Беларусь у 1863 годзе
З нагоды чарговай палемікі аб вызваленчым паўстанні і гістарычнай асобе К. КаліноўскагаЦягам апошніх гадоў умешвацца ў спрэчкі вакол імя Кастуся Каліноўскага і паўстання 1863–64 гг. у Літве і Беларусі не выпадала. Па-першае, спрэчкі гэтыя вяліся ў калягістарычным рэчышчы і былі далёкія ад сапраўднай навуковай дыскусіі. А па-другое — пра Каліноўскага і тыя падзеі, у эпіцэнтры якіх ён знаходзіўся, сучаснікамі і гісторыкамі напісана дастаткова шмат. Калі чалавек захоча разабрацца, што менавіта адбывалася на беларускіх землях у 60-я гады XIX ст., і якое месца там займаў шляхціц Гародзенскай губерні Каліноўскі — для гэтага ёсць усе магчымасці.
Хто мае вушы — той пачуе, як гаворыцца ў Бібліі.
Аднак чарговую хвалю палемікі, дзіўным чынам ініцыяваную Міністэрствам адукацыі Беларусі, абмінуць немагчыма.
У дадзенай сітуацыі дзівіць многае.
Дзівіць Мінадукацыі, якое замест таго, каб прызнаць памылку і выбачыцца за тое, што ў адным з школьных падручнікаў паўстанне 1863–64 гг. названае адназначна "польскім", — раптам стала зацята даказваць, што паўстанне гэтае сапраўды польскае, і памылкі тут ніякай няма.
Здаецца, як называць тую ці іншую гістарычную падзею, павінны вырашаць гісторыкі. Прэрагатыва чыноўнікаў ад адукацыі — забяспечваць прыстойнае функцыянаванне і развіццё сістэмы нацыянальнай асветы. Чаму ж замест вырашэння надзённых праблемаў айчыннага школьніцтва нашае міністэрства гэтак занепакоілася тым, як правільна называць паўстанне 1863–64 гг.?
Дзівіць безапеляцыйнасць і зняважлівы тон прысвечанага гэтаму пытанню артыкула прэс-службы Мінадукацыі.
А найбольш дзівіць, што пасля абгрунтаванага і ўзважанага адказу гісторыкаў у выдаванай міністэрствам "Настаўніцкай газеце" з'явіўся артыкул Ігара Марзалюка, які дагэтуль, наколькі вядома, усур'ёз падзеямі 1863 г. у Беларусі не займаўся.
Праанансаваўшы ў назве свайго артыкула погляд без "хітрыкаў" і міфаў, на жаль, аўтар нават не паспрабаваў глыбока разабрацца ў тэме і падысці да яе аб'ектыўна. У тэксце з той жа безапеляцыйнасцю паўтараюцца і развіваюцца ранейшыя пастулаты Мінадукацыі. Прыводзяцца некаторыя факты і прозвішчы гісторыкаў, якія, нібыта, пацвярджаюць аўтарскае меркаванне. І ў той жа час — факты і шматлікія даследаванні, што гэтаму меркаванню супярэчаць, — старанна абыходзяцца і замоўчваюцца.
Не робіць гонару сп. Марзалюку і паблажлівае стаўленне да апанентаў, а таксама поўнае ігнараванне навуковых распрацовак выдатных спецыялістаў, для якіх даследаванне беларускай мінуўшчыны напярэдадні і падчас паўстання сталася ў многім справай жыцця: Г. Кісялёва, М. Біча, В. Шалькевіча, Я. Янушкевіча і іншых.
Гісторыя — гэта калі вывучаюцца ўсе даступныя крыніцы, і на аснове атрыманай інфармацыі будуецца аб'ектыўная канцэпцыя. А калі робіцца наадварот: бярэцца патрэбная канцэпцыя, і пад яе падганяюцца неабходныя сведчанні і факты, гэта ўжо не гісторыя. Гэта — прапаганда.
Навідавоку чарговая хваля штучнага гістарычнага рэвізіянізму, накіраваная на дыскрэдытацыю ў масавай свядомасці беларусаў адной з самых знакавых постацей айчыннай гісторыі.
Пытанне, навошта гэта патрэбна Міністэрству адукацыі Беларусі, — рытарычнае.
Галоўнай выбуховай сілай у паўстанні 1863–64 гг. сапраўды быў польскі нацыянальна-вызваленчы рух. Распачалося паўстанне ў Польшчы. Цэнтральнае кіраўніцтва было ў Варшаве. Асноўныя пастановы і адозвы паўстанцкага ўраду выдаваліся на польскай мове. Адной з мэтаў было аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
Усё гэта праўда.
