Назад

Настасся Жарская
(Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Менск)
магістр

Вобраз Кастуся Каліноўскага ў мастацкай літаратуры

Не парваць векавую повязь.
Не замкнуць на замок прастору.
Род не згасне, пакуль ён помніць. П. Ламан “Паўстанец”

Кастусь Каліноўскі загінуў, калі яму было ўсяго 26 гадоў. Але постаць яго стала знакавай для беларускага народа, яго нацыянальнага і культурнага самапазнання. Нашчадкі беражліва захоўваюць памяць пра ягоную асобу, як і пра трагічныя старонкі нашай гісторыі, звязаныя з паўстаннем 1863–64 гг. Да вобразу кіраўніка гэтага паўстання пісьменнікі ў сваёй творчасці звярталіся неаднойчы і, трэба адзначыць, звяртаюцца да яго і дагэтуль. Сёння можна казаць пра вялікую анталогію празаічных, вершаваных, драматычных твораў, прысвечаных Каліноўскаму. Зразумела, што пры гэтым мастацкі вобраз К. Каліноўскага шмат у чым залежаў ад характару эпохі, у якую быў створаны той ці іншы літаратурны твор.

Упершыню ў мастацкай літаратуры вобраз Кастуся Каліноўскага з’яўляецца ў творах рускага пісьменніка У. Крастоўскага, які ведаў паўстанца па сумеснай вучобе ў Пецярбургскім універсітэце. У сваіх раманах “Панургово стадо” і “Две силы” з дылогіі “Кровавый пуф” (1869–1875) аўтар вывеў змагара цэнтральным героем пад іменем Васіля Світкі. Кіраўнік паўстання на Беларусі надзелены ўсімі характэрнымі атрыбутамі рамантычнага героя раманаў такога кшталту: таямнічасцю, авантурнасцю, эгаістычнымі памкненнямі, усюдыіснасцю і ўсёведаннем, пастаяннымі пераўвасабленнямі і зменай абліччаў. Аднак у сваіх творах, напісаных з “прарасійскіх шавіністычных пазіцый”, У. Крастоўскі імкнуўся ачарніць мэты паўстання 1863 г., зняважыць вобразы яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў ды паказаць, што паўстанцы былі пакараны справядліва1.

Увагу дзеячаў беларускай культуры к. XIX – пач. XX ст. асоба К. Каліноўскага не прыцягвала, і ў мастацкіх творах таго перыяду паўстанец не згадваўся. Папулярызавацца імя кіраўніка паўстання 1863–64 гг. у Беларусі пачало толькі ў 20-я гады XX ст. У гэты час беларуская нацыянальная ідэя перажывала перыяд свайго станаўлення, і ў грамадстве адчувалася вострая патрэба ў стварэнні ўласнага нацыянальнага міфа, у пошуках уласных нацыянальных герояў. У асобе К. Каліноўскага адраджэнская грамадскасць убачыла свайго ідэйнага папярэдніка ў барацьбе за вызваленне Беларусі. У гэты ж перыяд распачалася і актыўная распрацоўка яго вобраза ў мастацкай літаратуры. Праўда, варта адзначыць, што беларуская літаратура 1920-х гг. не была незалежнай ад палітыкі і ідэалогіі. Асабліва гэта тычыцца літаратуры савецкай, якая ў гэты перыяд хоць і аддавала шмат увагі асобе правадыра паўстання 1863 г., аднак збольшага ў тых мастацкіх творах вылучаўся толькі сацыяльны аспект паўстання, яго ж нацыянальна-вызваленчы характар замоўчваўся.

Вялікую цікавасць да постаці К. Каліноўскага выклікала з’яўленне на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра спектакля “Кастусь Каліноўскі”, пастаўленага ў лістападзе 1923 г. паводле аднайменнай п’есы Е. Міровіча (напісана ў 1922 г.) Гэтая “гісторыка-рэвалюцыйная драма” асвятляла падзеі паўстання 1863–64 гг. у Беларусі і была прысвечана яго 60-й гадавіне. Для напісання твора аўтар спецыяльна збіраў дакументальныя матэрыялы. Галоўны герой п’есы паказаны як асоба незвычайная, дзейсная, “апантаная ідэяй свабоды”2. Спектакль быў вельмі добра прыняты крытыкамі і гледачамі, ацэньваўся як выдатнае дасягненне тэатральнага мастацтва. Хваліў прэм’еру і Янка Купала, які ў сваёй рэцэнзіі на п’есу напісаў, што яна “абяцае стаць драматычным творам, які запануе ў гэтым сезоне”3. А вось Францішак Аляхновіч у сваёй аповесці “У капцюрох ГПУ” ўзгадваў, як яго злавала, што ў гэтай п’есе “сяляне з 1863 года гаварылі моваю сучасных камсамольцаў”, і не разумеў, “як можна дапускаць такія рэчы ў драматургіі”. Пры гэтым ён, праўда, адзначаў, што сама пастаноўка “была беззаганная. Рэжысэрыя вельмі старанная. Апрацоўка роляў таксама”4.

