Назад

Генрых Далідовіч

Юда для Каліноўскага

Дыптых*

Юда для Каліноўскага

У 1864 годзе, на самым пачатку яго, мінскія вышэйшыя губернскія і гарадскія чыноўнікі, асабліва жандарскія, з неспакоем, а больш з трывогай і тайнай нянавісцю, чакалі даволі высокага па пасадзе, небяспечнага госця.

Той пад выглядам віленскага абываталя ехаў сюды на кароткі час, але з самымі вялікімі (пасля Мураўёва) паўнамоцтвамі — значыць, мог рабіць тут усё, што пажадае. У Мінску, каму трэба, загадзя мелі на руках дэпешу: палкоўніку Зайцаву — поўная воля, усе і ўсё да ягоных паслуг.

Сані, на якіх ехаў Зайцаў з фурманам і ахоўнікам-даручэнцам уночы, набліжаліся, як здавалася, да спакойнага, добранадзейнага, але цяпер узварушлівага, вераломнага Мінска без ніякай агалоскі, ціха і непрыкметна. Тым не менш абачліва і пашаноўна сустракалі незвычайнага наведніка яшчэ ў Ратамцы. Сярод тых, хто ўжо некалькі гадзінаў тырчэў, мёрз тут, быў і сам мінскі начальнік жандармерыі, палкоўнік Труноў, хоць па званні роўны з віленскім госцем. Труноў і ягоная абслуга былі ў цывільнай форме, а іншыя, уформленыя жандары былі тайна схаваныя ад Ратамкі да Мінска, ахоўваючы для віленца самы небяспечны шлях.

Зайцаў, таксама ў цывільным, добра ведаў Трунова, заўсёды ветлічаў, як і з іншымі, нават меншымі па пасадзе і малодшымі па званні, але ў душы не паважаў таго, ганарлівага і тупога. Цяпер толькі прыпадняў руку ў пальчатцы, прыклаў вялікі палец да губ — ніякіх размоў, нават вітанняў, хутчэй-хутчэй у Мінск, там і пагаворым. Нават і цяпер, віхурна-мяцелістай цямнотай, мы — выпадковыя спадарожныя. Уголас прынікламу да дзверцаў Трунову ціха прамовіў толькі тое, пра што не пісалі і ў тайнай дэпешы:

— У Верхні горад, у кляштарныя муры. Але пра гэта не павінны ведаць нават нашыя падначаленыя.

— Ёсць! — не ўтрымаўся, казырнуў перапужаны гэтым наведваннем Труноў.

У цёмным, з рэдкім скупым святлом горадзе, у кляштарных мурах Зайцаў толькі дзеля прыліку, з уяўнай ветлівасці спытаў у Трунова пра здароўе, пра сям’ю, пра настрой у горадзе і ў губерні, адмовіўся і ад чаю, і ад кілішка гарэлкі, хоць не быў зусім непітушчы (моцна выпіваў звычайна адзін дома, каб пры старонніх лішне не распусціць язык). Трунову толькі прамовіў — мякка, спакойна, але з загаднымі ноткамі:

— Я змёрз, стаміўся за дарогу. Хачу сагрэцца і адпачыць, таму выбачайце, пан палкоўнік (наўмысна не назваў па імені і па-бацьку), заўтра сустракаюся па заданні яго правасхадзіцельства Мураўёва з вашым губернатарам. Паслязаўтра — з вашай службай, з вышэйшымі чынамі. Там і аб’яўлю задачу.

Канечне, самалюбны Труноў засмуціўся, што візіцёр ветла-халодны (усе чыны вельмі тонка мігам улоўліваюць гэткі тон, за якім не чакай дабра), але нідзе не дзенешся, трэба слухацца гэтага вужлівага лысмана, абласканага самім Мураўёвым, а той мае ні чым: ні законамі, ні сумленнем і прыстойнасцю не абмежаваную ўладу над усім бунтоўным Паўночна-Заходнім краем аж да таго, што па адным кіўку ягонага пальца маглі, каб выкурыць інсургентаў альбо пакараць насельнікаў, бабахнуць з гармат па зламыснай, на яго думку, вёсцы ці на месцы зловаў без суда і следства расстраляць мяцежніка. Ён, Мураўёў, бач, не верыць у здольнасць іх, мінскіх жандараў, самім тут далавіць бунтаўшчыкоў, прыслаў сюды свайго даверанага, які рады будзе выслужыцца, асароміць іх.

— I яшчэ, — тым жа тонам прадоўжыў Зайцаў, — падбярыце мне "dossier" — справы, ну, на дзясятак вашых саслужбоўцаў. Мне зусім непа­трэбныя вельмі верныя, але тупагаловыя. Выдзеліце самых разумных, хітрых, не вельмі, а то і зусім не засвечаных сярод мінчукоў. Падбярыце дасье і на тузін вашых тайных агентаў, таксама кемных і ўвішных, незасвечаных, хто найбольш ведае памешчыцкія маёнткі, мясцовую інтэлігенцыю, гімназістаў, тайныя гурткі. Я сам адбяру з іх сабе памочнікаў.

— Ёсць, — мусіў праглынуць і гэта Труноў, выказаў поўную паслуж­лівасць,  — усё споўню па вышэйшай мерцы. Не сумнявайцеся, ваша высокаблагароддзе.

— Я не сумняваюся, — міжволі ўсміхнуўся Зайцаў, але Труноў ягонай гэтай першай сённяшняй усмешкі не зразумеў. Ды і сам Зайцаў не мог разабрацца, чаму раптам выплыла гэтая ўсмешка.

