Назад


БЕЛАРУСКАЕ ДОБРААХВОТНАЕ ТАВАРЫСТВА
АХОВЫ ПОМНІКАЎ ГІСТОРЫІ I КУЛЬТУРЫ
РЭСПУБЛІКАНСКІ САВЕТ
МІНСКІ АБЛАСНЫ САВЕТ Г. В. Кісялёў

На пераломе дзвюх эпох

Паўстанне 1863 года на Міншчыне Рэцэнзент
доктар гістарычных навук
М. I. Біч
Мінск
"Полымя"
1990

Паўстанне 1863 года з'явілася яркай старонкай ў гісторыі Беларусі, важнейшым этапам у барацьбе дэмакратычных сіл супраць царызму і прыгонніцтва. Побач з 1861 годам, калі была абвешчана сялянская рэформа, 1863 год складае пэўную храналагічную мяжу, як бы завяршаючы адну гістарычную эпоху і адкрываючы новую.

Падзеі паўстання былі надзвычай складаныя і неадназначныя. У ім удзельнічалі розныя сацыяльныя групы, кожная з якіх мела свой грамадскі ідэал. У вызваленчым рух.у таго часу на Беларусі і ў Літве, як і ў Польшчы, выдзяляліся дзве галоўныя плыні або, як тады казалі, партыі. Так званыя "чырвоныя" (безмаянтковая і дробнамаянтковая шляхта, інтэлігенцыя, разначынцы) выступалі за самыя рашучыя і актыўныя дзеянні, каб хутчэй дабіцца дэмакратычных свабод і вырашэння вострага нацыянальнага пытання (польскага, беларускага, літоўскага). "Белыя", звязаныя з ліберальна-памешчыцкімі коламі, баяліся страціць свае маёнткі і імкнуліся дамагчыся ўступак ад царызму шляхам дыпламатычных манеўраў. Аграрная праграма правага крыла "чырвоных", ужо не гаворачы пра "белых", была даволі абмежаваная. Афіцыйныя дакументы паўстання замацоўвалі за сялянамі толькі тую зямлю, якая ўжо была ў іх выкарыстанні, і абяцалі невялікія надзелы тым беззямельным, якія далучацца да паўстанцаў. Інтарэсы працоўных мас найбольш поўна прадстаўлялі рэвалюцыянеры-дэмакраты (левае крыло "чырвоных") на чале з Кастусём Каліноўскім. Ламаючы супраціўленне ўмеркаваных колаў, яны ўпарта і рашуча змагаліся за паглыбленне сацыяльнай базы паўстання, за рэалізацыю радыкальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай праграмы. Каліноўскі марыў развязаць магутную народную ініцыятыву, павесці паўстанне па шляху аграрнай рэвалюцыі. Выпушчаная ім "Паўстанцкая інструкцыя" патрабавала судзіць усенародным судом і сурова караць найбольш злосных памешчыкаў — прыгнятальнікаў народа.

Паказальна, што ў паўстанні і грамадска-палітычным руху, які яму папярэднічаў, актыўна ўдзельнічалі многія дзеячы беларускай культуры. Гэта пісьменнікі В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, Ф. Ражанскі, А. Абуховіч, Ф. Тапчэўскі, В. Каратынскі, Я. Вуль, А. Вярыга-Дарэўскі. З тымі падзеямі звязана ўзнікненне беларускага рэвалюцыйнага перыядычнага друку і публіцыстыкі — якраз тады з'явіліся першая беларуская газета "Мужыцкая праўда", цыкл вершаваных пракламацый "Гутарка двух суседаў" і інш.

Не выклікае ніякіх сумненняў цесная сувязь паўстання на Беларусі з аналагічнымі выступленнямі ў Літве і Польшчы, з агульнай рэвалюцыйнай сітуацыяй у Расіі. На баку змагароў 1863 года былі А. I. Герцэн і яго "Колокол", усерасійская рэвалюцыйная арганізацыя "Зямля і воля", інтэрнацыяналісцкі па свайму складу і духу "Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы". Баявым клічам паўстанцы абралі лозунг "За нашу і вашу свабоду!"

* * *

Рэвалюцыйны ўздым на Міншчыне*, як і на ўсёй Беларусі, пачаўся вясной 1861 года і праяўляўся ў розных формах. У адказ на абвяшчэнне грабежніцкай сялянскай рэформы разгарнуўся моцны сялянскі антыпамешчыцкі рух. Адначасова адбываліся палітычныя дэманстрацыі ў гарадах і мястэчках: публічна спяваліся патрыятычныя гімны, распаўсюджваліся рэвалюцыйныя адозвы і сімвалы і г. д. Гарады, і ў першую чаргу Мінск, змянілі свой выгляд. У грамадскай атмасферы адчувалася набліжэнне магутнай буры. У прыватным пісьме аднаго з жыхароў горада ў Маскву ў ліпені 1861 года гаварылася, што Мінск з ціхага і мілага гарадка ператварыўся ў хаос, храмы, дагэтуль мірныя, напоўніліся духам неўтаймаванасці: пастаянна чуюцца спевы буянай моладзі. У гэты ж час губернатар Келер даносіў міністру ўнутраных спраў: "Вярнуўшыся з С.-Пецярбурга, я знайшоў, што ў горадзе Мінску спяванне гэтае пашырылася яшчэ больш, што яно ўжо адбываецца і ў некаторых павятовых гарадах і мястэчках. Я атрымаў таксама звесткі, што паміж жыхарамі горада Мінска пашыраюцца пракламацыі і раздаюцца рэвалюцыйныя знакі...". Тады ж у жандарскіх данясеннях адзначалася, што многія мінскія канцылярысты і нават сёй-той з гімназічных настаўнікаў "удзельнічалі беспакарана ў спяванні рэвалюцыйных гімнаў, а кнігар Валіцкі, заўзяты патрыёт, гандлюе забароненымі кнігамі і партрэтамі рэвалюцыянераў".

Вышэйшых навучальных устаноў на Міншчыне ў той час не было, але студэнтаў сярод мясцовай моладзі ставала: прыязджаючы дамоў з Масквы, Пецярбурга, Кіева, магілеўскіх Горак, яны прыўносілі ў грамадскае жыццё краю нястрымную энергію, дух маладых шуканняў.

Мінск у XIX стагоддзі

Мінск у XIX стагоддзі

Актыўнай рэвалюцыйнай сілай сталі гімназісты (у той час вучні старэйшых класаў нярэдка былі ўжо дарослымі людзьмі). 16 лістапада 1861 года губернатар тэлеграфаваў у Пецярбург: "На заўтра вучні гімназіі рыхтуюць дэманстрацыі ў памяць рэвалюцыі 1831 г. Меры перасцярогі прыняты". Ён жа паведамляў віленскаму генерал-губернатару: "У гарадах Пінску і Слуцку палітычны рух свядомасці выяўляецца буянствам вучняў гімназій супраць начальствуючых над імі асоб, якія не спачуваюць цяперашняму настрою грамадскай думкі". Жандары непакоіліся: "Тады як у іншых заходніх губернях спыніліся адкрытыя нядобранамерныя заявы супраць урада, апрача хіба нашэння дамамі жалобы і сям-там канфедэратак і нацыянальных касцюмаў, у Мінску спяванне гімна працягваецца... Памешчыца Кіневіч напісала ў палітычны суд, які патрабаваў яе да адказу за ўдзел у рэвалюцыйным гімне, з'едлівую насмешку на скажонай беларускай гаворцы". Як бачна, нават некаторыя памешчыкі далучыліся да дэмакратычнага руху і загаварылі па-беларуску.

Абстаноўка накалялася. У чэрвені 1862 года адбылося сутыкненне жыхароў Мінска з казакамі. Ад тых бурлівых часоў да нас дайшла песня "Камароўка" на рускай мове з некаторымі мясцовымі асаблівасцямі:

Как однажды в ту субботу
Шло казаков целу роту,
            Окружили нас.
Окружили тесным строем,
Повели нас под конвоем
            Через Комаровку.
Там были крвавые битвы,
Там были крови пролиты
            Наших и врагов.

Песня даносіць запал першых баявых сутычак дэмакратычных сіл Мінска з царызмам.

Цікава, што аб гэтай падзеі, здавалася б, мясцовага значэння паведаміў усёй Расіі герцэнаўскі "Колокол" у спецыяльным артыкуле "Генерал-губернатар Кушалёў-Мінскі і перамогі яго", заснаваным на пісьме невядомага мінскага карэспандэнта. Беларусь, Мінск пастаянна былі навідавоку ў Герцэна, як і ў іншых рускіх рэвалюцыянераў. Яшчэ раней "Колокол" пісаў аб дзейнасці следчай камісіі генерала Мейера ў Мінску: "...Прыехаў гэты Мейер вышукваць нейкія спісы бунту, што рыхтуецца. Без разбору цягаюць у камісію і мужчын і жанчын усіх саслоўяў, потым, нічога не даведаўшыся і пасадзіўшы палову ў турму, адразу пераносіцца з усёй сваёй свалатою ў іншае нейкае месца, напрыклад, у Гайну — і там без разбору цягае ўсіх... Аднаго дня закрылі гімназію, студэнтаў разагналі, паслалі тайныя прадпісанні міравым пасрэднікам не прыймаць у валасныя пісары і сакратары студэнтаў з розных зачыненых устаноў...". ("Колокол" імкнуўся весці прамы дыялог з усімі куткамі велізарнай краіны, у тым ліку і з Мінскам. Прыводзячы факты здзекаў царскай адміністрацыі з беларускіх сялян, Герцэн пісаў: "Пажадана, каб мінскія чытачы "Колокола" паведамілі Рэдакцыі іншыя падрабязнасці; справа таго заслугоўвае".