Але ў дачыненні да тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы гэтае паўстанне перастала быць выключна "польскім" роўна праз 10 дзён пасля свайго пачатку. Калі пасля працяглага вагання яно было падтрыманае правінцыйным Камітэтам у Вільні. Калі на нашых землях пачалося фармаванне мясцовых паўстанцкіх атрадаў.
Ужо адна гэтая дзесяцідзённая паўза сведчыць, наколькі самастойным быў віленскі Камітэт, нягледзячы на намінальны статус правінцыйнага. У Вільні былі абураныя тым, што Варшава распачала паўстанне без папярэдняга ўзгаднення і без уліку інтарэсаў Літвы-Беларусі. І пытанне, ці далучацца да супраціву ў Польшчы, было тут зусім не фармальным.
Разам з тым — ніхто з сур'ёзных айчынных гісторыкаў ніколі і нідзе не называў паўстанне 1863–64 гг. "беларускім". Такое магло быць хіба што ў публіцыстыцы або ў калягістарычнай палеміцы на інтэрнэт-пляцоўках. І незразумела, каму прыхільнікі перагляду гісторыі, у тым ліку І. Марзалюк, з такім імпэтам імкнуцца даказаць, што паўстанне гэтае — не беларускае. Відаць, самім сабе.
Яно не магло быць беларускім апрыёры.
Таму што на той час Беларусь яшчэ не сталася суб'ектам гісторыі. І нават сама назва гэтая заставалася выключна ва ўжытку інтэлектуалаў.
Беларускага паўстання 1863–64 гг. не было.
Але былі беларускія паўстанцы 1863–64 гг.
І менавіта пра гэта цалкам справядліва пішуць многія даследчыкі.
Колькасць інсургентаў, што пераходзілі мяжу з Каралеўства Польскага, была невялікай. Паўстанцкія сілы на тэрыторыі Літвы і Беларусі амаль поўнасцю складаліся з мясцовых ураджэнцаў. Сярод іх былі не толькі каталікі, але і праваслаўныя. І лічыць усіх іх палякамі, па меншай меры, некарэктна.
Але нават не гэта самае істотнае.
Самае істотнае тое, што, у адрозненне ад папярэдніх паўстанняў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, у 1863 г. у шэрагах "мяцежнікаў" з абшараў былога Вялікага княства Літоўскага былі людзі, якія сапраўды змагаліся за самастойную Беларусь. Іх было яшчэ не так шмат, але яны былі. І лідэрам іх быў Канстанцін Каліноўскі.
Разбуральнікі гістарычных міфаў сцвярджаюць, што Каліноўскі нідзе нават не згадваў пра Беларусь, а тым больш, не патрабаваў для яе незалежнасці. Пры гэтым упарта ігнаруючы неаднаразовыя сведчанні "літоўскага сепаратызму" Каліноўскага і груба парушаючы адзін з асноўных прынцыпаў гісторыка — прынцып гістарызму.
Сур'ёзны гісторык не можа ацэньваць падзеі мінуўшчыны з пазіцыі сённяшняга часу. Усе факты і дзеянні павінны разглядацца з улікам рэаліяў той эпохі, калі яны адбываліся. Толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць максімальна аб'ектыўную карціну.
Трэба разумець, што ў сярэдзіне XIX ст. беларускія землі былі зусім іншымі. І эканамічна, і культурна яны былі больш цесна звязаныя з Польшчай, чым з Расеяй. Адукаваныя слаі насельніцтва вызначаліся выразна прапольскімі настроямі. У гарадскім побыце дамінавала польская мова. У асяроддзі шляхты і інтэлігенцыі шырока праяўлялася настальгія па колішняй Рэчы Паспалітай, жыццё ў якой нярэдка ідэалізавалася. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. "Дзяржава абодвух народаў" праіснавала амаль 230 гадоў і шчыра ўспрымалася ўраджэнцамі Беларусі як страчаная Радзіма. Дзеля яе аднаўлення многія гатовыя былі нават адмовіцца ад самабытнасці свайго краю, якая падавалася ім неістотнай.
І. Марзалюк у сваім артыкуле падае як нейкую сенсацыю цытату з паслання віцебскай шляхты ў Варшаву, дзе гаворыцца аб уліванні народаў Беларусі і Літвы ў агульны польскі народ. Але трэба зважаць: кім, калі і пры якіх умовах напісаны дакумент. У той жа час, ад імя той жа шляхты ішлі вернападданіцкія лісты ў Пецярбург. І для разумення ўсёй складанасці гістарычнай сітуацыі адной выхапленай з кантэксту цытаты недастаткова.
