Назад

Ніна Мацяш

Маналог Камілы Марцінкевіч

Дзіва што! Канешне, я вар’ятка!
Ну, бо як жа — панна, а нашу
Простую сялянскую апратку
I павагі да яе прашу!
               Ах, якая сарамота, ах, —
               Гэта ж проста жах!

А яшчэ — ў касцёле, звонка, зычна
Пасярод малельнай цішыні
Заспявала гімн патрыятычны:
"Роўнасць людзям, Божа наш, вярні!"
               Ах, якое святатацтва, ах, —
               Гэта ж проста жах!

А яшчэ — пры лютым пры тэроры
Тут, дзе праўда аплыла крывёй,
Не хачу сваё затойваць гора —
Па братах забітых смутак мой!
               Ах, якая непрыстойнасць, ах, —
               Гэта ж проста жах!

А яшчэ — гатова без вагання
I сама ў шарэнгі тыя стаць,
Хто за незалежнае дыханне
На цара пасмеў сякеру ўзняць!
               Ах, ну што ж, як розуму няма —
               Ёсць і багадзельня, і турма!..

Хай! Скажу адно шчэ на астатку:
Я не ўгну, панове, галавы!
Зразумее люд сваю вар’ятку:
Покуль пратэстуе — ён жывы!

1987

Публікацыя паводле: Мацяш. Н. Душою з небам гаварыць, – Мінск, 1999 (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя)