

Удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Нарадзіўся ў Варшаве. Працаваў у кіраўніцтве будаўніцтвам Варшаўска-Пецярбургскай чыгункі ў Вільні. Браў удзел у чыннасці рэвалюыйных гурткоў. Лавіраваў паміж "белымі" і "чырвонымі". У 1862 г. камісар ЦНК ў віленскім паўстанцкім цэнтры. Аднак неўзабаве з ростам уплыву Каліноўскага быў выдалены адтуль. Перакінуўся да "белых". Менавіта з ініцыятывы Дзюлёрана быў арганізаваны пераварот, у выніку якога Каліноўскі быў адхілены ад кіраўніцтва, а ЛПК трансфармаваны ў цалкам "белы" Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Пэўны час займаў у наваствораным Аддзеле пасаду варшаўскага камісара. У далейшым быў памочнікам рэвалюцыйнага камісара ў Прусіі і рэвалюцыйным камісарам у Германіі. Пасля паразы паўстання жыў на эміграцыі ў Парыжы.