
Вяртанне Аляксандра Аскеркі
Старэчых вербаў шацяры,
Кустоўе дзікае шыпшыны —
Пахмуры знак тае пары,
Дзе аніводнае машыны
Ў зялёных схованках дарог
Яшчэ не кашляе бензінам.
Яшчэ жаўцеюць каляіны
Ад панскіх брычак, лёгкіх дрог.
Туга пустэльных бальшакоў
Пад ценем вербаў круглаверхіх.
Карэта ўзорная Аскеркі
Скрыпіць, прастуе ў Рудакоў.
3 акна глядзіць саноўны пан
На хаты — кмеціны нядолі,
На постаці ў бацькоўскім полі
Ўжо "разняволеных" сялян.
А ў галаве нясходны тлум
Згрызот хрыпатых Камітэта.
На ўсцех не ўсім рэформа гэта
Ды ўзлёт ягоных вольных дум!
І ўжо з-пад небнае смугі
Паны вяльможныя рагочуць...
Заплюшчыць вочы — і бразгочуць
На катаржанцу ланцугі...
Усё! Мінуўся страшны сон,
І ён, лічы, праз хвілю дома.
Ды не каўтнуць у горле кома,
Сябе дапросам мучыць ён.
Рой непрыкутых думак смелых
Латошыць памяці сады:
"Інакш было б усё тады,
Каб не спалохам трэсла "белых"!.."
"Адно павыліта крыві,
Як можна бачыць,— на глумоту..."
Адказы горкую шчымоту
Нясуць, чаго ні пазаві.
Дзе ён ні ехаў родным краем,
Ён, родны край, не стаўся раем,
Ні знаку мроеных свабод!
Жыве, ў пакутах памірае
Яго знясілены народ.
"Рэформа — зманная паперка!
Паўстанне — лік адных ахвяр..."
Сагнаўшы дум удушны жар,
Спыніцца загадаў Аскерка.
Стаяў, маліўся небным высям,
Душу няволіла: "Чаму?"
І гнуўся ў полі люд яму,
І быў там прадзед мой — Анісім.