
Каліноўскі
1
Паўночны вецер
3 поўначы вецер зніжаным лётам
Рве хмараў вячэрніх цяжкія плыты,
Калышучы п'яных мачтаў готык
І цёмна-імглісты цень густы.
У гэтакі час і пагутарыць не з кім, —
Хоць бы аб дальнім шолаху ніў...
Вось на шырокім і шумным Неўскім
Яркія вечар агні запаліў.
Горад шуміць, вялікі горад,
Шэры граніт, камяніцы, муры,
І гэты назойлівы звон шпораў,
І эпалеты, лампасы, арлы...
Тронам-астрогам усё прыдавіла,
Моцна калоны палацаў стаяць.
Здаецца, ці можна гэткую сілу
Нат гневам народным калі ўзарваць.
3 поўначы вецер у месяца човен
Плёскае сінія хвалі Нявы...
Пэўна таксама разгневаны Нёман
3 пены кудлатую грыву завіў.
І да паўночы ў хатах-зямлянках
Цемру калыша лучынны агонь,
Гора складае свае калыханкі —
Сумныя песні пра чорны прыгон.
Толькі ўжо хутка час волі настане,
Многапакутны народзе ты мой,
Хутка убачыш светлае ранне,
Сонца свабоды па-над зямлёй!
Можа, ў глушы за парогам сасновым
Моліцца, ночы не спіць жняя...
Можа, ты сёння цень Пугачова
Песняй калышаш, вёска мая?
3 поўначы вецер сіберны і быстры
Топіць ў сцюдзёнай імгле Пецярбург...
Пэўна над Нёмнам разносіць ён іскры
Стрэх саламяных крыллямі бур.
А за небасхілам, дзе стэпы-раўніны,
Дзе скіфскіх курганаў вяршыні гараць, —
Калыша кавыль і палын Украіны
Прызыўны напеў свайго Кабзара...
Ну, што ж, не глядзець жа ў даль родную з сумам!
Каб мог стаць на хмараў сінеючы плыт,
Пад парусам ветру паўночнага з шумам
У дарогу вялікую дальнюю плыць!
2
У абозе
Гараць агні абозныя.
Снег кружыцца, вірыць.
Пра чуткі — звесткі розныя
Паўстанец гаварыў:
— Над хатамі бяздольнымі
Устае дзень для сялян, —
Казаў, што будзем вольнымі
Сам Світка-атаман...
Другі, пад елкай стоячы,
Пад ветру шум густы,
Пярэчыў яму горача,
Апёршыся на штык:
— Эх, штосьці мне не верыцца
У байкі для малых:
Мы б'ёмся за аселіцы,
За нечыя валы!
Зямля — дзе глянеш — панская,
Вада, лес, дол, гара.
Прыелася мне ласка іх
Горш бацюшкі-цара.
Паны сягоння "мілыя"...
Але пільней глядзі,
Каб нас пад плечы віламі
Хто з іх не падсадзіў...
А трэці, шрот сартуючы,
Пытаў раз, можа, сто:
— Але, скажы, гаруючы,
Змагаемся за што?
Даўно ад раны хворы я —
Калі ж прыйду дамоў, —
Зноў крывасмокі-ворагі
Загоняць у ярмо.
Хтось галасы трывожныя,
Прыйшоўшы, абарваў.
Каля агнёў разложаных
Сам атаман стаяў.
— Пільнуйце коней, конніца,
Падсыпце ім аброк,
Глядзіце, ў парахоўніцах
Набой каб не замок!
Пайшоў, заранкі золатам
Адсвечвалі кастры.
Зноў нехта, чутна, шопатам,
3 сябрамі гаварыў:
— Паны сягоння водзяцца
3 царом за бараду;
Дасць костку ім — пагодзяцца,
Сялян запрададуць...
Каб атамана нашага
Не даць у рукі ім...
Зноў шопат змоўк, як згашаны,
Развеяўся, як дым.
Лес акалотам-коласам
Шумеў і снег вірыў,
Знаёмым нехта голасам
Пра порах гаварыў.
3
Пра світку першы раз чую
"Шесть раз его поцеловал — каков, ни слова не сказал!.."
Мосолов, "Русская Старина", 1883.
Палкоўнік Лосеў: Сядайце!..
Так... Я не мог вас паклікаць раней.
Гэты мяцеж, бесталковы мяцеж!
