
1863 год на Меншчыне
Ад перакладчыка
Шаноўныя чытачы!
Прапануем Вашай увазе беларускі пераклад дакументальнага зборніка "1863 год на Меншчыне", выдадзенага ў далёкім 1927 г. Польскім аддзелам Інстытута беларускай культуры. Гэтае выданне сталася першай спробай айчыннай навукі паказаць сучаснікам рэальную гістарычную карціну паўстання 1863–1864 гг. у межах адной губерні. Рыхтаваўся зборнік на хвалі палітыкі беларусізацыі і ва ўмовах адноснай разняволенасці ў навуковай сферы. Працавалі над ім дасведчаныя гісторыкі-архівісты, таму падрыхтаваны ён на высокім для свайго часу ўзроўні і да сённяшняга дня застаецца цікавым як для прафесійнага даследчыка, так і для простага аматара гісторыі.
З тытульнага аркуша кнігі, а таксама з прадмовы да яе відаць, што першапачаткова была запланаваная серыя такіх зборнікаў — па адным на кожную губерню гістарычнай Беларусі. Том, датычны Менскай губерні, мусіў быць першым у гэтай серыі. Аднак планы гэтыя не здзейсніліся.
Адразу пасля выхаду зборнік быў прыхільна адзначаны многімі адмыслоўцамі. Але ўжо неўзабаве яго ўкладальнікам Я. Віткоўскаму, А. Яневічу і Л. Леху давялося сутыкнуцца з абвінавачаннямі ў польскім нацыяналізме і антыпралетарскіх настроях. Пакуль што толькі ў газетных артыкулах.
Наступ таталітарызму зрабіў немагчымай далейшую дзейнасць у гэтым рэчышчы. І ўзважваючы навуковы набытак беларускіх архівістаў 1920–1930 гг., даводзіцца казаць не пра тое, што яны зрабілі, а пра тое, што яны паспелі зрабіць. Сумленная праца гісторыка неўзабаве стала фізічна небяспечнай — з газетных артыкулаў абвінавачанні хутка пераносіліся ў следчыя справы.
Галоўны ўкладальнік "1863 года на Меншчыне", прафесар Ян Віткоўскі быў арыштаваны ў 1933 г. і асуджаны на 3-гадовую высылку ў лагеры ў Сібіры. Адбыўшы тэрмін, пасяліўся ў Ленінградскай вобласці. Але ў 1937 г. быў арыштаваны паўторна, этапаваны ў Менск і расстраляны.
Гісторыкі паўтаралі лёсы закатаваных герояў сваіх публікацыяў.
Агулам на старонках зборніка "1863 год на Меншчыне" апублікавана звыш 120 архіўных дакументаў. Аснову выдання складаюць 116 дакументаў, адабраныя (паводле тэрміналогіі Я. Віткоўскага) "з дзвюх частак адной архіўнай справы №23" Трэцяга аддзялення Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі. Менавіта тут, у цэнтральным упраўленні палітычнай паліцыі Расейскай імперыі сфармаваўся велізарны масіў матэрыялаў, датычных узброенага паўстання 1863–1864 гг.
Надрукаваныя ў зборніку дакументы Трэцяга аддзялення храналагічна ахопліваюць перыяд ад 19 студзеня 1863 г. да 1 жніўня 1867 г. і адлюстроўваюць многія аспекты падзеяў — як непасрэдна падчас паўстання, так і пасля яго.
Частка дакументаў прысвечана складу паўстанцкай арганізацыі на Меншчыне і яе дзейнасці, утварэнню і руху атрадаў, баявым сутычкам з урадавымі войскамі. Асобныя дакументы тычацца забойстваў паўстанцамі сваіх ворагаў (№№33, 46). Заўважым, што ў данясеннях і рапартах расейскіх службоўцаў, натуральна, гаворыцца менавіта пра "забойствы" — без ніякіх агаворак. Але трэба разумець, што ў большасці выпадкаў гэтыя забойствы адбываліся па выраку паўстанцкага суда ва ўмовах партызанскай вайны — за актыўныя дзеянні супраць інсургентаў ці дзейсную дапамогу карнікам у іх знішчэнні. Прычым, як правіла, прысуд гэты выносіўся паўстанцамі пасля некалькіх папярэджанняў.
Значная колькасць матэрыялаў адлюстроўвае адваротны бок у супрацьстаянні — захады імперскай адміністрацыі па задушэнні паўстання і рэпрэсіі супраць яго ўдзельнікаў: увядзенне штрафаў і кантрыбуцыяў, канфіскацыі маёмасці ды іншыя віды спагнанняў; шматлікія высылкі ў глыб Расеі. Ёсць у апублікаваных дакументах і сведчанні мэтанакіраванага выкарыстання расейскімі ўладамі ў барацьбе з паўстанцамі беларускага сялянства. У прыватнасці, эпізод з карэліцкім святаром Валачкевічам (№11) выразна дэманструе, якую ролю ў фарміраванні адносінаў малапісьменных сялян да паўстанцаў адыгралі многія святары дзяржаўнай праваслаўнай царквы.
Вялікую каштоўнасць таксама ўяўляюць спісы асобаў, што цягам 1863 г. утрымліваліся пад следствам у Менскай камісіі па палітычных справах (№№31, 45, 52). Спісы гэтыя налічваюць сотні прозвішчаў і не толькі фіксуюць абвінавачанні многіх удзельнікаў паўстання, але і дазваляюць у некаторых выпадках прасачыць іх далейшы лёс.
Акрамя глабальных аспектаў гісторыі паўстання, на якіх традыцыйна засяроджваецца ўвага даследчыкаў, шэраг дакументаў высвечвае акалічнасці больш лакальнага або прыватнага характару, што звычайна застаюцца па-за ўвагай.
