Назад

Іван Сацукевіч (Менск)
Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт

Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі

Захаваць памяць пра чалавека можна рознымі шляхамі. Можна паставіць помнік, намаляваць партрэт, напісаць кнігу, стварыць музей ці зняць кіно. А можна і назваць у яго гонар вуліцу ці праспект. Хоць, што трэба заўважыць, патранімічныя назвы вуліц не былі традыцыйнымі для беларускіх гарадоў. Першыя падобныя назвы з’явіліся ў Менску яшчэ ў XIX ст. і былі хутчэй выключэннем, чым правілам. Так, у дарэвалюцыйным Менску меліся вуліцы Захараўская, Аляксандраўская, Пушкінская і Скобелеўская. Але мала хто з менчукоў здагадваўся, што вуліца Захараўская названа ў гонар першага грамадзянскага губернатара Менскай губерні Захара Карнеева.

Традыцыя найменавання вуліц і плошчаў імёнамі людзей укаранілася толькі ў 1919 г. Спачатку савецкія ўлады ў ліпені таго ж года перайменавалі 17 вуліц і плошчаў Менска, з якіх 8 атрымалі прозвішчы канкрэтных людзей: Троцкага, Маркса, Свярдлова, Валадарскага, Урыцкага, Ласаля, Дастаеўскага і Талстога1. Але праіснавалі новыя назвы не больш месяца, бо ўжо 8 жніўня 1919 г. у Менск увайшлі польскія войскі. А ўжо праз месяц польскія ўлады правялі сваё перайменаванне вуліц і плошчаў Менска2. Яны змянілі назвы 23 урбанонімаў, тры з якіх сталі персанальнымі. Так, галоўная вуліца горада Захараўская была пераназваная ў гонар Адама Міцкевіча, а яшчэ дзве вуліцы сталі насіць імёны Тадэвуша Рэйтана і Караля Чапскага.

Але і гэта перайменаванне было недаўгавечным, бо ў ліпені 1920 г. у Менск увайшла Чырвоная армія. А напярэдадні 5-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі адным махам былі перайменаваны 45 менскіх плошчаў і вуліцаў, з якіх 20 сталі патранімічнымі3. На вуліцах і плошчах сталіцы БССР знайшлі сваё месца Энгельс і Крапоткін, Пугачоў і Разін, Бакунін і Герцэн, Люксембург і Лібкнехт, Ленін і Ульянаў, Берсан і Каменеў. Дзяржава канчаткова стала разглядаць назвы вуліц як сродак ідэалагічнага ўздзеяння на насельніцтва.

Першая спроба найменавання вуліцы ў Менску ў гонар Кастуся Каліноўскага адбылася ў 1926 г. Так, газета "Звезда" за 8 верасня 1926 г. паведамляла, што камунальная секцыя гарсавета пастанавіла перайменаваць Кацярынінскую вуліцу (сучасная вуліца Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да мосту праз Свіслач) у вуліцу Каліноўскага. Пастанова была перададзеная на зацвярджэнне гарсавета. Нам дакладна невядома, ці была яна зацверджаная, хоць ўскосныя дадзеныя сведчаць, што так сталася, бо ў дакументах за 1928 г. у раёне Ніжняга рынку ўзгадваецца вуліца Каліноўскага. Але вуліца Каліноўскага ў Менску існавала нядоўга. Ужо ў пачатку 1930-х гадоў яна называлася вуліцай Калініна.

Другая спроба стварыць вуліцу Кастуся Каліноўскага ў Менску адбылася ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Пытанню перайменавання савецкіх назваў вуліц Менска гарадскія ўлады надавалі сур’ёзную ўвагу: з 350 вуліц і плошчаў горада імі было перайменавана 1354. З ліку перайменаваных 39 вуліц (29%) мелі патранімічнае паходжанне. Яны былі названыя ў гонар гістарычных асобаў. Імёнамі асобаў з гісторыі Беларусі і дзеячаў нацыянальнага руху былі названыя 23 вуліцы горада: вул. Рагнеды (былая Марата), Усяслава (Гогаля), Багушэвіча (Чырвонасцяжная), Багрыма (Чычэрына), Каганца (Фабрыцыуса), Луцкевіча (Талстога) і інш. Амаль усе яны – гэта маленькія вулачкі на ўскраінах Менска з драўлянай аднапавярховай забудовай. Такое перайменаванне, відавочна, не задавальняла дзеячаў нацыянальнага руху. На старонках беларускіх выданняў вуліца Садовая (варыянт афіцыйнага перайменавання) упарта называлася вуліцай Алеся Гаруна (да вайны — Камсамольская), Панцырная — Крэчаўскага (Інтэрнацыянальная), Броварная — Багдановіча (Горкага), Маскоўская — Скарыны (Пушкіна, сучасны праспект Незалежнасці ад плошчы Якуба Коласа і далей). Дайшло да таго, што з 1943 г. адрас "Беларускай газэты" пазначаўся па-нямецку Kirchenstrasse (вуліца Царкоўная), а па-беларуску — вуліца Рагнеды5.

