Назад

Уладзімір Пецюкевіч

Конь Каліноўскага

Зямля пад ворагам гарыць —
Ідуць за Волю змагары —
Касіянеры.
А перад імі на кані
Іх палкаводзец малады,
Крылата-смелы.
— Наперад, з Богам, ваяры! —
Кружляе голас угары
Над полем сечы.

Конь Каліноўскага ляціць —
Цок-цок-цок-цок, дзінь-дзінь-дзінь-дзінь!
— За Беларусь! — лунае кліч.

Шугае мужных вояў раць,
Грымяць іх стрэльбы і блішчаць
Маланкі-косы.
Стаіў дыханне край лясны —
Няроўны бой вядуць сыны
3 навалай грознай.
О Божа, дай ім устаяць,
Свой дух ваярскі захаваць
Непераможны!

Конь Каліноўскага ляціць —
Цок-цок-цок-цок, дзінь-дзінь-дзінь-дзінь!
— За Беларусь! — лунае кліч.

Мне сніцца сон далёкіх дзён:
Плыве над краем цокат-звон
І гул суровы —
Касіянеры ў бой ідуць,
Аж навакол лясы гудуць,
Бары-дубровы.
Імчыцца конь праз дым-агонь,
Нясе ён вершніка свайго
У несмяротнасць.

Конь Каліноўскага ляціць —
Цок-цок-цок-цок, дзінь-дзінь-дзінь-дзінь!
— За Беларусь! — лунае кліч.

 

Публікацыя паводле: Пецюкевіч Уладзімір. Узняўся белы птах. – Вільня, 2004. – С. 293–294.
Матэрыял даслаў: bibliograf