Нацыянальная ідэя ў Каліноўскага1
Беларуская нацыянальная ідэя, калі яе сфармуляваць у найбольш кароткай і агульнай форме, — гэта ідэя суверэннасці беларускага народа, самакаштоўнасці яго ўнікальнага менталітэту і культуры. Ідэя права і абавязку беларусаў імкнуцца да такіх сацыяльных і дзяржаўных формаў, якія найлепшым чынам маглі б забяспечыць захаванне і далейшае развіццё нацыі, яе ўнёсак у скарбніцу ўсяго чалавецтва.
Як і кожная грамадская з’ява, нацыянальная ідэя вымагае пры сваім вывучэнні гістарычнага падыходу. Яна можа відазмяняцца, трансфармавацца ў часе і мець розныя формы і аспекты — культурніцкія і палітычныя.
Высокія ідэі патрыятызму, служэння бацькаўшчыне, гонару за родную зямлю, побач з канстатацыяй сваёй адметнасці, выказваліся беларусамі на працягу стагоддзяў (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, В. Цяпінскі, Л. Сапега, "Прамова Мялешкі", верш Я. Пашкевіча "Польска квітнет лаціною" і інш.). Асабліва важным у гэтым сэнсе было ХІХ стагоддзе — эпоха кансалідацыі нацый, калі мы выразна бачым на гістарычнай арэне спецыфічна беларускі культурны, а потым і палітычны рух. Лічыцца, што ў сучасных формах беларуская нацыянальная ідэя сфармулявана ў другой палове ХІХ стагоддзя — гоманаўцамі і асабліва выразна Ф. Багушэвічам у знакамітай прадмове да паэтычнага зборніка "Дудка беларуская" (1891). Але па сутнасці ў той або іншай ступені нацыянальная ідэя, яе зародкі прысутнічаюць у творчасці ці не кожнага беларускага дзеяча ХІХ стагоддзя, кожнага, хто браў у рукі беларускую ліру, пачынаў збіраць нацыянальныя памяткі, задумваўся пра месца беларусаў сярод народаў свету, — Я. Баршчэўскага, М. Баброўскага, Я. Чачота, П. Шпілеўскага, А. Кіркора, А. Вярыгі-Дарэўскага, ужо не кажучы пра такога буйнога пісьменніка, як В. Дунін-Марцінкевіч. У сувязі з гэтым не магу пагадзіцца з думкай маладога даследчыка А. Латышонка, выказанай у артыкуле "Беларуская нацыянальная ідэя" (Сьвіцязь. 1994. №2): "В. Дунін-Марцінкевіч быў беларускім паэтам, але не быў беларускім нацыянальным паэтам…" Ці не штучным, надуманым з’яўляецца гэтае супрацьпастаўленне? Як можна сцвярджаць такое, калі Дунін-Марцінкевіч — для гісторыкаў літаратуры і культуры гэта абсалютна відавочна — цэлая эпоха ў мастацкім развіцці беларускага народа? Больш слушнай здаецца формула акадэміка І. Навуменкі ў яго манаграфіі пра аўтара "Гапона" і "Пінскай шляхты": "Ён быў беларускім пісьменнікам, і гэтым усё сказана. Ён ганарыўся сваёй іменна беларускай вядомасцю і свядомасцю"2. В. Ластоўскі — у сваіх спецыфічных катэгорыях — таксама лічыў: "Наша адраджэнне ад самых сваіх пачаткаў (ад Марцінкевіча, Багушэвіча і Купалы) было "крыўскай прапагандай", бо імкнулася раскрыць самаістыя сілы і рысы нашай духовасці, нашай гісторыі, словам, — нашай народнай істоты ў мінуўшчыне і будучыне"3.
Надзвычай важным гістарычным звяном у працэсе самаідэнтыфікацыі і кансалідацыі беларускай нацыі і выпрацоўкі нацыянальнай ідэі бачыцца нам і Кастусь Каліноўскі.
