Назад

Наталля Арсеннева

Над паўстанцкай магілаю

Кастрою срэбнаю прысыпаны кусты.
Кранешся –
і кураць густым і белым дымам...
Тут пахаваны, кажуць, нехта з тых,
што аддалі жыццё,
                                      каб жыць магла Радзіма.
Зацерлі золь, слата
няўзнак
імёны, год.
Із наспай роўнае ўзнялося пустазелле.
Ды запыні, спытай, абы-каго.
"Жывыя, – скажа ён, – хай целы і сатлелі!"
Крыжы стаяць, няхай пакленчылі яны.
Ці ж лёгка несці год важкіх і чорных ношу?
Не ў памяць, пэўна, й ім, каго тут кон спыніў,
ні колькі іх злягло,
                                      вясёлых і харошых...
Ці йшлі яны у бой із песняй маладой,
ці доўга неслі боль, аж палі гэтта ніцма,
ці на Дзяды мядзяныя, увосені,
                                                           з бядой
прыходзіць хто па іх паплакаць,
                                                           памаліцца?
Ці горка ім было, як знічкі, дагараць,
ледзь да прысягі Бацькаўшчыне ўзняўшы
                                                                               рукі,
ці ведаюць яны,
                              што за народ, за край
крывавяць скрозь яшчэ браты, сыны ды
                                                                           ўнукі?
Ці звоняць з года ў год ім звонкія лісты
і "памяць вечную", і "са святымі"?
Ці знаюць –
                       не памрэ ніхто й ніколі з тых,
што аддалі жыццё,
каб жыць магла Радзіма?
Ідучы за Яе у немінучы бой,
як сцяг, ахрышчаны крывёю, кожан
змагар іх памяць панясе з сабой...
І – пераможам!

1952

Публікацыя паводле: Арсеннева Н. Выбраныя творы, – Мн., 2002. (Беларускі кнігазбор)