Назад

Лявон Карповіч (Луна-Воля)

Студзеньскае вызвольнае паўстаньне ў філятэліі

Dulce est pro patria mori
(Салодка памерці за Радзіму)

XXI век, на жаль, ня стаў векам міру. Калі вайсковыя дзеяньні носяць лякальны характар, то інфармацыйная вайна – глябальны. Дабро адстойвае праўду. Зло ўсімі сіламі стараецца паказваць, што дабро – гэта зло. Студзеньскае вызвольнае паўстаньне, постаці яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў, падзеі і значэньне – зусім неадназначна адлюстроўваюцца на фронце бітваў ідэалёгій. Для мяне беспаваротную кропку па гэтых пытаньнях паставіла Эліза Ажэшка1 словамі сваёй апошняй кнігі “Gloria victis”:

“– Я скажу табе пра гэта, брат Аполек, што ім кіравала, калі ён гэта рабіў. Ён любіў краіну і свабоду. Ці ведаеш, што такое радзіма? Ці ведаеш, што такое свабода? Не! Ні першай, ні другой ты нават ня бачыў. І яшчэ: ён ненавідзеў няволю. Ці ты ведаеш, што такое няволя? Не, ты ніколі не адчуў, што гэта такое, бо сам быў яе служкай. І яшчэ, ён любіў былую славу яго народу. Ці ты ведаеш, якой была тая слава? Не: табе ніхто не паказаў ніводнага промня яе кароны; ні адзінага кавалачка яе барваў. Таму зразумець ня можаш, што ў няроўную гэтую барацьбу штурхнула Аполека, што ў яе штурхала нас усіх, якія буры бушуюць у грудзях чалавека таптанага ступнёю гвалту, і які непераможны запал зрывае яго з-пад гэтай ступні, каб выпрастацца, падняць галаву, плечы расправіць і стаць з раба чалавекам, чалавекам вольным... Гэта законы прыроды, якія ў нас загаварылі, гэта воля Бога, каторы кожнаму з людзей і народаў даў душу асобную і вольную, гэта крык нашай душы да сьвету, да зямлі, да неба, што мы жывем і што жывых ніхто не мае права ўпіхваць у магілу. Загінем – добра, але гэты крык наш, крывёю і сьлязьмі сплываючы, застанецца ў паветры і тым, што прыйдуць пасьля нас, памерці ня дасьць і сонных будзе зрываць з пуховых пасьцеляў, і стане чорным сном і залатым сном народу, і сьцябаючым яго да вечнага змаганьня бічом, а тады толькі загучыць, калі пераможа – ідэя”.

Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68–77 тыс. чалавек. 321 бой з расейскай арміяй адбыўся ў Літве. Царская армія Віленскай ваеннай акругі складалася з 145 тысяч вайскоўцаў і 6 000 казакоў. Вялікая частка зь іх удзельнічала ў падаўленьні паўстаньня. Доля сіл у бітвах звычайна была 1:10 або 1:20 на карысьць Расеі. У ходзе паўстаньня расейскі акупацыйны ўрад засудзіў 21 712 чалавек у паднявольны стан або на выгнаньне, да сьмяротнага пакараньня было асуджана 128 паўстанцаў.

Студзеньскае вызвольнае паўстаньне стала прадметам навуковых дасьледаваньняў, твораў жывапісу, літаратуры, музыкі... Таксама яно адлюстравана ў філятэліі.

Гэта ня толькі паштовыя маркі, але і спэцыяльныя паштовыя гашэньні і цэльныя рэчы (канвэрты і паштовыя карткі). Эмісіі паштовыя, прысьвечаныя гэтай падзеі, можна падзяліць на выпускі прысьвечаныя гадавінам паўстаньня і прысьвечаныя гістарычным асобам-удзельнікам паўстаньня.