Магчыма, няпроста адшукаць у яго на гэты конт адну прамую ёмістую формулу. Хіба ў паролі віленскай рэвалюцыйнай арганізацыі, на чале якой стаяў Каліноўскі: "Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Так узаемна!"(149). Або ў апошнім звароце з-пад царскай шыбеніцы да народа: "…цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную" (46; паводле аўтографа, знойдзенага Уладзімірам Казберуком у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве). З кантэксту як гэтага выказвання, так і ўсёй творчасці Каліноўскага відаць, што пад "чалавечым і народным правам" ён мае на ўвазе сацыяльныя (паводле Каліноўскага — "чалавечыя") і нацыянальныя ("народныя") правы свайго народа. І, зразумела ж, усё гэта вельмі блізка да формулы нацыянальнай ідэі, як яна прагучыць трохі пазней, у нашаніўскі перыяд — людзьмі звацца, звацца беларусамі.
З другога боку, у творчасці і дзейнасці Каліноўскага без цяжкасці знаходзім усе неабходныя элементы-чыннікі, з якіх гэтая ідэя складаецца.
Па-першае, — і гэта ці не самае галоўнае, прынамсі, тут пачатак усяго — Каліноўскі сам быў годным носьбітам народнай культуры, увасабленнем лепшых рысаў нацыянальнага характару, ён па-сыноўску шанаваў, ведаў і любіў родную беларускую мову, віртуозна карыстаўся ёю ў сваёй творчасці, рабіў усё магчымае для пашырэння сферы яе ўжывання. Сваёй "Мужыцкай праўдай", "Пісьмамі з-пад шыбеніцы" ён не толькі даказваў наяўнасць сярод народаў свету беларусаў, не толькі выяўляў іх сацыяльныя і нацыянальныя памкненні, як яны бачыліся ў эпоху падзення прыгонніцтва, але і рабіў значны, адметны ўнёсак у станаўленне новай беларускай літаратуры, у выпрацоўку беларускай літаратурнай мовы новага часу. Ужо пасля вынясення смяротнага прысуду ён піша ў турме развітальны верш да сваёй нявесты Марыі Ямант. Надзвычай характэрная рэч (хачу асабліва гэта падкрэсліць) — верш той таксама напісаны па-беларуску. Які яшчэ патрэбны доказ таго, што стаўленне Каліноўскага да беларускай мовы — гэта не адносіны нейкага палітычнага разліку, а самыя натуральныя і арганічныя. Ён выпраменьваў і ствараў вакол сябе беларускую аўру. І не страціў гэтай якасці нават у часіну смяротнага выпрабавання.
У наш складаны час пад маркай барацьбы за "гістарычную ісціну" робяцца спробы паставіць пад сумненне сувязь Каліноўскага з беларускім народам, ролю выдатнага змагара ў выпрацоўцы беларускай нацыянальнай ідэі. Той-сёй гаворыць, што ў "Мужыцкай праўдзе" ні разу не называюцца беларусы, Беларусь. Гэта праўда, там паўсюль фігуруюць, здавалася б, не акрэсленыя ў нацыянальным плане "дзецюкі", але ці можна рабіць адсюль выснову, што Каліноўскі быццам бы не бачыў самабытнасці беларускага народа, не дапускаў магчымасці, што беларусы здольныя жыць самастойна, не ставіў пытання аб навучанні на беларускай мове і г. д.? Памылковасць падобнай думкі давесці не цяжка. Ад імя беларусаў Каліноўскі зусім пэўна выступае ў "Пісьмах з-пад шыбеніцы". Успомнім пачатак гэтага выдатнага твора: "І да нашага кутка даляцела ваша Газэтка, і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прыймеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць" (40). Ёсць у "Пісьмах з-пад шыбеніцы" і такія радкі, дзе параўноўваюцца пазіцыі польскіх паўстанцаў ("ронд польскі") і расійскага царызму (які часам пазначаўся ў тэкстах Каліноўскага словамі "маскаль", "Масква", хаця значэнне іх гэтым не абмяжоўвалася) у нацыянальным пытанні: "Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча…" (43). Як бачым, тут ставіцца пытанне не толькі пра навучанне на роднай мове, але і пра "самарондства" беларусаў, як і літоўцаў. Надзвычай цікавы наватвор Каліноўскага "самарондства" заключае ў сабе цэлую канцэпцыю: яго можна разумець не толькі ў вузкім сэнсе, як самакіраванне, але і шырэй — як прызнанне і патрабаванне суверэннасці народаў, што ўваходзілі ў колішнюю Рэч