Важнае месца ў 1944 г. на старонках менскіх беларускіх выданняў адводзілася асвятленню гадавіны 25 сакавіка 1918 г. Так, у гэты дзень выйшла "Распараджэньне Галоўнага старшыні сталічнага гораду Менску А.Комара "Аб зьмене назоваў вуліц г. Менску". Як ніжэй было патлумачана, гэта зрабілі, каб "адзначыць 26-я ўгодкі Абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка, а таксама выходзячы з пажаданьняў жыхароў г. Менску". Было перайменавана 7 вуліцаў горада: Савецкая (сёння – праспект Незалежнасці) стала вуліцай "Імя 25 сакавіка", Ленінская – "Пагоні", Карла Маркса – Кастуся Каліноўскага, Энгельса – Язэпа Лёсіка, Камсамольская – Алеся Гаруна, Чырвонаармейская – Усевалада Ігнатоўскага, Астроўскага – Вацлава Іваноўскага6.

Цікава, што ўсе гэтыя вуліцы ўжо былі перайменаваны ў 1941 г. немцамі. Згодна нямецкаму перайменаванню Савецкая называлася Галоўнай, Ленінская – Рынкавай, Маркса – Камендатурнай, Энгельса – Тэатральнай і г.д. Заўважым, што 25 сакавіка былі перайменаваны не афіцыйныя нямецкія, а старыя савецкія назвы. У гэтай з’яве можна ўбачыць два бакі: па-першае, менская калабарацыя не хацела быць заўважанай у скасаванні нямецкага загада, а па-другое, большасць насельніцтва па-ранейшаму карысталася даваеннымі савецкімі назвамі. Як ужо адзначалася, беларускія колы былі відавочна незадаволеныя нямецкімі перайменаваннямі вуліц Менску і на старонках беларускіх газет карысталіся "сваім" варыянтам назваў цэнтральных вуліц горада. Ім хапіла рашучасці гучна заявіць пра перайменаванне вуліц Менска толькі ўвесну 1944 г., калі нямецкай адміністрацыі ўжо было не да вулічных назваў.

Але вуліца Каліноўскага з’явілася такі ў Беларусі і ў даваенны час. Адбылося гэта ў Гародні. У 1930-я гады у раёне Новы свет адна з новых вуліц была названая польскімі ўладамі ў гонар Каліноўскага. Вуліца захавалася да гэтага часу, і сёння з’яўляецца адной з асноўных магістраляў Гародні. Таксама ў 1930-я гады з’явілася вуліца Каліноўскага ў Наваградку.

Першая хваля савецкай мемарыялізацыі імя Каліноўскага пачалася ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Старт яна атрымала ў 1963 г., калі ў БССР узгадалі пра стогадовы юбілей паўстання 1863-64 гг. У гэтым жа годзе ў Менску з’явілася вуліца Каліноўскага – новая вуліца ў мікрараёне "Усход" даўжынёй 3,5 кіламетраў7. Напэўна, імя Кастуся паспрыяла таму, што на вуліцы ў 1970-я гады ўзніклі гандлёвы комплекс і кінатэатр "Вільнюс" і кнігарня "Вільня". Таксама з’явіліся вуліцы Каліноўскага ў Ганцавічах, Лідзе, Маладзечне, Мастах, Нясвіжы, Полацку, Пружанах, Астраўцы і Свіслачы. А ў Магілёве акрамя вуліцы ўзніклі яшчэ два завулкі Каліноўскага8.

Якое месца займала вуліца Каліноўскага ў беларускіх гарадах у сярэдзіне 1960-х гадоў? На жаль, толькі ў Менску яна стала магістраллю з важным значэннем для горада. На ёй размясціліся сацыяльна-культурныя і гандлёвыя аб’екты. Таксама ў Мастах вуліца Каліноўскага ператварылася ў адну з галоўных вуліц. Ужо ў апошнія гады яна "прырасла" трыма завулкамі, а жылы квартал, утвораны імі, на плане горада пазначаны прадмесцем Каліноўскага9. У астатніх гарадах вуліца Каліноўскага – гэта караценькая вулачка ў прыватным сектары на ўскраіне. У Магілёве, напрыклад, вуліца Каліноўскага знаходзіцца амаль за межамі горада.