 

Паслязаўтра за вокнамі, на дварэ, суцэльна-цьмяна шарэў дзень, было нібы ў тумане неба, нават снег на дахах дамоў не зусім бялеў, пагойдваліся высокія чарнаствольныя дрэвы з рэшткамі старога, апечанага марозам і пачарнелага ад восеньскай сырасці лісця, падалі зверху ўніз галубы, лёталі вароны (чамусьці з крыкам), па вуліцы раз-пораз трусілі коні, цягнучы сані са скрынямі ці поўнымі мяхамі, праносіліся балаголы, праходзілі рэдкія мінакі (сярод іх, канечне ж, і жандарскія ахоўнікі ды шпікі, бо ў Мінску з учарашняга дня ўвялі яшчэ больш строгі рэжым), — карацей, горад быў горадам, а тут, у залі, невялікай, з падлогай-паркетам, з радамі абабітых шэрым цікам драўляных крэслаў абапал праходу з шэрым ходнікам, з круглай люстрай пасярод і насценнымі падсвечнікамі, з вялікім партрэтам "Вызваліцеля" — Аляксандра II — над сцэнкай, Зайцаў сустрэўся з вышэйшымі жандарскімі чынамі губерні.

Калі Труноў пазнаёміў іх з ім, ён падняўся, крышку схіліў галаву ў знак вітання, абапёрся сагнутымі пальцамі на стол, пільна ўгледзеўся ў залу, на пажылых, што вылоўлівалі тут мяцежнікаў яшчэ ў 1830–31 гады, сярэдняга ўзросту, маладых, лысых, палыселых, сівых, кучаравістых, з прылізанымі прычоскамі, спітых і са светлымі тварамі жандараў, а тыя (асабліва хто яго не ведаў) таксама па-свойму, адмыслова па-жандарску, учэпіста ўзіраліся ў яго — пасланца-рэвізора на іхнюю галаву, які, пэўна ж, сурова заявіць: зарана вы, панове, адрапартавалі, што ва ўсім тут ужо разабраліся, мяцеж задушаны, усе вінаватыя знішчаныя ці злоўленыя і адпраўленыя ў Вільню.

Цяпер ён, Зайцаў, — невысокі, худы, што хрушч, лысы, нібыта зусім нікчэмны чалавечак у паношаным чорным гарнітуры, быў страшны, як ніхто тут. Вось і затаілі ўсе дыханне, чакаючы ягонага першага слова. А ён не спяшаўся гаварыць, вычэкваў, нават не сярдзітым выглядам наганяючы пуду. Не адну расійскую і замежную кнігу прачытаў пра тое, як паводзіць сябе з людзьмі, — са звычайнымі, незнаёмымі, са службоўцамі, з арыштаванымі, дый сам быў не ёлуп-доўбень — наадварот, у яго, сына звычайнага гарадавога, не было ніякіх высокіх апекуноў, але яго агледзелі яшчэ студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, што ён разумны і хітры, дый тады ўжо завабілі працаваць на ахранку. I не звычайным даносчыкам, а няштатным (але платным) супрацоўнікам. Якраз за гэта пазней, калі папрацаваў крыху штатна, яго прыслалі сюды, у Паўночна-Заходні край, і ён тут — зноў жа без помачы важных дзядзькоў і цётак — дарос за сваё "старанне" да палкоўніка і выславіўся тым, што ў яго "изощренный ум", які спрыяе яму лёгка прыціснуць пазногцем злачынцу (уга, лёгка! Колькі турбот, намаганняў, нават двудуш­насці!).

Невыпадкова за ўсё гэта і іншае за вочы чаго толькі на яго ні казалі. Нават і свае, сямейнікі: па звычцы ўжо ён і з імі "изощрялся" — быў не шчыры, а, нібы нацягваючы на сябе маску, хітраваў-гуляў. Вытанчанасць вытанчанасцю, але ў ёй ёсць і свае нюансы, цяжкасці, бо часта трапляюцца вельмі здольныя хітруны, махляры-ашуканцы, нават прайдзісветы-махінатары, і спасцігнуць іх бывае вельмі цяжка, бо да іх патрэбен зусім новы, яшчэ неспажываны ключык, а ён, таксама, бывае, не заўсёды хутка падыходзіць.

Махляры — люд надта налоўчаны. Часамі здольны махляр лёгка разгадае таленавітага, а таленавіты — геніяльнага. Ды і не кожны чалавечы замок адамкнеш. Здаралася, што і яго, не толькі бывалага, але і, можа, ужо вучонага па чалавечай псіхалогіі, абводзілі вакол пальца, за што ён вельмі перажываў. Калі нават вызвалялі арыштаванага, лічачы, што той невінаваты, ён не пакідаў справы, вяртаўся і вяртаўся да яе яшчэ па сваёй ахвоце, каб пераможцу ў разумовай вытанчанасці калі не засадзіць, не паставіць на калені, то хоць бы паказаць, што той выкрыты. Ведаючы гэта, здаралася, начальства не дапускала яго да тых арыштаваных, хто адкупляўся ці за каго прасілі вялікія людзі. Пачуўшы пра гэта, генерал-губернатар краю Мураўёў з усіх жандараў наблізіў да сябе менавіта яго, дазволіў не толькі ўдзень і ўночы заходзіць, але і найперш раіцца з ім па тым, што яго турбуе. Канечне, толькі сам-насам. Каб з яго вуснаў пачуць звестку, параду і каб усё гэта захаваць у глыбокай тайне: Зайцаў, як ніхто, умее трымаць язык за зубамі. Таму і сюды, у Мінск, Мураўёў паслаў яго (не загадаў паехаць, а папрасіў).

