
Гарадзенскія "мяцежнікі"
Французскі гісторык Марк Блок калісьці трапна ахарактарызаваў гісторыю як навуку пра чалавека ў часе. На жаль, айчынная гістарыяграфія збольшага ігнаравала гэтага самага чалавека. Асноўная ўвага ў нас традыцыйна надавалася палітычным, эканамічным, культурным і канфесійным падзеям, у якіх часцяком дамінаваў пэўны ідэалагічны канструкт ці сацыяльная функцыя (сацыяліст, памешчык, рэвалюцыянер, асветнік і г. д.). Зразумела, што пры гэтым нашае веданне мінулага звужалася і пераставала быць сапраўды гістарычным…
Такім самым аказаўся і лёс паўстання 1863 г. у айчыннай гістарычнай навуцы. Сёння мы ведаем з дзясятак імёнаў ягоных правадыроў на чале з славутым Кастусём Каліноўскім, і гэтае веданне праецыруем на ўсё паўстанне ды ўсіх ягоных удзельнікаў. Між тым нават К. Каліноўскі ў многіх даследаваннях выглядае хутчэй сімвалам сучаснай беларускасці, чым чалавекам сярэдзіны ХІХ ст.
Кім жа былі тыя, хто адгукнуўся на заклік Каліноўскага і ягоных паплечнікаў ды пайшоў у паўстанцкія атрады, каб змагацца за волю, здабываючы лепшую долю свайму краю і свайму народу?
Убачыць гэтых людзей дазваляюць беларускія архіўныя зборы. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захаваліся матэрыялы Гарадзенскай ваенна-следчай камісіі. Сярод іх — і спіс мясцовых "мяцежнікаў", якія знаходзіліся пад следствам у перыяд з 10 лютага па 1 верасня 1863 г. і былі зняволеныя ў гарадзенскім турэмным замку. Спіс публікуецца ніжэй у форме табліцы ў перакладзе на беларускую мову.
Звесткі, атрыманыя з гэтага спіса, дазваляюць зрабіць пэўныя высновы адносна характару паўстання на Гарадзеншчыне. У прыватнасці, сярод тых, хто быў прыцягнуты Гарадзенскай ваенна-следчай камісіяй да адказнасці, можна адзначыць адносна высокую долю сялянства (22,3%). Відавочна, што сяляне Гарадзеншчыны ў параўнанні з сялянствам іншых рэгіёнаў Беларусі і Літвы (ды нават і Польшчы!) больш актыўна падтрымалі паўстанне. Магчыма, да гэтага прычынілася агітацыя "Мужыцкай праўды", а таксама тэрытарыяльная блізкасць ахопленага паўстаннем Каралеўства Польскага.
Галоўнай сілай паўстання і тут была шляхта (цікава, што пісары Ваенна-следчай камісіі адрознівалі "дваранаў" ад "шляхціцаў"). Прадстаўнікі гэтага саслоўя складалі сярод арыштаваных 48,6%. Пры гэтым сярод "мяцежнікаў" аказалася 13 прадстаўнікоў мясцовага чынавенства — ад калежскага асэсара да надворнага радцы (!). Мяшчане складалі 7,4%, а духавенства было прадстаўлена толькі двума каталіцкімі ксяндзамі.
Геаграфія "мяцежнікаў" была даволі шырокай, але выразна дамінавалі Горадня (41) і Гарадзенскі павет (11). З іншых паветаў найбольш бунтарскімі аказаліся Беластоцкі павет у Гарадзенскай губерні і Лідскі павет у Віленскай губерні.
