
Зьміцер Захарэвіч
***
Да 180-годзьдзя Кастуся Каліноўскага
Багі вайны спрыяюць сьмелым,
А кроў на сьнезе, як цана.
Далоў падзел: "чырвоны"/"белы",
Калі Радзіма ў нас адна!
На змрок — паходня, крыж — на д’ябла!
Каб збыць ярмо чужынцаў з плеч,
Супольна ў шыхт каса і шабля
Ахвярна сталі пад карцеч.
Туга ў сталіцы праваслаўнай
І ў недавяркаў-халуёў,
Бо глос зь Літвы мужыцкай праўдай
Гучыць у водгульлі баёў.
Гульня са сьмерцю — цот ці лішка.
Жыцьцё згарае, нібы кнот,
І не ў Сібір вядзе з Лукішак
Дарога, а на эшафот.
Таму прароцтвам скрозь стагодзьдзі
Нам запавет у чвэрць лістка:
"Ня будзеш волі мець, Народзе,
Пакуль ня зможаш маскаля!"
2018
Публікацыя паводле:
Аўтарскі тэкст.