Шмат невінаватых людзей
Часам змушана ў путах сядзець,
Пакуль разбярэмся...
Як вас зваць?
Арыштаваны:Паўстанец... Пад Няміравым ўзяты...
Палкоўнік Лосеў:Шляхціц?
Арыштаваны:Не!..
Палкоўнік Лосеў:Усё ж хацеў бы я знаць,
Хто вы? скуль? дзе сям'я ваша, хата?
Хто ўцягнуў вас, за кім вы пайшлі ў гэты бунт?
Колькі лічуць паўстанчыя сілы?..
І ўдалося б ўцячы ад пятлі ці ад пут;
Атрымалі б вы царскую міласць...
Пэўна дома ляжыць сіратой паласа...
Мне шкада цябе, дружа, як брата,
Можа, плача хто над паласою аўса...
Конь і той, пэўна, ржэ за аратым...
Арыштаваны:Кінь, пан, — ведаў, ішоў я куды,
Тапарышча падняўшы рукамі худымі.
Што казаць? — Каб вы потым малых і старых
Маім катаржным мучылі імем!
Людзі памяць у вёску і так занясуць,
Мяне зняўшы з высокай асіны.
Шкада, пан, што ў руках не ўтрымаў я касу
І ў лясах у час бітвы не згінуў.
Палкоўнік Лосеў:Ну і ёсць жа чаго шкадаваць!
Можа, гэта ў раз тысячу лепей?
Мне, павер, за вас баліць галава,
Што йдзяце за панамі вы слепа.
Цар даў волю, а яны хочуць зноў
І на вас, і на вашы загоны
Налажыць, як на стада валоў,
Векавую нядолю прыгону.
Слухай...
Будзеш вольным у гэтую ноч,
Расталкуй толькі масе шэрай, —
Увагналі б у плечы паўстання нож,
Бо табе яны будуць верыць...
Арыштаваны:Не, пан, сам я з касці мужыка.
Хай ляціць навальніца па нівах!
Не падымецца гэта рука
Бунт спыніць за агністую грыву.
А што разам — да часу ідзём
І не верым панам і іх радам;
Яны поўзаць гатовы даўно прад царом
І мо' заўтра нам здрадзяць.
Важна нам, пакуль з лесу не выйшлі яны,
Пакуль плечы прад вамі не хіляць,
За Дняпро і за сінія хвалі Дзвіны
Перакінуць агонь і лапцюжныя сілы.
Палкоўнік Лосеў:Ці не з Світкі абозу ты будзеш такі?
Арыштаваны:Не, не чуў я ніколі аб гэткім...
Палкоўнік Лосеў:Дзіўна! Песні аб ім жабракі
Разняслі па дарогах, палетках.
Мецяжом яго імя гучыць.
Так... Час толькі я з вамі марную,
А хацеў бы душой памагчы...
Арыштаваны:Усё ж... пра Світку... першы раз чую.
4
Снег на шыбеніцах і на твары
Першы мешчанін:Трэба лепш захінацца ў кажух.
Настаўляй, Клім Іваныч, каўнер!
Гэткі вецер! Табе я кажу:
Паміраць не хацеў бы цяпер.
І за гарнец гарэлкі ніхто
Не пайшоў бы нат ямы капаць.
Бачыш: снег, быццам белы патоп,
Пачаў вуліцы хваляй змываць,
І нясе, і плыве, і вірыць,
І чорт ведае рвецца куды;
Быццам полымем неба гарыць,
Студзень люта узняў снежны дым...
Другі мешчанін:Прашу мне дараваць, гаспадзін,
Ці не можна ў вас аганьку?
Вы на плац ідзяце так, адзін?..
Клім Іваныч, а гэта мой кум.
Каліноўскі:Вельмі рад... Я Вітаўт Вітажэнц.
Думаў, сёння вучыць не пайду.
Ды, прызнацца, хацеў паглядзець,
Як на смерць гэта людзі ідуць.
Першы мешчанінПавучыцельна, што і казаць.
Учора — бачылі — гналі ў Сібір,
Або як ўскалыхнулі ксяндза?
Апісаць бы мог толькі Шэкспір!
Мы вось так — Клім Іваныч і я —
Ходзім разам заўсёды на пляц...Каліноўскі:А мне школьная праца мая
Не дае нават часу паспаць.
Каго ж сёння вядуць на парад?
Першы мешчанін:Чуў, здаецца, студэнт з іх адзін,
Пецярбургскі... так... нейкі Ігнат...
3 Каліноўскім атрады вадзіў.
Вось ідуць... Барабанная "дроб"
Зараз сыпне, мяцелючы снег...
Клім Іваныч, плячмі — праз народ!
Не відаць за галовамі мне.
Выбачайце! — ступіў на нагу?..
Вось жанчынам не варта глядзець.
Слёзы... што ж гэта я не магу
Бачыць, дзе наш стаіць Вітажэнц?..
..............................................................
Каліноўскі:Вядуць... Нядаўна гутарыў з імі...
Апошнюю ноч сядзелі ў смалярні да дня, —
Раіліся, каб вясной зноў штыкамі стальнымі
Над краем штандары паўстання узняць...
З натоўпу:— Пастараніцеся!
— Дайце глянуць!.. Маладыя,
А, нябось, пасівела, глядзі, галава...
— Эх, пацягнуў іх чорт нейкі за шыю —
Захацелі з царом ваяваць!..
— Цішэй там, — чытаюць!..Каліноўскі:Шукае вачыма знаёмых.
Бачу, брат, слаўна ідзеш!
Не зламалі цябе у засценках сцюдэёных,
Не зальюць каты кроўю народнай мяцеж!
Ды ідзеш не на смерць ты, здаецца!
Даўна, помню, калісь ты так бодра хадзіў,
Пецярбург... вечары... а за пазухай Герцэн,
У сэрцы "Колакала" калыхаўся прызыў,
Пра Уладзімірку песню любіў ты
І Някрасава сумны напеў...
Прашумела жыццё прыдарожнай ракітай,
Рана дзень твой зарой адзвінеў...
З натоўпу:Вось паднялі!
Мешчанін:А мы вас шукалі...
Бачыце, вецер калыша, тварам глядзяць на раку.
А можа, з такой вышыні відаць ім зарэчныя далі.
Выбачайце, я зноў бы у вас папрасіў аганьку.
Бачыце, свет ужо новы, іншыя людзі.
Што такім шыбеніца, катарга, смерць?
Вось ці на добрае толькі народ яны будзяць, —
Як ваша думка, гаспадзін Вітажэнц?..
А мяцель іх калыша... атуліла, бы ў саван сцюдзёны...
Вы ідзяце?
А я пастаю, недалёка мне.
Ці не плачаце вы?
Мо' хто родны загінуў, знаёмы?
Каліноўскі:Што вы?.. Гэта толькі на твары растаяў снег...
5
Дзецюкі
Каб расталкаваць людзям, у чым праўда, я пішу пісьмо... Яська Гаспадар, "Мужыцкая Праўда"
Паўстанец:Лепей ляж; адпачынь.
Ужо высока выплыла Сітца.
Чуеш, з стрэх ночы капае сінь
І адліга б'е ў акяніцы.
Каліноўскі:Сон мяне ўжо даўно не хмарыць.
Толькі сплюшчу вочы гарачыя; —
Паплывуць вобразы, як вандроўныя хмары:
Бачыш тое, што хацеў бы не бачыць —
Адных шыбеніц гай.
А загледзішся ў снежна-ўзмяцелены дым, —
Бачыш, катаржнікаў за Уралам сляды
Замятае пурга...
Не хутка мяне зморыць сон
І пяро пакіне рука.
Народ яшчэ дрэмле, маўчыць, быццам звон
Без стальнога свайго языка.
Трэба закінуць пабоцні,
Ударыць гулкую медзь.
Ты не ведаеш, як трывожна і моцна
Патрапіць звон гэты гудзець...
Можа, кончу да дня напісаць.
Трэба шчырае слова народу,
Ды такое, якое б заўсёды
Пад сярмягай магло б запалаць.
Паўстанец:Чуў я, грамату цар прыслаў,
Паны сілу разводзяць па хатах.
Усюды сельская стража пільнуе дарогі сяла.
Як народ ты разбудзіш, дыктатар?
Чуеш — сёння адліга,
Вясна.
Вецер ў Нёмане зоры купае.
Толькі днямі, начамі ад нас
Вырай ў сінюю даль адлятае.
Малахоўскі дзе твой?
Шмат каго страх за межы суседнія гоніць
Горш, як сівер асенняй парой
Залацістае лісце клёнаў.