Кастусь Каліноўскі. Лінагравюра М. Купавы

Кастусь Каліноўскі. Лінагравюра М. Купавы

Нелегальны друк, палымянае слова рэвалюцыйных дэмакратаў былі важным фактарам тагачаснага грамадска-палітычнага ўздыму. Вялікае значэнне ў гэтай барацьбе мела "Мужыцкая праўда" — родная сястра па духу бясстрашнага "Колокола". Выхаванец Мінскай гімназіі I. I. Гольц-Мілер з'явіўся адным з аўтараў надзвычай смелай рэвалюцыйнай адозвы "Маладая Расія", надрукаванай рускімі рэвалюцыянерамі ў маі 1862 года.

В. Дунін-Марцінкевіч.  Лінагравюра М. Купавы

В. Дунін-Марцінкевіч — беларускі пісьменнік, які знаходзіўся ў цэнтры культурна-грамадскага жыцця Мінска напярэдадні паўстання. Лінагравюра М. Купавы

У 1861–1862 гадах у Мінску і губерні ўзнікла падпольная паўстанцкая арганізацыя, якая ўваходзіла ў агульную рэвалюцыйную арганізацыю Літвы і Беларусі. Яна была неаднароднай па свайму складу. На першым этапе галоўную кіруючую ролю ў ёй адыгрывалі выключна прадстаўнікі дэмакратычных сіл — "чырвоныя": былы студэнт Маскоўскага універсітэта, паслядоўны рэвалюцыйны дэмакрат Антон Трусаў (дэманстрацыйна разгульваў па гораду ў простанародным адзенні, і пра яго гаварылі, што ён "прыняў на сябе не толькі вонкавую форму селяніна, але што і яго мэта і прапаганда імкнецца да дасягнення роўнасці ў класах народа"), малады афіцэр Ян Козел, які потым стаў бліжэйшым паплечнікам Кастуся Каліноўскага па Літоўскаму камітэту (так называўся віленскі галоўны цэнтр па падрыхтоўцы паўстання ў Літве і на Беларусі), дачка пісьменніка В. Дуніна-Марцінкевіча Каміла, выхаванец Горы-Горацкага земляробчага інстытута Карл Станкевіч, доктар Пятро Чакатоўскі і інш. Члены арганізацыі прапагандавалі ідэі паўстання, кіравалі патрыятычнымі дэманстрацыямі, рыхтавалі зброю і кадры для будучага выступлення, аказвалі дапамогу палітычным вязням і ссыльным. Паступова арганізацыя небывала характар стройнай сістэмы губернскіх, гарадскіх і павятовых органаў з падзелам на цывільныя і вайсковыя ўлады.

Асаблівае значэнне надавалася агітацыйнай рабоце сярод сялянства. Так, Антон Трусаў з гэтай мэтай адзін час уладкаваўся валасным пісарам у Барысаўскім павеце. У тым жа напрамку дзейнічаў у Навагрудскім павеце Вінцэсь Клімовіч, таксама валасны пісар, родам з сялян. (Між іншым, ён быў здольным музыкам, кампазітарам, сябрам беларускага пісьменніка Вінцэся Каратынскага.) Каміла Марцінкевіч адкрыла невялікую школу ў Гарадку пад Мінскам і актыўна распаўсюджвала там "небяспечныя" для царскіх улад ідэі. Напярэдадні паўстання шмат зрабіў для ўмацавання сувязей рэвалюцыйнай арганізацыі з сялянствам студэнт Кіеўскага ўніверсітэта Фелікс Клюкоўскі, які "пусціўся пешшу ў народ па Случчыне і Піншчыне. Адважны, кемлівы, ён дасканала валодаў народнаю моваю і ценем выслізгваў ад царскай паліцыі, спыняючыся ў корчмах або сялянскіх хатах, дзе смела вёў патрыятычную прапаганду...". Словам, як і Трусаў, гэта быў чалавек, чымсьці падобны на Каліноўскага.

10(22) студзеня 1863 года глыбокі грамадскі крызіс, рэвалюцыйная сітуацыя выліліся ў адкрытае паўстанне ў Польшчы. Беларусь і Літва не былі яшчэ гатовыя да ўзброенага выступлення, тым не менш Літоўскі камітэт на чале з Каліноўскім абвясціў сябе часовым урадам Літвы і Беларусі і заклікаў усіх прыхільнікаў паўстання да актыўных баявых дзеянняў.

Яшчэ ў канцы студзеня Міншчыну аб'ехаў пасланец Каліноўскага Ян Козел, які перад гэтым пабываў па даручэнні Літоўскага камітэта ў Пецярбургу і Маскве.

У авангардзе барацьбы ішлі найбольш чуйныя ў грамадскіх адносінах сацыяльныя пласты насельніцтва, а таксама тыя, каму не было чаго губляць. Бунтавалі, напрыклад, рабочыя металургічнага завода графа Храптовіча ў мястэчку Вішнева (былая Віленская губерня, цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці). Там актыўна прапагандавалася "Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага. Пра тыя дні ў тагачасным урадавым дакуменце гаварылася: "Насельніцтва цэлага мястэчка, асабліва класы майстравых і рамеснікаў, вельмі хвалююцца... Калі артылерыя праходзіла праз Ашмяны, то ў Вішневе хацелі сабраць шайку і зрабіць уначы напад, каб захапіць гарматы...".

Стала папулярнай "Мужыцкая праўда" і непасрэдна ў Мінскай губерні. На пачатку лютага 1863 года газета з'явілася ў вёсках Стараельня і Заполле Навагрудскага павета. Тады ж яе чытаў сялянам у Барысаўскім павеце і заклікаў іх да выступлення актыўны член рэвалюцыйнай арганізацыі прапаршчык Міхаіл Цюндзявіцкі, які быў схоплены ўладамі і 21 мая 1863 года па прыгавору ваеннага суда публічна расстраляны ў Мінску.

Падзеі нарасталі, як снежны камяк. Першыя баявыя дзеянні паўстанцаў на тэрыторыі Мінскай губерні звязаны з вядомым рэйдам атрада Рамана Рагінскага, што пасля бітвы пад Сямяцічамі на захадзе Гродзенскай губерні за 24 дні прайшоў 750 кіламетраў па паўднёвых паветах Гродзенскай і Мінскай губерняў. На першапачатковым этапе ў яго аперацыях прымаў удзел рэвалюцыянер-дэмакрат, аднадумец Каліноўскага Станіслаў Сангін (загінуў у баі). Дзёрзкім налётам паўстанцы ўзялі Пружаны, падышлі да Пінска, адтуль павярнулі на Слуцк. Але 15 лютага атрад быў разбіты карнікамі каля вёскі Боркі на мяжы Слуцкага павета (цяпер Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці), а Рагінскага праз некалькі дзён схапілі ў старажытным Тураве (тагачасны Мазырскі павет) і саслалі на катаргу.

Заўчасным аказалася і выступленне Ю. Бакшанскага i К. Навакоўскага (псеўданім Свенталдыч). Юльян Бакшанскі — рэвалюцыянер-дэмакрат, ветэран вызваленчага руху, яшчэ ў 1847 годзе быў сасланы ў Сібір за напісаную ім палымяную, вельмі радыкальную адозву "Да смаргонскіх сялян". У 1858 годзе ён вярнуўся на радзіму не толькі не зломленым, а, наадварот, яшчэ больш загартаваным у сваёй нянавісці да царызму. На заклік Каліноўскага разам з Навакоўскім арганізаваў невялікі атрад у Ашмянскім павеце і перайшоў з ім у Віленскі1. 21 сакавіка ў вёсцы Свечкі на паўстанцаў напала рота Новаінгерманляндскага палка пад камандаваннем царскага палкоўніка. Некалькі мужных змагароў, у тым ліку Бакшанскі, загінулі, атрад рассеяўся. Забітыя пахаваны на могілках у вёсцы Плябань (Красненскі сельсавет Маладзечанскага раёна). На старым помніку выбіты прозвішчы: Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі.

Паводле ўспамінаў аднаго з настаўнікаў Мінскай гімназіі, пад Свечкамі загінуў таксама гімназіст VII класа Сулістроўскі. Яго таварышы па вучобе з вялікім хваляваннем сустрэлі гэтую вестку і не прышлі ў той дзень на заняткі. Многія з іх апынуліся пасля ў паўстанцкіх шэрагах.

Ян Козел

Ян Козел

Вінцэнт Козел

Вінцэнт Козел

Цікава, што да атрада Бакшанскага спрабавалі далучыцца маладыя рускія рэвалюцыянеры з Пецярбурга — Л. Самарын і М. Бякенеў. Адзін з іх быў перахоплены паліцыяй у Вільні, другі — у Вілейцы.

У далейшым барацьбу ў Вілейскім павеце ўзначаліў малады афіцэр Вінцэнт Козел, брат ужо згаданага Яна Козела (абодва родам з Вілейшчыны, з маёнтка Сэрвач). Як і Ян, Вінцэнт належаў да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Прызначаны ў 1863 годзе ваенным кіраўніком роднага павета, ён энергічна ўзяўся за справу, шырока прапагандаваў сярод насельніцтва праграмныя дакументы паўстання. Яго дзейнасць знаходзіла гарачы водгук у Мінску. У тагачасных успамінах адзначана: "Ужо кружылі па горадзе пагалоскі пра ўзнікненне ў Вілейскім павеце, сумежным з Мінскам, партыі паўстанцаў пад камандаваннем Вінцэнта Козела. Гэта партыя, з'яўляючыся ў Лукаўцы і Даўгінаве, пракрадвалася лясамі на паграніччы Барысаўскага павета. Шмат хто ў Мінску меў у ёй сваякоў і знаёмых і моцна цікавіўся яе лёсам". Групу інсургентаў з Барысаўскага павета прывёў да Козела член ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі штабс-капітан Мельхіёр Чыжык (сын настаўніка з Мінска).

