Назад

Якуб Казімір Станіслаў
(Якуб Вільгельм Каспер)
Гейштар
каля 1827–1897
Якуб Гейштар. Партрэт

Палітычны дзеяч, мемуарыст. Нарадзіўся на Ковеншчыне ў шляхецкай сям'і. Скончыў са срэбным медалём Віленскі дваранскі інстытут, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Будучы праціўнікам рэвалюцыйных дзеянняў, у 1848 г. накіраваўся ў Вільню, каб устрымаць моладзь ад паўстання. Пасля жыў ва ўласным маёнтку, займаючыся гаспадарчымі справамі. Быў у добрых узаемаадносінах з сялянамі. Як член Ковенскага губернскага камітэта браў удзел у выпрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы 1861 г. Прыкладна ў гэты час напісаў і выдаў за мяжой свой першы публіцыстычны твор – "Голас шляхціца да сваіх сабратаў пра сялянскую свабоду і ўласнасць". Па палітычных перакананнях падтрымліваў групоўку "белых", быў адным з кіраўнікоў "белае" партыі на беларуска-літоўскіх землях. Узначальваў Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, утвораны пасля сумнавядомага перавароту ў паўстанцкай арганізацыі. Бескампрамісны апанент Каліноўскага, разглядаў Беларусь, Літву й Украіну як складомыя часткі Польшчы. Арыштаваны ў ліпені 1863 г. Спярша высланы ва Ўфу, але затым вернуты для дадатковага следства і сасланы на 12 год катаргі ў Сібір. У 1872 г. вярнуўся на радзіму. Сперша жыў у Сувалках, пазней у Варшаве, дзе ў 1882 г. заклаў антыкварную кнігарню. Пакінуў пасля сябе ўспаміны – каштоўную крыніцу па гісторыі паўстання 1863-1864 гг.