Назад

Міхась Клімковіч

Арыя Кастуся

З лібрэта оперы "Кастусь Каліноўскі"

Вось, вось яна ляжыць перада мной,
Мая вялікая Радзіма, у імгле начной.
Шумяць яе задумленыя пушчы векавыя.
Між залатых жытоў дарогі палявыя.
На ўлонні поўных рэк схіліў чупрыну бор,
Глядзяцца зоры ў гладзь бязмежную азёр.
О, як прыгожа ты, мая Радзіма!
Колькі сілы ў тваёй спакойнай велічы.
О, край мой мілы!..
Колькі ў табе — і жуды і бяды.
Хаты сляпыя прыніклі к зямлі,
Крыж за сялом просіць долі у неба,
Дзеці апухлі без хлеба...
Толькі, як буслы, паны і падпанкі,
Ходзяць, махаючы ўсцяж бізуном,
Ды па астрогах бесперастанку
Рукі народа звіняць ланцугом.
Даў лёс бы арлу свае крыллі прасцерці,
Даў лёс бы адчуць сваю сілу зямную,
Ён здолее бурай з зямлі сваёй сцерці
Усіх прыганятых, усіх краважэрцаў.
Тады ў небывалай красе і уздыме
Мой край, нібы май, расцвіце, разаўецца.
I светлай сваёй і багатай Радзіме
Свабодны народ, нібы сонца, ўсміхнецца.

1940–1944

Публікацыя паводле: Клімковіч М. Збор твораў. У 2 т. Т. 1, – Мн., 1959.