“Мовай сучасных камсамольцаў” вызначаліся і героі іншых літаратурных згадак 1920-х гг. пра паўстанне і яго кіраўніка – барацьбіта за долю бедных і прыгнечаных. Так, у 1926 г. у зборніку твораў А. Вольнага “Чарнакудрая радасць” была апублікавана паэма “Кастусь Каліноўскі”, у якой паэт паказвае “паасобныя моманты з настрояў і перажыванняў гэтага адважнага паўстанца ў вялікія гістарычныя дні для Беларусі, а таксама... дае магчымасць разам з сабою перажываць і адчуваць нам горкі сацыяльна-нацыянальны гістарычны лёс Беларусі”5. У сваім творы А. Вольны называе паўстанцаў “апошнімі з першых буравесьнікаў”, а іх кіраўніка – “таварышам”. Наогул, паэма напісана ў рэчышчы маладнякоўскай эстэтыкі, прасякнутая настроем незадаволенасці і заклікам да бунту: “Бедната! / Сьмялей шаг! / Ярчэй выгляд! / Зернем буйным галовы раскінуць! / Беларусь, паном ня быдла, – / Альбо жыць, альбо ўсім загінуць”6.

У №5 за 1924 г. часопіса “Маладняк” было надрукавана апавяданне А. Александровіча “Палёт у мінулае (ад Каліноўскага да нашых дзён)”. Сюжэт твора немудрагелісты: трое перадавых рабочых завода, сябры Паўлюк, Язэп і Даніла змайстравалі самалёт часу (“паўлюяздан”) ды паляцелі на ім у мінулае. Па дарозе хлопцы занатоўваюць убачанае і пачутае з уласнымі каментарамі. Давялося ім прасачыць і за жыццёвым шляхам К. Каліноўскага: вучоба ва універсітэце, пачатак рэвалюцыйнай дзейнасці, удзел у паўстанні 1863–64 гг. і, нарэшце, пакаранне “за барацьбу з паншчынай, з царскім самаўладдзем”. Паўстанец паказаны тут “абаронцам працоўных”, чалавекам мужным, кемлівым, адданым сваёй справе і краіне. У рэцэнзіі на гэты твор З. Бядуля пісаў: “Арыгінальна задумана, але выпаўнена трохі прымітыўна. Відаць, аўтару канвой служылі не так гістарычныя матар’ялы аб Каліноўскім, як бачаная ім на сцэне п’еса Міровіча, які дзеля эфэктацыяў часам адыходзіў ад гістарычнай праўдзівасці”7. Узгадваў імя К. Каліноўскага А. Александровіч і ў сваім вершы “Фабрыка сьмерці”, напісаным у 1926 г. Праўда, у 1931 г. у выдадзеным ім зборніку “Вершы і паэмы” твор ужо быў апублікаваны ў скарочаным варыянце.

Даследчык А. Белы ў сваіх працах сцвярджае, што ў 1920-х гг. “прыгожае пісьменства Беларусі не магло пахваліцца... прысвячэннем сваіх твораў Каліноўскаму” і з паэтычнай Каліноўскіяны гэтага перыяду называе толькі вершы А. Гурло (“К. Каліноўскі”) і А. Дудара (“Кастусь Каліноўскі”) ды згаданую вышэй паэму А. Вольнага8. Аднак на сённяшні дзень нам вядомы і іншыя творы акрэсленага часу, прысвечаныя кіраўніку паўстання. Так, можна адзначыць створаныя ў 1926–28-х гг. вершы такіх аўтараў: Я. Падабед (“Ён спіць”), Р. Пугач (“Кастусь Каліноўскі”), В. Маракоў (“Чуеш, Беларусь?..”) і Ю. Лявонны (“Кастусь Каліноўскі”). Памяці паўстанца прысвяцілі свае творы А. Дзяркач (Зімёнка) (верш “Заходняму брату”) ды І. Барашка (апавяданне “Гіерогліфы Яэля”).

У 1930 г. украінскі паэт Т. Масенка стварыў верш “Кастусь Каліноўскі, пасля кінакарціны”. Гаворка ў ім ішла пра нямы чорна-белы фільм “Кастусь Каліноўскі”, створаны ў 1928 г. студыяй Белдзяржкіно сумесна з Ленінградскай фабрыкай “Савкіно” паводле сцэнарыя У. Гардзіна (ён жа з’яўляўся і рэжысёрам). Паўстанец у гэтай “грандыёзнай гістарычнай” стужцы паказаны абаяльным, разумным, смелым маладым чалавекам, які змагаўся за вольную Беларусь “працаўнікоў, працоўных і сялянаў”. Публіка надзвычай добра прыняла гэты фільм, аднак рэцэнзенты абвінавацілі У. Гардзіна ў тым, што ён паказаў “складаны класавы пераплёт у надзвычайна прымітыўным плане” і ня здолеў выразна асвятліць “сілу сялянскага паўстання”9.