Першая марка, прысьвечаная паўстаньню 1863 г. была апублікавана ў Польшчы ў 1938 г. з нагоды 75 гадавіны гэтай гістарычнай падзеі. На ёй – выява Рамуальда Траўгута2, які вядзе ў атаку касінераў. Бой адбываецца ў лесе пад Пінскам

Рамуальд Траўгут (1826-1864) вядзе ў атаку касінераў
Рамуальд Траўгут (1826-1864) вядзе ў атаку касінераў
Паштовая марка (1938 г., Польшча)

Наступная гадавінная марка выпушчана ў 1945 годзе. На марцы 1944 года з партрэтам Р. Траўгута чорны наддрук новага кошту 5 злотых і даты пачатку паўстаньня 22.I.1963.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут
Паштовая марка (1944 г., Польшча)

У 1946 г. выпушчана яшчэ адна марка, прысьвечаная гадавіне паўстаньня коштам 6 злотых, на якой адлюстравана частка малюнка Артура Гротгера3 "Бой" з сэрыі "Літва" са збораў Нацыянальнага музэю ў Кракаве. На малюнку постаць паўстанца 1863 г.

Студзеньскае паўстаньне
Студзеньскае паўстаньне
Паштовая марка (1946 г., Польшча)

У 100 гадавіну паўстаньня пошта Польшчы выпусьціла марку з партрэтам кіраўніка паўстаньня Рамуальда Траўгута і надпісам: 1863-1963. Адначасова быў выдадзены канвэрт першага дня (КПД) з адпаведным штэмпэлем.

Сотыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Сотыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Сотыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Паштовая марка і канвэрт першага дня (1963 г., Польшча)

Да 100-годзьдзя вызвольнага паўстаньня выдала канвэрт беларуская эміграцыя ў Канадзе:

Сотыя ўгодкі паўстаньня Каліноўскага (1863-1963)
Сотыя ўгодкі паўстаньня Каліноўскага (1863-1963)
Канвэрт (1963 г., Канада)

Мар'ян Лянгевіч4, адзін з кіраўнікоў паўстаньня, нарадзіўся ў Кратошыне5. У памяць аб суайчыньніку ў 120-ую гадавіну паўстаньня (1983) пошта Кратошына прымяніла памятны штэмпэль, а Кратошынскае культурнае таварыства выпусьціла памятны канвэрт.

Мар'ян Лянгевіч (1827-1887)
Мар'ян Лянгевіч (1827-1887)
Канвэрт (1983 г., Канада)

З нагоды 120-й гадавіны Студзеньскага паўстаньня поштай Польшчы выдаецца марка, на якой адлюстравана рэпрадукцыя карціны “Бітва“ з цыклу “Polonia” Артура Гротгера. Разам з увядзеньнем яе ў абарот 22 студзеня 1983 г. быў выдадзены канвэрт першага дня з адпаведным памятным штэмпэлем і выявамі дыктатараў паўстаньня ў Польшчы Мар'яна Лянгевіча і Людвіка Мераслаўскага6.

Сто дваццатыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Сто дваццатыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Сто дваццатыя ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Мар'ян Лянгевіч і Людвік Мераслаўскі
Паштовая марка і канвэрт першага дня (1983 г., Польшча)

У 1983 годзе ў Беластоку праводзілася філятэлістычная выстава, да якой быў прымеркаваны выпуск паштовай карткі з выявай удзельніцы паўстаньня і знакамітай пісьменьніцы Элізы Ажэшка, што супала з 120-й гадавінай Студзеньскага паўстаньня.

Эліза Ажэшка (1841-1910)
Эліза Ажэшка (1841-1910)
Паштоўка (1983 г., Польшча)

У 1988 годзе на 125-годзьдзе паўстаньня Міністэрства сувязі СССР выпусьціла канвэрт з партрэтам Кастуся Каліноўскага7 і надпісам на беларускай і расейскай мовах: “Рэвалюцыйны дэмакрат, кіраўнік паўстаньня 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве К. С. Каліноўскі”.

Кастусь Каліноўскі (1838-1864)
Кастусь Каліноўскі (1838-1864)
Канвэрт (1988 г., СССР)

У 1993 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла марку з партрэтам Кастуся Каліноўскага на 130-годзьдзе Студзеньскага вызвольнага паўстаньня:

130 год нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
130 год нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
Кастусь Каліноўскі (1838-1864)
Паштовая марка (1993 г., Беларусь)

На 135-годзьдзе вызвольнага паўстаньня ў 1998 годзе пад кіраўніцтвам і па ініцыятыве вядомага беларускага філятэліста са Скідзеля8 Фрэдэрыка Гушчы, філятэліста з Беластоку Александра Сцепанчэнкі і пры ўдзеле Лявона Карповіча была арганізавана трэцяя Беларуская неафіцыйная філятэ­лістычная выстава ў в. Гудзевічы9 ў памяшканьні Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музэя. Спецгашэньнем на гэтай выставе быў штэмпэль з выявай Кастуся Каліноўскага:

Кастусь Каліноўскі (1838-1864)
Кастусь Каліноўскі (1838-1864)
Штэмпель (1998 г., Беларусь)

Пошта Летувы на 140-годзьдзе паўстаньня выпусьціла красамоўны канвэрт з відарысам Мураўёва-вешацеля10.