Паспалітую. Тое, што А. Герцэн на лонданскіх перамовах з прадстаўнікамі варшаўскага ЦНК называў "самозаконностью провинций". (Зазначым у дужках, што ў 1920-я гады, на новай хвалі нацыянальнага адраджэння, нашы лінгвісты сканструявалі вельмі блізкі да слова Каліноўскага наватвор "самаўрад" са значэннем "аўтаномія, самакіраванне", і гэта яшчэ раз пацвярджае як палітычнае, так і філалагічнае чуццё "атамана мужыцкай праўды"). Тыя ж надзвычай важныя, прынцыповыя палажэнні, што і ў "Пісьмах з-пад шыбеніцы", знаходзім і ў інспіраванай Каліноўскім газеце "Głos z Litwy", якая выходзіла за межамі краю, у Кёнігсбергу (дарэчы, для гэтай жа газеты прызначаліся і "Пісьмы з-пад шыбеніцы", прынамсі, першая іх, самая вялікая, частка). Звернем увагу на наступны тэкст у №4 газеты ад 20 сакавіка 1864 года (перакладаем з польскай): "Раўнапраўе народнасцей, станаў, вызнанняў — гэта імкненне, заключанае ў глыбіні сэрца ўсяго люду, імкненне моцнае, якое зрабілася моцнай воляй. Пад маскоўскім панаваннем гэтае імкненне і моцная воля наша не можа быць спатолена… Масква пераследуе мову польскую, беларускую, маларускую, літоўскую і навязвае маскоўскую; мы хочам, каб кожная мова развівалася паводле ўласнай жыццяздольнасці: і літоўская, і беларуская, і маларуская, і польская" (75).
Уладзімір Калеснік у сваёй багатай на думкі і канцэптуальныя палажэнні кнізе "Тварэнне легенды" справядліва адзначыў, што Каліноўскі першы назваў беларусаў народам. Прынамсі, першы ў новы час ён зірнуў на беларусаў як на суб’ект самастойнага гістарычнага дзеяння. Стаўленне Каліноўскага да беларускага народа нейкае інтымнае, вельмі душэўнае і свойскае. Можна сказаць, ён ставіўся да беларускага народа як да нейкай блізкай яго сэрцу жывой і нібыта роўнай яму істоты. Нязмушанае "народзе" або нават з пачцівай вялікай літары "Народзе" (як уласнае імя) — адно з любімых слоў Каліноўскага. А то ён мог сказаць пяшчотна: "…мой дарагі народзе". І нават патэтычна: "…Ты, народзе вялікі і чэсны" (45, 46; усе цытаты з "Пісьмаў з-пад шыбеніцы"). У апошнім выпадку ён нібы падсвядома пераносіў на беларусаў, на ўвесь народ, якасці, у высокай ступені характэрныя і для яго самога. Ды па сутнасці кожны заўсёды мерае той меркай, на якую здольны.
Каліноўскі бачыў пераважна сялянскі характар беларускага народа, беларускай нацыі тых часоў, як бачыў гэта трохі пазней і Я. Купала, які пісаў у адным з сваіх артыкулаў 1919 года пра сумныя вынікі паланізацыі роднага краю: "Масы, народ земляробчы, асталіся беларусамі, а іх баярства, вышэйшыя станы сталіся палякамі" (Купала Я. Жыве Беларусь. Мінск, 1993. С. 306). А ўжо хто лепш за Купалу ведаў рэаліі беларускага жыцця? Так і Каліноўскі называў беларусаў "мужыцкім народам": "Бывай здаровы, мужыцкі народзе…" (45). У гэтым кантэксце прачытваецца (прынамсі, можа прачытвацца) і выраз "мужыкі Беларусы" з прыведзенага ўжо пачатку развітальных "Пісьмаў…".
Беларуская нацыянальная ідэя заключалася ўжо ў самой рэвалюцыйна-дэмакратычнай стратэгіі Каліноўскага. Паслядоўны радыкал, ён — прынамсі, у тэорыі — скідваў з гістарычнай сцэны дваранства, шляхту, "баярства" (калі ўжыць выраз Я. Купалы). Шляхта, на думку рэвалюцыйных дэмакратаў, выканала ўжо сваю гістарычную ролю, перастала быць носьбітам прагрэсу. Заставаўся толькі працоўны народ, ва ўмовах Беларусі — народ беларускі, які і павінен быў вырашаць свой лёс і лёс свайго краю. Каліноўскі марыў "раздать всю поземельную собственность крестьянам и из среды землепашцев составить организацию. Он заявлял, что укажет из мелкой шляхты и из крестьян на способные личности, которые сумеют панов принять в руки…" (В. Ратч. 150–151). А якраз жа земляробы — сяляне і дробная лапцёжная шляхта — былі носьбітамі беларускай мовы. Само сабой зразумела, што новае беларускае грамадства мусіла тварыцца ў такім выпадку ў беларускіх нацыянальных формах.