У 30-я гг. XX ст. у Савецкай Беларусі завяршылася палітыка беларусізацыі. Постаць К. Каліноўскага стала “нязручнай” афіцыйнай ідэалогіі, і яго імя апынулася ў забыцці. Тых жа, хто ўвасабляў “вобраз героя польскай шляхты” у сваёй творчасці, абвінавачвалі ў нацдэмаўшчыне. Так, да прыкладу, п’есу “Кастусь Каліноўскі” Е. Міровіча палічылі “яскравым прыкладам нацдэмаўскіх тэндэнцый у драматургіі”, а яе асноўную мэту акрэслілі як “свядомае скажэнне гістарычнай перспектывы шляхам ідэалізацыі дробна-буржуазнага рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага, удзельніка паўстання 1863 г., вакол гістарычнай постаці якога нацдэмы імкнуліся стварыць нацыяналістычны культ усенароднага, агульна-нацыянальнага героя”10. Менавіта з-за такой неспрыяльнай для творцаў савецкай Беларусі сітуацыі распрацоўка і публікацыя мастацкай літаратуры пра Каліноўскага прыпынілася на дзесяцігоддзе.

У гэты час толькі ў Заходняй Беларусі захоўвалася памяць пра паўстанца, з’явіліся гістарычныя даследаванні і мастацкія творы, прысвечаныя яму. Пасля разгрому беларускага руху ў БССР Вільня робіцца адзінай захавальніцай беларускай незалежніцкай палітычнай думкі. Найбольш значным набыткам з усяго створанага ў той перыяд можна лічыць паэмы Міхася Машары “Смерць Кастуся Каліноўскага” і Максіма Танка “Каліноўскі”.

Гістарычная паэма М. Машары з’явілася ў 1934 г., на 70-я ўгодкі гібелі кіраўніка паўстання на Беларусі. Паэт здолеў намаляваць даволі праўдзівы вобраз “караля Літвы”. К. Каліноўскі ў яго “хоць стылізаваны, зрэштаю, як кожная іншая гістарычная постаць, перастае раз назаўсёды быць тэй гіпсавай маскай, каторай ён уяўляўся нам дагэтуль”11. У той час як у сваім творы М. Машара ўспрымаў паўстанне як адначасную барацьбу і за сацыяльнае, і за нацыянальнае вызваленне, М. Танк найперш падкрэсліваў супярэчнасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі ў паўстанні12. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што паэму М. Танка (створаную ў 1937, апублікаваную ў 1938 г.) варта разглядаць менавіта як рэакцыю на ўшанаванне К. Каліноўскага незалежніцкім лагерам. Па-сутнасці, паэт сваім творам павінен быў ажыццявіць прапанову сакратара ЦК камсамола Заходняй Беларусі Мікалая Дворнікава па “саветызацыі” вобраза змагара ў заходнебеларускай літаратуры. Аднак ужо значна пазней, у сяр. 1990-х гг. М. Танк скажа пра сваю паэму, што яна вельмі дарагая яму, бо “пісалася тады, калі было нялёгка змагацца за Каліноўскага...”13

Вершаў жа, прысвечаных вядомаму паўстанцу, у акрэслены перыяд створана было вельмі мала. Паэт Валянцін Таўлай у 1935–45 гг. напісаў паэму “Песня пра сухар”, у якой згадаў пра падзеі 1863 г. і пра “атамана мужыцкай праўды”. А ў 1936 г. М. Танк стварыў верш “Вільня”, дзе таксама ўзгадаў імя К. Каліноўскага.

У гады Другой сусветнай вайны для падняцця нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму народа сталі неабходнымі выдатнейшыя вобразы гераічнага мінулага беларусаў. Надзённымі зрабіліся якасці змагара за людскую долю, якасці мужнага, нязломнага чалавека, якасці паўстанца. Імя К. Каліноўскага загучала з новай сілай.

М. Клімковіч ў 1940–44 гг. стварыў лібрэта да героіка-рамантычнай оперы “Кастусь Каліноўскі”, якая была пастаўлена ў 1947 г. на сцэне Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета (музыка Д. Лукаса; рэжысёр Б. Мардвінаў). Вобраз паўстанца ў творы ствараецца праз паказ яго адносінаў з рознымі людзьмі: ён пяшчотны, радасна-ўзнёслы з каханай і суровы, мужны з паплечнікамі па справе. І хаця лібрэта не з’яўляецца тыповым драматычным творам і вызначаецца шэрагам сур’ёзных недахопаў (пафасны тон, узнёслы лад мовы, схематызм у абмалёўцы персанажаў, спрошчанасць канфліктаў), але “ўвасабленне вобраза беларускага змагара было цікавай старонкай мастацкай распрацоўкі гістарычных падзей”14.

Сярод паэтычных твораў ваеннага перыяду, прысвечаных постаці К. Каліноўскага, маем вершы “Песня каліноўцаў” Наталлі Арсенневай, “Прысяга” М. Лужаніна, “Кастусь Каліноўскі” Петруся Броўкі, “Вільнюс” Максіма Танка, “1863” Янкі Золака. Напрыканцы вайны Сяргей Новік-Пяюн піша верш “Беларуская мова мая”, у якім праз зварот да постаці К. Каліноўскага ўзнімае праблему адносін да роднай мовы.