Каліноўскі:Хай бягуць баязліўцы ад слоты,
Гром пачуўшы і шолах траў.
Усе, хто гэтых барознаў потам
Не паіў і не засяваў.
Вецер іх размяце і раскіне,
Быццам лісце сухое з галля,
Па дарогах чужых і краінах,
І забудзе іх хутка зямля.
Можа, злягуць засевы, і дымам
Вораг пусціць стрэхі сёл.
Але што ж — каранямі ўраслі мы
У гэту гліну, пясок і падзол.
А мінуць навальніцы і цені
Хмараў шэрых, і ўбачым да дня,
Як на пасеках нашых з карэння
Зашуміць, зацвіце маладняк.
Не заплюшчваюцца мае вочы,
Сам ты мо' адпачыў бы лепш.
Трэба заклік да раніцы кончыць, —
Ты па сёлах яго разнясеш.
Апранешся ў торбы, лахмоцце,
Можа, возьмеш цымбалы і кій.
Хутка золак заззяе на плоце,
Хутка...
Трэба пісаць...
"Дзецюкі!.."
6
У карчме
Яркім палаюць агнём смаляныя карчы
Мокрае сохне адзенне: анучы, сярмягі.
Дрэмле стары карчмар за сталом карчмы.
Згорбіўся стол ад гадоў ці мо' пахіліўся ад брагі.
Кураць, на лавах парабкі з конюхамі сядзяць.
Нехта гаворыць пра дзіўныя землі, пра неба.
Звонка на змену ў куратніку пеўні крычаць,
Глушачы снежны за вокнамі шчэбет.
Падарожны:Ходас! Ты гарнец яшчэ мо' паставіш адзін,
Трохі закускі? Хутчэй варушыся!
І ты, падарожны, зайграеш нам потым, хадзі!
Здаецца, цябе ужо бачыў, — знаёмыя рысы?
Кажаш — блудзіў па кірмашах.
Лепей было б,
Каб граў ты "лявоніху" тую, што скачуць у бітвах,
Або вяселле.
А то ў цябе хіба столькі і слоў,
Колькі змясцілася ў торбе тваёй ці ў малітвах.
Дзед:Прайшоў я ўдоўж, папярок Беларусь і Літву.
Людзей бачыць усякіх прышлося.
Адны любяць пад песню схіліць галаву,
Зажурыцца, як неба увосень,
А другія, — дужэй, маладзей, —
Ім дай песню, каб сыпала цветам,
Смехам вуснаў дзявочых — каб ад сонца было весялей,
Але я заспяваю вам гэту:
"Калісь Кастусём яго звалі ў Мастаўлянах,
У Гарадзеншчыне клікалі Світкай сяляне,
3-пад сіняга Бугу па горны Уральскі стром
Цар ахрысціў яго — Бунтаўшчыком.
Галавы яго царскія слугі шукаюць,
Па дарогах хітрыя петлі стаўляюць,
Праклінае кат Мураўёў
І папы медным гулам званоў..."
За акном снежныя ўсхліпы сіліцца вецер узняць.
Яснай усмешкай дзяцінства пад пальцамі дыхаюць струны,
Часам ўздымаючы накіп з песні крыштальнага дна,
Лашчацца яркімі хвалямі шумна.
Недзе дарожныя вербы сівыя шумяць...
Гурбяцца звонка загоны...
Нат чуваць, як на струнах хвалюецца снежная гладзь,
Як трывожна ў мяцелі званы, праклінаючы, звоняць.
"А ён полем шырокім на коніку едзе.
Праз лясы прабіраецца шэрым мядзведзем;
Праз азёры і рэкі плыве шчупаком,
А над хмарамі кружыць арлом.
Ходзіць ён па шырокай зямлі і склікае,
Малайцоў і дружыну сабе выбірае;
Усе асілкі — сасонкі ў бары —
Сілы ў кожнага столкі у тры.
Ходзіць ён па дарогах, загонах,
Сілу царскую крышыць і гоніць,
А як царскіх змяце наймітоў, —
Дабярэцца да панскіх двароў".
І здаецца, што у прыдарожнай карчме
Вецер свежы смалісты павеяў;
Пругкіх струн перабор, песня ў дыме — ў сасновай імгле;
Звоніць крыллямі ў шыбы завея.
Агонь крыецца — белы кажан — ў залатыя карчы,
Раз, другі бліснуў, ціха залопаў.
Цемень павуціннем з выгнутых бэлек карчмы
Звісла нізка на плечы, на струны, на шопат.
"Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі,
Пра якія у казках адно гаварылі:
Дзе задумаў, — свабодна пайшоў,
Ні равоў, ні гранічных капцоў.
Ці з сахой па бязмежнай старонцы,
Ці з сяўнёй, даганяючы яснае сонца,
Не абойдзеш і песняй ўсяго —
Колькі шчасця, багацця таго.
Кожны лірнік блізкіх і далёкіх суседзяў
Зможа песняй пачэснай адведаць, —
І народзяцца песні шмат раз
Весялейшыя ў іх і у нас.
Ходзіць Світка і ходзіць па краю,
Дзецюкоў і дружыну склікае
За сталы, на вяселле хутчэй.
Гэй, злятайцеся, сокалы, гэй..."
Падарожны:Слухай, Ходас,
Нехта стукае ў дзверы. Ідзі адчыні...
Першы гандляр:Снегам дарогі плывуць. Змарыліся коні.
Час і так неспакойны, а тут уночы
Яшчэ сівер у вочы снег гоніць.
Другі гандляр:За дзесятым слупом верставым
Усе вазы растраслі нам казакі ўчора.
Кажуць, арыштавалі караля Літвы,
Пыталіся, ці не вязём з сабой порах.
Падарожны:А куды гэта ты выбіраешся, дзед?
Думаў тут начаваць, ці ў дарогу так пільна?
Дзед:Ужо гадоў маіх даўна асыпаўся цвет,
Дык хацеў бы убачыць канец сваёй песні і Вільню.
7
Пад звон шыб
...Узышло маё гора густымі кустамі,
Зацвіло маё гора чорнымі цвятамі...З народнай песні
Звоняць шыбы; звон — ясны, халодны.
Толькі горад стары не пазнаць.
Спіць. У шлях расквечаны, зорны
Паднялася званіца адна.
Далей стрэхі, пясчаныя дзюны,
Каля самай затокі ракі,
І зялёна-цёмнай рунню
Густа дрэмлюць лясы-саснякі.
Дрэмлюць дамініканскія сцены,
Толькі чуецца варты крок...
І згушчаюцца мокрыя цені
У густы алавяны змрок.
Каліноўскі:І падумаць, каб гэтак рана
Мяне ім удалося звязаць,
Калі дома за нізкім парканам
Толькі што залаціцца лаза;
Быццам сон... Толькі путы цяжкія,
Што ад Нёмна звіняць па Байкал,
Кажуць, буры шумелі якія,
Хваляў грозна ўздымаючы вал
Над прыгонам, няволяй і тронам.
Так нядаўна... прыпомніць каб...
Калісь з камітэта чырвоных
Дзюлерана выводзіў за карк.
Барацьба за зямлю, за свабоду,
І пуховыя мары паноў,
Каб, здабыўшы рукамі народу,
Усе правы загарнуць сабе зноў.
Але страх перад хмарай сялянскай,
Страх за скуру сваю паваліў, —
І пакорна дарогаю гразкай
У цень двуглавы арла папаўзлі.
Яны думалі — згасне паўстанне.
Што ён зробіць, пакінуты, сам,
Гэты ў шэрай сярмязе паўстанец —
Яська, Світка, Кастусь, гэты хам?
Але сёння ўжо добра пазналі,
Як не лёгка ў народзе згасіць
Нашу праўду, калі яна пала
Іскрай бунту у стрэх каласы.
Ужо заўтра за віселіц цені
Мы агнём адказаць бы маглі...
І падумаць, падумаць — сцены
У гэткі час чалавека ўзялі!..
І далей па пясчаных абшарах
Пойдзе скуты народ пад ярмом,
Пакуль гнеў зноў збярэцца у хмару
І не ўдарыць з маланкаю гром.
Край дарогамі рознымі зрэжуць,
Будуць крыжам і мовай дзяліць,
І ўзвядуць палыновыя межы
Папярок здратаванай зямлі.
Нават памяць магіл нашых голых
Гандляры будуць красці не раз.
Напішу... хоць з-пад шыбеніц голас
Да народа мо' дойдзе у час... —
Звоняць шыбы пчаліным гулам.
