
Каліноўскі – апошняе слова
Бывай здаровы, мужыцкі народзе. Яська-гаспадар з-пад Вільні
Такі іскрысты сёння снег!
Такія белыя аблокі!
Тут, на зямлі, — не ў сне, не ў сне! —
Апошнія лічу я крокі.
Да перакладзін чорных тых
(Чаму бялеюць іх сукі?)
Ўсе дваццаць шэсць гадоў маіх
Вядуць сталёвыя штыкі.
Даруй мне, тата, і бывай:
Я не вярнуся ў нашу хату.
Больш не адчуць рукою, знай,
Тваёй далоні вузлаватай.
Даруй, Марыська, родны птах,
Я і цяпер, нібы дарункі,
На збітым твары, на губах
Нясу твае ўсе пацалункі.
Даруй, даруй: б'е час разлукі
І тую шыю, што твае
Так моцна абвівалі рукі,
Вяроўка сёння абаўе.
Даруйце мне, што ў час юначы
Сябе я гэтак не бярог.
Паверце вы: я жыць іначай
Не мог, не мог, не мог, не мог.
Вы знаеце: ні канакрадам,
Ні казнакрадам я не быў
І казытлівы пах улады,
Паверце, ў ноздры мне не біў.
Я не таму йду паміраць:
Мне напляваць на тыя троны,
На каралёў усіх кароны,
На крык іх скарбаў — напляваць!
Пячэ мне сэрца боль другі:
Як ластаўку, на згубу
Няшчасны край мой дарагі
Дзярэ арол двухдзюбы!
Мужык, у крук сагнуты, тут —
Ці спёка, ці разводдзе —
Валочыць паншчыны хамут
3 стагоддзя у стагоддзе.
Цар толькі прывід волі даў:
Па ўсіх палях наўкольных
Адзін бізун, як і гуляў,
Ізноў гуляе вольна.
Ды што цару народа енк,
Што слёзы паланянкі:
Абы ён толькі піў ды еў
Ды ладзіў пагулянкі.
Цары ж са смакам хочуць жыць,
Жыць з сэнсам і без сэнсу!
Народ ім трэба, каб давіць,
Народ ім трэба, каб даіць,
Каб, нібы па масту, хадзіць
Ім па касцях і сэрцах!
Ну, а каб лёгка клаўся ён
Пад царскія падэшвы,
Вылазяць зграі халуёў
Для "апрацоўкі грэшных".
О, я вас знаю, халуі,
Пасобнікі разбою!
Адна ў вас мара — на чаі
Вам кінулі б паболей.
Перад дваром вы — бараны,
Угоднікі, маўчальнікі —
Вам хоць бы выбіцца ў чыны,
Пралезлі б у начальнікі.
Што праўда вам, што вам народ,
Што Бацькаўшчыны гора!
Вам свой напхаць бы толькі рот,
Сваё здаволіць горла б.
Вы ўміг тупы цара дэкрэт
"Правесці ў жысць" гатовы.
3 усіх амвонаў і газет
Нам "чысціце" галовы.
А пікні вам — як чорны зброд,
Вы ўсіх распяць ахвочы.
Заткнулі вы народу рот
І завязалі вочы.
О так!
3 народа можна ўсё рабіць:
Масты масціць, вяроўкі віць,
Гнуць дугі, круціць атосы,
Калі ён нямы, безгалосы!
Вось так, народ, ты ланцугі
1 цягнеш век, нябога.
Табе убілі у мазгі,
Што гэта ўсё ад бога.
Ты за цара ў агонь прывык
Ісці, хлуснёй аглушаны,
А цар тваёй рукой, мужык,
Цябе ж самога й душыць...
Калі на край мой крумкачы
Ляцелі хіжым роем,
Вучыў ты, бацька: лепш маўчы
Ды беражы здароўе.
Я не паслухаў, выбачай:
Безабаронны, клікаў край.
І я пайшоў у навальніцу,
У бой зацяты — нож на нож.
"Мужыцкай праўды" бліскавіцай
Я рассякаў нямую ноч...
Цяпер — бывай, бывай, народ.
Даруй за мой канец такі.
Зрабіў я ўсё — на эшафот
Вядуць сталёвыя штыкі.
Усё маўчыць, за небакраем —
Палёў заснежаных абрус.
Мая прыгнутая, глухая,
Мая льняная Беларусь.
Там да сяўбы — мне добра бачна —
Ўжо ладзяць новыя плугі.
Ты знай, жандар: не ўсё ў нас страчана —
У далях спее бой другі.
На скатаванае зямлі
Збірай жа, люд мой, новы гром.
Я знаю: прыйдзе час, калі
Тут станеш ты гаспадаром.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві у шчасці, жыві у свабодзе
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
1969