Назад

Рыгор Семашкевіч

Кастусь Каліноўскі

1

Вочы на свет закрываць не трэба —
Ёсць у прыроды туманныя дні.
Вось і завешчаны далеч і неба,
Як праз ваду — вечарамі агні.

Што вы, туманы, у сваім вар'яценні
Так замуцілі вякі і гады
І на прастор наш барвова-асенні
Зноў нацягнулі далёкай бяды?

Зноў я адкінуты вамі, туманы,
У перабыты бязлітасны час.
Стук?
Гэта быццам бы бой барабанны.
Крык?
Перад сконам, паўстанцы, да нас!

Скончана ўсё. Так паспешна у лёхах
Світку мужыцкую здзёрлі з плячэй.
Гэтыя ж тут, недзе блізка, патроху
Гаснуць без жалю любімых вачэй,

Воды сцюдзёныя, гнуткія кладкі —
Трэба палотны бяліць.
Я не кравец, не шавец аніякі,
Трэба кашулі смяротныя шыць.

Голас ад гора дрыжыць і нямее —
Трэба ісці галасіць.
Я і магілы капаць не умею —
Мёртвых жа трэба у дол апусціць.

Толькі ідзі, ідзі і не падай.
Доўга туман над зямлёю стаіць.
............................................................
Сходзяць туманныя дні а лістападам.
Сонца праглянула...
Жыць!

 

2

Вось далакоп, і шавец я, і столяр...
Доўга стаялі туманныя дні,
Твар мой збялеў ад жалобных застолляў,
І зледзянелі пагляду агні.

Столяр, калыскі на шчасце майструю
Для немаўлятаў усіх.
Я і шавец, і абнову любую
Шыю для святаў зямных.

Вось я рыдлёўкаю грунт наш капаю —
Дрэўца, хлапчук, пасадзі.
Вось я і сумную песню спяваю
Там, дзе нядаўна блудзіў.

1966

Публікацыя паводле: Семашкевіч Рыгор. Лічыла дні зязюля. – Мінск, 1987. – С. 43–44.
Матэрыял даслаў: bibliograf