Назад

Ніна Мацяш

Песня касінераў

Заходзіць барвовае сонца,
Бы наша скіпелая кроў,
Пралітая не за чырвонцы —
За край без паноў і цароў.

Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
                      вашае лганства,
Нясцерпны
                      бізун і аброць!

Ёсць воля і ў лютым прыгоне,
Мы маем з чаго выбіраць:
З’яднацца пад сцягам Пагоні
Ці тупа, як быдла, канаць.

Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
                      вашае лганства,
Нясцерпны
                      бізун і аброць!

Пашчэрблены ў ярасці косы
Аб шаблі й штыкі маскаля:
Ужо не памрэ безгалоса
Пакутніца наша зямля!

Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
                      вашае лганства,
Нясцерпны
                      бізун і аброць!

Заплача бяроза над намі,
Тужліва сасна загудзе,
Барвовае сонца на памяць
У лёс Беларусі ўпадзе...

Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
                      вашае лганства,
Нясцерпны
                      бізун і аброць!

1988

Публікацыя паводле: Мацяш. Н. Душою з небам гаварыць, – Мінск, 1999 (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя)