы гімназ'яльную навуку, паехаў у Маскву ў універсітэт. скуль за народнічаскія пераконанні і прапаганду скора яго выдалілі. Тады паехаў у Пецярбург і там дакончыў навукі.

У Пецярбургу Каліноўскі сышоўся з расейскімі рэвалюцыянерамі і стаўся вялікім староннікам навукі Герцэна. Калі ў 1860-х гадах прайшоў кліч да паўстання, Каліноўскі стануў у раду барцоў за асвабаджэнне Літвы з-пад уласці Масквы. Энергічная праца ў гэтым кірунку высунула яго хутка ў першыя рады барцоў. Расейскія ўласці называлі яго дыктатарам Літвы (разумеючы Літву як даўнейшае гасударства — разам з Беларуссю).

Каліноўскі быў рэвалюцыянерам і народнікам, і ў гэтым кірунку ішла яго грамадзянская праца. Стараўся ён перш-на-перш для сваёй справы з'яднаці сялян і ў сваёй праграме дамагаўся скасавання становых прывілеяў, дамагаўся шырокіх культурна-нацыянальных правоў для беларускага і літоўскага народаў. Дзеля сваёй справы ён умеў з'яднаць шляхецкую маладзёж і заахвоціць яе да працы сярод народа. 3 яго думкі і пад яго кірункам рабіліся пераклады тагачасных рэвалюцыйных песень на беларускую мову, закладаліся пачатковыя школкі з навучаннем па-беларуску, складаліся літаратурныя кружкі маладзёжы, каторыя апрацоўвалі да друку папулярныя беларускія кніжкі. Уплыў Каліноўскага быў такі вялікі, што нават польскі Rząd Narodowy2 яго слухаў, хоць і не саўсім згаджаўся з яго народніцка-рэвалюцыйнай прапагандай. Гэтак пад беспасярэднім уплывам Каліноўскага Rząd Narodowy 3 мая 1863 года выдаў маніфест да беларускага народа (па-беларуску), у каторым, згодна з праграмай Каліноўскага, абяцаў скасаваць становую розніцу ("даецца ўсім шляхецтва навекі"), надзяліць сялян зямлёй, вярнуць волю веры (скасаваную расейцамі унію). Урэшце ў гэтым жа 1863 годзе разам з паплечнікамі сваімі ў змаганні з няволяй і за правы беларускага народа — з Валяр'янам Урублеўскім, Станіславам Сангіным і Ружанскім3 улажыў Каліноўскі ў Беластоку патайную беларускую друкарню, дзе друкаваліся адозвы беларускія і часопісь "Мужыцкая праўда", каторай выйшла 6 нумароў4, падпісаных псеўданімам Каліноўскага "Яська, гаспадар з-пад Вільні". Адозвы і друкі, пры помачы арганізаванай маладзёжы, разыходзіліся па ўсім краю. Каліноўскі доўті час ашукваў чуткасць паліцыі дзякуючы таму, што хадзіў заўсёды ў сялянскай беларускай світцы і не розніўся выглядам ад сялянскай масы. Але ў канцы, праз здраду, злавілі яго ў Вільні на Скапоўцы і пасадзілі пад крэпкую варту ў мурах Святаянскага касцёла5. Суд засудзіў Каліноўскага на смерць.

Чакаючы ў турме смерці, Каліноўскі напісаў дзве адозвы да беларускага народа: адну вершам і адну прозай. Одпісы гэтых дзвюх адозваў і становяць часць тых папераў, каторыя я доўгія гады хаваў у скрытках — ад руплівага жандарскага вока, каб, калі прыйдзе час, падзяліцца імі са сваім народам і разам з ім спамянуць добрым словам памяць Справядлівага. Во як пісаў Каліноўскі да свайго народа:

"Беларусы, браты мае родныя! С-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да вас пісаці, і можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і Цябе, дарагі мой Народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але не жаль згінуць за Тваю Праўду!

Прымі, Народзе, па-шчырасці маё слова перадсмертнае, бо яно як бы з таго света, толькі для дабра твайго напісана.

Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тагды ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках і тагды толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць Неба, бо збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так і навука праўдзіва не ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе. Не будзе праўды, багацця і ніякай навукі, — адно намі як скацінай варочаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу.

........................................

І ваюй, Народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру. за сваю зямлю родную. Бо я Табе с-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе.

Яська-гаспадар з-пад Вільні.

* * *
Беларуска зямелька, галубка мая,
Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля Твая?
Усё прайшло, прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
Калі за нашу праўду. Бог нас стаў караці
Дый у прадвечнага саду вялеў прападаці,
То мы прападзем марна, а праўды не кінем.
Хутчэй Неба і шчасце, як праўду абмінем.
Не наракай, Народзе, на сваю бяздолю,
А прымі цяжкую кару — Прадвечнага волю,
А калі мяне успомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету Табе адзавуся.
Бывай здаровы, даражэнькі Народзе,
Жыві у шчасці, жыві ў свабодзе,
І часам спамяні пра Яську Твайго,
Што згінуў за праўду для дабра Твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэшся, Народзе, старасці свабодна"
6.

Дня 19 марца 1864 года7 на Лукішскім пляцы у Вільні пакаралі смерцю Каліноўскага. Калі ён стаяў пад шыбеніцай, яму чыталі прыгавор суда. На словы: "Шляхціц Канстанцін Каліноўскі" — ён голасна крыкнуў: "Няпраўда, у маёй Бацькаўшчыне няма шляхты, — усе роўны!!"

1916

Упершыню артыкул апублікаваны ў газ. Гоман, 1916. №1
пад псеўданімам Сваяк.

Публікацыя паводле: Ластоўскі В. Выбраныя творы, – Мінск, 1997 (Беларускі кнігазбор)