Мураўёў-Вешальнік
Мураўёў-Вешальнік
Канвэрт (2003 г., Летува)

Да 140-годзьдзя Студзеньскага вызвольнага паўстаньня філятэлістам з мястэчка Луна11 Лявонам Карповічам была выпушчана некалькі тыпаў канвэртаў. На малюнку адзін з такіх тыпаў канвэртаў, прайшоўшых пошту ў в. Мілавіды12, дзе 22 траўня (3 чэрвеня) 1863 году аб’яднаныя сілы інсургентаў, блізу 800 ваяроў са Слонімскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Наваградзкага й Гарадзенскага паветаў, на чале з Францішкам Юндзілам13, Ісідарам Лукашэвічам14, Аляксандрам Лянкевічам15, за агульным началам Кастуся Каліноўскага, далі вялікую бітву расейскім карнікам і войскам імпэрыі, якія прыйшлі карнікам на дапамогу. Паводле афіцыйных зьвестак, расейцы згубілі 50 чалавек забітымі і параненымі. У гэтае бітве ў аддзеле А. Лянкевіча (Ляндара) змагаліся рэшткі Лідзкага аддзелу Людвіка Нарбута16, і сярод іх — Францішак Багушэвіч17 і Міхал Андрыёлі18.

140-я ўгодкі паўстаньня
140-я ўгодкі паўстаньня
Канвэрт Л. Карповіча (2003 г., Беларусь)

Канвэрты Лявона Карповіча маюць такую асаблівасьць, што зьмяшчаюць тлумачальны тэкст на адваротным баку канвэрта.

140-я ўгодкі паўстаньня
140-я ўгодкі паўстаньня
Канвэрт Л. Карповіча, адваротны бок (2003 г., Беларусь)

2013 год у Рэспубліцы Польшча быў аб’яўлены годам Студзеньскага вызвольнага паўстаньня. З гэтай нагоды мясцовыя адзьдзелы пошты, можна казаць, спаборнічалі ў выданьні юбілейных матэрыялаў. Вось некалькі прыкладаў.

Паштовая картка Польскага зьвязу філятэлістаў ім. Станіслава Мікстэй­на19 і Агульнапольскага філятэлістычнага Клюбу "Кракавяна" з партрэтамі Людвіка Мераслаўскага, Мар'яна Лянгевіча і Рамуальда Траўгута.

150-я ўгодкі выбуху паўстаньня
150-я ўгодкі выбуху паўстаньня
Дыктатары паўстаньня
Паштоўка (2013 г., Польшча)

Польская пошта ў Кельцах20 па просьбе Савета Сьвентакшыцкай акругі Польскага зьвязу філятэлістаў выпусьціла паштовую картку ў памяць малавядомага эпізоду з часоў Студзеньскага паўстаньня – марской падтрымкі для паўстанцаў з боку Галоўнай арганізацыі Нацыянальных марскіх сілаў (Парыж, 1863).

150-я ўгодкі выбуху паўстаньня
150-я ўгодкі выбуху паўстаньня
Галоўная арганізацыя Нацыянальных марскіх сілаў
Паштоўка (2013 г., Польшча)

Пошта Летувы 150-годзьдзе паўстаньня адзначыла выпускам маркі, на якой намалявана сцэна з карціны “Паўстанцы з 1863” Артура Гротгера і партрэт аднаго з кіраўнікоў паўстаньня Зыгмунта Серакоўскага21, і канвэрта першага дня (КПД) з відарысам карціны Тадэвуша Айдукевіча22 ”Сцэна са Студзеньскага паўстаньня” і адпаведным спецгашэньнем.

150-я ўгодкі паўстаньня 1863 г.
150-я ўгодкі паўстаньня 1863 г.
150-я ўгодкі паўстаньня 1863 г.
Паштовая марка і канвэрт першага дня (2013 г., Летува)

Другую групу складаюць паштовыя выданьні, прысьвечаныя героям паўстаньня.

