Назад

Сяргей Законнікаў

Кастусь Каліноўскі

З агаркам свечкі ў лабірынце лесвіц
Не быў ён схоплен, а сышоў уніз,
Дзе хмары на крыжы касцёлаў лезлі,
Дзе Вільні разбягаліся агні.
Як факелы, яго гарэлі вочы,
Якім не тухнуць доўгія вякі,
І толькі вецер выдзімаў праз вокны
"Мужыцкай праўды" белыя лісткі.
Нібы зубамі, ляскатаў затворам
Жандар збялелы змрочна на двары.
Русавалосы малады затворнік
І кулю ад сябе адгаварыў.
У белай світцы, з палатнянай торбай,
Жывы, як праўда, знік паміж людзей...
Ён быў на "ты" з грымотнаю гісторыяй,
Ён смела праз вякі на нас глядзеў.
Яго імя мы помнім і ў нягодах,
І ў час шчаслівай, бы вясна, пары,
А нашы сэрцы, поўныя свабодай,
Гараць, як Каліноўскага кастры.

 

Публікацыя паводле: Віцебскі рабочы. – 1971. — 16 студзеня. – С. 3.
Матэрыял даслаў: bibliograf