Не менш цікава, якія вуліцы знаходзяцца побач з лідэрам паўстання 1863 г. Так, у Маладзечне "суседзямі" Каліноўскага сталі Някрасаў і Заслонаў, у Полацку – Серафімовіч і Вароўскі, у Астраўцы – Пушкін і Лермантаў. Геаграфічнае месцазнаходжанне і семантычнае суседства вуліцы Каліноўскага ў розных гарадах амаль беспамылкова дазваляюць зрабіць выснову, што ў гонар Каліноўскага называліся выключна новыя вуліцы. Рашэнне аб найменаваннях прымалася мясцовымі ўладамі, якім было неабходна даць назву новым вуліцам сваіх населеных пунктаў, а імя Каліноўскага знаходзілася сярод тых дзеячаў гісторыі, хто станоўча ацэньваўся савецкай ідэалогіяй.

Другая хваля найменаванняў вуліц у гонар Каліноўскага прыпадае на канец 1980-х – пачатак 1990-х гадоў, час перабудовы ў СССР і пачатак гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. У гэтыя гады з’явіліся вуліцы Каліноўскага яшчэ ў 14 гарадах Беларусі: Бярозе, Ваўкавыску, Драгічыне, Жодзіна, Іванава, Капылі, Кобрыне, Лунінцы, Ляхавічах, Мікашэвічах, Пінску, Рэчыцы, Слуцку і Стоўбцах. Але тэндэнцыі 1960-х гадоў засталіся: вуліца Каліноўскага зноў размяшчалася сярод зеляніны індывідуальных дамоў на ўскраіне горада. Як выключэнне выглядае вуліца Каліноўскага ў Пінску, дзе яна размясцілася ў прамысловай зоне. Хоць у параўнанні з 1960-мі гадамі, змянілася "атачэнне" Кастуся Каліноўскага: калі раней вакол яго знаходзіліся рускія паэты і пісьменнікі, героі і рэвалюцыянеры, то зараз – проста геданімічныя, мілагучныя, часта абсалютна бессэнсоўныя назвы. Напрыклад, у Кобрыне вуліца Каліноўскага суседнічае з вуліцай Дружбы і Вінаградным завулкам. У Капылі яна знаходзіцца паміж Шчаслівай і Прыгожай, у Рэчыцы – Прыбярэжнай і Бліскучай, у Бярозе – Цяністай і Паркавай. А вось у Драгічыне ля вуліцы Каліноўскага месцяцца вуліцы Незалежнасці і Міцкевіча, у Ляхавічах – Скарыны і Машэрава. Адзіныя гарады, дзе Каліноўскаму падабралі месца ў шматпавярховых мікрараёнах – Ваўкавыск і Жодзіна.

Сёння вуліца Каліноўскага прысутнічае ў 27 гарадах і гарадскіх пасёлках Рэспублікі Беларусь10. Няма такой вуліцы ў абласных цэнтрах Берасці, Віцебску, Гомелі і буйных гарадах Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Оршы. Канешне, нельга паўтараць памылак мінулага, калі ў гонар якой-небудзь асобы, якая з цяжкасцю можа быць далучана да гісторыі Беларусі, называліся вуліцы ў кожным горадзе і нават пасёлку. Але ў нашай слаўнай і багатай гісторыі ёсць асобы, чыё жыццё з’яўляецца ўзорам самаадданай любові да Радзімы, прыкладам у выхаванні патрыятызму. Імёны гэтых людзей павінны ўвекавечыцца ў назвах вуліц і плошчаў у кожным горадзе Беларусі. І сярод іх імя Кастуся Каліноўскага.


[1] К переименованию улиц г.Минска // Звезда. 1919. 3 июля. С. 3. .
[2] По постановлению магистрата // Минский курьер. 1919. 4 сентября. С. 4.
[3] О переименовании улиц в честь 5-й годовщины Октябрьской революции // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Фонд 34, воп. 1, адз. 360. Арк. 1.
[4] Сацукевіч І. Новыя назвы на картах і планах Мінска // Памяць. Мінск. У 4 кнігах. Кніга 4-я. Мн., 2005. С. 59-60.
[5] Беларуская газэта. 1943. 7 студзеня; 14 студзеня; 21 студзеня. С. 1.
[6] Беларуская газэта. 1944. 25 сакавіка. С. 4.
[7] Калиновского улица // Минск. Энциклопедический справочник. Мн., 1983. С. 183-184.
[8] Калиновский // Их именами названы. Энциклопедический справочник. Мн., 1987. С.253-254.
[9] Карта. Мостовский район. Мосты. Мн., 2007.
[10] Лічба прыблізная, бо былі прагледжаны карты толькі 85% гарадоў Рэспублікі Беларусь.