Партрэт Траўгута быў намаляваны на марцы вартасьцю ў 25 грошаў у першай – выданай пасьля вайны ў 1944 г. – сэрыі "правадыроў". На іншых марках сэрыі намаляваныя вобразы Тадэвуша Касьцюшкі23 (наміналам 50 грошаў) і Яна Генрыка Дамброўскага24 (наміналам 1 злоты).

Рамуальд ТраўгутТадэвуш КасьцюшкаЯн Генрык Дамброўскі
Рамуальд Траўгут, Тадэвуш Касьцюшка, Ян Генрык Дамброўскі
Паштовыя маркі (1944 г., Польшча)

У 1981 годзе была апублікавана манаграфія “Пошта польская ў 1944 годзе” пад рэдакцыяй Андрэя Мысьліцкага. Спэцыяльна для гэтай кнігі ў Варшаве зроблены навадрукі з арыгінальных клішэ з партрэтам Траўгута

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут
Паштовая марка (1944 г., Польшча)
Навадрук 1981 г.

Партрэт Рамуальда Траўгута паказана на марцы з наміналам 60 грошаў з сэрыі “Вялікія палякі”, якая была выдадзена ў 1962 годзе. У левым верхнім куце зьмешчаны надпіс “Gloria Victis”, справа: 1826-1864, гады жыцьця дыктатара.

Рамуальд Траўгут (1826-1864)
Рамуальд Траўгут (1826-1864)
Паштовая марка (1962 г., Польшча)

Тры маркі Пошта Польшчы прысьвяціла Яраславу Дамброўскаму25, арганізатару і сябру Цэнтральнага нацыянальнага камітэту ў Студзеньскім паўстаньні. Першая зь іх была выпушчана ў 1951 годзе ў сувязі з 80-годзьдзем Парыскай Камуны26. Аднак на марцы памылкова замест партрэта Яраслава Дамброўскага паказаны партрэт Генрыка Дамброўскага27, піяніста і кампазытара.

Яраслаў Дамброўскі (1836-1878)
Яраслаў Дамброўскі (1836-1871)
Паштовая марка (1951 г., Польшча)

Другая коштам у 60 грошаў зьявілася ў сэрыі “Вялікія палякі” (1962), на якой бачны ў правай частцы партрэт генэрала ў рамцы, у левым верхнім куце разьмяшчаецца фрыгійскі каўпак і словы: “Liberte, Egalite, Fraternite”, а на правым баку: 1836-1871 – гады жыцьця генэрала.

Яраслаў Дамброўскі (1836-1878)
Яраслаў Дамброўскі (1836-1878)
Паштовая марка (1962 г., Польшча)

Трэцяя марка коштам 60 грошаў выдадзена з нагоды 100-годзьдзя Парыскай Камуны, на якой партрэты Яраслава Дамброўскага і Валерыя Урублеўскага28, таксама аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстаньня, генэрала Парыскай Камуны. У сярэдзіне маркі – акварэль Юліуша Косака29 “Заваёва замка Пуйлі пад Дыжонам30 валянцёрамі Гарыбальдзі31.

Парыская Камуна (1871-1971)
Парыская Камуна (1871-1971)
Паштовая марка (1971 г., Польшча)

Пошта СССР у 1982 годзе выпусьціла не маркіраваны канвэрт з выявай помніка Элізе Ажэшка ў Гародні і надпісамі на беларускай і расейскай мовах.

Помнік Элізы Ажэшка ў Горадні
Помнік Элізы Ажэшка ў Горадні
Канвэрт (1982 г., СССР)

Ян Дамінікавіч Чэрскі32 вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце (1860-63). Удзельнічаў у паўстаньні 1863–1864 гадоў за што быў выключаны з 4-га курса, пазбаўлены дваранства, грамадзянскіх правоў і высланы ў Сыбір салдатам. Быў асуджаны на бестэрміновую ссылку. Пакараньне адбываў у Омску, дзе праславіў сваё імя як вучоны. Пошта Беларусі прысьвяціла яму сваю марку ў 1995 г. з нагоды 150-годзьдзя з дня нараджэньня

Таксама быў выпушчаны канвэрт першага дня зь відарысам хрыбта, якому прысвоена імя Яна Чэрскага.