Тым больш, ніякай сенсацыі ў гэтым пасланні няма.
Такая ж самая шляхта, але ўжо на Меншчыне яшчэ за год да паўстання запатрабавала далучэння сваёй губерні да Каралеўства Польскага.
Але пры гэтым ні менскія дзеячы, ні аўтары віцебскага паслання не прыехалі сюды з Польшчы. Гэта прадстаўнікі моцна апалячанай, але ўсё ж беларускай шляхты. Канчаткова польскай яна так і не стала. Пройдзе час, і з яе выйдуць знакавыя постаці нашага нацыянальнага адраджэння: Карусь Каганец, Янка Купала, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іван і Антон Луцкевічы…
Патрабаванне менскае і пасланне віцебскае сведчаць толькі пра адно: пра сумныя вынікі паланізацыі ў Беларусі сярэдзіны XIX ст. Аднак у гэтым — светапогляд тагачасных жыхароў нашай зямлі, які мы мусім улічваць.
Разам з тым, выступаючы за аднаўленне Рэчы Паспалітай, далёка не ўсе былі згодныя злучацца з палякамі ў адзін народ. Прагрэсіўная частка шляхты і інтэлігенцыі ўсведамляла сваю нацыянальную адметнасць і гатовая была працаваць на развіццё ўласна беларускай культуры, самасвядомасці.
Шмат напісана пра два ўзроўні патрыятызму ў жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага. Агульнадзяржаўны, у межах якога нашы продкі лічылі сябе грамадзянамі аб'яднанай Польшчы — Рэчы Паспалітай — і маглі называць сябе "палякамі". І "краёвы", калі тыя ж людзі не без гонару падкрэслівалі, што яны — ліцвіны. Пазней гэты "краёвы" патрыятызм выкрышталізуецца ў патрабаванне самакіравання, аўтаноміі для Беларусі і Літвы ў межах свабоднай Польшчы, якое ўпершыню будзе заяўлена К. Каліноўскім у 1863 г.
"…ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства…"
Ужо падчас паўстання палітыка варшаўскага цэнтра прывяла да яшчэ большай радыкалізацыі патрабаванняў Каліноўскага. І мы можам з поўным правам лічыць, што ён выступаў (як мінімум) за стварэнне федэрацыі Польшчы і Літвы-Беларусі. Доказаў гэтаму дастаткова: пачынаючы ад абвінавачанняў у сепаратызме ў мемуарнай літаратуры і заканчваючы сведчаннямі афіцыёзнага расейскага гісторыка В. Ратча.
Гэтую акалічнасць аматары разбураць гістарычныя міфы старанна замоўчваюць.
Многія запярэчаць: маўляў, аўтаномія — гэта зусім не незалежнасць.
Сапраўды.
Але ці рэальным наогул было абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ў сярэдзіне XIX ст., ва ўмовах апалячанага грамадства? На каго мусіла абаперціся гэтая незалежнасць? На бяспраўнае непісьменнае сялянства?
У 1860–х гг., калі беларускі нацыянальны рух знаходзіўся яшчэ ў стадыі нараджэння, патрабаванне аўтаноміі было велізарным крокам наперад.
Пра незалежнасць не вялі гаворкі нават айцы-заснавальнікі нашай першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады — праз 40 год пасля Каліноўскага. Хаця за імі ўжо былі тысячы абуджаных да свядомага жыцця суайчыннікаў, у праграме БСГ утрымлівалася сціплае з пункту гледжання сённяшняга абывацеля патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі.
Выходзіць, розніца паміж К. Каліноўскім і братамі Луцкевічамі толькі ў тым, што першы выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Польшчы, а другія — за аўтаномію ў складзе дэмакратычнай Расеі.
І пры гэтым ні ў каго не павернецца язык абвінаваціць Івана ды Антона Луцкевічаў у недастатковай беларускасці.
Тое, што К. Каліноўскі нідзе ў сваіх тэкстах не згадваў пра Беларусь — няпраўда. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова прачытаць першую частку "Пісьмаў з-пад шыбеніцы", адрасаваную адукаванаму чытачу. Там ад імя мужыкоў-беларусаў пішацца і пра беларускі погляд на паўстанне, і пра беларускую мову навучання ў школах.
