Генерал, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., адзін з яго кіраўнікоў. Нарадзіўся ў вёсцы Шастакова на Берасцейшчыне. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 г. служыў у царскай арміі. Удзельнік Крымскае вайны 1853-1856 гг. У 1862 г., даслужыўшыся да чыну падпалкоўніка, пайшоў у адстаўку. Жыў у маёнтку Востраў на Кобрыншчыне, займаўся гаспадаркай. Пасля выбуху паўстання, у красавіку 1863 г. сфармаваў атрад, на чале якога пэўны час паспяхова змагаўся з урадавымі войскамі. У ліпені выехаў у Варшаву. Быў прадстаўніком паўстанцкіх уладаў за мяжой. У кастрычніку атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы ў варшаўскім рэвалюцыйным урадзе, стаўшы фактычна дыктатарам паўстання ў Польшчы. Прыклаў шмат намаганняў, каб рэанімаваць рух, надаць яму размах народнай вайны, рэарганізаваць узброеныя сілы інсургентаў. Арыштаны ў сакавіку 1864 г. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.