Ян Чэрскі (1845-1892)
Хрыбет Чэрскага
150 год з дня нараджэньня Яна Чэрскага
Паштовая марка і канвэрт першага дня (1995 г., Беларусь)

У 2002 годзе пошта Польшчы з нагоды 110-ай гадавіны сьмерці выпусьціла марку з партрэтам Яна Чэрскага.

Ян Чэрскі (1845-1892)
Ян Чэрскі (1845-1892)
Паштовая марка (2002 г., Польшча)

У 2000 годзе сярод канвэртаў беларускай пошты адзін прысьвечаны Францішку Багушэвічу, як “беларускаму паэту, празаіку, публіцысту” з нагоды 100-й гадавіны сьмерці. Але ён яшчэ й удзельнік паўстаньня 1863 г., быў паранены. Ратуючыся ад улад, перабраўся ва Ўкраіну, дзе жыў пэўны час.

Францішак Багушэвіч (1840-1900)
Францішак Багушэвіч (1840-1900)
Канвэрт (2000 г., Беларусь)

У 2008 годзе беларуская пошта выпусьціла марку “200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, зь яго партрэтам і канвэрт першага дня з адпаведным спецгашэньнем.

Хоць прамы ўдзел Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча33 ў паўстаньні не быў даказаны, яго арыштавалі. Абвінавачваўся ў распаўсюджваньні “шкодных для ўрада” ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданьняў (напрыклад, “Гутаркі старога дзеда”). З кастрычніка 1864 да сьнежня 1865 г. зьняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зьняты ў 1872–1874 гг., зноў усталяваны ў 1876 г.). Да самай сьмерці ён заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка Каміла за сувязь з паўстанцамі была выслана ў Сыбір і з 1863 г. адбывала ссылку ў Салікамску34.

200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
200 гадоў з дня нараджэньня Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Паштовая марка і канвэрт першага дня (2000 г., Беларусь)

З нагоды 170-годзьдзя з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага Пошта Летувы стварыла прыгожы канвэрт, прысьвечаны кіраўніку беларуска-летувіскіх інсургентаў і самому паўстаньню.

Канстанцін Каліноўскі (1838-1864)
Канстанцін Каліноўскі (1838-1864)
Канвэрт (2008 г., Летува)

У 2009 годзе пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла маркіраваны канвэрт з нагоды 225-годзьдзя з дня нараджэньня Тэадора Нарбута35.

З сям'і Тэадора Нарбута непасрэдна ў паўстаньні ўдзельнічалі сыны Людвік і Баляслаў і дачка Тэадора.

Старога бацьку за “неверноподданическое” выхаваньне сыноў і дочкі ўзялі ў Вільню, дзе суд прысудзіў яго да ссылкі ў Сыбір, але прысуд не змаглі выканаць з-за дрэннага самаадчуваньня асуджанага. 26 лістапада 1864 году ён памёр. Пахавалі яго не на радзіме ў Шаўрах36, а ў недалёкай Начы37, на могілках поруч касьцёла.

Тэадор Нарбут (1784-1864)
Тэадор Нарбут (1784-1864)
Канвэрт (2009 г., Беларусь)

Жонку яго, Крысьціну Нарбут, засудзілі да высылкі ў Пензенскую губэрню, адкуль яна вярнулася на радзіму праз 20 гадоў, калі ёй споўнілася 84 гады. На радзіму, на магілу мужа, на магілу сына, у родны край, дзе свая гаворка, свае туманы, свае ўспаміны…

Яна памерла ў 1899 годзе і пахавана ў Шаўрах побач з сынам Баляславам.

Белпошта ў 2013 годзе выпусьціла картку з маркай “175 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага”. На марцы – партрэт Каліноўскага на фоне газэт “Мужыцкая праўда”, на паштоўцы – выступ Каліноўскага перад сялянамі.