Самай значнай падзеяй паўстання ў Горадні стала спроба захопу цягніка групай "мяцежнікаў" на чале з начальнікам чыгуначнай станцыі Кульчыцкім 2 сакавіка 1863 г. На станцыі адбыўся бой. Частка групы здолела пакінуць Горадню, але большасць апынулася ў турэмным замку. У спісе фігуруюць 42 удзельнікі "хваляванняў" 2 сакавіка. Сярод іх было шмат вельмі маладых людзей. У прыватнасці, гэта гімназісты (усіх 14) разам з настаўнікам гімназіі Станіславам Навакоўскім. Дарэчы, паводле спіса, малодшаму ўдзельніку паўстання было 15 гадоў, а старэйшаму — 75. Сярэдні ўзрост арыштаваных быў каля 32 гадоў.
Найбольш вядомым "ваенным злачынцам" са спісу арыштаваных быў адстаўны штабс-капітан Станіслаў Завістоўскі, які камандаваў паўстанцкім атрадам. Ён быў дастаўлены ў гарадзенскую турму 18 чэрвеня. У той жа дзень (!) ягоную справу прадставілі вайсковаму губернатару. Канчаткова лёс С. Завістоўскага вызначыў камандуючы войскамі Віленскай вайсковай акругі. 10 ліпеня 1863 г. паўстанец быў расстраляны ў Ваўкавыску1.
Не ўсе арыштаваныя здолелі з годнасцю вытрымаць выпрабаванні лёсу і ўмовы зняволення. Удзельнікі "хваляванняў" 2 сакавіка на гарадзенскай чыгунцы Адольф Кашуба (16 гадоў) і Юзаф Гамуліцкі (18 гадоў) далі паказанні, паводле якіх да адказнасці прыцягнулі 8 чалавек. Дарэчы, следства па іх справе цягнулася амаль два месяцы. Ягоныя матэрыялы камісія падала вайсковаму губернатару Горадні толькі 30 красавіка, у той час як тэрмін следства для большасці арыштаваных складаў 1—2 тыдні.
Месяцам найбольшых рэпрэсій стаў сакавік, калі 48 чалавек апынуліся пад следствам (для параўнання адзначым, што ў маі іх было толькі шасцёра). У ліпені з 29 арыштаваных 8 чалавек трапілі ў турму паводле даносу "немца Рашпіхлера" (так у тэксце). Наагул, большасць арыштаваных прымалі непасрэдны ўдзел у паўстанні, але каля 30 асобаў утрымліваліся ў зняволенні з фармулёўкай "па падазрэнні".
Таксама, неабходна адзначыць прысутнасць у гэтым спісе жанчын і дзяўчат, сярод якіх вылучаюцца постаці трох сясцёр: Схаластыкі, Леакадзіі і Камеліі Германовічуўнаў з пазначэннем "дочкі ўніяцкага святара". Гэта вельмі цікавая прыпіска, асабліва калі згадаць, што Уніяцкая царква была афіцыйна ліквідаваная расійскімі ўладамі яшчэ ў 1839 г.
Месцам зняволення "ваенных злачынцаў" стаў гарадзенскі турэмны замак, размешчаны ў будынку колішняга езуіцкага калегіума ў цэнтры Горадні. Ён не быў належным чынам падрыхтаваны да прыёму вялікай колькасці арыштантаў. Умовы ўтрымання зняволеных былі вельмі цяжкія. Даследчык гісторыі гарадзенскай турмы Вячаслаў Лісіцын адзначыў адсутнасць у памяшканні ў пачатку 60-х гг. ХІХ ст. каналізацыі і ацяплення. Таксама адсутнічалі або былі моцна пашкоджаныя драўляныя падлогі. Гэта стварала вялікія праблемы, тым больш што арыштаваным у справе паўстання былі забароненыя ўсе перадачы. Арыштанты не мелі магчымасці атрымліваць цёплае адзенне або прадукты харчавання. У многіх камерах адсутнічала шкло ў вокнах, і адміністрацыя вырашала гэтую праблему з дапамогай дошак. У выніку ўзніклі вялікія праблемы з вентыляцыяй і чыстым паветрам. Сур’ёзнай праблемай таксама была вада. Турма не мела сваёй студні, і ваду дастаўлялі ў бочках з Нёмана. Яе санітарны стан быў вельмі кепскі2.
