Назад

Алесь Бачыла

Думы Каліноўскага

У Святаянскіх мурах

Нібыта зоры ясныя ўгары,
Пагаслі спадзяванні нечакана...
Што вам сказаць, суровыя муры
Святога Яна?

Маўчу, нібыта веча гучны звон,
Каб, як сябе,
Нічым. сяброў не выдаць.
Цяпер я — іх апошні бастыён,
За ім маўчаць Сувалкі, Гродня, Ліда.

Цябе, Радзімы мілай карабель,
Як капітан, апошнім я пакіну.
Вы, хто ўратуецца, —
Сярод чужых зямель
Не забывайце родную краіну.

Надзець не дайце вечных ланцугоў,
Любыя збіць рыхтуйцеся аковы.
Няхай шалее ў злосці Мураўёў —
Не вечныя на свеце мураўёвы!

Не век ірваць жывое цела катам...
Калі ж і мой зазвоніць
Смерці звон,
Я пракрычу для вас, сябры, з-за кратаў:
— Яшчэ настане дзень расплаты —
Не забывайце іх імён!

 

Перад пакараннем

Ці ўдасца апошняе слова
Сказаць у наказ народу?..
Згнаіць, задушыць гатовы
Не толькі мяне, выроды.

Лопае іх цярпенне —
Не дапамог і Лосеў...
Пяліся, а сумленне
Вырваць з грудзей не ўдалося.

Думалі: буду каяцца,
Кленчыць душой самлелай.
Хутчэй у пятлі захістаецца
Вітажэнцава цела,

Чым дачакаюцца каты
Прызнання царскіх законаў...
Нават адсюль, з-за кратаў,
Буду хістаць я троны.

Буду клікаць краіну
Не паддавацца спадману
І, покуль пятлю не закінуць,
Клікаць не перастану.

Дарэмна яны стараюцца
Пазбавіць мяне Беларусі...
І хоць адтуль не вяртаюцца,
Я ж да яе вярнуся!

Песняю, словам, душою,
Новай паўстанцкай кагортай.
Катам не дам я спакою,
Я не памру і мёртвым.

1970

Публікацыя паводле: Бачыла Алесь. Вершы. – Мінск, 1974. – С. 84–86.
Матэрыял даслаў: bibliograf