175 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага
175 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага
Паштоўка (2013 г., Беларусь)

У Студзеньскім паўстаньні таксама прынялі ўдзел замежнікі. Адзін зь іх італьянскі палкоўнік Франчэска Нула38, які ў красавіку 1863 г. прыбыў з Італіі ў Кракаў. 3 траўня на чале атраду італьянскіх добраахвотнікаў, так званых “гарыбальдзейцаў”, перайшоў мяжу Каралеўства Польскага пад Крашавіцамі39. У першай сутычцы перамог атрад расейцаў пад Падленжам40. Атрымаў ад Нацыянальнага ўраду званьне генэрала. Ён быў забіты ў бітве пад Крыкаўкай41 5 траўня 1863 г. Пахаваны на могілках у Олькушы42. Каб ушанаваць 130-годзьдзе з дня сьмерці палкоўніка, польскай поштай выдадзена 5 мая 1993 г. марка наміналам 2 500 злотых. На марцы партрэт героя на фоне бою “гарыбальдзейцаў”.

Палкоўнік Франчэска Нула
Палкоўнік Франчэска Нула
Паштовая марка (1993 г., Польшча)

Прэзэнтуючы філятэлістычныя матэрыялы, прысьвечаныя Студзеньскаму паўстаньню нельга ігнараваць інфармацыю аб марках, выпушчаных Поштай Польскай, якая дзейнічала ў нямецкіх лягерах для ваеннапалонных падчас Другой сусьветнай вайны. У 1943 годзе ў лягеры IIC Вольдэнберг43 быў выдадзены з нагоды 80-годзьдзя паўстаньня блёк, які ўтрымлівае дзьве маркі з постацямі паўстанцаў ля вогнішча і герб, які выкарыстоўваўся на пачатку ўлады Нацыянальнага ўраду ў 1863 годзе, паказаны на фоне стужкі і Крыжа Незалежнасьці.

80-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
80-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Паштовыя маркі (1943 г., Нямеччына)

У 1944 годзе ў лягеры IID Грос Борн44 былі выпушчаныя дзьве маркі сэрыі “Студзеньскае паўстаньне“. На адной коштам 10 пфенінгаў партрэт генэрала Мар'яна Лянгевіча; на другой коштам 20 пфенінгаў – партрэт Рамуальда Траўгута. Абедзьве маркі вядомыя ў некалькіх вэрсіях колераў і гатункаў паперы.

Студзеньскае паўстаньне. Марыян ЛянгевічСтудзеньскае паўстаньне. Рамуальд Траўгут
Студзеньскае паўстаньне. Мар'ян Лянгевіч і Рамуальд Траўгут
Паштовыя маркі (1944 г., Нямеччына)

У тым жа лягеры ў 1944 годзе была выданая паштовая картка з партрэтам М. Лянгевіча.

Мар'ян Лянгевіч
Мар'ян Лянгевіч
Паштоўка (1944 г., Нямеччына)

Варта сказаць пра маркі Польшчы Змагарнай, многія зь якіх прысьвечаны Студзеньскаму паўстаньню.

Неўзабаве пасьля абвяшчэньня ў Польшчы ў 1981 г. ваеннага становішча інтэрнаваныя актывісты “Салідарнасьці” сталі выдаваць паштовыя маркі. Маркі падпольнай пошты не служылі аплатай за паштовыя адпраўленьні; спаўнялі яны функцыі прапаганды. Паводле прыблізных ацэнак, у 1981-1989 гады былі выпушчаныя ў другім абароце больш 35 000 узораў марак, гэта значыць больш, чым уся Пошта Польшчы на працягу ўсяго пэрыяду ПНР.

Першыя маркі падпольнай пошты былі створаны ў лягерах для інтэрнаваных, у вельмі невялікім тыражы. Пазьней друк праводзіўся ў патаемных тыпаграфіях. Выручка ад продажу марак была прызначана для падтрыманьня падпольных структур “Салідарнасьці”.

1985 год. Пошта Homo Homini “Салідарнасьць” Малапольскае ваяводзтва. Шостая эмісія Камітэту дапамогі вязьням за перакананьні. На марцы польскі Арол у кароне, а на ім партрэты Зыгмунта Серакоўскага, Рамуальда Траўгута, Рамана Жулінскага45, Рафала Краеўскага46 і Зыгмунта Хмяленскага47. Прозьвішча Рамана Жулінскага памылкова падпісана як “Жулаўскі”. Унізе надпіс: “Студзеньскае паўстаньне 1863-1985”, наверсе: “Расстраляныя, павешаныя за веру і Айчыну”.