Датычна ж "Мужыцкай праўды" важна памятаць: газета гэтая прызначалася для простага сялянства. Нагадаем, што назва "Беларусь" у сярэдзіне XIX ст. знаходзілася выключна ва ўжытку інтэлектуалаў. І называлі тады Беларуссю пераважна ўсходнюю частку нашага краю. Заходняя частка традыцыйна называлася Літвой. Спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб наша сучасная назва канчаткова замацавалася за ўсёй тэрыторыяй краіны.
У "Мужыцкай праўдзе" Каліноўскі свядома спрашчае тэкст, каб ход думак быў цалкам зразумелы чытачам. Выкарыстоўвае добра знаёмыя тагачаснаму сялянству паняцці і назовы: "паляк", "немец", "маскаль", "пранцуз". Лішне казаць, што зварот "беларусы" і заклікі змагацца за беларускую справу сяляне ў часы Каліноўскага па-просту не маглі зразумець, а тым больш на іх адгукнуцца. Праз траціну стагоддзя Францішак Багушэвіч — дарэчы, таксама беларускі паўстанец 1863 г. — у пранізлівай прадмове да свайго першага паэтычнага зборніка будзе тлумачыць беларусам, хто мы ёсць на зямлі, і як называецца наша мова.
З артыкула ў артыкул аматараў разбураць гістарычныя міфы вандруе сцверджанне, што Каліноўскі не мае ніякага дачынення да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, бо ён — паляк, а мовай беларускай карыстаўся выключна ў тактычных мэтах, як інструментам прапаганды. Адметна, што гэтае меркаванне з імпэтам падтрымлівае ў сваім артыкуле і І. Марзалюк.
Надуманасць і беспадстаўнасць такога сцверджання перавышае ўсякую меру. Ніводнага сур'ёзнага аргумента ў падтрымку сваіх слоў аўтары прывесці не могуць. Бо іх, відавочна, няма.
Па-першае, нават каб выкарыстаць мову ў прапагандысцкіх мэтах — трэба, прынамсі, дасканала ёю валодаць. Ведаць беларускую мову ў часы, калі яна не вывучалася ні ў адной школе, мог толькі беларус.
І па-другое. Сапраўдную карціну таго, кім быў К. Каліноўскі, і чым была для яго беларуская мова, адкрываюць "Пісьмы з-пад шыбеніцы". Размова тут нават не пра апошні запавет беларускаму народу. Бо ў ім заўзятыя прыхільнікі тэорыі "польскасці" Каліноўскага таксама могуць угледзець нейкую прапаганду. Як бы тое ні было недарэчным.
Гаворка пра шчымлівыя вершаваныя радкі, прысвечаныя Марыі Ямант.
Апошні развітальны зварот да каханай нявесты.
Напісаны ў турэмнай камеры за колькі дзён да смерці.
Па-беларуску.
Нехта можа паверыць, што аўтар верша "Марыська чарнабрэва, галубка мая" — паляк? Які выкарыстоўваў беларускую мову толькі для прапаганды?
Гэтыя дванаццаць інтымных радкоў, відавочна, не прызначаныя для друку, адназначна сведчаць, што са сваёй нарачонай Каліноўскі размаўляў па-беларуску.
З пэўнай доляй верагоднасці можна меркаваць, што па-беларуску вяліся і некаторыя размовы Каліноўскага з найбліжэйшымі паплечнікамі па віленскім цэнтры. У прыватнасці, з сваім сакратаром Юзафам Ямантам.
Ускосна пра гэтае сведчыць у паказаннях следчай камісіі Вітаўт Парфіяновіч — той самы, які выдаў імперскім уладам К. Каліноўскага.
"Между ними (Ю. Ямантам і К. Каліноўскім — Зм. К.) завязался разговор, насколько я мог понять (Sic!), о составлении контр-адреса".
Чаму В. Парфіяновіч, знаходзячыся з суразмоўцамі ў адным памяшканні, не да канца зразумеў тэму гутаркі? Можа, таму што яна вялася па-беларуску?
Скептыкі ўсміхнуцца: маўляў, гэта прыцягнута за вушы.
Магчыма.
Але калі згадаць, якім паролем карысталіся ў віленскім паўстанцкім цэнтры, то гэткае меркаванне не падаецца такім ужо неверагодным.
Пароль гэты прапагандысты ад гісторыі лічаць за лепшае не згадваць. Раней яго абвяшчалі фальшыўкай, мастацкай прыдумкай Ул. Караткевіча. А пасля таго, як у 2013 г. В. Голубевым была апублікаваная фотакопія архіўнага дакумента, дзе прыводзіцца дакладная формула пароля, — яго проста замоўчваюць. Між тым яшчэ ў працах сумленнага і аўтарытэтнага Г. Кісялёва адзначалася, адкуль віленскі пароль вядомы гісторыкам. Усё з тых жа паказанняў В. Парфіяновіча. Слова ў слова.
