
Віктар Швед
Кастусю Каліноўскаму
Будаўнікам Дома культуры імя Кастуся Каліноўскага ў Гарадку прысвячаю.
З бацькоўскай вёскі Мастаўляны,
Мо' і не раз праз Гарадок
Ішоў з наборам палымяным
"Мужыцкай праўды" ў Беласток.
Складаў з вялікаю адвагай
Свае бунтарскія радкі,
Распальваў сэрцы пад сярмягай —
Ішлі змагацца дзецюкі.
Ішлі на панскія палацы,
За пот, за голад, мазалі.
Ішлі свабоды дамагацца,
Хлеба працоўным і зямлі.
За незалежныя краіны,
За Польшчу і за Беларусь,
За дарагі народ загінуў
Ў няроўнай барацьбе Кастусь.
Аддаў жыццё за наша шчасце,
За волю, роўныя правы.
Адкрыты нашы сэрцы насцеж —
У іх Кастусь заўжды жывы.
Публікацыя паводле:
Швед Віктар. Жыццёвыя сцежкі. – Беласток, 1967. – С. 34.
Матэрыял даслаў:
bibliograf