Расстраляныя, павешаныя за веру і Айчыну
Расстраляныя, павешаныя за веру і Айчыну
Паштовая марка (1985 г., Польшча)

1987 г. Пошта “Салідарнасьці змагарнай”. Рамуальд Траўгут.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут
Паштовая марка (1987 г., Польшча)

1988 г. Пошта “Слова незалежнае” Студзеньскае паўстаньне ў 1863 годзе. Артур Гротгер ”Бой”.

Артур Гротгер
Артур Гротгер
Паштовая марка (1988 г., Польшча)

Пошта “Салідарнасьць”. Верныя Богу і Айчыне. Рамуальд Траўгут.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут
Паштоўка? (1987 г., Польшча)

1988 г. “Палонія Restituta”. Рамуальд Траўгут.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут
Паштовая марка (1988 г., Польшча)

1986 г. [s.n.] 1863 г. Студзеньскае паўстаньне. Кракаў. Блёк з дзьвюх марак: 1. Улан на кані. 2. Герб Нацыянальнага ўрада.

Студзеньскае паўстаньне
Студзеньскае паўстаньне
Паштовыя маркі (1986 г., Польшча)

1989 г. Пошта Руху "Мужнасьць і Праўда". Нова Хута. 126-е ўгодзьдзе Студзеньскага паўстаньня. Маркі “Каваньне кос” і “Клятва” Артура Гротгера.

126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Артур Гротгер "Каваньне кос"
Паштовая марка (1989 г., Польшча)

126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Артур Гротгер "Клятва"
Паштовая марка (1989 г., Польшча)

1989 г. Пошта “Салідарнасьць”. Студзеньскія паўстанцы. Артур Гротгер ”Бой”.

Артур Гротгер. "Бой"
Артур Гротгер. “Бой”
Паштовая марка (1989 г., Польшча)

1988 г. Пошта “Салідарнасьць”. 125-е ўгодзьдзе Студзеньскага паўстаньня 1863 году ў карцінах Артура Гротгера. Блёк з шасьці марак: 1. “Дабраславеньне”, 2. “Тры саслоўі” з сэрыі "Варшава", 3. “Першая ахвяра”, 4. “Закрыцьцё касьцёлаў” з сэрыі "Варшава", 5. “Клятва” з сэрыі "Літва", 6. “Бой” з сэрыі "Літва".

Студзеньскае паўстаньне 1863 г. Артур Гротгер
Студзеньскае паўстаньне 1863 г.
Артур Гротгер
Паштовыя маркі (1988 г., Польшча)

1987 г. Пошта Палявая. "Нязломныя – Студзень 1963 г."

Нязломныя – Студзень 1963 г.
Нязломныя – Студзень 1963 г.
Паштовая марка (1987 г., Польшча)

1987 г. ”Салідарнасьць” Свентакшыскага рэгіёну. Генэрал Мар'ян Лянгевіч, дыктатар (11.03.–19.03.1863),

Генэрал Мар'ян Лянгевіч, дыктатар
Генэрал Мар'ян Лянгевіч, дыктатар
Паштовая марка (1987 г., Польшча)

1989 г. Пошта “Салідарнасьць”. "Студзеньскае паўстаньне 1863 г." Сэрыя з трох марак: 1. Выява з подпісам: "Мар'ян Лянгевіч. Дыктатар паўстаньня". 2. Пячатка з надпісам: "Нацыянальны ўрад. Роўнасьць. Свабода. Незалеж­насьць. Студзеньскае паўстаньне 1863 г." 3. Юзаф Брадоўскі48. “Конны вартавы пост паўстанцаў”.

Студзеньскае паўстаньне 1863 г.
Студзеньскае паўстаньне 1863 г.
Паштовыя маркі (1989 г., Польшча)

1989 г. Пошта руху "Мужнасьць і Праўда". Нова Хута. 126-е ўгодзьдзе Студзеньскага паўстаньня. Група паўстанцаў у абароне.

126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
126-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Паштовая марка (1989 г., Польшча)

1988 г. “Салідарнасьць”. 125 гадоў з дня Студзеньскага паўстаньня. Блёк з чатырох марак: 1. Герб паўстаньня. 2. Рамуальд Траўгут. 3. Дыянісій Чахоў­скі49. 4. Крыж вэтэранаў Варшаўскага паўстаньня.