Атрад Козела сфарміраваўся ў аколіцах Дзвінасы і Радашковічаў і налічваў больш за 200 чалавек. Спачатку карнікі без выніку спрабавалі выцесніць яго з Дзвінаскіх лясоў. Сюды было кінута некалькі рот з Мінска, Барысава, Свянцян і Вілейкі пад агульным камандаваннем палкоўніка Гала. Атрад перабраўся ў густы лес каля вёскі Зацемень.Частку байцоў павёў Чыжык, з астатнімі Козел 16 мая прыняў бой пад Уладыкамі (зараз у Вілейскім раёне). Паўстанцы трапілі ў акружэнне. Адбылася сапраўдная бойня. Мала каму ўдалося вырвацца жывым. Многіх забілі, шмат хто патануў у рацэ Іліі. Вінцэнт Козел з 68 таварышамі быў пахаваны ў лесе за паўкіламетра на поўдзень ад вёскі Уладыкі. Па іншых звестках, ахвяр было нават куды больш. Дарэчы, і карнікі панеслі немалыя страты. Па афіцыйных даных, забіта 10, паранена 34 салдаты, з іх 4 неўзабаве памерлі. Выходзіць, паўстанцы нават у адчайным становішчы мужна бараніліся. Палонных "мяцежнікаў" (пераважна параненых) даставілі ў Мінск, як звычайна, да губернатарскага дома. Уцалелых паўстанцаў сабраў Чыжык і далучыўся пасля да Ігуменскага атрада Станіслава Ляскоўскага.

Праз некалькі дзён пасля гібелі Козела на Вілейшчыну са Свянцянскага павета прывёў свой атрад (дзве сотні людзей) Густаў Чаховіч, былы афіцэр рускай арміі, які дзейнічаў пад псеўданімам Астоя. Начальнікам штаба быў яго малодшы брат Лявон, таксама афіцэр, удзельнік пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі. Паўстанцаў, што накіроўваліся ў Любаньскія лясы, 24 мая ў адкрытым полі каля вёскі Любкі непадалёк ад Іжы сустрэлі царскія войскі.

Карнель Пелікша

Карнель Пелікша

Нягледзячы на стомленасць пасля маршу і нязручную пазіцыю, байцы ўпарта трымаліся некалькі гадзін. Не раз даходзіла да рукапашнай. Дзве атакі адбілі касінеры (сяляне і іншы просты люд, узброеныя косамі, адпаведным чынам прыстасаванымі) пад кіраўніцтвам Кастуся Касцялецкага, які загінуў ў баі. Густаў Чаховіч з рэшткамі атрада вярнуўся ў Свянцянскі павет. Частку людзей, што адарваліся ад асноўных сіл, павёў на поўнач, у Дзісенскі павет, Лявон Чаховіч. (Мабыць, з боем пад Любкамі трэба звязваць помнік 18 забітым паўстанцам у вёсцы Куранец Вілейскага раёна).

Пакуль што гаворка ішла пра дзеянні асобных груп і атрадаў на ўскраінах Міншчыны. Агульнае ж узброенае выступленне ў губерні прызначалася на красавік 1863 года. Гэтаму папярэднічалі важныя змены ў паўстанцкай арганізацыі Беларусі і Літвы. Баючыся страціць свой уплыў на развіццё падзей, да паўстання далучыліся ўмеркаваныя элементы — "белыя", якім удалося нават на даным этапе захапіць кіруючую ўладу. Тым не менш аснову, баявую сілу арганізацыі па ранейшаму складалі дэмакраты (А. Трусаў, С. Ляскоўскі і інш.). Сярод новых дзеячоў паўстання многія былі баластам, а то і прамымі сабатажнікамі, але трапляліся і энергічныя, сумленныя людзі. Значным аўтарытэтам карыстаўся Карнель Пелікша, які атрымаў у паўстанцкай арганізацыі пасаду губернскага цывільнага начальніка — "ваяводы". Як гаспадар добра ўпарадкаванага маёнтка і філантроп, ён лічыўся сваім чалавекам нават у губернатара і добра ведаў усе планы царскіх улад, што было надзвычай карысна для агульнай справы барацьбы. Між іншым, вядома, што Пелікша ў перыяд паўстання жыў у доме Ваньковіча на Валошскай вуліцы ў Мінску. Цяпер дом Ваньковіча на сённяшняй Інтэрнацыянальнай рэстаўруецца, і ў недалёкім будучым там размесціцца музей беларускай культуры першай паловы XIX стагоддзя.

Баляслаў Свентаржэцкі

Баляслаў Свентаржэцкі

Досыць энергічна дзейнічаў на першым этапе губернскі паўстанцкі камісар Баляслаў Свентаржэцкі, выхаванец Пецярбургскага універсітэта. Мінчане даволі арганізавана выступілі супраць царызму, хоць шчырых дэмакратаў не магла не трывожыць відавочная сувязь шэрагу кіраўнікоў з класам землеўласнікаў (Свентаржэцкі таксама быў калі не ўладальнікам, дык саўладальнікам — разам з бацькам — буйнога маёнтка ў Ігуменскім павеце). Адзінства ў паўстанцкім лагеры, вядома, было ілюзорным. Дэмакраты слушна наракалі, што "белыя" — нядаўнія праціўнікі паўстання — "нікога, апрача бліжэйшага акружэння, не здолелі павесці за сабой; не толькі да селяніна не маглі падысці, для іх была недаступна нават засцянковая шляхта".

Забягаючы наперад, адзначым, што ўлетку 1863 года "чырвоныя" на чале з Каліноўскім зрабілі новы "пераварот" у кіраўніцтве паўстаннем, стварылі ў Вільні так званы "Чырвоны жонд". Прыкладна ў гэты час Свентаржэцкага на пасадзе губернскага камісара змяніў Міхаіл Аскерка (па прафесіі ўрач, падтрымліваў сувязь з Каліноўскім). Увосень Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка Іосіфа Яманта, які разам з Аскеркам рэарганізаваў мясцовую паўстанцкую адміністрацыю. Асабліва правадыра цікавіла "меркаванне ваяводскага кіраўніцтва наконт сродкаў, якія схілілі б сялян да мяцяжу". Але многае да гэтага часу было ўжо ўпушчана.

Асноўныя сілы паўстанцаў склалі дэмакратычныя пласты гарадскога насельніцтва: рамеснікі, навучэнцы, канцылярысты, вайскоўцы і г. д. Як правіла, спрыяла барацьбе таксама дробная шляхта. Сяляне Мінскай губерні, як і ўсёй Беларусі, не занялі адзінай пазіцыі: некаторыя падтрымлівалі паўстанцаў, нават папаўнялі іх рады; іншыя не разумелі мэтаў выступлення, ставіліся да яго варожа, памагалі карнікам; трэція захоўвалі, можна сказаць, нейтралітэт. У адказ на агітацыю за паўстанне нярэдка чуліся словы: "Няхай бог таму памагае, хто для нас будзе добры". I ўсё ж меў рацыю ўдзельнік тых падзей на Міншчыне Вацлаў Кошчыц, калі надзвычай высока ацаніў заслугі сялян у паўстанні: "Паведаміць што-небудзь атраду, даставіць каго або схаваць, здабыць харчы, высачыць рух царскіх войск — усё гэта рабілі амаль выключна сяляне, таму што астатнія баяліся... Калі б паняцце нянавісці да паўстання было агульным у народзе, то яно нават 48 гадзін не магло б існаваць". Нельга не пагадзіцца з гэтымі словамі.

Агульны план узброенага выступлення, прызначанага на 19 красавіка (1 мая па новаму стылю), распрацаваў паручнік Станіслаў Ляскоўскі, ураджэнец Мінскай губерні, які напярэдадні паўстання вучыўся ў Артылерыйскай акадэміі ў Пецярбургу і належаў да рэвалюцыйнай арганізацыі Серакоўскага–Дамброўскага, звязанай з "Зямлёй і воляй". Паводле сведчання сучасніка, "малады Ляскоўскі адыграў у Мінску тую ж ролю, што і Серакоўскі ў Жэмайціі".

Міхаіл Аскерка

Міхаіл Аскерка

Вырашана было дзейнічаць уздоўж чатырох паштовых трактаў: Віленскага, Барысаўскага, Бабруйскага і Нясвіжска-Слуцкага.

19 красавіка па загаду арганізацыі некалькі сотняў маладых мінчан тайком выйшлі з горада на загадзя намечаныя зборныя пункты. Паўстанне стала фактам.

У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве СССР у Ленінградзе захоўваецца надзвычай цікавая, яшчэ не апублікаваная перапіска паміж мінскім архіепіскапам Міхаілам і обер-пракурорам свяцейшага сінода генералам Ахматавым у сувязі з пачаткам выступлення на Міншчыне і яго дэмакратычным, інтэрнацыянальным характарам. 3 мая ўладыка Міхаіл данёс:

"Дужа несуцяшальныя звесткі аб нашай старане паведамляю вашаму правасхадзіцельству.

Група членаў пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі

Група членаў пецярбургскай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі.
Сядзіць у цэнтры Я. Дамброўскі, стаяць мінчане — першы справа В. Міладоўскі,
другі — С. Ляскоўскі, трэці — В. Каплінскі

З 19-га мінулага красавіка мяцеж у Мінскай губерні праявіўся скрозь. З таго дня публічна сталі выходзіць з горада Мінска рознага звання маладыя людзі, а менавіта: гімназісты, клерыкі каталіцкай семінарыі, чыноўнікі, рамеснікі-чаляднікі, разначынцы і нават некалькі вайскоўцаў. На вялікі жаль, за імі следам пайшлі і некалькі праваслаўных...". Важны пецярбургскі саноўнік не паверыў: "...Якія ж праваслаўныя маглі пайсці за імі — гэтага не разумею. З якою мэтай маглі далучыцца да ворагаў сваёй царквы і сваёй айчыны. Чаго могуць яны чакаць ад іх! Чаго спадзявацца!.. Ці няма тут памылкі!".

Не — памылкі не было. У шэрагах беларускіх паўстанцаў знайшлося месца ўсім, хто прагнуў свабоды і справядлівасці, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання.

