Назад

Уладзімір Караткевіч

Кастусь Каліноўскі1

Да стагоддзя з дня пакарання смерцю

Спатрэбілася дзве роты салдат, каб схапіць аднаго чалавека. Была цёмная і снежная ноч 29 студзеня 1864 года. Салдаты абкружылі квартал Святаянскіх муроў і распачалі планамерны вобыск.

Чалавек жыў адзін. Аб яго месцазнаходжанні ведалі два-тры бліжэйшыя сябры. Каб не здрада — чалавека нельга было б знайсці. Ён уважаў за лепшае рызыкаваць толькі сваёй галавой. Калі ўжо здарыцца бяда — хай з яго смерцю перарвуцца галоўныя ніці падпольных тайн. Але ў горшае ён не верыў. Сам шчыры, сам па-рыцарску прамы2 і адданы справе паўстання, ён верыў у нязломную цвёрдасць людзей, якія рабілі з ім тую справу.

Дзве роты салдат і адзін чалавек. Салдаты абкружалі Святаянскія муры ў Вільні. Пачаўся пошук чалавека, які кіраваў адсюль паўстаннем Беларусі і Літвы, не даючы згаснуць полымю. Ратаваў самае каштоўнае — сяброў, братоў, людзей. Ратаваў,3 каб вясною паўстанне выбухнула зноў. І ён бы зрабіў гэта, каб не здрада.4

Чалавек ішоў сходамі насустрач салдатам, несучы свечку ў руцэ. Так яны і сутыкнуліся. Адзін нёс святло. Другія выраслі са змроку.

— Як ваша прозвішча?

— Вітажэнец, — спакойна адказаў малады чалавек.

Яго схапілі за рукі. Агеньчык скаціўся па каменных прыступках. Згаснуў.

Уласна кажучы, гэта быў канец. Бо ні на допытах, ні на судзе чалавек не зрабіў нічога, каб палегчыць сваю долю. Чалавека павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Яго звалі Кастусём Каліноўскім, і за тыдзень да страшнай ночы 29 студзеня яму мінуў дваццаць шосты год. За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў. Спачатку ён кіраваў паўстанцамі Гродзеншчыны, а потым усклаў на свае юныя плечы паўстанне ўсёй Беларусі і Літвы. I калі "белае" панства здрадзіла і кінула ўзброены народ, Каліноўскі ўзначаліў яго і неймавернай сілай волі трымаў гэты цяжар пяць месяцаў.

Што гэта азначала, можна ўявіць хоць бы з таго, што супраць паўстанцаў Беларусі і Літвы царызм кінуў 120 тысяч багнэтаў і шабель пры належнай колькасці артылерыі. На аднаго паўстанца было пяць салдат. I гэты адзін быў дрэнна ўзброены, а ў пяцёх была вывучка, былі гарматы.

I, аднак, людзі змагаліся, а Кастусь ствараў сетку арганізацый і атрадаў. Нават у апошнія дні. I гэтыя яго трагічныя апошнія часіны, гэтая тытанічная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць біцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волі, да радзімы, да дэмакратыі, — робяць Каліноўскага самай трагічнай, сімпатычнай і велічнай асобай ва ўсёй гісторыі Беларусі і самым улюбёным нацыянальным героем беларусаў.5 Час тут не мае значэння. Проста ён адвольна лёг між намі і гэтым маладым чалавекам, нашым сучаснікам.

Вось ён, студэнт, люта спрачаецца з “белымі” за волю і зямлю для народа. I мы спрачаемся разам з ім. Вось ён ідзе на чале мужыцкіх6 атрадаў: за паясам чамаркі два пісталеты, на чамарку накінута белая сялянская світка, а побач трапеча, уторкнуўшыся дрэўцам у зарыва,7 баявы сцяг. І мы захапляемся ім. Вось ён сядзіць з пяром над пробнымі водціскамі “Мужыцкай праўды”. А мы сочым ход яго думак і згаджаемся з імі.

І мы адчуваем фізічны боль, калі ўяўляем яго на эшафоце, з подлай8 мураўёўскай пятлёй на шыі, калі чуем яго апошнія словы.

Якога яшчэ братэрства душ вам трэба?!9

Каб ніхто больш не насмельваўся называць рабом простага чалавека і крыўдзіць яго, каб адны не елі “пушны” хлеб, а другія не жэрлі, як не ў сябе, і не подлічалі, каб родная зямля між Дняпром і Бугам (а потым і ўсе землі на свеце) стала радзімай волі і дэмакратыі, — ён, гэты малады чалавек, змагаўся словам і пяром, зброяй і ўласнай смерцю.10

Каб не плакалі з голаду дзеці, каб не было прыгону і гвалту, каб квітнела вольнае слова, каб не было няроўнасці, каб не сівелі ў роспачы жанчыны, каб мужчыны не лаяліся бяссільна і не паміралі з непапраўнай11 думкай, што ў іх жыцці не было жыцця, — ён аддаў сваё жыццё. Бо ведаў: неацэнны дар — жыццё — нельга абражаць рабствам, голадам, цемрай, нацыянальным уціскам, смяротнымі пакараннямі. Яно адно, жыццё. Іншага не дадуць.12

І гэта стала для Кастуся невычэрпнай крыніцай волі і магутнасці. Даючы паказанні, якія шкодзілі яму, але і краем не закраналі нікога з жывых сяброў (нашчадкі павінны былі ведаць!), гэты адзін змучаны чалавек маральна перамог не толькі шасцёх следчых. Ён перамог усю дзяржаўна-бюракратычную царскую машыну, усю сістэму тыраніі і гвалту. Перамог час.13

“3-пад шыбеніцы” ён напісаў свой славуты верш, звернуты да зямлі, якая нарадзіла яго і выхавала, дала яму песні і родную мову і вочы, што бачылі ўсю нізасць і веліч свету, і сэрца, што беспамылкова адрознівае дабрыню14 ад зла. Апошняе прывітанне той зямлі, якая пераліла ў гэта сэрца ўсю сваю ціхую прыгажосць, і бязмерны боль, і доўгацярплівасць, і мужнасць.15

...Калі яго вялі на пакаранне, ён, як усе “чырвоныя”, трымаў кулак левай рукі на тым месцы, дзе білася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўшчыкаў.

— Люблю Беларусь!

Ён ішоў на эшафот смела. І ён бы, напэўна, здзівіўся, каб яму сказалі, што з часам увесь народ сальецца ў адзіным пачуцці любові да яго, Кастуся, што юнацтва і сталасць аднолькава выберуць яго прыкладам для пераймання, а ўсе людзі — для легенды.16

Грымелі барабаны. I пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якія ведала беларуская гісторыя.

Гэта было 10 сакавіка 1864 года ў дзесяць гадзін трыццаць хвілін раніцы.

[1964]

Публікацыя паводле: Караткевіч У. Збор твораў у 25 тамах. Т. 13, – Мінск, 2016. – С. 61-64.