— Панове, — Зайцаў падаў голас спакойна і ціха, ведаючы, што будуць лавіць нават кожны тон. — Мы тут, як кажуць, свае людзі і сабраліся вельмі па важнай справе. Яго правасхадзіцельства генерал-губернатар нашага Паўночна-Заходняга краю Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч асабіста вельмі ўважліва вывучыў усе вашыя запіскі: і тыя, што вы падрыхтавалі для вашага, мінскага губернатара, а той іх даслаў нам, у Вільню, і тыя, што вы прыслалі адразу нам. Ён даручыў мне сказаць вам адкрыта, нават рэзка: незадаволены вамі. Зарана, зусім зарана вы палічылі, што выканалі сваё і што ўжо можаце спачываць на лаўрах. Не! Не і не! Яшчэ многія не толькі памочнікі, але і самі мяцежнікі на волі. Гэта небяспечна: гэта пагроза на будучыню. Дрэва зрэзанае, так. Але застаўся пень. Вы лічыце, што гэтым можна і абмежавацца? Не! Не і не! Ёсць такія дрэвы, пні якіх не засыхаюць, а праз нейкі час дружна выпырскваюць процьму атожылкаў. Некаторыя з іх стануць новым дрэвам, і яно зноў зашуміць, загудзе. Дык што трэба рабіць, панове?

Усміхнуўся сваёй унутранай усмешкаю, але ўслед за ім ніхто не пасміхнуўся, усе сядзелі, узіраліся з напружаннем.

— Так, — нібы падтакнуў іхнім думкам, што, можа, у каго і з’явіліся. Трэба вырваць і пень. Гэта значыць, лепш схапіць, зняволіць дзевяць невінаватых, абы не пакінуць аднаго зламыснага! Адпаведна, ніякіх цырымоній! Ніякай абачлівасці і боязі! Вам даюцца самыя вялікія паўнамоцтвы, для вас ніякай адказнасці, як і па законах ваеннага часу! Наадварот, будуць пакараныя тыя з вас, хто праявіць лішнюю мяккасць. Ужо сёння, вярнуўшыся адсюль, пачынайце складаць свае спісы падазроных, без розных далікатнасцяў арыштоўвайце, дапытвайце іх, без лішняй юрыдыстыкі складайце абвінаваўчыя пратаколы і дастаўляйце галубкоў сюды, у мае рукі. Хто больш, лепш абгрунтуе арышт, таму нават я тут уручу прэмію ці прадстаўлю да вышэйшага звання, да большай пасады. Заадно капайце-капайце, вышуквайце-вынюхвайце, дзе і як рыхтаваліся, пачыналіся зародкі мяцяжу. Хто натхняльнікі, завадатары? Дзе былі цэнтры? I, галоўнае, вы так і не далі яснай карціны, хто тут, у вас, быў іхні верхавод? Можа, ён зусім не той, каго вы назвалі. Не назвалі і самага галоўнага завадатара. Якія яго псеўданімы? Якое сапраўднае прозвішча? I вы, і мы доўгі час лічылі, што за псеўданімамі Макарэвіч, Хлоп, Хам, Хамуціус і іншымі хаваецца менавіта ён, важак. А важаком лічылі ў розны час розных: Звяждоўскага, Здановіча, Дарманоўскага, Аскерку, Гейштара, Малахоўскага, Яленскага, Далеўскага... А Яська-гаспадар з-пад Вільні? Хто такі? Хтосьці з іх? Ці хто-небудзь іншы? Яны абвялі вакол пальца нас, ахранку! Яны нас бачаць, а мы іх не! Вось і прыйшлося нашай арміі страляць з гармат па вёсках! Са злосці расстрэльваць захопленых у палон мяцежнікаў!

Тут ён, як кажуць, наўмысна перабіраў і нагнятаў: паўстанцкага падполля, як і іншага, не маглі ўведаць і яны ў Вільні. Але лічылі: яны ўсё выведалі, выграблі, а вось тут, у Мінску, не зусім ведаюць, бачаць, што і як робіцца ў іх пад бокам. Тут, недзе непадалёку тут — ацалелыя рэшткі паўстанцаў і, можа, іхні верхавод. З тых запалоненых, каму пакуль што захавалі жыццё, колькі ні трэслі, ні білі, ніхто не назваў сапраўднага прозвішча завадара, месца, дзе ён хаваецца. Хоць некаторыя хутка пачнуць паводзіць сябе іначай, каб застацца жыць. Сярод тых, схопленых, ёсць моцныя арэшкі, але таго, хто трымаў і яшчэ трымае ніці паўстання, на думку яго, Зайцава, няма.

— Ясна, панове? — Зайцаў паўтарыў сваю загадкавую ўсмешку.

— Ясна, ваша высокаблагароддзе, — за ўсіх падаў голас Труноў, седзячы побач на крэсле і, як некаторыя іншыя, насоўкай выціраючы потны лоб. — Усё споўнім. Па вышэйшай мерцы. Згодны, мы паспяшаліся ўпэўніцца, што, як вы мудра сказалі, вырвалі і пень. Яшчэ, сапраўды, не выкарчавалі. Але вырвем з усімі карэннямі і карэньчыкамі!

— Рады чуць самакрытыку, рашучы намер, пан палкоўнік, — пахваліў Зайцаў, намагаючыся, каб затаіць ухмылку з такога паспешнага прызнання сваёй віны Труновым. — Якія ёсць да мяне пытанні, паны афіцэры?

Ніхто не пажадаў вытыркацца, апраўдвацца, тым больш абурацца, сцвярджаць, што яны зрабілі ўсё, што было па сіле. Дзе і не былі вінаватыя, моўчкі ўзялі віну на сябе. Каму запярэчыш? Самому Мураўёву? Хоць не адзін адчуваў трывогу: калі з дзесяці схопленых ажно дзевяць будуць без ніякага нават маленечкага граху, то гэта — няпростая, не бяскрыўдная рэч. Можа быць і помста ад смельчакоў, ад радні нявінна пацярпелых. Канечне, цяпер у многіх перасцярога, страх, але не ва ўсіх жа.