125-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
125-я ўгодкі Студзеньскага паўстаньня
Паштовыя маркі (1988 г., Польшча)

1987 г. Пошта “Салідарнасьць”. “Польскія месяцы” Блёк з двух марак, паміж якімі выказваньне Ю. Пілсудскага50: "Перамагчы і спачываць на лаўрах – гэта параза, быць пераможанымі і не скарыцца – гэта перамога!". 1. А. Гротгер “Бой”. 2. Малюнак бітвы з надпісам: Рамуальд Траўгут, 1863-1864.

Польскія месяцы
Польскія месяцы
Паштовыя маркі (1987 г., Польшча)

1985 г. Аб’яднаньне грамадзкага адпору (КОС 241). Блёк з чатырох марак “Стваральнікі незалежнай Польшчы”: 1. Нацыянальны ўрад. 2. М. Лянгевіч. 3. З. Серакоўскі. 4. Р. Траўгут.

Стваральнікі незалежнай Польшчы
Стваральнікі незалежнай Польшчы
Паштовыя маркі (1985 г., Польшча)

1987 г. Пошта “Салідарнасьць змагарная” Блёк з дзьвюх марак: 1. Ра­му­альд Траўгут. 2. Артур Гротгер “Бой”.

Угодкі Студзеньскага паўстаньня
Угодкі Студзеньскага паўстаньня
22 студзеня 1863 г. – 22 студзеня 1987 г.
Паштовыя маркі (1987 г., Польшча)

1986 г. Пошта незалежная. Марка "Студзень 1863" з выявай паўстанца.

Студзень 1863
Студзень 1863
Паштовая марка (1986 г., Польшча)

1986 г. Пошта незалежная. Марка "Студзень 1863". На ёй намаляваныя два паўстанцы: адзін зь вінтоўкай, другі – абапіраецца на шаблю.

Студзень 1863
Студзень 1863
Паштовая марка (1986 г., Польшча)

1986 г. Пошта незалежная. Марка "Студзень 1863" з выявай коннага паўстанца.

Студзень 1863
Студзень 1863
Паштовая марка (1986 г., Польшча)

1988 г. Пошта “Салідарнасьць змагарная”, Вроцлаў51. Марка "1863", на якой два паўстанцы – адзін з ружжом, другі з паднятым сьцягам з польскім арлом – стаяць над загінулым у баі.

1863
1863
Паштовая марка (1988 г., Польшча)

1985 г. Пошта Канфэдэрацыі незалежнай Польшчы (KPN). Блёк марак "22 студзеня 1863 г. Пачатак Студзеньскага паўстаньня" з выявамі карцін Артура Гротгера: 1. “Замкавая плошча”, 2. “Бітва”, 3. “Першая ахвяра”.

22 студзеня 1863 г. Пачатак Студзеньскага паўстаньня
22 студзеня 1863 г.
Пачатак Студзеньскага паўстаньня
Паштовыя маркі (1985 г., Польшча)

1985 г. Пошта Homo Homini. “Салідарнасьць”, Малапольскае ваяводзтва.

На марцы справа Герб паўстаньня, зьлева Рамуальд Траўгут, зьнізу дата: “1863, Свабода, Роўнасьць, Незалежнасьць”.

Рамуальд  Траўгут. 1863
Рамуальд Траўгут. 1863
Паштовая марка (1985 г., Польшча)

1986 г. Пошта “Салідарнасьць” Малапольскае ваяводзтва. Блёк з чатырох марак: 1. Рамуальд Траўгут, 2. Мар'ян Лянгевіч, 3. Зыгмунт Падлеўскі52, 4. Юзаф Хаўке Босак53. У сярэдзіне блёка надпіс: “Нацыянальны ўрад. Роўнасьць. Свабода. Незалежнасьць”.

Угодкі Студзеньскага паўстаньня (1863-1986)
Угодкі Студзеньскага паўстаньня (1863-1986)
Паштовыя маркі (1986 г., Польшча)

Мы ведаем, што Студзеньскае вызвольнае паўстаньне скончылася паразай, аднак гераічныя дзеі гэтыя не былі марнымі. Любоў да свабоды, укаранёная ў сэрцах і помыслах беларусаў, перадаваная з пакаленьня ў пакаленьне, прынесла незалежнасьць беларусам у ХХ стагодзьдзі.

Публікацыя паводле: Аўтарскі дакумент