Вялікая колькасць арыштаваных у 1863 г. змусіла ўлады шукаць новыя турэмныя памяшканні. Яны паспрабавалі вырашыць праблему, ператварыўшы ў турму гарадзенскі "Стары замак" XIV–XVI cтст. Умовы ўтрымання зняволеных у гэтым замку таксама былі даволі цяжкімі.
Спіс Гарадзенскай ваенна-следчай камісіі ўтрымлівае 148 прозвішчаў. Некаторыя з іх выклікаюць пэўныя сумненні ў дакладнасці напісання. Аднак ніякіх правак у тэкст спісу не ўносілася. Наогул, параўнанне почыркаў дазваляе сцвярджаць, што дакумент складалі прынамсі тры пісары.
Нягледзячы на верагодныя недакладнасці спісу, ён знаёміць нас з гарадзенскімі "мяцежнікамі", даносіць атмасферу паўстання, загнанага ў турэмныя казематы. Ён дапамагае ўбачыць Чалавека паўстання — таго, хто ў большасці даследаванняў ніколі не выходзіць з ценю Кастуся Каліноўскага, Валерыя Урублеўскага, Зыгмунта Серакоўскага ды іншых правадыроў. Гэта постаці "другога плану", якія неслі на сабе асноўны цяжар змагання і без якіх ні само паўстанне, ні ягоныя правадыры ніколі не сталі б гонарам беларускай гісторыі.
Спіс асобаў, прыцягнутых да следства гарадзенскай ваенна-следчай камісіяй з 10 лютага па 1 верасня 1863 г.3
№ | Імя, прозвішча | Узрост | Пасада, саслоўная прыналежнасць | Падстава для арышту, дата зняволення |
1 | Антон Блажэеўскі | 28 | Калежскі сакратар, чыноўнік Гарадзенскага "приказа общественного призрения" | Падчас ператрусу знайшлі "билеты с символическими знаками"; з 31 студзеня 1863 г. |
2 | Войцех Рачынскі | 18 | Сын чыноўніка Полацкай гарадской паліцыі | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі і падробцы пашпарта; з 10 лютага 1863 г. |
3 | Фадзей Гадлеўскі | — | Ксёндз-настаяцель Сакалянскай парафіі | Падазрэнне ў "подстрекательстве крестьян к мятежу"; з 10 лютага 1863 г. |
4 | Юзаф Клапатоўскі | 38 | Упраўляючы маёнткам графа Валовіча, дваранін Плоцкай губ. | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі, супрацьдзеянне рэкруцкаму набору і "нарушение покоя мирных жителей"; з 21 лютага 1863 г. |
5 | Войцех Якубельскі | 32 | Бургамістр мястэчка Сапоцкіна, дваранін Аўгустоўскай губ. | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі, супрацьдзеянне рэкруцкаму набору і "нарушение покоя мирных жителей"; з 21 лютага 1863 г. |
6 | Віктар Маеўскі | 46 | Мешчанін Аўгустоўскай губ. | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі, супрацьдзеянне рэкруцкаму набору і "нарушение покоя мирных жителей"; з 21 лютага 1863 г. |
7 | Антон Нядзвецкі | 51 | Дваранін Аўгустоўскай губ. | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі, супрацьдзеянне рэкруцкаму набору і "нарушение покоя мирных жителей"; з 21 лютага 1863 г. |
8 | Антон Грабоўскі | 18 | Дваранін Варшаўскай губ. | Падазрэнне ў кантактах з паўстанцамі, супрацьдзеянне рэкруцкаму набору і "нарушение покоя мирных жителей"; з 21 лютага 1863 г. |
9 | Юзаф Гамуліцкі | 18 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За намер 2 сакавіка выехаць з Горадні на цягніку дзеля далучэння да паўстанцаў пад камандаваннем загадчыка Гарадзенскай чыгуначнай станцыі Кульчыцкага; з 5 сакавіка 1863 г. |
10 | Іпаліт Зуброўскі | 55 | Памешчык Гарадзенскай губ. | За "подстрекательство Гомулицкого к участию в мятеже"; з 5 сакавіка 1863 г. |
11 | Адольф Кашуба | 16 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 2 сакавіка 1863 г. |
12 | Восіп Кашуба | 18 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 2 сакавіка 1863 г. |