У пасляваенны час літаратурнае і навуковае асэнсаванне ролі К. Каліноўскага ў нацыянальным жыцці народа пачынаецца з асобных узгадванняў яго імя ў навуковых артыкулах, ва ўрадавых і партыйных прывітаннях, у асобных радках прывітальных вершаў пісьменнікаў, выступленнях у друку.

У 1958 г. у Мінску выйшла гістарычная аповесць І. Клаза “Подснежники” (на рускай мове). У рэцэнзіі на гэты твор расейскі гісторык Аляксандр Смірноў адзначае, што пісьменнік здолеў асвятліць асноўныя перыяды ў жыцці Каліноўскага, а таксама “мастацка ўзнавіць найбольш важныя эпізоды паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве”. Аднак аўтар, падкрэслівае гісторык, “не стварыў глыбокіх псіхалагічных партрэтаў герояў. Ён прыцягвае ўвагу чытача... займальнасцю сюжэта, хуткай зменай падзей”. Да таго ж, некаторыя мастацкія вобразы тут створаны “ў шкоду гістарычнай праўдзе”15.

Гэтым жа годам датаваны верш С. Шушкевіча “Хай Літва і Беларусь яму прысняцца”, які быў прысвечаны памяці К. Каліноўскага.

Годам раней, у 1957 г. літоўскі пісьменнік В. Мікалайціс-Пуцінас стварыў першую частку рамана “Паўстанцы: вобразы барацьбы за зямлю і волю, 1861–1864”, за які ў 1958 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію Літоўскай ССР. У 1967 г. аўтар напісаў другую частку твора, аднак адной кнігай раман быў выдадзены толькі ў 1978 г. у Коўне. На яго старонках сустракаецца імя нашага героя.

Паступова К. Каліноўскі пачынае ўспрымацца не гэтак змагаром за волю і долю народа, як за Беларусь і беларушчыну. На глыбокае асэнсаванне яго ролі ў гісторыі і грамадскім жыцці Беларусі асабліва моцна паўплываў Уладзімір Караткевіч. І найперш сваім раманам “Каласы пад сярпом тваім” (1962–64, выдадзены ў 1965 г.), а таксама п’есай “Кастусь Каліноўскі. Смерць і неўміручасць” (1963). Дарэчы, гэты гістарычны раман і да сённяшняга дня з'яўляецца самым буйным мастацкім творам беларускай літаратуры, у якім пранікнёна ўвасоблены вобраз Каліноўскага. Твор гэты быў напісаны на матэрыяле паўстання 1863 г. і паказвае Беларусь напярэдадні гераічнай і трагічнай эпохі 60-х гадоў XIX ст. А ў п’есе У. Караткевіча канфлікты (сацыяльны і нацыянальны) дапоўнены любоўнай калізіяй. Драма вызначаецца філасофскім зместам, інтэлектуальным напаўненнем, рамантычнай акрыленасцю ідэі. Сам К. Каліноўскі паказаны ў творы як “ваявода, герой, талент, але ніяк не правадыр, не манумент. Проста чалавек, страсны, гарачы, нястрыманы чалавек...”16 На думку Пятра Васючэнкі, У. Караткевіч у сваіх творах змог абвергнуць міф пра “традыцыйную” пакорлівасць, забітасць беларусаў і паказаць, што беларусам уласціва і гатоўнасць да самаахвяравання. Тэма паўстання 1863 г. закранаецца таксама ў вершы У. Караткевіча “Нявесце Кастуся Каліноўскага” (1961) і ў пралогу да яго рамана “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да зямлі”) (1962). Акрамя таго, у 1973 г. пісьменнік стварыў лібрэта да балета “Кастусь Каліноўскі”.

У 1963 г. з нагоды 100-годдзя ад пачатку рэвалюцыйных падзей 1863 г. на Беларусі паводле сцэнарыя Т. Хадкевіча Мінскай кінастудыяй навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў была створана стужка “Кастусь Каліноўскі” (рэж. П. Шамшур)17.

У 1964 г. газета “Чырвоная змена” апублікавала нарыс Ф. Бялова “Бунтарская кроў”, героем якога стаў Ф. Э. Каліноўскі, пляменнік кіраўніка паўстання 1863 г. на Беларусі. У невялікім творы сам К. Каліноўскі апісваецца як “адважны правадыр сялянскага паўстання”, што мужна трымаўся на допытах і бясстрашна размаўляў “з царскім катам Мураўёвым-вешацелем”. Галоўным жа “класавым ворагам” паўстанца, на думку аўтара нарыса, былі “паны і шляхта”18.