— Няма пытанняў? — Зайцаў унутрана ўхмыльнуўся і з усіх жандараў, сярод якіх не знайшлося ніводнага смелага, а значыць, па-сапраўднаму і сумленнага, у каго асцярога, турбота за пасаду і сытны кавалак пераважае годнасць, матухну-праўду. — Значыць, вам усім добра зразумела, што і як рабіць тут далей. Калі так, то дазвольце, панове, пагаварыць з вамі і яшчэ пра адну важную рэч, якую даручыў мне яго правасхадзіцельства Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч. Мяцеж, што прынёс шмат клопатаў не толькі нам, але і сталіцы імперыі, ужо ўціхаміраны. А калі гаварыць сапраўднай моваю, задушаны. I жорстка. Часам нават вельмі. Прыезд сюды Мураўёва і яго рашучасць паскорылі перамогу. Але, як чулі, задавальняцца зарана. Трэба для сябе, імперыі, для свету, асабліва для Еўропы, дзе многія абурыліся нашай жорсткасцю, узмацняць нашае тлумачэнне мяцяжу. Як нашу ўнутраную справу, як строгае пакаранне раскольнікаў, што замахнуліся на цэласнасць і моц нашай свяшчэннай імперыі. А без яе цэласнасці, моцы не будзе спакою, ладу ва ўсёй Еўропе. Значыць, мы думаем, дбаем не толькі пра сябе, але і пра ўсе еўрапейскія народы. Мяцежнікі вельмі спадзяваліся, што абураная Еўропа, асабліва Францыя, Аўстрыя, ім дапаможа. Не толькі падыме крык у абарону, але і дасць грошы, зброю, а то і прышле свае войскі. Наіўна і смешна. Што тыя палячышкі, беларусцы, жмудзіны? Тыя Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, кім пажывіліся не толькі мы, але і Аўстрыя ды Прусія? Абы паказаць выгляд абароны "заняволеных і прыгнечаных"! Іншае — нашая імперыя, што злая на тую ж Францыю за Крымскую вайну.

Зайцаў па-ранейшаму гаварыў не павышаючы і не паніжаючы голас, а яго, як і дагэтуль, уважліва слухалі.

— Прычыны, што падштурхнулі да мяцяжу ў Вісленскім краі (у Польшчы) і тут, тое, як ён адбываўся і ўціхамірваўся, вывучаліся, вывучаюцца і яшчэ доўга будуць вывучацца створанай дзеля гэтага камісіяй. Але і сёння можна ўжо нямала чаго ўявіць. Зразумела, падштурхнула Крымская вайна, калі мы вырашылі памагчы нашым братам-праваслаўным на поўдні, у Палесціне, Малдавіі і Валахіі, калі за гэта на нас акрысіліся Турцыя, Англія і Францыя, маючы свае хцівыя інтарэсы на Балканах, у Крыме, на Каўказе — карацей, за панаванне на Усходзе.

Зайцаў міжволі, але цяпер ужо шчыра ўздыхнуў: пры абароне Севастопаля загінуў ягоны адзіны сын. Ён не меў асаблівай блізкасці з ім, той, хоць афіцэр, сын афіцэра ахранкі, быў усё ж вальнадумец, прыхільнік "безумного Виссариона" — Бялінскага, ворага існуючага ладу (а тое, што той быў менавіта непрыяцель, выкрыла ахранка, здабыўшы копію з яго патайнога ліста да Гогаля. Ён, Зайцаў, меў неасцярожнасць паказаць гэтае пасланне сыну, а той захапіўся: а хіба не праўда, хіба не загніло самадзяржаўе? Было такое, што хацелася схапіць за каршэнь, арыштаваць і аддаць у рукі следчых сваё ж дзіця. Лічыў: на вайне, супраць ворагаў Расіі, падумае іначай, амацуе рускую душу, веру ў цара, ажно ўсё па-свойму вырашыў снарадны асколак. Ён, бацька, вытрымлівае гора, ведаючы, што вайна ёсць вайна, не можа быць без смерці, а вось хваравітыя на галаву жонка і дачка, можна сказаць, ад гора страцілі розум).

Не прамінуўшы ўвагаю ягоны ўздых, мабыць, усе зразумелі яго па-свойму: перажывае вельмі іхні калега, што ў мінулай вайне Расіі наўскідалі па карку. Але не столькі сілай, мужнасцю, уменнем, колькі новай тэхнікай.

— Падштурхнула да мяцяжу і рэформа 1861 года. Хоць наш шаноўны Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч смела, мудра перасцерагаў: не варта загульваць не толькі з Еўропаю, але і са сваімі лібераламі. Гэтая "перабудова зверху" да дабра не давядзе. Толькі скрані ўстоі — адразу ж пачнуцца спекуляцыі, узрушэнні, а за імі можа ўспыхнуць бунт. А хто-хто, а мы з вамі ведалі, перасцерагалі (і таго ж Міхаіла Мікалаевіча), хто да гэтага можа падбух­торваць. Тыя ж падпольныя шайкі "Зямля і воля", Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы. Хіба выйшла не па-нашаму, калегі?

Зала нарэшце выйшла са здранцвення, ажывілася. Труноў ляпнуў у далоні, услед за гэтым пайшлі воплескі ў зале.

— Ды сялянскай рэформе далі ход, — прадоўжыў сваё Зайцаў. — Менавіта нашая служба параіла: калі ўжо так на ёй настойвае імператар, калі гэта так трэба для ўзвышэння імя Расіі-матухны ў свеце, то варта прачытаць Маніфест у царкве на свята, на масленіцу, каб гэта ўспрымалася як спаўненне царом волі самога Госпада. I што ж? Як і чакалася, Маніфест не задаволіў ні лібералаў нашых, ні чэрнь. Па ўсёй імперыі пайшоў шум. I зноў жа, як трэба было чакаць, адны з першых знайшлі зручны выпадак спажыць сваё пыхлівыя палякі, падбіваць на зламыснае беларусцаў і жмудзінаў, шукаць сваіх сцежак-дарожак да такіх нібыта рускіх, як люты вораг Расіі Герцэн, да Францыі, Англіі, лічачы, што тыя яшчэ па гарачых слядах вайны з намі памогуць ім. Ляхі, панове, былі, ёсць і будуць у вялікай варожасці да нас, з імі трэба вуха трымаць вельмі востра: ледзь якая зачэпачка, яны выступяць супраць нас, за сваю "вельку Польску", за падпарадкаванне сабе вялікай долі Маларосіі, зямель беларусцаў і жмудзінаў. Так што, панове, не спакушаймася, што "польский вопрос закрыт". Не, не і не! "Пукі Вісла плыве, Польска не загіне!" Гэта — не проста хвалебныя словы, гэта — дух, мара, надзея! Вось чаму, паўтару, калі тут хто не толькі пікнуў пра Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, але мог, можа пра гэта падумаць, усіх — у Сібір! Няхай там астудзіць сваю гарачыню і пахавае ў тайзе, у снезе свае дух, мару, надзею, памкненні і бунтарствы!

Ужо не чакаючы, што зробіць Труноў першы, у зале дружна, гучней і больш заўзята, чым раней, запляскалі.

Зайцаў сціпла махнуў рукою: не трэба авацый. Я не для гэтага сюды прыехаў. Астудзіў і прысутных:

— Камісія, што цяпер расследуе мяцеж, задасць, панове, і нам шмат непрыемных пытанняў.

Выйшла. Зноў усе наструніліся.

— Праспалі, прахаўкалі мы шмат. I мы з вамі тут, і ў Варшаве. Уплывовая польская шляхта, якая дзень і ноч жадае свайго "паньства", тым не менш пасля Маніфеста асцярожнічала. Даволі нечакана на варшаўскія вуліцы хлынуў просты люд: "зямлі і волі!". Абываталі, што там сабраліся 27 лютага 1861 года, былі ўсяго толькі натоўпам, жадалі толькі падаць гасудару сваю петыцыю. Даволі сціплую. Пра мясцовае заканадаўства і іншае дробнае. Цяпер па-новаму будзе даследавацца і такое: а ці варта было ахоўнаму пяхотнаму батальёну намесніка праз агароджу ўсчыняць стральбу па натоўпе?

Зайцаў тут усяго не дагаварыў наўмысна. Дасюль была такая версія: тады не дапусціў дэлегацыю да намесніка і загадаў казакам, чаркесам, уланам страляць па людзях, праліў кроў і раззлаваў ганаркі польскі люд, змусіў таго хапаць у рукі камяні, калы, прэнты, білы ад ложкаў генерал Забалоцкі, які цяпер мінскі губернатар. Канечне, гэта быў свой ход, Забалоцкі быў у гульні — пазней намеснік выдаліць і обер-паліцмайстра Трэпава (дарэчы, немца Трэпгофа), які ненавідзеў палякаў і згадзіўся ўзяць тую петыцыю, перадаць яе цару, і ў Варшаве пацішэла. Цяпер пачалі дбаць пра сябе багатыя і ўплывовыя варшавяне, тушыць антырасійскія свечкі дома і там, у Пецярбурзе. Дзеля апошняга нават перасталі загаворваць пра свае "ўсходнія крэсы", згаджаючыся бачыць мяжу свайго каралеўства па Бугу — праўда, бачачы яго, каралеўства, са сваімі сенатам, сеймам, арміяй. Нібыта сціпла, але з далёкім прыцэлам. Яго, гэтага не так ужо і схаванага прыцэлу, асцерагаліся і некаторыя з саміх просьбітаў, таму падалі больш сціплы праект. Намесніку ён спадабаўся. Як і цару. 26 сакавіка ён падпіша рэскрыпт пра польскія рэформы (нязначныя зусім). I тут намеснік перабраў: каб загадзя запалохаць тых варшавянаў, хто будзе нязгодны з адчэпкаю, загадаў салдатам біць у барабаны. А, як вядома, барабаняць перад боем альбо перад пакараннем смерцю. Варшавяне ж палічылі іншае: іх клічуць, каб аб’явіць царскую волю, і рушылі да палаца намесніка. А той, асцерагаючыся, што ў натоўпе можа ўзнікнуць гнеў, напужаўся. Ад яго палаца батальёны адкрылі агонь. Забітыя, сотні параненых, крыкі, енкі, ручаіны крыві...

