
Ян Ежы Мілеўскі (Універсітэт у Беластоку)
доктар гісторыі
Памяць пра Канстанціна Каліноўскага ў Польшчы
Несумнеўна, найбольшай колькасцю звестак, прысвечаных Канстанціну Каліноўскаму, мы абавязаны аднаму з найвыбітных польскіх гісторыкаў, праф. Стэфану Кеневічу, даследчыку гісторыі студзеньскага паўстання, аўтару найважнейшай манаграфіі па гісторыі Польшчы XIX ст. У той самай працы Кеневіч, пішучы, што летам 1862 г. у Вільні (сярод мясцовых „чырвоных” ці радыкалаў) утварыўся Літоўскі правінцыйны камітэт, сцвярджае: „Найвыбітнай постаццю ў ім быў Канстанцін Каліноўскі, рэвалюцыйны дэмакрат, захоплены ідэяй народнага паўстання. Каліноўскі выдаваў на беларускай мове нелегальную газетку п. н. „Мужыцкая праўда”, у якой выкрываў грабежніцкі характар царскай аграрнай рэформы і заклікаў мужыкоў да супольнай з палякамі барацьбы за волю і зямлю. Каліноўскі і яго прыхільнікі, аднак, не спяшаліся з падпарадкаваннем Цэнтральнаму камітэту ў Варшаве, не маючы поўнага даверу да „памяркоўнай плыні”, якая брала там верх”1. Часовы ўрад усведамляў, што літоўскіх, украінскіх і беларускіх сялян магла прывабіць да супольнай з палякамі барацьбы з царызмам толькі радыкальная пастаноўка аграрнага пытання. Разумелі гэта таксама віленскія і гарадзенскія „чырвоныя” на чале з Каліноўскім, якія насуперак намерам „белага” кіраўніцтва паўстання працягвалі паміж сялян рэвалюцыйна-паўстанцкую агітацыю.
Асоба Канстанціна Каліноўскага, шматкроць згаданая Стэфанам Кеневічам, непазбежна мусіла патрапіць у вучнёўскія падручнікі па гісторыі, асабліва прызначаныя для сярэдняй школы. Адносна шмат месца прысвячае яму папулярны аўтар падручнікаў 1990-х гг. Лешэк Антоній Шчэсьняк. Ацэньваючы дзеянні паўстанцаў на Літве пасля знішчэння аддзелаў палк. Зыгмунта Серакоўскага (травень 1863 г.) і яго павешання ў Вільні, а таксама ліквідацыі Літоўскага аддзела Нацыянальнага ўрада, ён падкрэслівае: „Нястомна працягваў далейшую дзейнасць паўнамоцны камісар Нацыянальнага ўрада на Літве Канстанцін Каліноўскі, схоплены толькі ўзімку і страчаны”2. Шчэсьняк у прынцыпе нідзе не падае нацыянальнасці Каліноўскага акрамя заўвагі, што ягоны атрад дзейнічаў на Беларусі. Далей ідучыя высновы можна зрабіць пры чытанні падручніка Гражыны Шэлянгоўскай, якая ў параграфе п. н. „Удзел у паўстанні палякаў па-за Каралеўствам” піша: „На Жмудзі і Гарадзеншчыне да руху далучылася сялянства, змагаючыся пад камандаваннем Зыгмунта Серакоўскага, Канстанціна Каліноўскага і Валера Урублеўскага”3. Гэты фрагмент падручніка ёсць пацверджаннем моцнай (маем спадзяванне, што ў мінулым) тэндэнцыі да прысвойвання польскім бокам усёй традыцыі даўняй Рэчы Паспалітай.
На пачатку XXI стагоддзя, калі гаварыць аб прадстаўленні постаці Каліноўскага, становішча не толькі не палепшылася (у некаторых падручніках прысутнічаюць толькі адзінкавыя згадкі пра аддзел Каліноўскага4), але проста пагоршылася (нават у падручніках для паглыбленага вывучэння няма ніякай інфармацыі пра гэтага героя студзеньскага паўстання5).
Звычайны жыхар Польшчы, калі ўважліва вывучаў гісторыю і чуў пра Канстанціна Каліноўскага, дык прозвішча гэтае асацыюецца ў яго са студзеньскім паўстаннем і — відавочна — ён лічыць Каліноўскага палякам. Іншая сітуацыя ў той частцы Польшчы, дзе жывуць беларусы і дзейнічаюць беларускія арганізацыі. Яшчэ ў 1958 г. у Беластоку частка колішняй вул. Сасновай атрымала імя Канстанціна Каліноўскага6.