У 1968 г. выйшла паэма В. Віткі “Беларуская калыханка”. Аўтар увёў у яе змест і вобраз К. Каліноўскага, голас якога “гучыць над усёй Беларуссю... з мяцежнае Вільні”. Паўстанец звяртаецца да беларускага народа з заклікам-запаветам: “Рві ланцугі, народзе. / Ідзі ў шчаслівы свет!..” У 1960-я гг. паэтычныя прысвячэнні беларускаму герою стварылі таксама П. Марціновіч (“Каліноўскаму”), Л. Якубовіч (“Кастусю Каліноўскаму”), Кастусь Цвірка (“Апошняе слова Каліноўскага”, “Каліноўскі – апошняе слова”), Рыгор Семашкевіч (“Кастусь Каліноўскі”, “Апошняя ноч Каліноўскага”).

Варта адзначыць і з’яўленне ў акрэслены перыяд твораў беларусаў Беласточчыны, прысвечаных змагару. Так, у 1962 г. выйшаў з друку зборнік вершаў А. Барскага “Белавежскія матывы”, дзе можна знайсці вершы “Прышоў я з Каліноўскім марыць...” і “Каліноўскі”, у якіх паказана дзейнасць змагара і яго разважанні ў апошнія хвіліны жыцця. У 1963 г. у Беластоку быў выдадзены зборнік “Мой родны кут”, у склад якога ўвайшоў і твор А. Баравога “Абразкі з жыцця Кастуся Каліноўскага”, што ўяўляе сабою серыю невялікіх біяграфічных гісторый пра паўстанца. А ў 1967 г. быў выпушчаны зборнік “Жыццёвыя сцежкі”, дзе змешчаны верш В. Шведа “Кастусю Каліноўскаму”.

Пачынаючы з 70-х гг. XX ст., творцы ўсё часцей звяртаюцца да вобраза К. Каліноўскага, што было звязана са з’яўленнем новай плеяды пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці пачалі адлюстроўваць гістарычныя карані, спадчыну беларускага народа. Пры гэтым трэба адзначыць, што творцы рамантызавалі постаць паўстанца, імкнучыся стварыць высакародны ідэал нацыянальнага героя.

У 1971 г. выйшла аповесць А. Якімовіча “Кастусь Каліноўскі”, у якой аўтар адлюстраваў два апошнія гады з жыцця К. Каліноўскага: ад пачатку выдання ім “Мужыцкай праўды” і да яго трагічнай смерці. Рэцэнзент аповесці Генадзь Кісялёў зазначаў, што аўтар намаляваў гістарычна дакладную постаць героя, паказаў яго моцным, рашучым, і разам з тым спагадлівым, сумленным чалавекам19.

У 1975 г. з’яўляецца драматычная паэма Аркадзя Куляшова “Хамуціус”, якая асвятляе падзеі паўстання 1863 г. на Беларусі. Паўстанец К. Каліноўскі паказаны тут ня толькі як упарты і няўступны змагар з прыгнятальнікамі народа, але і як асоба з багатым унутраным светам, у якой увасоблены лепшыя чалавечыя якасці.

У 1977 г. І. Капыловіч піша апавяданне “Пісьмы Караліне”, дзе толькі мімаходзь узгадваецца “Хамовіч”20, які, аднак, пакідае ўражанне дзёрзкага прамоўцы палымяных заклікаў да паўстання, да змагання дзеля “справядлівай вольнасці”.

У 1978 г. у Менску выйшла аповесць С. Яновіча “Сярэбраны яздок” (створаная ў 1967–76 гг. у Беластоку), прысвечаная паўстанцкаму руху пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, а менавіта дзейнасці нелегальнай друкарні, дзе стваралася “Мужыцкая праўда”.

У 1970-х гг. жыццё і дзейнасць К. Каліноўскага ўвасаблялі ў радках сваіх вершаў паэты: Сяргей Законнікаў (“Каліноўскі”), М. Гамолка (“Кастусь Каліноўскі”), Максім Лужанін (“Светлы чалавек”), В. Гардзей (“Кастусю Каліноўскаму”). Выданню нелегальнай газеты “Мужыцкая праўда” прысвяціў свой верш “Балада Сынковіцкай царквы” Алег Лойка. Сярод паэтычных твораў 70-х гг. XX ст., прысвечаных падзеям 1863 г. і постаці К. Каліноўскага, можна вылучыць шэраг вершаў, у якіх адлюстраваны перажыванні апошніх дзён змагара: “Апошняе слова Каліноўскага” В. Макарэвіча, “У Светаянскіх мурах” і “Перад пакараннем” А. Бачылы (цыкл “Думы Каліноўскага”), “Пятля Кастуся Каліноўскага” і “Шыбеніца: Беларуская балада. ХІХ стагоддзе” Янкі Сіпакова, “Апошняе слова Каліноўскага” Кастуся Цвіркі. Усе гэтыя творы пранізвае ідэя, што ў перадсмяротныя хвіліны думкі Каліноўскага скіраваны да Бацькаўшчыны.