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Так узаемна.
Зважаючы на спрэчкі даваенных беларускіх гісторыкаў і інтэлектуалаў пра паўстанне і ролю ў ім К. Каліноўскага, трэба разумець, што ў 1920–1930-х гг. многія факты і дакументы з 1863 г. былі яшчэ невядомыя даследчыкам. Нават "Пісьмы з-пад шыбеніцы" доўгі час цытаваліся паводле не зусім дакладнай публікацыі В. Ластоўскага. Не кажучы ўжо пра паказанні В. Парфіяновіча і іншыя архіўныя матэрыялы, пік навуковай распрацоўкі якіх прыйшоўся на юбілейныя 1960-я гады.
У завочнай дыскусіі А. Луцкевіча і А. Станкевіча, М. Доўнар-Запольскага і У. Ігнатоўскага няма ідэалагічнай зададзенасці. Кожны з іх дапускае памылкі і недакладнасці, уласцівыя тагачаснаму ўзроўню развіцця гістарыяграфіі. Але яны паважаюць апанентаў і не абвінавачваюць іх у свядомых "хітрыках" і міфатворчасці.
Тое што "беларускасць" Каліноўскага пачалася толькі з артыкула Вацлава Ластоўскага "Памяці Справядлівага", як сёння сцвярджаецца ў асобных тэкстах "без хітрыкаў" — відавочная няпраўда.
Ужо пры першапублікацыі "Пісьмаў з-пад шыбеніцы" А. Гілерам, яны атрымалі красамоўны загаловак "Да люду беларускага". Было гэта ў 1867 г.
Далей, у 1892 г. у выдадзеным у Львове гістарычным нарысе "25 гадоў Расеі ў Польшчы (1863–1888)" К. Каліноўскі названы "шчырым апосталам люду беларускага". Верагодны аўтар гэтага выказвання — сакратар цэнтральнага паўстанцкага ўрада ў Варшаве Ю. Яноўскі, у мемуарах якога яно пазней з дакладнасцю будзе паўторана.
А калі сур'ёзна, беларускасць Каліноўскага пачалася з таго моманту, як ён авалодаў беларускай мовай. Калі — насуперак многім фактарам — запатрабаваў для роднага краю самастойнасці.
Хаця паўстанне 1863–64 гг. і адбывалася ў агульным рэчышчы польскага вызваленчага руху, на абшарах былога Вялікага княства Літоўскага яно мела асобнае кіраўніцтва і свае нацыянальныя асаблівасці.
Сярод паўстанцаў амаль выключна — ураджэнцы беларуска-літоўскіх земляў. Нягледзячы на моцную спаланізаванасць, этнічнымі палякамі яны не былі.
Віленскае кіраўніцтва паўстання на чале з К. Каліноўскім вылучыла патрабаванне самакіравання, аўтаноміі для Літвы-Беларусі. Тым самым было пастаўлена пытанне аб аднаўленні беларускай дзяржаўнасці і, па сутнасці, зроблены першы крок да сучаснай незалежнасці краіны.
У першапачатковым плане прадугледжвалася далучэнне да паўстання расейскіх губерняў пад кіраваннем рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў з мэтай ліквідацыі самадзяржаўя.
Міжнародны характар руху і выключна важныя праявы ў ім беларускай ідэнтычнасці, што выявілася, найперш, у дзейнасці К. Каліноўскага і яго паплечнікаў, не дазваляюць беларускаму гісторыку лічыць "польскім паўстаннем" падзеі 1863–64 гг. па-за межамі Польшчы.
Разам з тым, не зусім слушнай трэба прызнаць і назву "паўстанне Каліноўскага". Паколькі К. Каліноўскі цягам трох з паловай месяцаў (з сакавіка да сярэдзіны чэрвеня 1863 г.) быў адхілены ад цэнтральнага кіравання ў Вільні, гэтая назва можа ўжывацца толькі ў папулярнай літаратуры і публіцыстыцы. У навуковых тэкстах варта па-ранейшаму прытрымлівацца класічнага азначэння "паўстанне 1863–1864 гг." як найбольш аптымальнага варыянта, які ўжо на працягу дзесяцігоддзяў ужываецца ў шматлікіх працах айчынных даследчыкаў.