13 | Станіслаў Рамбіцкі | 17 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 2 сакавіка 1863 г. |
14 | Іван Казімірскі | 39 | Бухгалтар Гарадзенскай Палаты дзяржаўнай маёмасці | Падазрэнне ва ўдзеле ў "хваляваннях". Гамуліцкі бачыў за чытаннем брашураў "возмутительного содержания" |
15 | Антон Галконд | 21 | Чыноўнік Гарадзенскай Палаты дзяржаўнай маёмасці | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 2 сакавіка 1863 г. |
16 | Восіп Кандзінскі | 17 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
17 | ІванЖук | 19 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
18 | Юльян Пушкарэвіч | 20 | Сын краўца | Паводле паказанняў Кашубы, за тое, што атрымліваў "Хорунгвь свободы"; з 21 сакавіка 1863 г. |
19 | Казімір Самулінскі | 21 | "Письмоводитель" міравога пасрэдніка Шаптыра | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
20 | Казімір Талочка | 26 | Чыноўнік Гарадзенскага дэпутацкага сходу | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка, "взят на месте происшествия, ранен штыком в правое плечо"; з 5 сакавіка 1863 г. |
21 | Вікенці Жукоўскі | 18 | Сын адстаўнога салдата | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
22 | Адольф Шмідт | 28 | Аптэкар у Горадні | Удзел у паўстанні; з 20 сакавіка 1863 г. |
23 | Вільгельм Грабавецкі | 27 | "Письмоводитель" канторы Друскеніцкіх мінеральных водаў | За "подстрекательство Гомулицкого к участию в мятеже"; з 5 сакавіка 1863 г. |
24 | Станіслаў Куроўскі | 19 | Ураджэнец Люблінскай губ. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 8 сакавіка 1863 г. |
25 | Фёдар Ружко | 32 | Прускі падданы, ахоўнік чыгункі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
26 | Казімір Крэвень | — | Селянін Сакольскага пав., рабочы чыгункі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
27 | Іван Філістовіч | 23 | Селянін Вілейскага пав., рабочы чыгункі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
28 | Іван Жмайловіч | 41 | Дваранін Кобрынскага пав. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
29 | Юльян Краскоўскі | 25 | Служачы пры чыгунцы, дваранін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
30 | Георгі Краскоўскі | 17 | Служачы пры чыгунцы, дваранін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
31 | Баляслаў Ізбіцкі | 34 | Калежскі рэгістратар, служачы Гарадзенскага губернскага праўлення | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка разам з Ю. Краскоўскім; з 5 сакавіка 1863 г. |
32 | Антон Багатырэвіч | 17 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
33 | Аўгуст Шэршыновіч | 19 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
34 | Кліменці Ізбіцкі | 14 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
35 | Антон Квяткоўскі | 18 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
36 | Станіслаў Крэйбіх | 18 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
37 | Аляксандр Букраба | 20 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
38 | Антон Ржажнецкі | 18 | Былы вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 15 сакавіка 1863 г. |
39 | Станіслаў Шантыр | 23 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 16 сакавіка 1863 г. |
40 | Уладзімір Баршчыўскі | 20 | Вучань аптэкара | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка (паказанні Гамуліцкага); з 16 сакавіка 1863 г. |