У акрэслены перыяд былі апублікаваны паэтычныя творы Г. Бубнова “Кастусь Калиновский (монолог)” і “Кастусь Калиновский (темы из героической жизни)”, а таксама вершы А. Шаўні (“Каліноўскі”), Р. Барадуліна (“1863 года”), А. Разанава (“Арышт К. Каліноўскага”), М. Ермаловіча (“Кастусь Каліноўскі”, “Як верыцца цяжка, што ў нас Каліноўскі радзіўся...”, “Ты хочаш жыць для Беларусі...”). У 1977 г. Г. Бураўкін напісаў паэму “Ленін думае пра Беларусь”, адну з частак якой (“Каліноўскі. Вільня, 22 сакавіка 1864 года”) прысвяціў змагару .

Напачатку 1980-х гг. вершы-прысвячэнні герою-паўстанцу стварылі Раіса Баравікова (“Кастусь Каліноўскі”), Ларыса Геніюш (“Кастусь”), В. Зуёнак (“Развітанне Каліноўскага”).

У 1983 г. з нагоды 120-годдзя паўстання 1863–64 гг. на Беларусі Эдуард Скобелеў піша драму “Кастусь Калиновский” (на рускай мове). У сваёй п’есе аўтар раскрывае настроі і думкі “беларускага рэвалюцыйнага дэмакрата” напярэдадні паўстання. Падзеяў і ўдзельнікаў паўстання 1863–64 гг. тычацца апавяданні Уладзіміра Арлова “Пяць мужчын у леснічоўцы” (1985) і “Рандэву на манеўрах” (1989).

У 1984 г. выйшла аповесць Адама Мальдзіса “Восень пасярод вясны: аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў”. Аўтар здолеў праўдзіва паказаць гістарычны фон эпохі, трагічныя супярэчнасці рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Падзеі адбываюцца ў маленькім маёнтку Анелін, што на Віленшчыне, на працягу адных сутак у 1861 г. Тут сустрэліся разам К. Каліноўскі, паэт У. Сыракомля, артыстка Г. Маеўская, земскі спраўнік М. Серабракоў, селянін Грыва. Творца прыкмеціў, што акрамя белага і чорнага існуюць яшчэ сотні адценняў: не ўсе паны і чыноўнікі злыя, не ўсе сяляне добрыя. Вобраз жа К. Каліноўскага ў аповесці не рамантызуецца і не ідэалізуецца. Ён “звычайны чалавек”, які ня мае арэолу выключнасці ды гераічнасці.

У 1988 г. адбывалася святкаванне 150-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага, і з гэтай нагоды беларускія паэты прысвячалі свае вершы кіраўніку паўстання 1863–1864 гг. Сярод іх – творы А. Дэбіша “Кастусь Каліноўскі”, Кастуся Кірэенкі “Кастусь Каліноўскі”, Апанаса Цыхуна “Песня пра Кастуся Каліноўскага”, Віктара Шніпа “Воля Кастуся Каліноўскага”, В. Жуковіча “Праўда Кастуся Каліноўскага” і “Роздум над лёсам Кастуся Каліноўскага”, П. Ламана “Каліноўскі” і “Балада 1863 года”, А. Каско “1862 год. Слова Каліноўскага”, Ніны Мацяш “Маналог каханай Кастуся Каліноўскага”. Паэт А. Жамойцін прысвяціў паўстанню 1863–64 гг. цыкл сваіх вершаў “Кастусь Каліноўскі” (1989), а таксама верш “Балада пра ўцалелых паплечнікаў Каліноўскага”. Падзеяў паўстання тычацца і паэтычныя творы Анатоля Сыса (“Вільня, 1864 год. Эшафот на Лукішкаўскім пляцы”) і В. Жуковіча (акраверш “...Пятлю здымаючы з паўстання”).

У лютым 1988 г. у Доме кіно адбылася прэм’ера дакументальнай стужкі пра К. Каліноўскага “Супрацьстаянне” (рэж. І. Шышоў), створанай аб’яднаннем “Летапіс” у 1987 г. паводле сцэнарыя У. Майсеева. Фільм асвятляе “пэўныя моманты жыцця і рэвалюцыйнай дзейнасці К. Каліноўскага, яго ролю і месца ў кантэксце падзей 60-х гадоў XIX ст.”21

У 1984–1987 гг. была напісана, а ў 1991 г. выйшла прыгодніцкая аповесць М. Віжа “Лабірынт”, прысвечаная падзеям паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Адной з галоўных тэмаў твора стала праблема маральнага выбару, перад якім апынуліся героі – удзельнікі бурлівых гістарычных падзей22.

Памяці К. Каліноўскага ў 1990-я гг. прысвяцілі свае вершы Юрась Пацюпа (“Маналог паўстанца”), Ніл Гілевіч (“Папярэджанне”), І. Рубін (“1863”, “Набытак”), Алесь Чобат (“1863”, “Час касінераў”), Сяржук Сокалаў-Воюш (“Маналёг Кастуся Каліноўскага”). Сярод найважнейшых гістарычных падзей, што адыгралі важную ролю на шляху беларусаў да волі і нацыянальнай кансалідацыі, М. Пракаповіч у вершы “Шляхі” называе і паўстанне 1863–64 гг. У вершах “Роднае слова” Г. Тумаша і “Адно слова” І. Кірэйчыка прасочваецца думка, што мова беларуская дайшла да нас, дзякуючы грамадзянскаму подзвігу нашых продкаў, у тым ліку і К. Каліноўскага. Вобраз-сімвал шляху з верша М. Арочкі “Бытаньскі шлях” увасабляе ў сабе трагічны лёс паўстанцаў-каліноўцаў.

