
Юрась Пацюпа
Маналог паўстанца
Памяці Кастуся Каліноўскага
Страх на ветры бязбожным спалю...
І хоць зоры не зычаць лёсу —
бласлаўляю на подзвіг зямлю,
бласлаўляю на вечнасць нябёсы.
Далягляд ружавее ад коней,
вечар хіліцца ля вады,
ціха-ціха шарэе над гонямі...
Боль у сэрцы, як водгук хады.
Сёння маю сябе і нічога,
барабаншчык здалёку б'е.
Што знайду? Ноч пустэльняю чорнай...
Заўтра ты будзеш мець сябе.
Публікацыя паводле:
Пацюпа Юрась. Ноч. – Мінск, 1991. – С. 13–14 (Бібліятэка часопіса "Маладосць")
Матэрыял даслаў:
bibliograf