— Ды выбуху ўсё ж не адбылося, — пасля паўзы прадоўжыў Зайцаў. — I нашая служба ў Варшаве лічыла: усё там — стыхія. Завадатараў, якія могуць падбіць на паўстанне, узначаліць рух, няма. А час паказаў: яны былі, толькі чакалі свайго. Як цяпер мы ведаем, яны ўсё ацэньвалі па-свойму, спрачаліся наконт праграмы, падзяліліся на "белых" і "чырвоных", і апошнія асабліва заўзята пачалі збіраць сілу, зброю. Цяпер мы больш ведаем пра тыя партыі: "белыя" і правыя "чырвоныя" праглі аднавіць Рэч Паспалітую да яе падзелаў, а левыя "чырвоныя" з беларусцаў і жмудзінаў дабіваліся для сябе самавызначэння. Там, у Варшаве, і тут нашая служба ў гэты падрыхтоўчы час спрацавала кепска: не толькі акружна, праз замежныя краіны, але і па нашым краі шнуравалі эмісары паміж Варшавай і Вільняй, былі сустрэчы, вяліся перамовы, а мы з вамі не ўсачылі, не мелі належных тайных агентаў, ставілі стаўку на вернападданых, але тупых, а не на разумных. Не мне вам гаварыць: бывае, злоўлены наш непрыяцель, калі яго як след прыціснуць, выдасць тое, пра што верны нам олух нават і не чуў. А гаварылі, гаварылі ж завадатары-канспіратары, што рэформа гэта падман, бачыце, сялянам даецца воля, але не даецца зямлі, што яна зусім не ўлічвае жаданняў паняволеных народаў. Мы з вамі праваронілі, скажам, тое, што тут, у нас пад носам, мясцовыя "чырвоныя" ўвосень 1861-га ўтварылі гурток "Камітэт руху", што яны таксама раз’язджалі, сустракаліся, вялі дыскусіі і што летам 1862-га варшавяне ўсё ж прыгнулі віленцаў і іхні Камітэт пераўтварылі ў свой аддзел — Літоўскі правінцыйны камітэт, хоць некаторыя не здаваліся. Усё гэта мы ўведалі летась, увосень, калі пачалі біць мяцежнікаў, усё больш і больш перахопліваць іхнюю пошту, перапіску, мець на руках іхнія інструкцыі, загады. Тады і ўведалі, што варшавяне не ўзгаднілі з віленцамі, калі пачынаць мяцеж. Калі ён пачаўся, віленцы спачатку ад нечаканасці, ад таго, што іх паставілі перад фактам, разгубіліся, завагаліся. I зразумела ад чаго. Трэба было і ім падымаць зброю супраць нас! Братоў! Імперыі! Зайцы — супраць мядзведзя!

Зайцаў, каб яшчэ больш засяродзіцца, па сваёй даўняй звычцы пацёр свой высокі лоб, апушчаныя павекі, адчуваючы, што баляць і яны, і вочы. Мабыць, ад натугі — ад спісаных папер, якіх прыходзіцца не толькі прагледжваць, але і чытаць процьму, ды ад штучнага святла, паколькі допыты вёў і ўночы, і за зашторанымі вокнамі.

— Віленцы рашыліся далучыцца, узняць супраць Расіі зброю, — павёў далей. — Літоўскі правінцыйны камітэт пераўтварылі ў Часовы правінцыйны ўрад Беларусі і Літвы. Зусім не просьба, а загад Мураўёва: засекчы гэта сабе на носе! Нам з гэтым вызначэннем віленцаў прыйдзецца яшчэ нямала павалтузіцца, сфальшывіць — так-так, пакрывадушнічаць! — падаць усё па-свойму, каб знішчыць нават самі паняцці "Беларусь", "Літва". Але пра гэта крыху пазней. Цяпер мы ведаем: "белыя" адхілілі віленскага верхаводу і саслалі яго (каго? куды?), скасавалі Часовы ўрад, верхаводзіць тут паставілі свайго, Гейштара (мы давалі вам пра яго звесткі). Мяцежнікі захапілі Горкі, папоўнілі свае шэрагі тамтэйшымі студэнтамі і выкладчыкамі (мы будзем раіць Пецярбургу закрыць заразны Горы-Горацкі земляробчы інстытут, каб нават знішчыць памяць пра яго. Вучобу такога профілю трэба наладзіць у іншым месцы, без пасланцоў з Прусіі і Францыі, якія не маюць любові да Расіі). Удала выступілі мяцежнікі ў Слонімскім павеце: нашыя пяць рот з гарматамі не маглі разбіць, узяць іхні лагер. Сёння мы маем падлікі: тут, на нашых землях, нам прыйшлося ўступіць амаль у 50 баёў і сутычак. Нам вельмі добра паспрыялі самі "белыя", яны сваімі прапольскімі праграмамі і пышліва-панскімі замашкамі адахвоцілі, адлучылі ад мяцяжу многіх сялянаў. Мы з вамі (сёння ўжо добра відаць) зусім не чакалі, што іх, мужыкоў, можа столькі шмат пайсці з мяцежнікамі! Мы лічылі іх больш лаяльнымі і асцярожнымі, як і ўсіх сялян. Ажно і ў іх, апроч сваіх інтарэсаў, жыве даўні гонар, непакорлівы дух. Зразумела, паспрыялі і царскія ўказы ад 1 сакавіка і 2 лістапада леташняга года наконт сялян. Хоць подлыя мяцежнікі называлі і называюць гэтыя ўказы "свядомым падманам", "ілюзіямі", але яны стрымалі многіх з чэрні. Не ўсе з яе, канечне, але многія паверылі ў царскую міласць. Цяпер мы маем даволі пэўныя звесткі: у шэрагах мяцежнікаў з сялянаў было найболей казённых, пераважная большасць — дробная шляхта (і з гэтым шляхецтвам трэба пакончыць, занадта і сёння яго шмат. Трэба рабіць усё, каб чым найменш тутэйшай шляхты было ў дваранстве. Трэба зрабіць край краем працавітых, малапісьменных, паслухмяных мужыкоў, дзе вяршкамі грамадства будуць нашыя чыноўнікі, інтэлігенцыя, духавенства, адданыя веры, цару і Айчыне. Побач з казённымі найбольш было студэнтаў, разначынцаў. А з імі яшчэ былі і...

Перавёў дыханне, кінуў у залу дапытлівы позірк:

— Хто яшчэ?

Ніхто не абазваўся: усе ўжо нямала ведалі з таго, што гаварыў ён, Зайцаў, але не ўсе, асабліва тыя, хто быў воддаль ад Мінска, чуў такія адкрытыя развагі, якія не патрапяць на паперу, а калі з’явяцца на ёй, то гэтыя паперы залягуць у глыбокія сталічныя сховішчы. Ды і гэтая місія Зайцава не натхняла вытыркацца.