41 | Юльян Баяроўскі | 29 | Чыноўнік Гарадзенскай грамадзянскай палаты | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка (паказанні Гамуліцкага); з 15 сакавіка 1863 г. |
42 | Антон Сямашка | 22 | Былы вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка (паказанні Гамуліцкага); з 5 сакавіка 1863 г. |
43 | Станіслаў Блашынскі | 23 | Друкар Гарадзенскага губернскага праўлення | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка (паказанні Гамуліцкага); з 15 сакавіка 1863 г. |
44 | Карл Янкоўскі | 30 | Друкар Гарадзенскага губернскага праўлення | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
45 | Адольф Шыдлоўскі | 20 | Чыноўнік Гарадзенскага губернскага праўлення | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
46 | Януары Гартунг | 18 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
47 | Восіп Высоцкі | 23 | Чыноўнік канцылярыі начальніка Гарадзенскай губ. | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
48 | Міхайла Высоцкі | 22 | Чыноўнік Гарадзенскай палаты дзяржаўных маёмасцяў | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
49 | Генрых Далянскі | 22 | Былы студэнт Пецярбург-скага ўніверсітэта | За ўдзел у "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
50 | Станіслаў Навакоўскі | 28 | Настаўнік Гарадзенскай гімназіі | За "подговор" да паўстання; з 16 сакавіка 1863 г. |
51 | Уладзіслаў Пачэбут (Пачобут?) | 25 | Памешчык Ваўкавыскага пав. | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
52 | Адам Пржыбылка | 19 | Тэлеграфіст Гарадзенска-га чыгуначнага вакзала | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
53 | Станіслаў Развадоўскі | 19 | Вучань аптэкара | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
54 | Іван Эйслер | 21 | Вучань аптэкара | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
55 | Любамір Ястржэмбскі | 32 | Служачы чыгункі | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
56 | Леан Ястржэмбскі | 17 | Служачы чыгункі | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 5 сакавіка 1863 г. |
57 | Адам Мазюн | 40 | Селянін Гарадзенскага пав. | За падбухторванне да паўстання сялян в. Парэчча; з 29 красавіка 1863 г. |
58 | Мацвей Мазюк | 42 | Селянін Гарадзенскага пав. | За падбухторванне да паўстання сялян в. Парэчча; з 29 красавіка 1863 г. |
59 | Каспер Залескі | 18 | Шляхціц Астраленскага пав. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
60 | Людвік Казлоўскі | 26 | Селянін Аўгустоўскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
61 | Сямён Круповіч | 51 | Аднадворац Лідскага пав. Віленскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
62 | Дамінік Тароніс | 51 | Селянін Лідскага пав. Віленскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
63 | Антон Бартгрыевіч | 30 | Селянін Лідскага пав. Віленскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
64 | Валяр'ян Лазавіцкі | 25 | Аднадворац Гарадзенскага пав. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
65 | Ян Вільберг | 18 | Селянін Лідскага пав. Віленскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
66 | Мацвей Адашкевіч | 44 | Селянін Гарадзенскага пав. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
67 | Восіп Зуброўскі | 25 | Селянін Гарадзенскага пав. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
68 | Канстанцін Талочка | 25 | Дваранін Гарадзенскай губ. | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