Заўзята спрачаючыся з варшаўскімі канспіратарамі за суверэнітэт і цэласнасць роднага краю (вядома, напрыклад, як раўніва аберагаў ён высокі самастойны статус віленскага паўстанцкага цэнтра, як рэзка пратэставаў супраць перадачы пад непасрэднае загадванне Варшавы беластоцкай арганізацыі), Каліноўскі разумеў у той жа час велізарнае значэнне для Беларусі, як і Літвы, тагачаснага польскага вызваленчага руху, вельмі развітога, з багатымі традыцыямі, моцнага падтрымкай у адукаваных пластах грамадства. "…Польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела", — заяўляў ён у "Пісьмах з-пад шыбеніцы" (43). Нягледзячы на ўсе самыя вострыя ідэйныя, арганізацыйныя і тактычныя спрэчкі з Варшавай, Каліноўскі прызнаваў у прынцыпе адзінства паўстання і пэўнае верхавенства (у гэтым і толькі гэтым сэнсе) варшаўскага Нацыянальнага ўрада. Галоўныя акты віленскага паўстанцкага цэнтра спасылаліся, як правіла, на маніфест варшаўскага ЦНК ад 22 студзеня 1863 года аб пачатку паўстання або ў агульнай форме на аўтарытэт ананімнага "Ронда Польскага".
У 1863 годзе мужыцкая Беларусь яшчэ ішла часткова або ў значнай меры поруч са шляхецкай Польшчай. Беларускі рух яшчэ цесна звязаны з польскім, гаворачы словамі А. Каўкі, адбываецца яшчэ "пераважна ў межах польскага нацыянальна-вызваленчага працэсу" (Каўка А. Беларускі вызваленчы рух // Спадчына. 1991. №5). У гэтых умовах трэба здзіўляцца не таму, што ў паўстанцкіх дакументах 1863 года Беларусь і Літва нярэдка аб’ядноўваюцца з Польшчай (самім гэтым словам для сцісласці яшчэ маглі абазначацца землі былой Рэчы Паспалітай, як словам "Расія" акрэслівалася ўся тэрыторыя Расійскай імперыі), а таму, што ў шэрагу дакументаў паўстання праводзіцца думка пра самабытнасць Беларуска-Літоўскага краю. Возьмем хаця б вядомы "Прыказ ад Ронду Польскага над цэлым краем Літоўскім і Беларускім да Народу зямлі Літоўскай і Беларускай" (103–105). Мала таго, што перад намі дакумент на добрай беларускай мове, якая ўзнята тут паўстанцамі на своеасаблівы афіцыйна-дзяржаўны ўзровень. Тут у самой назве зноў жа цэлая канцэпцыя: "ронд" няхай сабе польскі, але край Літоўскі і Беларускі, зямля Літоўская і Беларуская і народ адпаведны. Дарэчы, як паказаў яшчэ А. Станкевіч у сваёй працы пра Каліноўскага 1933 года, ідэя адрознасці, самабытнасці Беларусі-Літвы ёсць і ў "Мужыцкай праўдзе", толькі яна схавана тут у самой логіцы разважанняў мудрага Яські-гаспадара: "…бо цар са сваімі маскалямі не падужае мужыкоў, што падняліся ў Польшчы, і не падолее Пранцуза, што за Польшчу ўступіўся. У Польшчы мужыкі таксама, як і мы, спадзяялісь на цара да ждалі волі ад няго…" (№7). Або яшчэ тамсама: "Памог бы Пранцуз і нам, як памагае мужыкам у Польшчы…" (38); "Не так думалі мужыкі ў Польшчы. Служылі яны яму верна, як і мы, да, пабачыўшы…" (39). "Мы" тут выразна і паслядоўна аддзяляецца ад "Польшчы". Мы — не Польшча. Ужо не гаворым пра тое, што "Мужыцкая праўда" належыць беларусам усім сваім духам, самім спосабам маўлення і любімы зварот Каліноўскага "дзецюкі" — таксама ўнікальны беларускі выраз, яго цяжка без стратаў нават перакласці на іншыя мовы.