Сярод паэтычных твораў Каліноўскіяны 90-х гг. XX ст. варта адзначыць і жаночую яе частку, магчыма найбольш пяшчотную, пачуццёвую. Так, вершы-прысвячэнні К. Каліноўскаму стварылі паэткі В. Куртаніч, Л. Рублеўская, Л. Тарасюк. Паэтка Данута Бічэль-Загнетава мае самы багаты творчы наробак, прысвечаны змагару: яго вобраз сустракаецца ў вершах “Белавежская пушча”, “Супольна”, “Якушоўка”, “Сваяцтва”, “Здалеча”, “І дзве Літвы”, “Замест запавету”, “Вера”, “Дзяды”, “На пляцы пятлі” ды іншых.

У 1990-я гг. працы навукоўцаў збольшага пазбавіліся ідэалагізацыі, што дазволіла даволі шмат дасягнуць у асэнсаванні асобы К. Каліноўскага ў беларускай гісторыі і культуры. Шматлікія публікацыі далі нямала новых звестак і цікавых фактаў пра асобу кіраўніка паўстання 1863–64 гг. на Беларусі, і гэта з’явілася штуршком для пачатку новага адлюстравання яго вобраза ў мастацкай літаратуры. Так, у 2003 г. з’яўляюцца гістарычны раман А. Наварыча “Літоўскі воўк” (апублікаваны ў №№4–6 часопіса “Маладосць”; асобнае выданне выйшла у 2005 г.) і гістарычная п’еса Алеся Петрашкевіча “Рыцар свабоды” (у зборніку “Здрапежаная зямля”).

У сваім рамане А. Наварыч не проста стварае цікавы аповед пра падзеі ў нашай краіне напярэдадні і падчас паўстання 1863–64 гг., але імкнецца паказаць аб’ектыўную і праўдзівую карціну жыцця беларускага Палесся таго неадназначнага перыяду. Яго найперш цікавяць унутранае развіццё і супярэчнасці герояў, а не “высокая” палітыка ці паўстанцкая ідэалогія. Вобраз К. Каліноўскага ў творы не з’яўляецца галоўным, змагар фігуруе ў рамане літаральна ў некалькіх эпізодах. Аднак ён уведзены ў твор для “аўтэнтычнасці” ў перадачы падзей, дадае інтрыгі, напружанасці і загадкавасці.

Напісанне трагедыі ў дзвюх дзеях А. Петрашкевіча было прымеркавана да 140-х угодкаў паўстання 1863–64 гг. на Беларусі. Аўтар апісвае апошні перыяд жыцця К. Каліноўскага (час яго знаходжання ў Лукішскай турме). Свае нацыянальныя і палітычныя погляды паўстанец выказвае ў працэсе следства, у размовах з рознымі людзьмі. За шчырымі, палымянымі прамовамі паўстае “вобраз велічнага героя, таленавітага ідэолага паўстання, адданага ідэі незалежнасці роднага краю”23.

Напачатку XXI ст. працягваюцца традыцыі прысвячэння паэтычных твораў мужнаму і мудраму паўстанцу, абаронцу спакутаванай Беларусі – з’яўляюцца вершы В. Коўтун (“Незавершаны верш...”), Т. Сівец (“Дзе ты, Кастусь Каліноўскі?”), У. Пецюкевіча “Конь Каліноўскага”), С. Панізьніка (“У радню сабрацца”), А. Пісьмянкова (“Кастусь і Марыся”), Э. Акуліна (“Сьляза па Кастусю Каліноўскаму”), В. Шалкевiча (“Стары бальшак”).

Такім чынам, традыцыя адлюстравання вобраза К. Каліноўскага ў мастацкай літаратуры пачала выпрацоўвацца ў 20-я гг. XX ст. У творах гэтага перыяду кіраўнік паўстання паказваўся збольшага абаронцам сацыяльнай, а не нацыянальнай вольнасці беларусаў. Перыяд 1930-х гг. можна назваць часам забыцця постаці К. Каліноўскага ў літаратуры, а ў 1940-я гг. яго адлюстроўвалі выключна як рэвалюцыянера, змагара з ворагамі, барацьбіта за справядлівасць. У 1950-60-я гг. пісьменнікі працягваюць акцэнтаваць увагу выключна на сацыяльнай барацьбе, аднак паступова К. Каліноўскі пачынае ўспрымацца і як змагар за Беларусь і беларушчыну. У 1970–80-я гг. у асэнсаванні постаці К. Каліноўскага ў мастацкай літаратуры адбыліся прынцыповыя зрухі: творцы звярнулі ўвагу на пачуцці героя, яго духоўныя пошукі і перажыванні. Пры гэтым вобраз яго працягваў быць высакародным, ідэалізаваным, гераізаваным, рамантычна-узнёслым – ствараўся сапраўдны ідэал нацыянальнага героя. У далейшым жа пісьменнікі пачалі паказваць К. Каліноўскага звычайным чалавекам, з усімі ўласцівымі яму думкамі, пачуццямі, страхамі, не пазбаўляючы яго, аднак, такіх уласцівасцей, як годнасць, мужнасць і разважлівасць.