69 | Якаў Жукоўскі | 25 | Мешчанін Горадні | Узяты на месцы бою атрадамі палкоўнікаў Пенаржэўскага і Вернера; з 29 красавіка 1863 г. |
70 | Аляксандр Казлоўскі | 26 | Памешчык Гарадзенскай губ. | Па падазрэнні ў кантактах з паўстанцамі; з 14 мая 1863 г. |
71 | Станіслаў Зубалевіч | 23 | Мешчанін г. Ваўкавыска | Па падазрэнні ў кантактах з паўстанцамі; з 14 мая 1863 г. (пісар Казлоўскага) |
72 | Іван Грыцкевіч | 22 | Вольнаадпушчанік памешчыка Казлоўскага, ураджэнец Гарадзенскай губ. | Па падазрэнні ў кантактах з паўстанцамі; з 14 мая 1863 г. |
73 | Міхаіл Міхайлоўскі | 40 | Адстаўны вахмістр Украінскага ўланскага палка | Па падазрэнні ў кантактах з паўстанцамі; з 14 мая 1863 г. |
74 | Эрнест Ржаняніцкі | 48 | Дваранін Гарадзенскай губ. | Па падазрэнні ў кантактах з паўстанцамі; з 14 мая 1863 г. |
75 | Іван Ожэ | 17 | Вучань Гарадзенскай гімназіі | Па падазрэнні ва ўдзеле ў "хваляваннях" 2 сакавіка; з 16 мая 1863 г. |
76 | Канстанцін Касмоўскі | 42 | Калежскі асэсар, сакратар Гарадзенскага "Приказа общественного призрения" | Па падазрэнні ў зборы грошай "в пользу восстания"; з 10 чэрвеня 1863 г. |
77 | Восіп Хоміч | 42 | Надворны радца, "непременный член" Гарадзенскай будаўнічай камісіі | Па падазрэнні ў зборы грошай "в пользу восстания"; з 10 чэрвеня 1863 г. (прыпіска: "У турэмным замку не ўтрымліваўся") |
78 | Юзаф Стычынскі | 27 | Селянін Аўгустоўскага пав., ямшчык Сапоцкінскай станцыі | За перадачу ліста ў "шайку мятежников"; з 13 чэрвеня 1863 г. |
79 | Тэадаіла Калантаева | 50 | Удава адстаўнога капі-тана | За кантакты са Стычынскім; з 13 чэрвеня 1863 г. (прыпіска: "У турэмным замку не ўтрымлівалася") |
80 | Эдуард Мацэевіч | 23 | Дваранін Віленскай губ. | За кантакты са Стычынскім; з 13 чэрвеня 1863 г. |
81 | Аляксандр Эйсмант | Губернскі сакратар, "смотритель" Гарадзенскай гарадской бальніцы | За кантакты са Стычынскім; з 13 чэрвеня 1863 г. (прыпіска: "У турэмным замку не ўтрымліваўся") | |
82 | Рудольф Мантовіч | 55 | Памешчык Гарадзенскай губ. | За дастаўку паўстанцам харчавання; з 13 чэрвеня 1863 г. |
83 | Ян Ляговіч | 30 | Вольнадпушчанік Аўгустоўскай губ. (аканом Мантовіча) | За дастаўку паўстанцам харчавання; з 13 чэрвеня 1863 г. |
84 | Якаў Станкевіч | 32 | Аднадворац Ковенскага пав. | За падбухторванне да паўстання; з 15 чэрвеня 1863 г. |
85 | Іван Жмайловіч | 41 | Дваранін Ковенскага пав. | За знаходжанне ў "шайке мятежников"; з 18 чэрвеня 1863 г. |
86 | Станіслаў Завістоўскі | 46 | Адстаўны штабс-капітан | За камандаванне "шайкой мятежников"; з 18 чэрвеня 1863 г. |
87 | Пётр Скірмунт | 23 | "Вольный человек" Гарадзенскага пав. | Па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні; з 26 чэрвеня 1863 г. |
88 | Міхаіл Талочка | 21 | Дваранін Гарадзенскага пав. | За знаходжанне ў "шайке"; з 29 чэрвеня 1863 г. |
89 | Людвік Акінчыц | 24 | Вольнапрактыкуючы ле-кар Ваўкавыскага пав. | За садзейнічанне паўстанню; з 25 чэрвеня 1863 г. |
90 | Міхаіл Юроўскі | 52 | Памешчык Гарадзенскага пав. | За садзейнічанне паўстанню; з 29 чэрвеня 1863 г. |
91 | Фелікс Вайнеўш | 44 | Ксёндз Гарадзенскага пав. | За падбухторванне да паўстання; з 3 ліпеня 1863 г. |
92 | Станіслаў Сянькоўскі | 49 | Мешчанін Гарадзенскага пав. | За садзейнічанне паўстанню; з 5 ліпеня 1863 г. |
93 | Міхаіл Панятоўскі | 52 | Калежскі сакратар | За садзейнічанне паўстанню; з 5 ліпеня 1863 г. |
94 | Генрых Панятоўскі | 15 | Сын М. Панятоўскага | За садзейнічанне паўстанню; з 5 ліпеня 1863 г. |