— Дык вось, калегі, — Зайцаў скрушліва пахітаў галавою, — сярод мяцежнікаў было нямала перабеглых рускіх салдат. Ці лепш сказаць, вояў з нашай арміі. Пра гэта не варта шмат казаць, але задумацца трэба: гэтак жа многія рускія салдаты, ніжэйшыя армейскія чыны — выхадцы з вёсак — могуць паступіць у мяцежных сітуацыях у цэнтральных губерніях: перакінуцца да мужыкоў-бунтаўшчыкоў... Ды і сярод некаторых афіцэраў-дваран ёсць тыя, хто патрапіў пад ідэі, ідэйкі розных герцэнаў, якія лямантуюць пра "равноправие народов", "освобождение от деспотизма", клічуць Русь "к топору". А рускі бунт, панове, "беспощадный"! Так што і яшчэ сакрэтны загад Мураўёва: таемна сачыць і за нашымі ваеннымі: яны тут нямала чаго наслухаліся і пабачылі, дык не ўсе могуць здолець застацца тым, кім павінен быць рускі салдат, афіцэр. Найперш — слугой цару і Айчыне. Сёння, як ніколі, нам неабходна аб’яднаць нашыя намаганні з лепшымі людзьмі — патрыётамі з усіх дзяржаўных устаноў, са школ, друку, з царквой. I ў нялёгкі час, калі нас ва ўсіх грахах абвінавачвалі і абвінавачваюць многія ў Еўропе, не баяцца стаць "реакционерами", а кляйміць і кляйміць "отщепенцев". Каб, панове, не толькі "обуздать" непакорных ляхаў, беларусцаў і жмудзінаў, але і не дапусціць усерасійскага мяцяжу. Не толькі ўтрымаць, але і ўмацаваць аснову імперыі. Адсюль цяпер менавіта мы, калегі, павінны ўзяць на сябе асаблівую місію, праявіць непахісныя рашучасць і жорсткасць. I таксама паўтару: не бойцеся ніякай сваёй асабістай віны! Яе на сябе мужна бярэ адзін чалавек, але які: генерал-губернатар Мураўёў!

Зайцаў дастаў з нагруднай кішэні цывільнага пінжака паперчыну.

— Вось як загадваў і загадвае ён: "Виновники мятежа и вообще лица, содействующие ниспровержению правительственной власти в крае, должны быть, для примера другим, судимы и наказаны немедленно по всей строгости полевого уложения; собирание излишних фактов..."

Зайцаў, не адрываючы вочы ад напісанага, падняў угору палец, паўтарыў апошнія словы:

"Собирание излишних фактов лишь усложняет и замедляет делопро­изводство".

Склаў паперчыну, схаваў яе.

— Ясна?

— Ясна, ваша высокаблагароддзе, — зноў за ўсіх адказаў успацелы Тру­ноў. — Выканаем па поўнай меры.

— Гэты загад, панове, датычыць усіх, у тым ліку і нашых салдат, хто здрадзіў.

Зайцаў з іншай кішэні пінжака дастаў яшчэ адзін аркушык.

— А цяпер, панове, канкрэтна пра тое, чаго я сюды ўласна і прысланы, — сцішыў голас. — Вось сакрэтнае прадпісанне да вас, жандармерыі Мінска і губерні, ад Мураўёва. Чытаю: "из показаний политических преступников, содержащихся под арестом в городе Вильно, а также секретных сведений, полученных мною частным образом, оказывается, что в некоторых городах Минской губернии, а также и в городе Минске, существует тайная революционная организация, которая до сих пор продолжает свои действия к поддержанию в крае духа мятежа..."

Зайцаў яшчэ не падымаў галавы, але ўжо загадзя ведаў: гэтая мураўёўская аплявуха балюча хлестанула ўсіх. Вытрымаў невялікую паўзу, а затым прадоўжыў:

"Вы имеете немедленно взять под стражу всех подозрительных людей, не стесняясь в этом случае ни званием, ни состоянием этих личностей".

Паўза, мінская жандармерыя, нават не зважаючы на апошні неабмежаваны дазвол, у здранцвенні: у іх пад бокам яшчэ дзеяць злачынцы... Які ім зубатыц, сорам! Якая ганьба! Вось гэты віленскі недарослік, гнюсненькі чалавечак прыехаў сюды адзін зрабіць тое, што яны, мясцовыя, не могуць зрабіць гуртам! Лічылі, што справіліся з мяцежнікамі, чакалі падзякі, узнагарод, ажно...

Зайцаў і гэтую паперыну не аддаў Трунову; той толькі распішацца, што з ёю знаёмы, паперына разам з Зайцавым вернецца ў Вільню. Каб ніякай самай маленечкай звестачкі для старонніх людзей пра цяперашнія і будучыя тайныя намеры і хады.