Вернемся аднак да памятнай у гісторыі Мінска ночы 19 красавіка.

Найбольш дабравольцаў сабралася за Камароўкаю, каля Халяўшчыны, пад камандай Антона Трусава (прыняў псеўданім Цітус). Да яго далучыліся некалькі груп, якімі кіравалі дробны мінскі чыноўнік Васіль Канапацкі, вучань землямерна-таксатарскіх класаў пры Мінскай гімназіі Ціт Красоўскі і інш. Тут знаходзіліся адстаўны юнкер Стэфан Пянькевіч, шавец Вяржбіцкі, гімназіст выпускнога класа Павел Захараў, вучань збраёвага майстра Міхаіл Іваноўскі (прывёў у атрад нямала рамесніцкай моладзі), былы драгун царскай гвардыі Іван Жмачынскі. Трусаў не стамляўся паўтараць, што ворагам сваім змагары за свабоду павінны лічыць не рускі народ, а царскі ўрад.

Паўстанцкая арганізацыя загадзя паклапацілася аб зброі і харчаванні для байцоў. Як расказваецца ў цікавай брашуры "З крывавых дзён", надрукаванай у 1889 годзе ў Кракаве (мяркуюць, яе аўтарам быў беларускі пісьменнік Янка Лучына), згаданую групу Канапацкага, якая выйшла на зборны пункт за Залатой Горкай, чакала за горадам у Сляпянскім лесе падвода з харчамі, стрэльбамі, пісталетамі, палашамі. Зброю падзялілі, кожнаму дасталося па 10 зарадаў. Да таго ж 8 дубальтовак забралі ў маёнтку Сляпянка.

Паўстанцы ўяўлялі ўжо нейкую сілу, але супраць рэгулярных часцей усё-такі былі занадта слабыя.

28 красавіка атрад Трусава разбілі карнікі каля вёскі Пятровічы (цяпер Смалявіцкі раён). Паводле аднаго з апісанняў, бой доўжыўся 3 гадзіны. Інсургентаў рассеялі, многія склалі галаву або трапілі ў палон. Са 130 чалавек засталося не болей дзевяці дзясяткаў. Рэшткі байцоў, вытрымаўшы 30 красавіка сутычку з царскімі войскамі каля вёскі Сіняло (зараз Мінскі раён), далучыліся праз некаторы час да Ігуменскага атрада Ляскоўскага.

Жыхароў Мінска, што сабраліся 19 красавіка каля Прылук па Койданаўскім тракце, спачатку ўзначаліў былы афіцэр Ян Пілечка (псеўданім). Паўстанцы забралі коней і павозкі на Прылуцкай паштовай станцыі і, папаўняючы свае рады, рушылі на Вязань, Станькава, Неўзабаве камандаванне прыняў ваенны начальнік Мінскага павета, адстаўны вайсковец і мясцовы землеўласнік Павел Дыбоўскі (псеўданім Зарэмба). Вырашана было затаіцца ў пушчы каля Цялякава, дзе пралягаў Слуцкі ваенны тракт, і чакаць прыбыцця Слуцкага атрада, але неўзабаве высветлілася, што ён разбіты.

Выбар Дыбоўскага камандзірам аказаўся няўдалым. Гэты чалавек меў пэўныя заслугі перад вызваленчым рухам (у маладосці ссылаўся нават радавым на Каўказ пад кулі горцаў), але на паўстанне глядзеў як на своеасаблівую дэманстрацыю, не прапагандаваў яго ідэй сярод народа. Па сутнасці ён не хацеў ваяваць і не жадаў нават падначальвацца загадам кіраўнікоў выступлення.

Важным падмацаваннем для атрада Дыбоўскага было прыбыццё кадравых вайскоўцаў — членаў рэвалюцыйнай арганізацыі Люцыяна Рамішэўскага і Фёдара Ельчанінава. Маладыя афіцэры ўцяклі 19 красавіка са сваёй часці ў Радашковічах і пасля многіх прыгод апынуліся ў атрадзе Дыбоўскага, дзе атрымалі ўзводы. Асабліва шмат цікавага вядома пра інтэрнацыяналіста Ельчанінава (псеўданім Гарап), які вызначаўся мужнасцю і знаходлівасцю. Першакрыніцы расказваюць, напрыклад, што ў адным з баёў ён пратрубіў наступаючым царскім салдатам сігнал адступлення, прымусіўшы іх такім чынам адысці.

Але часцей адступаць і нават уцякаць даводзілася паўстанцам. 2 мая 1863 года, дэмаралізаваныя Дыбоўскім, яны кінулі пазіцыі пад Валяр’янамі (першым гэта зрабіў камандзір), і дарэмна ўзводныя спрабавалі іх утрымаць. Праўда, назаўтра многія сабраліся зноў.

Праз некаторы час падышла група дабравольцаў з-пад Ракава пад кіраўніцтвам Апалінара Свентаржэцкага — былога пецярбургскага студэнта-медыка, нейкага сваяка губернскага камісара. Ён пакінуў цікавыя ўспаміны, апрацаваныя і выдадзеныя ў 1911 годзе ў Вільні З. Кавалеўскай. Там ёсць удзячныя радкі пра дапамогу ў арганізацыі групы, атрыманую паўстанцамі ў Люцынцы Дуніна-Марцінкевіча. Можна сказаць, якраз з Люцынкі пачалося ўзброенае выступленне ў Ракаўскай акрузе.

У атрадзе Дыбоўскага знаходзіўся таксама мінчанін Вацлаў Кошчыц (сапраўднае прозвішча Валерый Валодзька), нядаўні вайсковец. Пасля паўстання будаваў масты ажно ў Турцыі і напісаў шэраг твораў пра падзеі, удзельнікам і сведкам якіх яму давялося быць, у тым ліку выдатныя "Успаміны з паўстання 1863 года ў Мінскай губерні" (1875), дзе расказаў пра ўтварэнне і дзейнасць атрада, пра загадкавага Яна Пілечку (магчыма, гэта сам мемуарыст).

Далейшы лёс атрада Мінскага павета складваўся драматычна. Бачачы няздольнасць Дыбоўскага узначальваць барацьбу, паўстанцкія ўлады аднялі ў яго камандаванне, і ён у чэрвені самавольна распусціў байцоў, за што быў сурова асуджаны рэвалюцыйным судом.

Пятро Чакатоўскі

Пятро Чакатоўскі

Засталося два дзясяткі паўстанцаў, якія цэлы месяц туляліся ў лясах. Потым новых людзей сабраў Люцыян Рамішэўскі (псеўданім Рушчыц), прызначаны замест Дыбоўскага ваенным кіраўніком павета.

У жніўні ў атрад прабраўся рэвалюцыйны камісар губерні Аскерка, які раней быў камісарам у Магілёве і з'явіўся ў Мінску пасля ўцёкаў за мяжу Баляслава Свентаржэцкага. Рамішэўскі атрымаў загад злучыцца з Ляскоўскім і рушыў на Гарэлец паўз Навасёлкі. Па дарозе паўстанцы паспяхова адбілі напад карнікаў, пераправіліся праз Пціч і зніклі пад самым носам батальёнаў генерала Русінава, якія ішлі з Ігумена. Злучыцца з Ляскоўскім так і не ўдалося, а праз пару тыдняў гэты атрад быў канчаткова распушчаны.

Самым моцным і баяздольным атрадам Мінскай губерні лічыўся Ігуменскі, які ўзначальваў Станіслаў Ляскоўскі (псеўданім Собэк). Ядро яго сфарміравалася яшчэ 17 красавіка ў Багушэвічах — маёнтку Свентаржэцкага. Адным з першых сюды прыбыў адстаўны штабс-ротмістр Гектар Карказовіч. У сельскім праўленні Свентаржэцкі сарваў са сцяны царскі партрэт, зачытаў "друкаваны маніфест, аб'явіў, каб не плаціць ніякіх падаткаў і не даваць рэкрута і што зямлю ён дорыць сялянам". Усе ж кнігі і паперы ў канцылярыі паўстанцы знішчылі. Адсюль яны адправіліся ў Ляды, злучыўшыся з Ляскоўскім, які па дарозе ў атрад, дарэчы, ледзь не трапіў у бяду, бо быў арыштаваны выпадкова сустрэтымі царскімі афіцэрамі і давялося яго вызваляць. У Лядах (зараз Чэрвеньскі раён) Ляскоўскі аб'явіў сябе камандзірам. З паўстанцамі застаўся і камісар Свентаржэцкі, таму Ігуменскі атрад часта называлі таксама "партыяй Свентаржэцкага".

Шэрагі байцоў няспынна папаўняліся. У аколіцы Французская Грэбля на Пухаўшчыне прымкнула трупа з Ігумена (каля 35 чалавек). Некалькі груп далучылася ў Суціне: з Мінска — пад кіраўніцтвам Ю. Сушчэвіча, у асноўным гімназісты, выйшлі 19 красавіка на зборны пункт у Лошыцы; са Слуцка — вёў людзей настаўнік Л. Дамброўскі, і інш.

Атрад быў падзелены на ўзводы, зроблены ўмацаванні. Гэта дазволіла доўгі час стрымліваць націск царскіх войск. Камандзір казацкай сотні 26 красавіка даносіў свайму начальству: "...З гэтага боку Суціна я знайшоў мост раскіданым і з бярвёнаў і маставой насцілкі складзена нешта накшталт рэданта, а на самым беразе рэчкі насыпаны вал, каб абстрэльваць вугал рэданта і ўвесь даволі глыбокі брод; наогул цяжкадаступная балотная мясцовасць размяшчэннем маставых прыкрыццяў да таго ўмацавалася, што ўзяць яе адной пяхотай без значнай страты было немагчыма".

Менш паспяховай для паўстанцаў стала сутычка пад Лядамі 29 красавіка, дзе карнікам удалося захапіць абоз інсургентаў.