95 | Іван Лунеўскі | 29 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 5 ліпеня 1863 г. |
96 | Дзіяніс Касынскі | - | Дваранін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у паўстанні; з 19 ліпеня 1863 г. |
97 | Фадзей Арцішэк | - | Селянін Гарадзенскага пав. | За ўдзел у паўстанні; з 19 ліпеня 1863 г. |
98 | Вікенцій Асвецінскі | 35 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
99 | Дамінік Талінскі | 32 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
100 | Іосіф Гваздко | 35 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
101 | Іван Талінскі | 32 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
102 | Іосіф Казлоўскі | 30 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
103 | Аляксандр Станкевіч | 30 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
104 | Іван Гжыдко | 48 | Селянін Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
105 | Іван Рагоўскі | 33 | Шляхціц Гарадзенскай губ. | За ўдзел у павешанні лесніка Юсціновіча; з 25 ліпеня 1863 г. |
106 | Ігнацы Палуяноўскі | 35 | Шляхціц Гарадзенскай губ. | За знаходжанне ў "шайке"; з 25 ліпеня 1863 г. |
107 | Эдуард Гінтаўт | 32 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За пакушэнне на жыццё селяніна Рабічкі, кантакты з паўстанцамі; з 29 ліпеня 1863 г. |
108 | Вільгельм Гумель | 37 | Жыхар мястэчка Супрас-ля | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
109 | Ян Вільчыкевіч | 45 | Дваранін Гарадзенскай губ. | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
110 | Міхаіл Айзілевіч | 49 | Селянін Беластоцкага пав. Гарадзенскай губ. | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
111 | Адам Маленда | 50 | Селянін Беластоцкага пав. Гарадзенскай губ. | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
112 | Міхаіл Іопшаль | 39 | Мешчанін г. Беластока | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
113 | Антон Лавіцкі | 45 | Дваранін Гарадзенскай губ. | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
114 | Вільгельм Лангейм | 28 | Падданы Прусіі | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
115 | Міхаіл Рыбакевіч | 23 | Мешчанін Беластоцкага пав. | Абвінавачаны ў кантактах з паўстанцамі паводле паказанняў немца Рашпіхлера; з 29 ліпеня 1863 г. |
116 | Канстанцін Пякарскі | 22 | Мешчанін г. Беластока | За знаходжанне ў "шайке"; з 26 ліпеня 1863 г. |
117 | Іван Дзяконскі | 24 | Дваранін Бельскага пав. | За знаходжанне ў "шайке"; з 3 жніўня 1863 г. |
118 | Вікенцій Пісанко | 19 | Аднадворац Беластоцкага пав. | За знаходжанне ў "шайке"; з 3 жніўня 1863 г. |
119 | Цылістыян Цеханоўскі | 32 | Вольнапрактыкуючы ле-кар г. Горадні | Па падазрэнні, што быў тайным агентам Цэнтральнага камітэта ў Горадні і павеце; з 5 ліпеня 1863 г. |
120 | Станіслаў Сільвестровіч | 30 | Памешчык Гарадзенскага пав. | Па падазрэнні, што быў тайным агентам Цэнтральнага камітэта ў Горадні і павеце; з 5 ліпеня 1863 г. |
121 | Сігізмунд Урублеўскі | 19 | Былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта | Па падазрэнні, што быў тайным агентам Цэнтральнага камітэта ў Горадні і павеце; з 5 ліпеня 1863 г. |
122 | Фелікс Шумкоўскі | 75 | Памешчык Беластоцкага пав. | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
123 | Алаізы Шумкоўскі | 41 | Сын Ф. Шумкоўскага | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
124 | Антон Міневіч | 45 | Дваранін Беластоцкага пав. | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
