
Данута Бічэль
Якушоўка
Якушоўка — супольнай сям'і нашай хата.
У скляпеннях падмуркаў вецер усхліпваў.
У Раманаўцах неба лягло вінавата
на прысаду Каліноўскага ліпаў.
Хочаш жыць шэсцьдзесят год —
пасадзіш таполю.
Два стагоддзі жыць хочаш —
пасадзі сабе ліпу.
З раскошай быльніку і куколю
ад беспрасвецця да куракліку.
Пад ліпамі — статкам здратованы выган.
Ракі Калонкі папростаны выгін,
Зажураны вочы нябеснага схілу
над зглішчам супольнай нашай магілы.
Прыціснута сном наша доля, заклята.
Агонь нашу долю тут вось дагнаў...
Перакапалі. Каб вырасла хата —
ды хата не можа расці, як сасна...
Публікацыя паводле:
Бічэль Данута. Снапок. – Мінск, 1999. – С. 54.
Матэрыял даслаў:
bibliograf