У свой час (Славянское источниковедение. М., 1965) нам давялося апублікаваць неацэнныя матэрыялы генерала Ратча пра тое, як Кастусь Каліноўскі ўяўляў сабе будучае Беларусі і Літвы і ўзаемадачыненні Літоўска-Беларускага краю з Варшавай. Выдатную характарыстыку поглядаў Каліноўскага ў нацыянальным пытанні знаходзім таксама ў вядомага гісторыка паўстання 1863 года, сучасніка тых падзей В. Пшыбароўскага. Закрануўшы антышляхецкую канцэпцыю Каліноўскага, ён піша далей: "Больш важнай ад гэтых тэорый, якія тлумачацца маладосцю і пецярбургскім выхаваннем, дзе на глебе дэспатызму лягчэй за ўсё нараджаліся радыкальныя і крайнія ідэі, была іншая тэорыя Каліноўскага, перанятая з "Колокола". Як вядома, палітычная праграма Герцэна грунтавалася на тым, што ў будучым славянскія землі, пазбавіўшыся дэспатычных паноў і чужога ярма, павінны ўтварыць федэрацыю незалежных дзяржаў, якія маглі б, жывучы па суседстве, у ідылічнай згодзе развіваць усе свае нацыянальныя асаблівасці. Дык Каліноўскі гэтую тэорыю, ва ўсёй яе паўнаце, стасаваў да Літвы (Літвы-Беларусі. — Г. К.). Паводле яго, Літва павінна разам з Польшчай дабівацца незалежнасці, змагацца за выбаўленне ад чужога захопніка, але складаць асобую адзінку, зусім незалежную ад Польшчы і звязаную з ёй толькі федэратыўнымі вузамі. У адпаведнасці з гэтай тэорыяй, ён, уваходзячы ў Літоўскі камітэт, не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, а хацеў, каб гэты камітэт распараджаўся і кіраваў паўстаннем самастойна і ў адносінах да Нацыянальнага ўрада займаў становішча ўлады роўнай і нікому не падначаленай" (165–166).
Паўторым, што гэта сведчанне вельмі кампетэнтнага сучасніка і гісторыка. Так што залежнасць беларускай палітычнай думкі перыяду 1863 года ад польскай не трэба абсалютызаваць, а такую небяспеку я адчуў, чытаючы, напрыклад, змястоўны ў прынцыпе артыкул Юрыя Туронка "Ваша национальность?" у "Нёмане" №12 за 1992 год.
Мяркуючы па ўсім, Каліноўскі ў сваіх бліжэйшых планах бачыў беларусаў у адной дзяржаве з літоўцамі, пад агульным штандарам "Пагоні", як гэта было некалі ў часы ВКЛ. Таму і палітычная мяжа паміж народамі былога Княства, пра якую на працягу стагоддзяў не паклапацілася сама гісторыя, у часы Каліноўскага не была, здаецца, актуальная і ніяк нашым рэвалюцыянерам, прынамсі, у тых матэрыялах, што дайшлі да нас, не пазначана. Абвясціўшы 1 лютага н. с. 1863 года стварэнне Часовага ўрада Літвы і Беларусі, Каліноўскі зрабіў важны практычны крок у здзяйсненні свайго плана. Як вядома, гэтая ідэя была адроджана зноў у 1915–1917 гадах віленскімі беларускімі дзеячамі ў выглядзе маштабных праектаў "Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага" або "дэмакратычнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы" з аўтаноміяй беларускіх і літоўскіх земляў4. Ідэя сумеснай дзяржавы двух народаў у своеасаблівай форме закладзена таксама ў аснову ССР Літвы і Беларусі, што існавала нядоўгі час у 1919 годзе. (Хаця тут прычыніліся розныя іншыя фактары, і непасрэднай гістарычнай пераемнасці, здаецца, не было.)
Кастусь Каліноўскі марыў бачыць свой народ шчаслівым і свабодным, заможным і адукаваным. У "Пісьмах з-пад шыбеніцы" ён пісаў: "Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку. Тагды ён толькі магчыме (зможа. — Г. К.) жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць наукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць" (46). "Радня цэла" — у дадзеным выпадку не толькі сваякі (гэта было б банальна), а ўсе суайчыннікі за выключэннем заўзятых рэтраградаў. Размова ідзе пра нацыянальную кансалідацыю на высокамаральнай аснове.
