Назад

Уладзімір Караткевіч

Павешаным 1863 года

Калі ідуць на абардаж,
I поўніць полымя прасцяг
Да верху мачты — экіпаж
Цвікамі прыбівае сцяг.

Даўно здалася — нават сталь, —
I толькі зараз — мы памром
Пад сцягам, што ў прадонні хваль
Знікае разам з караблём.

Ў крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час смяротных сноў,
I нашай волі карабель, —
Няскораны, — ідзе на дно.

I сёння ў вечны наш працяг,
У неба на світанні дня
Уздымуць нас, як волі сцяг,
Якога й богу нельга зняць.

1980

Публікацыя паводле: Караткевіч Ул. Збор твораў. У 8 т. Т 1, – Мінск, 1987.