На рубяжы 1950–60-х гг. у Беластоку з ініцыятывы беларускага тыднёвіка „Ніва” нават узнік камітэт па ўсталяванні помніка Канстанціну Каліноўскаму. Урэшце, замест усталявання помніка ў Беластоку гэты камітэт падтрымаў будоўлю Дома культуры ў Гарадку (непадалёк ад в. Мастаўляны, у якой 21 студзеня 1831 г. нарадзіўся герой артыкула). Урачыстае адкрыццё Дома культуры ў Гарадку адбылося 6 чэрвеня 1965 г. Тады ж у сцяну была умураваная шыльда, прысвечаная Каліноўскаму7. Аднак фармальна Дом культуры ў Гарадку не носіць імя Канстанціна Каліноўскага, хаця, несумненна, дадзенай мясцовасці належыць першынство ў падтрымліванні памяці аб гэтым героі. Ёсць там яшчэ вуліца Каліноўскага, але невядома, што сталася з рэчамі, датычнымі сям'і Каліноўскага пасля скасавання школы ў Мастаўлянах, дзе яны захоўваліся. У 1988 г. на радзіме Каліноўскага ўрачыста адзначалася 150-годдзе яго нараджэння.
Імя Канстанціна Каліноўскага ў сучаснай Польшчы набыло найбольшую вядомасць у выніку назову ягоным імем праграмы стыпендыяльнай дапамогі беларускім студэнтам, якія былі рэпрэсаваны ва ўласнай краіне за апазіцыйную дзейнасць.
Варта дадаць, што беларуская супольнасць у Літве таксама імкнецца замацаваць памяць пра дзейнасць Каліноўскага. Так у Вільні на сцяне камяніцы побач з касцёлам св. Духу, у якой ён пэўны час жыў, ёсць мемарыяльная дошка (на беларускай і літоўскай мовах). А ў Салечніках (Шальчынінкаі) 19 лістапада 1999 г. з ініцыятывы Беларускага цэнтра культуры быў адкрыты помнік Каліноўскаму, на якім ягонае прозвішча выгравіраванае на трох мовах: беларускай, літоўскай і польскай. Пры заканчэнні звернем яшчэ ўвагу на біяграфію Каліноўскага ў Вялікай Энцыклапедыі PWN*, дзе сцвярджаецца, што адзін з правадыроў студзеньскага паўстання ў Літве і Беларусі нарадзіўся ў Мастаўлянах каля Ваўкавыска (Заходняя Беларусь)8. Сёння Мастаўляны знаходзяцца ў Беластоцкім павеце.
[1] Kieniewicz S. Historia Polski 1795-1918. Warszawa, 1970. S. 245.
[2] Szcześniak L. A. Dzieje nowożytne i najnowsze od połowy XIX wieku do roku 1918. Podręcznik do szkół średnich klasy III liceum ogólnokształcącego oraz klasy II technikum i liceum zawodowego. Warszawa, 1990. S. 39
[3] Szelągowska G. Historia. Dzieje nowożytne i najnowsze 1815-1870. Podręcznik do klasy III liceum ogólnokształcącego. Warszawa, 1996. S. 265.
[4] Напр.: Kozłowska Z., Unger J., Unger P., Zająć S. Poznajemy przeszłość od początku XVIII wieku do 1939 roku. Podręcznik do liceum ogólnokształcącego. Zakres rozszerzony. Toruń, 2009. S. 146.
[5] Напр.: Burda B., Halczak B., Józefiak R. M., Roszak A., Szymczak M. Czasy nowożytne. Historia 2. Zakres rozszerzony. Podręcznik do liceum ogólnokształcącego. Gdynia, 2007; Popiołek B. Historia. Ludzie i epoka. Klasa 2. Kraków, 2009.
[6] Gazeta Wyborcza. 7 XI 2006.
[7] Chmielewski J. Zapomniany bohater z Gródka // Czasopis. 7. VIII. 2005.
[*] PWN (Państwowe Wydawnictwo Naukowe) — былое Дзяржаўнае навуковае выдавецтва ў Польшчы. З 1990–х гг. дзейнічае як прыватнае (Заўв. перакладчыка).
[8] Wielka Encyklopedia PWN, t.13, Warszawa 2003, s.144.
(Пераклад з польскай Кузменкі Зміцера)