9 мая 1863 года адбыўся жорсткі бой за некалькі вёрст ад вёскі Юравічы (зараз у Чэрвеньскім раёне). У рапарце камандзіра царскіх войск адзначалася, што адшукаць паўстанцаў было надзвычай цяжка, бо Ляскоўскі "ўвёў у шайцы (так у дакументах карнікаў называліся паўстанцы — Г. К.) парадак і дысцыпліну, строга караючы парушальнікаў, прывучыў паўстанцаў здымацца з пазіцыі за некалькі хвілін; займаючы ж для начлегаў заўсёды самыя непраходныя лясы, ён захоўвае найвялікшыя перасцярогі".

А вось рапарт камандуючага царскімі войскамі ў Ігуменскім павеце падпалкоўніка Чурскага непасрэдна пра бой у Юравічах, які трэба лічыць адной з галоўных аперацый 1863 года на Міншчыне:

"Камандуючы атрадам з 3-х рот Вялікалуцкага палка і 50 казакоў маёр Грыгор'еў 10-га чысла гэтага мая данёс, што 9-га чысла а 3-яй гадзіне апоўдні ён дагнаў за 5 вёрст ад вёскі Юравічы шайку Свентаржыцкага, дзе мяцежнікі зрабілі завалы з тоўстых ссечаных дрэў, з-за якіх пры нападзе на іх біліся на смерць, кожны завал трэба было браць прыступам. Жорсткі бой працягваўся 2 гадзіны, пасля якога мяцежнікі (іх, паводле меркавання маёра Грыгор'ева, было да 400 чалавек) кінуліся бегчы ў розныя бакі. Атрад гнаўся за імі больш за 2 вярсты. Надыход вечара прымусіў спыніць праследаванне.

У гэтым дзеле забіта мяцежнікаў у саміх завалах 19, узята ў палон раненых 5, аб колькасці забітых і параненых пры праследаванні яшчэ невядома; з нашага боку забіты Вялікалуцкага палка падпаручнік Іваноў, ніжніх чыноў 9, цяжка параненых 23, з іх памерла 3, лёгка параненых 9, з іх 5 паступіла ўжо ва фронт, кантужаных 2, цяжка паранены казак 1 (памёр), кантужаны 1.

10-га чысла прывезена а 8-ай гадзіне вечара ніжніх чыноў 23; з іх 1 памёр.

11-га чысла з'явіліся да мяне трое параненых інсургентаў з партыі Свентаржэцкага, што разам з ім уцяклі і потым, бо не маглі за ім ісці, адпушчаны Ляскоўскім, якія паказваюць, што ў партыі іх у часе бою было 120 чалавек. Пасля ж спынення бою іх сабралася 30 чалавек, начавалі вярстах у трох ад месца бітвы і назаўтра накіраваліся на Раванічы..."

Такім чынам, гэты дакумент сведчыць аб мужнасці і баявым майстэрстве паўстанцаў Ляскоўскага, аб досыць вялікіх стратах царскіх войск, хоць урэшце рэшт высвятляецца, што інсургентаў ўдзельнічала ў баі не так ужо шмат. Забітыя паўстанцы і салдаты былі пахаваны ў Юравічах.

Поспехі атрада Ляскоўскага прыцягвалі ў яго шэрагі новых валанцёраў. У канцы мая свежую трупу, сфарміраваную ў Мінску, прывёў Ваньковіч-Леліва. Па некаторых звестках, праз некалькі дзён той жа ўвішны Леліва з’явіўся ў атрад з новым! людзьмі з горада.

Сітуацыя ў Мінскай губерні, у першую чаргу на Ігуменшчыне, хвалявала галоўнага душыцеля паўстання, усемагутнага царскага сатрапа, генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва-Вешальніка, які з Вільні кіраваў усімі карнымі аперацыямі. У другой палове мая ён прызначае ў Мінск часовым ваенным губернатарам з вялікімі паўнамоцтвамі генерала Забалоцкага. Аб "звярынай лютасці" апошняга пісаў у свой час А. I. Герцэн. Камандаваць войскамі ў Ігуменскім павеце замест падпалкоўніка Чурскага даручылі вопытнаму генералу Русінаву.

Атрад Ляскоўскага хаваўся гады ў Багушэўскай і суседніх путчах, пераходзячы часам за Бярэзіну ў Барысаўскі павет. Улады сцягнулі сюды, пад каманду генерала Русінава, амаль усе войскі, што былі ў Мінскай губерні. Варожае кола замкнулася ў Багушэўскай пушчы. Як успамінае сучаснік, вырвацца з акружэння дапамог селянін, якога карнікі ўзялі ў якасці правадніка. Падзяліўшыся на некалькі дробных груп, паўстанцы ўдала выйшлі з-пад удару царскіх салдат. Вось што паведамлялася пра гэта лаканічнай вайсковай моваю ў журнале ваенных дзеянняў з 27 мая па 18 чэрвеня: "9-га а 6-ай гадзіне раніцы пачаўся канцэнтрычны рух у пушчу, дзесяццю ротамі, з Раванічаў, Дубаўручча, Юравічаў, Мікулічаў. На працягу 14 гадзін няспыннай і стамляючай хады абшукана большая частка лесу. Шмат было слядоў, сустракаліся пакінутыя бівакі, трапляліся нават непатушаныя вогнішчы з яснымі прыкметамі нядаўняга знаходжання мяцежнікаў, але шайкі не адкрыта".

Частка паўстанцаў на чале з Ляскоўскім пры выхадзе з акружэння наткнулася на атрад карнікаў пад камандай падпалкоўніка Жукава. 13 чэрвеня адбыўся бой у густым лесе каля фальварка Лочын (цяпер Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці). Страты паўстанцаў склалі: 4 забітых, 1 ранены i 18 палонных. Пасля бою затрымана яшчэ 10 інсургентаў, у тым ліну Гектар Карказовіч.

Уладам здавалася, што ўсё скончана. У журнале ваенных дзеянняў па Мінскай губерні з 18 чэрвеня па 1 ліпеня адзначалася: "Няспынныя рухі атрадаў, зробленыя ў першай палове чэрвеня, мелі вынікам калі не канчатковае знішчэнне, то поўнае рассеянне шаек Свентаржэцкага, Карказовіча (узятага пасля бою 13 чэрвеня ў палон) і Ляскоўскага... Некаторыя з мяцежнікаў праз адну адсутнасць ежы ўжо дабравольна аддаліся войскам і сялянам для прадстаўлення іх мясцоваму начальству. Так зрабіў адзін з прадвадзіцеляў Гектар Карказовіч... Ды і сам Баляслаў Свентаржэцкі, як відаць з апошніх вельмі верагодных паказанняў аднаго селяніна, што размаўляў з ім, даведзены да такога становішча, пры якім думка аб самагубстве не раз мусіла западаць яму ў галаву. Што ж да Ляскоўскага, то ён нібы знік з выбранай ім для сваёй злачыннай дзейнасці арэны".

Адносна Свентаржэцкага царскі дакумент не памыляўся: ён-такі не вытрымаў цяжкасцей партызанскай вайны і адразу пасля апісаных падзей уцёк за мяжу. Але ва ўсім астатнім спадзяванні ўлад былі марныя. Заставаліся яшчэ Ляскоўскі, Трусаў, некалькі дзясяткаў загартаваных у баях і паходах байцоў. Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і 23 ліпеня паблізу вёскі Валадута людзі Ляскоўскага захапілі ў палон царскага генерала Грунта — начальніка 3-яй рэзервовай дывізіі. Ён быў адпушчаны пад слова гонару, што не стане ваяваць з інсургентамі.

Ішлі тыдні і месяцы, а паўстанне ўсё не сціхала. 7 кастрычніка 1863 года Мураўёў незадаволена пісаў губернатару Забалоцкаму:

"Бачачы з рапарта вашага правасхадзіцельства ад 3 кастрычніка за №2192, што мяцежнікі яшчэ знаходзяць прыстанак у некаторых паветах Мінскай губерні, а асабліва ў Ігуменскім, прашу зрабіць строгую заўвагу генералу Русінаву і прадпісаць яму абавязкова знішчыць гэтыя шайкі, прычым ці не знойдзеце патрэбным прызначыць іншага ваеннага начальніка Ігуменскага павета, на месца генерала Русінава. Прашу ваша правасхадзіцельства прыняць рашучыя захады, каб спыніць мяцежнікам усе сродкі харчавання, і ўжываць сельскую варту для канчатковага ачышчэння паветаў ад гэтых валацуг".

На пачатку лістапада 1863 года магілёўскі губернатар Беклемішаў атрымаў звесткі, што атрад Ляскоўскага ў колькасці 70 чалавек хаваецца ў лясах за 30 вёрст ад межаў Магілёўскай губерні. 12 лістапада ён заклапочана пісаў Мураўёву, што "існаванне гэтай шайкі... тым небяспечней, што пры пэўных акалічнасцях яна можа паслужыць ядром для больш значнай банды і выклікаць новыя беспарадкі на мяжы Магілёўскай губерні, чаму спрыяе і мясцовасць, пакрытая лясамі і балотамі".

Па загаду Мураўёва супраць паўстанцаў зноў накіраваліся войскі з боку Мінска і Магілёва. К зіме апошні атрад змагароў за свабоду народа на Беларусі быў распушчаны, хаця асобныя ўдзельнікі выступлення трымаліся ў мінскіх лясах значна пазней. Напрыклад, Васіль Канапацкі, які распачынаў паўстанне разам з Антонам Трусавым 19 красавіка 1863 года, здаўся ўладам толькі ў кастрычніку 1866 года.

Варта сказаць крыху і пра падзеі ў іншых паветах губерні.