Гэтак, з прадпісання М. Мураўёва жандарскаму палкоўніку А. Лосеву (№54), відаць, якія сродкі вылучаліся імперскай адміністрацыяй сваім службоўцам падчас падаўлення паўстання. Выпраўляючыся ў камандзіроўку ў Менск, Лосеў мусіў атрымаць з "асобай" канцылярыі 300 рублёў у бескантрольнае распараджэнне, і яшчэ 300 рублёў — "на пад'ём". Лішне казаць, што сума гэтая была супастаўная гадавому даходу з невялікага маёнтка. Але калі Аляксандр Лосеў выдадзеныя яму грошы адпрацаваў напоўніцу, дык з обер-аўдытарам Някрасавым, што ехаў у Менск разам з ім і таксама атрымаў з той жа канцылярыі немалую суму ў 150 рублёў срэбрам, выйшла іначай. Праз паўгады, накіроўваючы палкоўніка Лосева ў паўторную камандзіроўку ў Менск (№70), Мураўёў даручаў яму, у ліку іншага, разабрацца з аўдытарам Някрасавым: чаму той дагэтуль не прыступіў да выканання пастаўленых перад ім задач.
Зварот начальніка корпуса жандараў А. Патапава да дырэктара тэлеграфаў Л. Гергарда (№82) выдае некаторыя хібы арганізацыі тэлеграфнай сувязі. Усе дэпешы спачатку адпраўляліся на галоўную станцыю, а адтуль потым перасылаліся адрасатам. І калі на галоўнай станцыі ўзнікалі непрадбачаныя праблемы — тэрміновая сувязь на некаторы час магла быць паралізаваная.
Пэўную цікавасць таксама можа ўяўляць выпіска з следчай справы пра махлярства пры забеспячэнні ўласных жаўнераў дровамі ды свечкамі і разліку за іх з мясцовым насельніцтвам у раскватараваным у Менску 119-м Каломенскім палку.
Апрача матэрыялаў Трэцяга аддзялення, што складаюць аснову зборніка, яшчэ шэраг першакрыніц падаецца ўкладальнікамі ў дадатках. Гэта шырокавядомы сёння "Мемарыял" віленскага мітрапаліта І. Сямашкі, лісты М. Мураўёва шэфу жандараў В. Даўгарукаму і дакументы, датычныя ўкладання вернападданніцкага адраса расейскаму імператару ад імя жыхароў Менскай губерні.
Відавочна, для сучаснага чытача найбольш цікавымі тут будуць прыватныя лісты Мураўёва князю Даўгарукаму (№№118, 119), у якіх аўтар выразна прадэманстраваў свае адыёзныя погляды на "польскі" элемент у Літве-Беларусі і на неабходнасць бязлітаснага яго вынішчэння — погляды, шмат у чым сугучныя ідэям самых жорсткіх дыктатараў XХ ст.; і дакументы пра вернападданніцкі адрас (№№120-125), што выразна засведчылі, наколькі крывадушнай і прымусовай была кампанія па яго складанні і падпісанні.
Пры падрыхтоўцы беларускамоўнай інтэрнэт-версіі зборніка "1863 год на Меншчыне" мы імкнуліся максімальна захаваць кампазіцыю і тэхнічныя асаблівасці арыгінальнага выдання і адначасна — зрабіць яго зручным для чытання сучаснымі карыстальнікамі.
Дакументы, якія прысвечаны адной тэме і маюць у друкаванай версіі выдання аднолькавы загаловак, публікуюцца намі ў межах адной старонкі. Тэкст дакументаў падаецца дакладна ў адпаведнасці з надрукаваным у зборніку, але з улікам нормаў сучаснай пунктуацыі. Яўныя і магчымыя памылкі ды недакладнасці абгаворваюцца ў заўвагах. Таксама ў заўвагах падаюцца і некаторыя звесткі, неабходныя для разумення тэксту.
Заўвагі ад укладальнікаў зборніка пазначаюцца зорачкамі, як і ў арыгінале выдання. У той жа час дададзеныя намі заўвагі ад перакладчыка — лічбамі.
Усе заўвагі выкананыя ў выглядзе невялікіх усплывальных акенцаў, якія пасля прачытання можна проста закрыць.
Дадзеная версія выдання "1863 год на Меншчыне" дапоўнена навукова-даведачным апаратам, які складаецца з геаграфічнага і асабовага паказальнікаў. Акрамя таго, звыш 3 тыс. прозвішчаў асобаў, што ўдзельнічалі ў падпісанні адраса імператару, але пры гэтым у іншых дакументах зборніка не згадваюцца, вынесеныя ў асобны "Іменны паказальнік падпісантаў вернападданніцкага адраса". Ва ўсіх паказальніках адсылкі зробленыя на нумары дакументаў, у якіх згадваецца тая ці іншая асоба або геаграфічная назва, і рэалізаваныя ў выглядзе гіперспасылак.
У працы намі былі выкарыстаны шматлікія архіўныя спісы асуджаных і высланых у розныя рэгіёны Расейскай імперыі паўстанцаў; публікацыі Т. Дварэцкай, П. Казарана, Л. Конанавай, П. Луппава, С. Мулінай, І. Нікулінай, В. Паўлава, І. Петрычовай, Г. Ціраспальскага; капітальны біяграфічны слоўнік Дз. Матвейчыка "Удзельнікі паўстання 1863-1864 гг. паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі"; даведнік "Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь", а таксама гістарычныя мапы Беларусі, Летувы і Польшчы.
Выданне адрасаванае навукоўцам-даследчыкам, студэнтам, настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, а таксама ўсім аматарам гісторыі.
Зміцер Кузменка.