Як бачым, вобраз К. Каліноўскага шырока прадстаўлены ва ўсіх літаратурных жанрах: паэзіі, прозе, драматургіі. Некаторыя мастацкія творы пра беларускага паўстанца сталі літаратурнымі шэдэўрамі. Аднак кожнае пакаленне імкнецца спасцігнуць, нанава адкрыць для сябе драматычныя падзеі “эпохі Каліноўскага”, асобу кіраўніка паўстання 1863 г. і яго паплечнікаў. Тая гераічная эпоха хвалюе ды прыцягвае неаслабную ўвагу творцаў і па сённяшні дзень. І таму можна не сумнявацца, што будуць яшчэ стварацца цікавыя і па-мастацку вартыя рэчы, якія папоўняць нашу Каліноўскіяну.


[1] Сорокин Ю. К историко-литературной характеристике антинигилистического романа (дилогия Вс. Крестовского “Кровавый пуф”) // Доклады и сообщения филологического факультета. Москва, 1947. С. 79–87.
[2] Няфагіна Г. За зямлю і волю: вобраз Кастуся Каліноўскага ў беларускай драматургіі // Роднае слова. 1993. №2. С. 28–33.
[3] Купала Я. Кастусь Каліноўскі (рэцэнзія) // Бацькаўшчына: зборнік гістарычнай літаратуры. Мінск, 1994. С. 102—103.
[4] Аляхновіч Ф. У капцюрох ГПУ. Мінск, 1994. С. 43.
[5] З. Б. Анатоль Вольны – Чорнакудрая радасць // Маладняк. 1926. №11. С. 161–163.
[6] Вольны А. Кастусь Каліноўскі // Чорнакудрая радасьць. Менск, 1926. С. 3–20. (Кніжніца “Маладняк”).
[7] Бядуля З. Пад сьпеў завірухі. “Маладняк” №5 // Советская Белоруссия. 1924. 16 верас. С. 2.
[8] Белы А.Я. Вобраз змагара: да 150-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага. Мінск, 1988. С.9.
[9] Рэзнік І. Першы беларускі гістарычны // Літаратура і мастацтва. 1969. 24 студз. С. 4.
[10] Вольскі В. Сучасныя праблемы беларускай совецкай драматургіі: даклад на 1-ай Усебеларускай нарадзе па драматургіі 15 красавіка 1933г. у Белдзяржтэатры. Менск, 1934. С. 14.
[11] Шутовіч Я. 10 год літаратурнае творчасьці Міхася Машары // Калосьсе. 1938. Кн. 4. С. 240.
[12] Гетман І. У. Вобраз К. Каліноўскага ў заходнебеларускай літаратуры // Паўстанне 1863 года і яго гістарычнае значэнне: мат-лы міжнар. навук. канф. (10–11 кастр. 2003 г., Брэст). Брэст, 2004. С. 128–133.
[13] Панізнік С.С. Памяці Справядлівага // Жыві ў свабодзе! : кніга пра Каліноўскага. Мінск, 1996. С. 394. (Школьная бібліятэка).
[14] Няфагіна Г. За зямлю і волю: вобраз Кастуся Каліноўскага ў беларускай драматургіі // Роднае слова. 1993. №4. С. 32–36. (Заканчэнне. Пачатак у №2).
[15] Смірноў А. Вачыма гісторыка // Полымя. 1960. №1. С. 183–185.
[16] Няфагіна Г. За зямлю і волю: вобраз Кастуся Каліноўскага ў беларускай драматургіі // Роднае слова. 1993. №4. С. 32–36. (Заканчэнне. Пачатак у №2).
[17] Белы А.Я. Вобраз змагара: да 150-годдзя з дня нараджэння К. Каліноўскага. Мінск, 1988. С.15.
[18] Бялоў Ф. Бунтарская кроў: нарыс // Чырвоная змена. 1964. 8 жн. С. 3.
[19] Кісялёў Г. Калі ажывае гісторыя // Героі і музы : гісторыка-літаратурныя нарысы. Мінск, 1982. С. 249–254.
[20] Адно з нелегальных прозвішчаў К. Каліноўскага.
[21] Смаль В.І. На экране – народны герой // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1988. №1. С.63–65.
[22] Віж М. Лабірынт: аповесць. Мінск, 1991, 333 с. (Першая кніга празаіка).
[23] Кузьмянок А. Эвалюцыя вобраза Кастуся Каліноўскага ў беларускай літаратуры // Roczniki humanistyczne: słowianoznawstwo. 2004. Tom LII, zeszyt 7. S. 119–130.