
Віктар Гардзей
Кастусю Каліноўскаму
Равы,
гарадзішчы,
курганне —
Далёкіх падзей галасы...
Не раз прашумелі паўстаннем
Палескія нашы лясы.
Асінавым лісцем магнаты
Дрыжэлі
пры слове — Кастусь!
Паўстанне гуло,
як пачатак
Свабоды тваёй,
Беларусь.
Ты лёсы людскія звязала —
Нібы перавясла снапы...
Паўстанцы ішлі без прывалаў.
Курэў над калонамі пыл.
Пад сховаю пушчы да рання
Палалі іх помстай кастры...
Таму і шумяць,
як паўстанне,
Па ўсёй Беларусі бары.
Публікацыя паводле:
Гардзей Віктар. Касавіца. – Мінск, 1975. – С. 54.
Матэрыял даслаў:
bibliograf