Як бачым, не адмаўляў Каліноўскі ў гэтым плане і значэнне рэлігіі. У "Мужыцкай праўдзе" і іншых зваротах да народа ён паслядоўна выказваўся за вяртанне да уніі, скасаванай у 1839 годзе царскім урадам. Рабілася гэта, магчыма, не толькі з тактычных меркаванняў, каб лішні раз нагадаць народу пра крыўды, нанесеныя царызмам. Не выключана, што Каліноўскі глядзеў на унію як на канфесію, якая пры пэўных умовах магла б стаць нацыянальнай рэлігіяй беларусаў. Прынамсі, гэта адпавядала б у нейкай ступені прамежкаваму геапалітычнаму становішчу Беларусі паміж Усходам і Захадам. Святар і даследчык А. Станкевіч у свой час пісаў пра гэта так: "Вось жа Каліноўскі жадаў закрануць гэту балючую рану, каб і на адцінку рэлігійнага жыцьця ўзбудзіць у нашым народзе нянавісьць да царскага на Беларусі панаваньня. Урэшце выступленьне нашага паўстанца за рэлігійную унію можна такжа тлумачыць як прынамсі падсьведамае імкненьне беларускай яго душы да шуканьня сінтэзы, да шуканьня моцнага і найбольш адпаведнага грунту дзеля закапаньня рэлігійнага рову, які разьдзёр беларускі народ на дзьве варожыя часткі. Гэткім грунтам, гэткім спосабам, у вачах яго сусім шчыра магла рысавацца іменна унія"5. Як бачым, нават вельмі блізкі да гэтай праблематыкі даследчык выказваецца тут даволі асцярожліва. Ды і ўвогуле праблема уніі — адна з самых складаных і цяжкавырашальных у беларускай гісторыі.
Вядома ж, як, мабыць, і кожны радыкальны палітык, Каліноўскі быў, мусіў быць, досыць аднабаковым і, выступаючы за унію, дапускаў у сваіх творах, асабліва ў шостым нумары "Мужыцкай праўды", зняважлівае трэціраванне праваслаўя, на што справядліва звяртаюць увагу некаторыя даследчыкі, у прыватнасці У. Казбярук. Гэтая акалічнасць, мякка кажучы, не ўпрыгожвае твораў нашага героя-рэвалюцыянера, але ці ж можна праз гэта выстаўляць Каліноўскага нейкім "ідэолагам рэлігійнае хатняй вайны" ў Беларусі, як робіць ужо згаданы на пачатку нашага даклада А. Латышонак. Апошні зноў жа сумняваецца на гэтай падставе, ці быў Каліноўскі беларускім нацыянальным дзеячом.
Між тым навука даўно адказала на гэтае пытанне станоўча: Каліноўскі — выдатны беларускі нацыянальны дзеяч у спецыфічных умовах сярэдзіны ХІХ стагоддзя, паўстання 1863 года.
Раздумваючы пра шлях свайго народа, Каліноўскі, як і мы сёння, абапіраўся на вопыт мінулага, рамантызаваў гісторыю, знаходзіў у ёй прыцягальныя арыенціры, высокія прыклады, "аднаўляў “гістарычную даль” беларусаў"6. "Быў то калісьці народ наш вольны і багаты", — пісаў ён у "Мужыцкай праўдзе" (№2, 28). Думаецца, ён успамінаў пры гэтым часы росквіту ВКЛ, калі беларусы годна баранілі межы сваёй дзяржавы і з не меншым бляскам абаранялі мудрыя дысертацыі ў славутых еўрапейскіх універсітэтах.
"Буйным жыццём усё чыста кіпела, / Слава далёка за морам ішла…" — нібыта падхопліваючы-працягваючы гаворку Каліноўскага, скажа пазней, у нашаніўскі перыяд, Я. Купала (верш "Над Нёманам", 1911–1912). Наогул трэба падкрэсліць, што слова Каліноўскага — і гэта вельмі паказальна — лёгка знаходзіць паралелі (а часам і пэўную расшыфроўку) у творчасці нашаніўцаў.
Любімым героем Каліноўскага быў Т. Касцюшка. Каліноўскі высока цаніў гістарычнае значэнне такіх прагрэсіўных актаў, як Канстытуцыя 3 мая 1791 года, Паланецкі ўніверсал.