На Случчыне ўзброенае выступленне ўзначаліў адстаўны штабс-капітан рускай арміі Уладзіслаў Машэўскі, на якога кіраўнікі паўстання ўскладалі вялікія надзеі. Аднак шмат зрабіць ён не паспеў. Атрад Машэўскага з 50 чалавек, сфарміраваны 19 красавіка каля сяла Галынка, рушыў на фурманках у Ігуменскі павет, каб далучыцца да іншых. Удала прайшоў праз Грэск. Па дарозе паўстанцы ссякалі тэлеграфныя слупы, ірвалі правады, забралі зброю ў маёнтку князя Радзівіла. Раніцой 21 красавіка пад час адпачынку ў лесе каля вёскі Азярцы Ігуменскага павета (мабыць, гэта тыя, што цяпер у Гацукоўскім сельсавеце Слуцкага раёна) на іх напалі царскія войскі пад камандай падпалкоўніка Драгапулы. У самым пачатку бою Машэўскі быў забіты, калі прыкрываў адыход сваіх таварышаў. Тады ж смяротна раніла Фелікса Клюкоўскага (пра яго ўжо гаварылася). Застаўшыся без камандзіраў, паўстанцы не змаглі арганізаваць супраціўленне. I страты панеслі немалыя: трое забітых на месцы, 11 раненых, 24 узятых у палон. "...З нашага боку забіты казак і памёр ад ран гарніст, ды забіты конь пад казаком, — паведамляў у Пецярбург губернскі жандарскі афіцэр Рэйхарт. — Раненыя i палонныя дастаўлены ў Слуцк. Пры тым узята ў мяцежнікаў: увесь абоз, 73 стрэльбы, пісталеты, шаблі, косы, пораху да 2-х пудоў і іншага рознага ваеннага рыштунку". Пасля гэтага паражэння буйных узброеных выступленняў на Случчыне ўжо не здаралася.

Што ж адбывалася ў Навагрудскім павеце? Павятовы камісар доктар Уладзіслаў Барзабагаты меў за плячыма немалы вопыт рэвалюцыйнай работы, яшчэ ў 1849 годзе быў выключаны з Мінскай гімназіі за антыўрадавую дзейнасць. Аднадумец Каліноўскага, ён рашуча адстойваў народныя інтарэсы і патрабаваў экспрапрыяцыі памешчыкаў. Паўстанцкім ваенным начальнікам Навагрудскага (а таксама Слуцкага і Пінскага) паветаў стаў нядаўні падпалкоўнік Генеральнага штаба Станіслаў Алендскі, які, паводле ўласных паказанняў, у канцы сакавіка 1863 года ўдзельнічаў у Вільні ў важнейшым ваенным савеце падпольшчыкаў, дзе выпрацоўваліся стратэгічныя планы баявых дзеянняў у Літве і на Беларусі. Праводзіў гэту нараду сябра М. Г. Чарнышэўскага Сігізмунд Серакоўскі. Ён толькі што прыбыў у сталіцу літоўска-беларускага краю з Пецярбурга і накіроўваўся ў Жэмайцію, каб стаць там на чале паўстанцкіх злучэнняў. У савеце ўдзельнічаў і Станіслаў Ляскоўскі з Мінска. Было вырашана аб неадкладным выступленні ў Навагрудскім павеце для падтрымкі ўдалых дзеянняў Людвіка Нарбута ў Лідскім. Кіраваць непасрэдна паўстанцамі на Навагрудчыне мусіў малады адстаўны штабс-капітан Караль Шалевіч, удзельнік пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыі Серакоўскага–Дамброўскага.

У сувязі з гэтым паўстанне ў Навагрудскім павеце пачалося раней за агульнае губернскае. 6 красавіка тут з'явіліся дзве паўстанцкія групы. Адна — у вёсцы Каўпеніцы (цяпер на тэрыторыі Баранавіцкага раёна) на падводах праехала праз Паланэчку, Мір і ў мястэчку Ярэмічах (зараз у Карэліцкім раёне) пераправілася праз Нёман, накіроўваючыся ў Налібакі (Стаўбцоўскі раён). Узначальвалі яе Шалевіч і Канстанцін і Лаўрэн Клюкоўскія (студэнты Кіеўскага універсітэта, браты згаданага вышэй Фелікса Клюкоўскага). Другая была заўважана ў Сенна (на Навагрудчыне), дзе да яе далучыўся студэнт Адам Пуслоўскі. Арганізатары групы Феліцыян Лашкевіч (між іншым, духоўная асоба, вікарны ксёндз, пазней уцёк за мяжу) і Адам Пусяоўскі пераправіліся з паўстанцамі праз Нёман у Ашмянскі павет. Пасля злучэння абедзвюх груп 7 красавіка ім нанеслі паражэнне карнікі ва ўрочышчы Белыя імхі на дарозе Шчорсы–Налібакі. Архіўныя дакументы ўказваюць на вялікія страты інсургентаў: да 60 забітых, 5 палонных. Ды яшчэ потым злоўлена звыш 30 чалавек, у тым ліку Шалевіч і Пуслоўскі. Шалевіч быў сасланы на катаргу, Пуслоўскі 26 чэрвеня расстраляны ў Навагрудку.

Паступова атрад Навагрудскага павета фарміруецца зноў у Налібоцкай пушчы: спачатку пад кіраўніцтвам адстаўнога артылерыйскага афіцэра Уладзіслава Валодзькі (псеўданім Янка Каваль), потым яго ўзначаліў член ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі ў Пецярбургу прапаршчык Вітальд Міладоўскі. На чале навагрудскіх паўстанцаў Міладоўскі ўдзельнічаў 22 мая ў вядомай Мілавідскай бітве ў Слонімскім павеце на стратэгічна важнай шашы Брэст–Бабруйск. Аб'яднаныя сілы Навагрудскага, Слонімскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага і Пружанскага атрадаў вытрымалі тут усе атакі карнікаў і нанеслі ім значныя страты. Пасля гэтага байцы Міладоўскага вярнуліся ў Навагрудскі павет. Некалькі месяцаў блукалі яны па Рэпіхаўскіх, Качарышскіх і Карачаўскіх лясах, "пакуль у кастрычніку холад не прымусіў усіх разысціся". Сам Міладоўскі быў затрыманы 22 лістапада ў Рагачове і сасланы ў Сібір.

Шмат чаго цікавага адбывалася на тую пару ў Барысаўскім павеце. Як ужо вядома, групу паўстанцаў адсюль на Вілейшчыну да Вінцэнта Козела прывёў Мельхіёр Чыжык. 14 мая 1863 года паблізу вёскі Парэчча ў Барысаўскім павеце быў разбіты Дзісенскі атрад на чале з вядомым скульптарам Генрыхам Дмахоўскім (загінуў у гэтым баі). Адным з цэнтраў баявых аперацый у павеце стала паўночна-ўсходняя яго частка, сумежная з Лепельскім Віцебскай і Сенненскім Магілёўскай губерняў. Тут узнімалі народ на барацьбу Жултко (псеўданім, сапраўднае прозвішча, паводле некаторых паказанняў, Петрашэўскі) і арандатар А. Кучэўскі, які меў вялікі ўплыў на сялян вёскі Валасовічы. Яны падтрымлівалі сувязь з інсургентамі суседняга Сенненскага павета Магілёўскай губерні. А на Магілёўшчыне паўстанне пачалося 24 красавіка, праз пяць дзён пасля выступлення мінчан. Узначаліў яго паплечнік Каліноўскага капітан Генеральнага штаба Людзвіг Звяждоўскі. Перад пачаткам падзей ён ездзіў з Масквы (куды быў пераведзены з Вільні ў кастрычніку 1862 года) у Пецярбург, дзе дамовіўся з групай афіцэраў — членаў рэвалюцыйнай арганізацыі — пра ўдзел у магілёўскім паўстанні. Сярод іх былі паручнік Канстанцін Жаброўскі і падпаручнік Антон Алендскі. Першы пад псеўданімам Костка вербаваў людзей у Сенненскім павеце, другі — пад імем Антоній фарміраваў Чарнаруцкі атрад у Магілёўскім павеце.

Паўстанцы з паўночнай часткі Сенненскага павета, паводле дыспазіцыі, сыходзіліся ў Валасовічы да Кучэўскага. Сюды ж накіраваўся Жаброўскі-Костка, сабраўшы каля 100 чалавек на поўдні тагачаснай Сенненшчыны. Неўзабаве да яго далучыўся і Алендскі, Чарнаруцкі атрад якога быў разбіты адразу пасля сфарміравання і перастаў існаваць як баявая адзінка. Паўстанцы Жаброўскага пасля злучэння з Барысаўскім атрадам Жултко-Кучэўскага дзейнічалі галоўным чынам на Барысаўшчыне. Да іх прымкнула ў хуткім часе і баявая трупа з Лепеля на чале з былым падпаручнікам Пржэмыславам Колбам (дарэчы, да паступлення ў Мікалаеўскае інжынернае вучылішча ў Пецярбургу ён вучыўся ў Мінскай гімназіі).

7 мая каля вёскі Падбярэззе (цяпер Кішчынаслабодскі сельсавет Барысаўскага раёна) аб'яднаны атрад быў разбіты. Характэрная дэталь з афіцыйнага данясення: "Сярод трафеяў у мяцежнікаў узята гармата малога памеру (да 10 вяршкоў даўжыні)". Кучэўскі загінуў, а Жаброўскі і Алендскі неўзабаве трапілі ў палон. Паводле прыгавору ваеннага суда Жаброўскага расстралялі ў Барысаве 24 чэрвеня 1863 года, а Алендскага ў Мінску 30 сакавіка 1864 года. Праз некаторы час улады схапілі Колба, і 2 красавіка 1864 года на экспланадзе Дзінабургскай крэпасці (Даўгаўпілс) ён расстраляны.

