Назад

Сяргей Панізнік

 

***

Нямаш браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толькі магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тагды ён толькі, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлым сэрцам палюбіць. Яська гаспадар з-пад Вільні

Сэрца разьвіваць — не слугаваць,
жыць па праўдзе, не хлусіць нікому,
Гаспадарна Беларусі-дому
годнае найменьне набываць.

Бог пакінуў, ачумелых, нас
адзіноканькіх на раздарожжы
зь вераю, што шлях праторым гожы, —
безь ярма ў яшчэ адзін калгас.

Дзе ты, Яська, з промнямі ў вачох?
Я стаіўся на глухой паляне:
раптам неба грымне, як паўстаньне,
і спытае: "Перамог спалох?"

Каліноўскі блісьне маланьнёй:
— Будуць вашы сэрцы разьвівацца
ў шырыню, каб у радню сабрацца, —
стануць непакорнай вышынёй.

 

Публікацыя паводле: Панізьнік С. Прысьвячэньні... – Вільня, 2004. – С. 176.
Матэрыял даслаў: bibliograf