Назад

1863 год на Меншчыне

№17. Маніфест Польскага Нацыянальнага Ўрада

[Арк. 33] Часовы правінцыйны ўрад у Літве і на Беларусі ад імя польскага Нацыянальнага ўрада абвяшчае наступнае:

§1. З сённяшняга дня ўсе сяляне і іншыя жыхары, якога б яны ні былі паходжання і веры, ёсць вольныя, як старапольская шляхта.

§2. Польскі Нацыянальны ўрад аддае аселым сялянам, панскім і казённым, на вечныя часы ў поўнае ўладанне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу, а ўсе распараджэнні маскоўскага ўрада адмяняе, таму што гэта зямля польская, а не маскоўская.

§3. За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з'яўляюцца з сённяшняга дня.

§4. Парабкі ж, адстаўныя салдаты і ўсе неаселыя, якія толькі пойдуць бараніць польскі край ад маскалёў, атрымаюць самі ці іх сем'і ва ўзнагароду надзел зямлі сама меней у тры моргі.

§5. Польскі ўрад узнагародзіць грамадзян за панесеныя імі ахвяры з нацыянальных фондаў.

§6. Калі хто не будзе паслухмяны гэтаму Маніфесту, ці ён пан, ці селянін, ці чыноўнік або хто іншы, будзе пакараны паводле польскіх ваенных законаў.

Божа, збаў Польшчу.

Дадзена ў Вільні 1 лютага 1863 года.

(Месца пячаткі)

Народная Арганізацыя. Літоўскі Пр.[авінцыйны] Кам.[ітэт]