125 | Мацвей Дзюбінскі | 47 | Арганіст, селянін Беластоцкага пав. | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
126 | Іван Радомскі | 30 | Шляхціц Беластоцкага пав. | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
127 | Іван Якавец | 23 | Селянін Беластоцкага пав. | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
128 | Францішка Цераскоўна | 30 | Удава адстаўнога салдата | За дастаўку харчавання паўстанцам; з 8 жніўня 1863 г. |
129 | Аляксей Чаглакоў | 32 | Былы станавы прыстаў | За неданясенне пра знаходжанне "шайки" паводле паказанняў сялянаў |
130 | Леапольд Валіцкі | 50 | Памешчык Гарадзенскага пав. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
131 | Юзаф Шмігер | 57 | Аканом памешчыка Валіцкага, дваранін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
132 | Юзаф Юнг | 50 | Упраўляючы памешчыка Валіцкага, дваранін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
133 | Іван Станішэўскі | 42 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
134 | Іван Пуховіч | 28 | Аднадворац Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
135 | Схаластыка Германовічуўна | 39 | Дачка ўніяцкага святара | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
136 | Леакадзія Германовічуўна | 30 | Дачка ўніяцкага святара | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
137 | Камелія Германовічуўна | 28 | Дачка ўніяцкага святара | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
138 | Данат Ванароўскі | 46 | Ляснік мястэчка Езеры (суч. Азёры) | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
139 | Аляксандр Міхайлоўскі | 52 | Селянін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 6 жніўня 1863 г. |
140 | Дамінік Раманоўскі | 47 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 12 жніўня 1863 г. |
141 | Пелагея Раманоўская | 15 | Дачка Д. Раманоўскага | За садзейнічанне паўстанню; з 12 жніўня 1863 г. |
142 | Юлія Нажымская | 32 | Дваранка Гарадзенскай губ. | За садзейнічанне паўстанню; з 12 жніўня 1863 г. |
143 | Ульян Аблашэвіч | 25 | Селянін Гарадзенскага пав. | За знаходжанне ў "шайке"; з 15 жніўня 1863 г. |
144 | Венядзікт Забела | 59 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За несвоечасовае данясенне пра тое, што паўстанцы бралі харчаванне ў памешчыка Незабітоўскага; з 25 жніўня 1863 г. |
145 | Сцяпан Свянціцкі | 43 | "Вольный человек" Мінскай губ. | За несвоечасовае данясенне пра тое, што паўстанцы бралі харчаванне ў памешчыка Незабітоўскага; з 25 жніўня 1863 г. |
146 | Павел Крупель | 33 | Шляхціц Гарадзенскай губ. | За несвоечасовае данясенне пра тое, што паўстанцы бралі харчаванне ў памешчыка Незабітоўскага; з 25 жніўня 1863 г. |
147 | Іосіф Сурконт | 27 | Шляхціц Лідскага пав. Віленскай губ. | За несвоечасовае данясенне пра тое, што паўстанцы бралі харчаванне ў памешчыка Незабітоўскага; з 25 жніўня 1863 г. |
148 | Карл Палуяноўскі | 38 | Дваранін Гарадзенскай губ. | За несвоечасовае данясенне пра тое, што паўстанцы бралі харчаванне ў памешчыка Незабітоўскага; з 25 жніўня 1863 г. |
[1] Rok 1863. Wyroki śmierci / Red. W. Studnicki. — Wilno, 1923. Электронная версія кнігі размешчана на сайце:
http://kalinouski.arkushy.by
[2] Лисицын В. За тюремной стеной. История гродненской тюрьмы. ХІХ–1939 г. Гродно, 2003.
C. 45–46, 153–155.
[3] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні. Ф. 3, воп. 1, спр. 33, арк. 1 адв.–22 адв.