Ён бачыў свой народ свядомым змагаром за праўду, за лепшую будучыню.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, Народзе, старасці свабодна (45).
Неяк не адразу ўспрымаеш тут слова "старасць". А потым бачыш — гэта роздум Каліноўскага пра шлях свайго народа, роздум пра тое, што кожны народ праходзіць у сваім развіцці фазы, падобныя да фазаў жыцця асобнага чалавека: надзеі юнацтва, працы і здзяйсненні сталасці, нарэшце, прыдбаная пашана, назапашаны дастатак, мудрасць апошняй фазы. Прынамсі, гэтага ён жадаў свайму народу. Нам важна сёння адзначыць, што Каліноўскі глядзеў на свой народ, які меў трывалыя гістарычныя карані, як на нацыю тым не менш маладую, поўную сіл, у якой усё яшчэ наперадзе.
Сугучныя думкі, у кожным разе блізкую тэрміналогію нечакана знаходзім у рускага крытыка і філосафа канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя В. Розанава: "Было б памылковым думаць, што які-небудзь народ можа дасягнуць колькі-небудзь значнай старасці, г. зн. даўгавечнасці, не маючы чаго-небудзь, што сагравала б яго ў вяках і нарэшце ў тысячагоддзях"7. Беларусаў "сагравалі ў вяках" Ф. Скарына, колішні залаты Рэнесанс айчыннай культуры і дзяржаўнасці, а потым і сам К. Каліноўскі, яго агністае слова і яскравы жыццёвы подзвіг.
Кастусь Каліноўскі прадвызначыў многае ў далейшым шляху беларусаў. Нельга не пагадзіцца з А. Каўкам, які ў згаданым артыкуле ў "Спадчыне" справядліва гаворыць: "Этапную ролю ў далейшым развіцці рэвалюцыйна-дэмакратычнае традыцыі, усяго вызваленчага руху адыграла паўстанне 1863–1864 гг. на чале з К. Каліноўскім — мысляром, паэтам, публіцыстам, першым беларускім палітычным дзеячом новага часу. Дзейнасць Каліноўскага кладзе пачатак спалучэнню сацыяльна-эканамічных (найперш аграрных), палітычных, культурна-духоўных, у тым ліку рэлігійных, праблемаў у вызваленчым змаганні беларусаў. К. Каліноўскі ставіць, хай напачатку недастаткова выразна і паслядоўна, уласна беларускія ("літоўскія") патрабаванні ў агульнапольскім нацыянальным руху (зноў гэты важны, дакладна заўважаны даследчыкам момант. — Г. К.), уключна з ідэяй самастойнасці Літвы-Беларусі ў дэмакратычным саюзе з Польшчаю і Расеяю. Легендарны паўстанец першы звярнуў увагу на сялянства як галоўную дзеятворную сілу беларускае нацыі, прысвяціў яму нелегальны перыёдык "Мужыцкая праўда".
Адным з важнейшых момантаў беларускай нацыянальнай ідэі, як паказаў яшчэ І. Канчэўскі-Абдзіраловіч у знакамітым філасофскім эсэ "Адвечным шляхам", былі ўзаемадачыненні з Захадам і Усходам. Першую частку гэтай праблемы — стасункі з Варшавай — мы збольшага пазначылі. Гэтыя стасункі, як іх уяўляў Каліноўскі, можна акрэсліць двума словамі — падтрымліваць і спрачацца, ісці, наколькі магчыма, разам і адстойваць сваё.
Яшчэ больш складанай з’яўляецца пазіцыя Каліноўскага ў дачыненні да Расіі. Галоўным ворагам вызваленчага руху быў у той перыяд расійскі царызм. І ў той жа час існаваў рэвалюцыйны саюз народаў супраць самадзяржаўя, высокі міжнародны аўтарытэт рускіх рэвалюцыйных мысліцеляў, у першую чаргу А. Герцэна.