Дзень рассыпаў праменняў пясок.
Пакідае апошні прытулак,
3 сцен сплываючы кроплямі, змрок.
За дзвярмі атупелыя крокі.
Мы ужо!.. не, мінулі... пайшлі...
Цяпер недзе на плёсах далёкіх
Мыюць пер'е зарой жураўлі...
Можа, я з рыштавання убачу
Блізкіх, родных, сваіх сяброў:
Раз апошні прыйдуць развітацца
3 сёл, лясоў, з баявых шляхоў.
Трэба слова бадзёрае кінуць,
Каб паднялі галовы вышэй.
Крокі зноў... Б'е другая гадзіна...
Стражнік:Каліноўскі! Выходзьце хутчэй!
8
Канец песні
Праз высокія горы з капачамі,
Праз цёмныя бары з агнямі,
Праз вялікія сёлы з скрыпачкамі.3 народнай песні.
Гудуць званы над мястэчкам з пахмелля.
Гараць дарогі, — пыл і плач калёс.
Ля царквы народам пеніцца нядзеля,
Пахне сінім небам і ліствой бяроз.
Між радоў палатак — абаранкі, піва;
Ходзіць моладзь, — жарты, лаянка і крык.
І ліецца сонца на вазы, на грывы,
Між калёс, ліповых лапцяў, чаравік.
Лазара спяваюць, просяць на ахвяру
Грэшнікі, святыя — жабракі,
А далей частушкі-весялушкі шпараць
Пад гармонік п'яны дзецюкі.
І працяжна па натоўпе шумным
Чутна песня лірніка плыве;
Задуменна ўтораць перагудам струны,
Песня ўсё мацнее, да сябе заве.
"Калісь Кастусём яго звалі ў Мастаўлянах..."
3 залатой царкоўнай званіцы-цыбулі
Плёснула басам медзь у гарачы шум і пыл.
Шэрая сетка хмар захад імглой зацягнула.
Кружачы, тонуць угары галубы.
"Кажа цар цівунам: "Вы паноў падкупіце,
А мужыцкага мне атамана злавіце!"
І паны за наш пот, мазалі нашых рук
Прадалі Кастуся ў рукі кату-цару..."
Нехта крыкнуў: — Пець не давайце! —
У лёне чубоў бліснуў пагон і брылёк.
Кругом гусцей сталі плечы, ногі, абутыя ў лапці.
Недзе заціснуты стражнік у натоўпе змоўк.
"Прывялі Кастуся. Сядзіць цар з сваёй світай,
Кажа так Кастусю:
"Дзецюкоў ты мне выдай,
3 кім чырвонае піва, брагу хмельную піў,
3 кім ты лётаў між хмар, з кім зямлю ты будзіў.
Дам бабровую шапку і шубу саболлю,
Колькі вокам акінеш, чарназёмнага поля,
На дадатак — чырвонцаў кісет.
Можа, лепей табе на асіне вісець?.."
Не спужаўся Кастусь, не заплакаў.
Зазвінеў ланцуг, як казаў цару:
"Дзякуй!
Там, дзе слаў вецер ніў залатых абрусы,
За шырокім сталом хмеліў мёд галасы.
Абысці гэткі стол — праляцелі б гады —
Як жа ўспомніць усіх дзецюкоў маладых?
Як успомніць, з кім лётаў свабодны і дужы?
Толькі глянь, колькі кружыцца птушак
Над маей галавой!
І як злічыш над Нёмнам, над быстрай Дзвіной?
І дароў мне тваіх, цар, не трэба:
Маю шапку я — сіняе неба.
Шубу — лесу зялёнага цень,
А зямлі — сонца нат не абойдзе за дзень.
І нямала чырвонцаў, багацця:
На папялішчах панскіх, магнацкіх палацаў,
Як дыхне толькі вецер — жар, як той самацвет, —
Не адзін бы і сёння насыпаў кісет..."
Бярэма пылу вецер на плечы ўскінуў,
У поле панёс, дзе шумела лаза;
Пасля вярнуўся, пачаў на нітках сініх
Буйныя пацеркі дажджу нізаць.
Піла сухая зямля, фыркалі коні.
Шляхамі, дарогамі гул расплываўся вясёлы.
Па касагорах, авеяных звонам зялёным,
Заскрыпелі калёсы, развозячы песню па сёлах.
1938