Нарэшце, з Пінскім паветам Мінскай губерні часткова былі звязаны дзеянні выдатнага кіраўніка паўстанцаў 1863 года Рамуальда Траўгута. Былы сапёрны падпалкоўнік, удзельнік Крымскай вайны, з самага пачатку выступлення ён узначаліў Кобрынскі атрад, ад якога карнікам добра даставалася. Але ўлады сцягнулі вялікія сілы і паставілі інсургентаў ў цяжкае становішча. ГІаўстанцы Траўгута вырашылі сумесна з Брэсцкім атрадам Яна Ваньковіча перанесці дзеянні на Піншчыну. Пакуль здзяйсняліся новыя планы, Траўгут хаваўся ў сядзібе Элізы Ажэшкі, будучай знакамітай польскай пісьменніцы. Тады яшчэ зусім маладая жанчына, яна стала сувязной паўстанцаў. "Тыя два тыдні, — успамінала Ажэшка, — я цалкам прабавіла з Траўгутам, які палову гэтага часу хаваўся ў нашым доме ў Людвінове, а другую палову ездзіў у занава сфарміраваную пад Пінскам партыю. Ездзіў са мной у шасцярной карэце, бо інакш, чым у кампаніі жанчыны і ў закрытым, параднага выгляду экіпажы, не мог зрабіць такую паездку сярод тысячы небяспек".

У чэрвені 1863 года Траўгут разам з Ваньковічам здзейсніў надзвычай цяжкі рэйд на Століншчыну і паўночную Валынь. Аперыруючы паміж рэкамі Стыр і Гарынь, ён не раз трапляў у акружэнне, біўся з карнікамі пад Столінам і Калодным. Нарэшце, зусім знясілены, у надзвычай цяжкіх абставінах быў вымушаны падзяліць рэшткі атрада на дробныя трупы. "Праз некалькі тыдняў, — гаворыцца ва ўспамінах Ажэшкі, — пасля разбіцця дзвюх злучаных на Піншчыне партый, Траўгут разам з Ваньковічам прыбыў зноў у Людвінова, адкуль абодва ў той жа нашай карэце паехалі ажно да мяжы Каралеўства Польскага, кудысьці за Брэст-Літоўск".

Мінскі турэмны замак — месца зняволення паўстанцаў 1863 года. Старадаўні малюнак

Мінскі турэмны замак — месца зняволення паўстанцаў 1863 года.
Старадаўні малюнак

Пасля таленавіты камандзір узначаліў у Варшаве падпольны ўрад, стаў фактычна дыктатарам паўстання, шмат зрабіў, каб ажывіць барацьбу, пашырыць яе сацыяльную базу. У ліпені 1864 года Рамуальда Траўгута павесілі на гласісе (адхоне) Варшаўскай цытадэлі.

Зазначым, што ўсё сказанае вышэй датычыцца толькі асноўных паўстанцкіх атрадаў Міншчыны і іх баявых аперацый. Былі, зразумела, яшчэ і іншыя баі і сутычкі. існавалі і меншыя групы інсургентаў. Аднак гісторыя паўстання з усёй падрабязнасцю яшчэ не вывучана. У ёй ёсць свае таямніцы. З архіўных крыніц вядома, напрыклад, што ў кастрычніку 1864 года адзін схоплены ўладамі паўстанец паказаў: "Сёлетняю вясною з горада Мінска выйшла ў Барысаўскі павет да 30 чалавек пад начальствам Кавалеўскага". Заўважце: вясною "сёлетняю" — гэта значыць, 64-га года! Што гэта — фантазія або рэальны факт? Будучыя даследаванні пакажуць.

* * *

2 студзеня 1864 года ў Мінск з Вільні па загаду Мураўёва выехаў вопытны жандар палкоўнік Лосеў, якому ўдалося натрапіць на след падпольнай арганізацыі. Былі зроблены шматлікія арышты.

Сведкамі тых падзей у горадзе з'яўляецца так званы турэмны замак, а таксама будынкі былых манастыроў бернардынцаў і бернардынак (на сённяшняй вуліцы Бакуніна), што тады служылі турмой. Больш года адседзеў за кратамі адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Тут ён задумаў сваю славутую "Пінскую шляхту". У турэмным замку, а потым у манастыры бернардынак была зняволена дачка пісьменніка Каміла. Яна і ў астрозе працягвала змаганне. Калі вялі на пакаранне смерцю паўстанца з атрада Трусава Івана Жмачынскага, былога радавога лейб-драгунскага Маскоўскага палка, з акна сваёй камеры Каміла кінула яму пад ногі букет кветак.

У Мінскай турме ўжо згаданы Вінцэсь Клімовіч (дарэчы, выхадзец з сялян) напісаў музыку на элегію В. Каратынскага "Туга на чужой старане", якая выдатна пасавала настроям тых сотняў і тысячаў удзельнікаў паўстання, што царызм асудзіў на турмы і ссылкі:

Ой, саколка, ой, галубка!
Не пытайся, не, —
Што мне тошна, мая любка,
У гэтай старане...
Я ж зямліцу меў радную,
Быў свабодзен сам!
Ох, ці днюю, ці начую —
Я ўсё там ды там!..
Паглядаю праз аконца —
Чоран цэлы свет,
Усім людзям свеціць сонца —
Мне прасветку нет...

У Мінску ў час паўстання адбылося некалькі публічных пакаранняў смерцю. Месца, дзе вяршылася тая жахлівая кара, устанавіць цяпер нялёгка. Антона Алендскага, як сведчаць афіцыйныя дакументы, расстралялі а 9-ай гадзіне раніцы "за мінскім правіянцкім магазінам". Паводле кнігі З. Кавалеўскай, расправу над М. Цюндзявіцкім учынілі за гарадскімі рагаткамі на невялікім пляцы, там, дзе разыходзіліся Ігуменскі і Койданаўскі тракты, непадалёк ад лесу Добрай Мыслі і новых яўрэйскіх могілак. Даволі канкрэтна пра гэта гаворыцца і ў згаданай брашуры Я. Лучыны 1889 года: пакаранне адбылося на вайсковым пляцы, там, дзе ў канцы мінулага стагоддзя была Пецярбургская вуліца. Цела пахавалі на месцы пакарання, магілу залілі вапнаю. Пазней тут пабудаваны дом Кніжнікава. На думку даследчыка і знаўца старога Мінска У. Дзянісава, размова ў абодвух выпадках ідзе пра тое месца, дзе зараз сквер на скрыжаванні вуліц Ленінградскай, Свярдлова і Кірава. Тамсама на старых планах пазначаны і "правіянцкі магазін" (харчовыя склады). Былая глухая ўскраіна апынулася з цягам часу ў самым цэнтры нашага горада.

Некалькі слоў пра лёс некаторых удзельнікаў паўстання на Міншчыне.

Паўстанцкі "ваявода" Карнель Пелікша ўцёк за мяжу, жыў у Парыжы, Італіі, Ясах, памёр у 1872 годзе ў Галіцыі. Гавораць, што перад смерцю ён спаліў цікавыя паперы перыяду паўстання. Яго маёнтак Горкі пад Мінскам улады канфіскавалі.

Баляслаў Свентаржэцкі скончыў у Францыі ваенную акадэмію і прымаў удзел у франка-прускай вайне. Потым нешта ў ім надламілася, і ў 1888 годзе ён пакончыў жыццё самагубствам у далёкай Венецыі. Сядзібу Свентаржэцкага Багушэвічы па спецыяльнаму загаду Мураўёва знішчылі. Гэта быў акт помсты за ўдзел гаспадара ў выступленні 1863 года, за дзеянні ігуменскіх паўстанцаў (у Багушэвічах, дарэчы, інсургенты расправіліся ca свяшчэннікам, актыўным памагатым карнікаў).

Міхаіла Аскерку ўлады злавілі і расстралялі ў Магілёве.

Навагрудскі камісар Уладзіслаў Барзабагаты ўдзельнічаў у Парыжскай камуне, быў галоўным медыкам у парыжскім шпіталі. Пасля вяртання на радзіму працаваў земскім урачом у Кастрамской губерні. Памёр у Любяшове (зараз Валынская вобласць Украіны).

Антон Трусаў за мяжою стаў адным з заснавальнікаў Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, перапісваўся з К. Марксам. Гэта наш гонар, гонар нашага Мінска, гонар Барысава, адкуль ён родам.

Фёдар Ельчанінаў, адважны і вынаходлівы Гарап мінскіх паўстанцаў, у канцы XIX стагоддзя вярнуўся з эміграцыі ў Расію з двума дарослымі сынамі.

Сляды Станіслава Ляскоўскага згубіліся ў эміграцыі.

Штабс-капітан Мельхіёр Чыжык у снежні 1863 года пасля роспуску Ігуменскага атрада здаўся ўладам і атрымаў 20 год катаргі. Далейшы лёс яго невядомы.

Паўстанцкаму начальніку горада Мінска доктару Пятру Чакатоўскаму паводле прысуду выпала іркуцкая ссылка. Перад адпраўкай у віленскай турме з ім узяла шлюб мінчанка Казіміра Булеўская, каб адужаць бяду разам.

У Сібір саслалі ўсіх жыхароў вёскі Валадута на Чэрвеньшчыне, а таксама сялян і дробную шляхту іншых вёсак і ваколіц.

Некаторыя ўдзельнікі тых падзей збеглі самі ў суседнія губерні, затаіліся сярод рускіх людзей. Архіўныя дакументы гавораць, напрыклад, пра трупу паўстанцаў з Ігуменскага павета, "якія быццам бы пайшлі з фальшывымі пашпартамі ў Пскоўскую губерню, да расколаў, у лапцях сялянскіх, світках і валеных шапках".

Быў сасланы за Урал і ўдзельнік мінскай арганізацыі Карл Кастравіцкі. У 1868 годзе ў яго нарадзіўся сын Казімір — будучы вядомы беларускі пісьменнік і мастак Карусь Каганец, які свой жыццяпіс пачынае зТабольска.

...Як і ў іншыя пераломныя моманты гісторыі (войны, рэвалюцыі) беларусаў пасля 1863 года моцна парассыпала па свеце...