Каліноўскі многае (гэта даведзена ў шматлікіх сур’ёзных даследаваннях) узяў у рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Перш за ўсё вострую сацыяльнасць, у той час як польская грамадска-палітычная думка назапасіла багаты досвед пастаноўкі нацыянальных пытанняў вызваленчага руху. Каліноўскі рашуча — асабліва па першым часе — размяжоўваў народ і царызм. Яму належаць высокія словы: "Народ маскоўскі скаланаецца ад нашай векавой крыўды. Ён свабодным братам нашым, а не прыгнятальнікам быць жадае і адказнасць перад нашчадкамі за нашу жалезную няволю рашуча ўскладае на гатовы пасці царызм" (51). Гэтая фармулёўка і сёння ўражвае сваёй бездакорнай узважанасцю і высакародствам.
Распачатае ўзброенае выступленне дыктавала новыя падыходы. У разгар паўстання 6 (18) ліпеня 1863 года ў Вільні, несумненна, з удзелам Каліноўскага была выпушчана адозва да народа Літвы-Беларусі, у якой гаварылася (перакладаем з польскай): "Ты паўстаў пад баявы сцяг: няма за ім спакойных гледачоў, толькі Бог адзін і натоўп бяззбройных і ўзброеных ворагаў, як народжаных на Доне ці Волзе, так і тых, што высыпалі ў царскай цяпліцы на Нёмане і Вяллі. Няма ніводнай бязвіннай маскоўскай душы на нашай зямлі: сумленны сын Масквы бароніць сёння чэсць свайго народа ва ўласнай айчыне, а служкаў царызму на зямлі нашай чакае ганебная кара" (110). Па сутнасці, перад намі нібы далейшае развіццё ранейшай формулы ў новых умовах. Потым пад уплывам паразы паўстання, пад уплывам пачварнай дзейнасці Мураўёва-вешальніка і яго памагатых, ва ўмовах усё больш відавочнай кансалідацыі расійскага грамадства пад шавіністычнымі, антыпаўстанцкімі лозунгамі пачуццё Каліноўскага да Расіі яшчэ больш ускладнілася. У "Пісьмах з-пад шыбеніцы" ў яго вырваліся горкія і нават несправядлівыя словы ў адрас рускага народа, які, на яго думку, зусім змірыўся са сваім ярмом. Здаецца, Каліноўскі зрабіў канчатковы выбар: "Бо я табе з-пад шубеніцы кажу, Народзе, што тагды толька зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе" (46). І разам з тым ён зноў і зноў вяртаўся да праблемы выбару шляхоў. У апошняй запісцы, адрасаванай уладам, ён прызнаваўся (прычым гэта не кан’юнктурныя словы — прынамсі, ілюзій наконт свайго далейшага лёсу ў яго не было, літасці ён не чакаў): "Я не противник счастья народного, не противник и России, если она нам добра желает, но противник тех бедствий, которые посягают край наш несчастный" (145). (Зазначым у дужках, — гэта цікава для літаратуразнаўцаў, — што руская мова яго не бездакорная, але яе моцна трымае ўнутраны рытм фразы, у прынцыпе аднолькавы, на якой бы мове ён ні пісаў.)
У рэшце рэшт, галоўнаю мераю ўсяго для Каліноўскага былі "шчасце народнае", дабрабыт і духоўнае здароўе народа. І — праўда, якая ўяўлялася яму ў дзвюх ўзаемазвязаных іпастасях: праўда-ісціна і праўда-справядлівасць.
Гісторыя не дае гатовых рэцэптаў, простых рэкамендацый да дзеяння. Але для нас заўсёды надзвычай важны яе агульны сэнс, які заключаецца ў дадзеным выпадку ў тым, што беларуская нацыянальная ідэя, ідэя беларускай дзяржаўнасці — не мімалётны капрыз нейкай ізаляванай купкі нацыяналаў. Гэтая ідэя прыйшла да нас з глыбіні стагоддзяў і выпакутавана розумам і барацьбой многіх пакаленняў сыноў і дачок Беларусі, сярод якіх зоркай першай велічыні ззяе імя Каліноўскага.
Памяць пра гераічную барацьбу Каліноўскага з расійскім самадзяржаўем, пра яго непахіснасць у спрэчках з варшаўскімі канспіратарамі, якія не ўзнімаліся да разумення новай раскладкі сіл на гістарычнай арэне, гэтая памяць, як і яго вера ў годную будучыню свайго народа, увасобленая ў бліскучай публіцыстыцы, — ва ўсе часы, пры ўсіх выпрабаваннях будуць служыць падмуркам нязгаснай беларускай нацыянальнай ідэі, нацыянальнай свядомасці беларусаў.