Назад

Максім Танк

Вільня

Сівая хмара сцёрла сонца,
Вясенні першы дождж заплакаў.
Па чарапіцы і па гонце
Разліўся вечар сінім лакам.
І ноч прыйшла з прадмесця вуліц,
Палезла на званіцы, вышкі.
Сабакам чорным вецер скуліць
Пад шэрым мурам, пад Лукішскім.
Гараць агні ў вялікіх вокнах,
І крык газетчыкаў, рэкламы,
Ды на вясеннім бруку мокнуць
Ад ліхтароў жывыя плямы.
А на пліце цяжкой, бетоннай
Дождж граззю прозвішчы заплёскаў, –
Баладу віселіц сцюдзёных
Гаворыць з ветрам Каліноўскі.
Мо расказаць табе пра нашы
Пра барыкады і удары?
Пра тых байцоў, што палі ў маршы,
Мо расказаць табе, таварыш?
Мо расказаць табе пра заўтра,
Пра песні-сны, што ў нашых казках?..
Цішэй, ідзе бульварам варта,
І блудзіць дождж па бруку гразкім,
А дрэвы нешта мне гавораць...
Увесь пакрыт я мокрым снегам...
Ну дзе ж сягоння, родны горад,
Мяне прытуліш без начлегу?

1936

Публікацыя паводле: Танк М. Збор твораў. У 2-х т. Т. 1, – Мн., 1958.