Хроніка падзей

1861

  • 15(27) лютага. Расстрэл царскімі войскамі патрыятычнай дэманстрацыі ў Варшаве. Пачатак уздыму вызваленчага руху ў Польшчы, які неўзабаве перакінуўся ў Літву і на Беларусь.
  • 19 лютага. Падпісанне царскага маніфесту аб скасаванні прыгоннага права. Масавыя сялянскія хваляванні.
  • Не пазней 2 сакавіка. Пасля заканчэння вучобы Кастусь Каліноўскі вярнуўся з Пецярбурга на радзіму.
  • У гэтым годзе. Узнікненне ўсерасійскай рэвалюцыйнай арганізацыі "Зямля і воля".
  • Створаны "Камітэт руху" ў Вільні (пазней Літоўскі правінцыяльны камітэт — ЛПК) — цэнтр па падрыхтоўцы паўстання на Беларусі і ў Літве.
  • Створаны Гарадскі рэвалюцыйны камітэт у Варшаве (пасля Цэнтральны нацыянальны камітэт — ЦНК).
  • Узнік "Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы", які аб'яднаў рэвалюцыйна настроеных вайскоўцаў у Польшчы, Літве і на Беларусі.
  • Зараджэнне мінскай падпольнай арганізацыі "чырвоных" (кіраўнікі Я. Козел, А. Трусаў і інш.).

1862

  • 2 чэрвеня. Сутыкненне жыхароў Мінска з казакамі на Камароўцы.
  • Пачатак ліпеня. Выйшаў у свет першы нумар "Мужыцкай праўды".
  • Восень. Я. Козел выкліканы з Мінска ў Вільню, дзе ўвайшоў у склад ЛПК.
  • Восень — канец года. Перагаворы рускіх і польскіх рэвалюцыянераў у Лондане і Пецярбургу. Афармленне руска-польскага рэвалюцыйнага саюза, да якога далучыліся прадстаўнікі Беларусі і Літвы.

1863

  • 10(22) студзеня. Пачатак паўстання ў Польшчы. Першыя сутычкі паўстанцаў з царскімі войскамі (у тым ліку на заходняй ускраіне Гродзенскай губерні).
  • 20 студзеня. ЛПК абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. Старшыня — К. Каліноўскі.
  • 27 студзеня — 19 лютага. Рэйд Р. Рагінскага па паўднёвых паветах Гродзенскай і Мінскай губерняў.
  • Канец студзеня — люты. Узнікаюць першыя паўстанцкія атрады ў Віленскай губерні (Л. Нарбута і інш.).
  • 16 лютага. К. Каліноўскі загадвае Л. Нарбуту рухацца ў напрамку Міншчыны.
  • 27 лютага. Пераварот у рэвалюцыйнай арганізацыі ў Вільні. ЛПК распушчаны. Уладу захапілі "белыя".
  • 21 сакавіка. Бой у в. Свечкі на Маладзечаншчыне. Загінула некалькі паўстанцаў, у тым ліку Ю. Бакшанскі.
  • Канец сакавіка. У Вільню з Пецярбурга прыехаў З. Серакоўскі. Адбыліся ваенныя нарады паўстанцаў (з Мінска прысутнічаў С. Ляскоўскі). К. Каліноўскі атрымаў прызначэнне ў Гродна рэвалюцыйным камісарам.
  • 6 красавіка. З'яўленне паўстанцкіх атрадаў у Навагрудскім павеце.
  • 12 красавіка. Пачатак агульнага паўстання на Гродзеншчыне.
  • 19 красавіка. Пачатак агульнага паўстання на Міншчыне.
  • 21 красавіка. Каля в. Азяркі Ігуменскага павета разбіты Слуцкі паўстанцкі атрад У. Машэўскага. Камандзір загінуў.
  • 24 красавіка. Спроба агульнага паўстання на Магілёўшчыне і Віцебшчыне.
  • 9 мая. Бой паўстанцаў атрада С. Ляскоўскага пад Юравічамі.
  • 14 мая. Каля в. Парэчча Барысаўскага павета разбіты Дзісенскі паўстанцкі атрад. Загінуў камандзір Г. Дмахоўскі.
  • 16 мая. Разгром паўстанцкага атрада В. Козела пад Уладыкамі.
  • 21 мая. Першае публічнае пакаранне смерцю ў Мінску — расстраляны ўдзельнік рэвалюцыйнай арганізацыі прапаршчык М. Цюндзявіцкі.
  • 22 мая. Бой аб'яднаных паўстанцкіх атрадаў з царскімі войскамі пад Мілавідамі ў Слонімскім павеце.
  • 24 чэрвеня. У Барысаве расстраляны паўстанцкі камандзір К. Жаброўскі.
  • 26 чэрвеня. Пакаранне смерцю паўстанцкага камандзіра А. Пуслоўскага ў Навагрудку.
  • Чэрвень — ліпень. Вяртанне Каліноўскага ў Вільню. Стварэнне "Чырвонага жонда".
  • Замест Б. Свентаржэцкага, які выехаў за мяжу, рэвалюцыйным камісарам Мінскай губерні прызначаны М. Аскерка.
  • Рэйд Р. Траўгута на Піншчыну з кобрынскімі і брэсцкімі паўстанцамі.
  • 23 ліпеня. Паўстанцы С. Ляскоўскага каля в. Валадута захапілі ў палон царскага генерала Грунта.
  • Ліпень. Высылка з Мінска паэта I. Гольц-Мілера, аўтара рэвалюцыйных адозваў і вершаў.
  • 5 жніўня. У Мінску публічна расстраляны паўстанец I. Жмачынскі, былы салдат царскай гвардыі.
  • 28 жніўня. З Мінска ў суправаджэнні жандараў выслана Каміла Марцінкевіч, дачка пісьменніка В. Дуніна-Марцінкевіча, актыўная ўдзельніца вызваленчага руху (перад высылкай некалькі месяцаў адседзела ў Мінскай турме). Паліцыя ўзмоцнена шукае самога Дуніна-Марцінкевіча (арыштаваны ў кастрычніку 1864 г. у м. Свір).
  • 8 верасня. "Чырвоны жонд" Каліноўскага выдае загад-адозву да байцоў паўстанцкіх атрадаў працягваць барацьбу.
  • 9 верасня. У пісьме паўстанцкага камісара М. Аскеркі даецца ацэнка становішча ў Мінску: "Празмернае ап’яненне праходзіць, але, слава богу, не ва ўсіх. Вера, вера глыбокая, вялікая, непахісная ёсць, гэтай верай мы жывём".
  • 10 верасня. Каліноўскі накіраваў свайго памочніка I. Яманта ў Мінск для ўмацавання рэвалюцыйнай арганізацыі.
  • Позняя восень. Роспуск апошняга паўстанцкага атрада (С. Ляскоўскага) у Мінскай губерні.

1864

  • Пачатак года. Арышты ў Мінскай рэвалюцыйнай арганізацыі.
  • 29 студзеня. Арышт К. Каліноўскага ў Вільні.
  • Канец студзеня – пачатак сакавіка. К. Каліноўскі піша ў турме палымяны зварот да роднага народа — "Пісьмы з-пад шыбеніцы".
  • 10 сакавіка. Пакаранне смерцю К. Каліноўскага.
  • 30 сакавіка. У Мінску расстраляны паўстанцкі камандзір А. Алендскі.
  • 24 красавіка. Пакаранне смерцю паўстанцкага камісара М. Аскеркі ў Магілёве.
  • 24 ліпеня (5 жніўня). Пакаранне смерцю Р. Траўгута ў Варшаве.
  • 16(28) верасня. У Лондане заснавана Міжнароднае Таварыства Рабочых (I Інтэрнацыянал). Паводле слоў К. Маркса, паўстанне 1863 года і рабочы рух салідарнасці, які ўзнік у сувязі з паўстаннем, былі зыходным пунктам для ўтварэння Інтэрнацыянала.

Літаратура

  • Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863–1864 гг. в пределах Северо-Западного края /Виленский временник, кн. 6/. Вильно, 1913–1915. Ч. 1–2.
  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863–1864 гг.: Материалы и документы. М., 1965.
  • Гісторыя Беларускай ССР. Мн., 1972. Т. 2.
  • Гісторыя Мінска. Мн., 1967.
  • Зайкоўскі Э. Памятныя мясціны 1863 года: Да 125-годдзя паўстання // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. №1.
  • Караткевіч В. Б. Паўстанцы 1863 года // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. №4.
  • Караткевіч У., Мальдзіс А. Горад паўстае: 1863–1864 гг. // Горад і гады. Мн., 1967.
  • Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
  • Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966.
  • Кісялёў Г. Рэха далёкіх гадоў // Літ. і мастацтва, 1983. 14 кастр.
  • Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963.
  • Крестьянское движение в Белоруссии после отмены крепостного права (1861–1862 гг.): Документы и материалы. Мн., 1959.
  • Лучына Я. З крывавых дзён: Эпізод з паўстання 1863 года на Міншчыне // Лучына Я. Творы. Мн., 1988.
  • Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг.: Материалы и документы. М., 1964.
  • Смирнов А. Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. М., 1963.
  • Смірноў А. Адзін з паўстанцаў 1863 года [Мінчанін А. Д. Трусаў] // Беларусь. 1958. №1.
  • Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Мн., 1984.
  • 1863 год на Міншчыне // Дакументы. Мн., 1927.
  • Koszczyc W. Wspomnienia z powstania województwa mińskiego w r. 1863 // Polska w walce. Kraków, 1875.
  • Kowalewska Z. Obrazki mińskie: 1850–1861. Wilno, 1912.
  • Kowalewska Z. Ze wspomnień wygnańca z roku 1863. Wilno, 1911.
  • Kowalewski E. Wspomnienia z przeszłości. Wilno, 1907.
  • Rok 1863: Wyroki śmierci. Wilno, 1923.
  • Zieliński S. Bitwy i potyczki 1863–1864. Rapperswil, 1913.
Публікацыя паводле: Кісялёў Г. В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 года на Міншчыне, – Мн., 1990.
Матэрыял даслаў: bibliograf