— А цяпер, панове, яшчэ пра адно вельмі важнае, чым мы павінны палепшыць пра сябе думку, — загаварыў зноў Зайцаў. — Так-так, пра галоўнага кіраўніка мяцяжу ў нашым краі. Паўтару, і вы, і мы думалі, што яго вылічылі, злавілі. Спіс прозвішчаў я ўжо называў. Ажно не. Арыштаваныя, зразумела, заблытваюць нас, але і з іхніх выкрунтасаў можна зразумець, што сапраўды цэнтр мяцяжу быў у глыбокай, я сказаў бы нават у "искусной" канспірацыі, цяпер ён, цэнтр, разгромлены, але галоўны, альбо, як называюць арыштаваныя, "дыктатар" усё яшчэ на волі, тузае за нейкія калі не ляйчыны, то шнурочкі. Вось чаму ў нас склалася думка, што ён цяпер не ў Вільні, а недзе тут, у вас. На гэта наводзіць тое, што тут адчуваецца калі не рух, то пэўная мітусня, што разыходзіцца па краі: ёсць яўкі, адбываюцца тайныя сустрэчы і даюцца тайныя інструкцыі — ацалелыя паўстанцы абралі іншую тактыку. Трэба аддаць належнае: гэты верхавод вельмі разумны, хітры і да ўсяго выдатны канспіратар. Нават некаторыя ягоныя блізкія памагатыя не ведаюць ні яго ў твар, ні яго сапраўднага імені. Мы шмат чаго спалучылі і лічым: названыя Макарэвіч, Чарняўскі, Хлоп, Хамут, Хамуціус, Яська з-пад Вільні — хутчэй за ўсё адна асоба і таксама хутчэй за ўсё яна менавіта і ёсць гэтым дыктатарам. Але пытанне з пытанняў: хто? Адкуль ён? Які яго ўзрост? Якая прафесія? Тое, што ён не з відных вайсковых, сумненняў няма: усе яны, відныя, у нас на ўліку. Хутчэй за ўсё нейкі фанатык — малады, адукаваны, хітры і самаахвярны. Паважлівы сярод некалькіх завадатараў, якія яго ведаюць. Здолеў стварыць тайную арганізацыю, увесці ў ёй жалезную дысцыпліну. Вось так, калегі.

Усе адчувалі сябе гнятліва.

— Ну, а на заканчэнне дадам тое, што залежыць не толькі ад нас з вамі, але і ад цывільных улад, — сказаў Зайцаў. — Літаральна на днях, першага студзеня, генерал-губернатар Мураўёў выдаў цыркуляр. Па ім навечна забараняюцца беларуская і літоўская мовы, іхні друк. Не дапускаецца ў дзяржаўнай перапісцы, у публічных выступленнях і польская мова. Хопіць. Няхай край больш настойліва прывучваецца да таго, хто тут гаспадар і што яго мова — усіхняя мова. Мы, падкрэслівае Мураўёў, не для таго сюды прыйшлі, патрацілі шмат сілаў, каб даваць патолю мясцовым звычаям і норавам, так званай самабытнасці, самалюбству, гонару, амбіцыям. Не мы першыя, не мы апошнія: так паводзілі сябе, збіралі сваю моц усе вялікія краіны свету: Англія, Францыя (яна, помсцячы нам за сваё паражэнне ў 1812-м, выступае гэткай мамай-заступніцай малых прыгнечаных народаў, хоць у свой час не вельмі спяшалася іх тут ашчаслівіць), Іспанія... Не трэба саромецца, ужо заўтра па цэнтры Мінска трэба паставіць шчыты з аб’явамі пра забарону названых моваў (такія шчыты былі, але мінчукі іх перакульвалі, апаганьвалі. Напрыклад, да слова "запрещается" дапісвалі "не", дык выходзіла "не запрещается употреблять польский, белорусский языки". Жарты жартамі, а некаторых злоўленых за такія свавольствы жорстка асудзілі ажно на высылку ў Сібір, і губернскі Мінск напужаўся, затаіўся і паволі пачаў перавучвацца. "У Слуцку ўсё па-людску, а ў Мінску ўсё па-свінску").

 

Зайцаў даўно ўжо, яшчэ ў маладыя гады, спазнаў: тайныя асведамляль­нікі  — адмысловы люд. Ужо нават таму, што для кожнага з іх, употай нагледжанага, адабранага, ахранка па-свойму расстаўляе сетку. З улікам таго, хто на што прыдатны, патрэбен, і як яго залатвіць.

Некаторыя спачатку разгубліваюцца, што на іх паклалі вока жандары. Ім прыходзіцца цярпліва, далікатна тлумачыць, што да іх няма ніякіх прычэпак, Айчыне патрэбныя іхнія веды і шчырыя пачуцці. З іх, тых, каму яны дапамаглі па службе, у навуцы, у культуры, звычайна выходзяць падвойныя агенты: адны жывуць, хлеб жуюць, лічачы сябе патрыётамі і сумленнымі людзьмі, а іншыя, дабіўшыся свайго, пачынаюць грэбаваць і цурацца "сяброўства". Асобна — тыя, хто сам прыйшоў даносіць ці шукаць выгодаў, а таксама тыя, каго яны падлавілі на нечым непрыстойным: сярод іх, хітруноў, кар’ерыстаў, помснікаў, хціўцаў, а то проста гнюснікаў, можна чакаць самых розных нечаканасцяў. Хоць, бывае, самыя распусныя і мярзотныя з іх, як жанчыны, так і мужчыны, могуць быць найболей карыснымі. Грэбуеш імі, хочацца цурацца іх, але нідзе не дзенешся, важдаешся і з брудам.

Са стосу дасье на мінскіх даносчыкаў Зайцаў адабраў з дзясятак тых, хто, як палічыў, мог быць найбліжэй да ненадзейных і мяцежнікаў, хто мог сказаць яму штосьці талковае. Спачатку пагаварыў з супрацоўнікам "Минских губернских ведомостей" Венікавым (па мянушцы "Стервец"). Яму ў свой час паспрыялі перабрацца з правінцыі ў Мінск і ўплішчыцца ў названую газету) — невысокім, каржакаватым, з тоўстай шыяй, з высунутымі наперад зубамі маладым яшчэ чалавекам, якому дазволілі пісаць, друкаваць тое, што не дазвалялася іншым, праўда, стрымліваючы яго прагу да пасад у рэдакцыі, а то і стаць на яе чале, дзеля чаго сярод супрацоўнікаў ён учыняў розныя звады. Пасля сустрэўся з Грыбной (па мянушцы "Бестия") — сярэдніх росту і гадоў, паўнаватай, некалі прыгожай жанчынай, якая была актрысай мінскага гарадскога тэатра ці, лепш сказаць, стала ёю за сваё падатнае цела. Якраз яе скарыстоўвала мінская ахранка, калі хацела больш уведаць пра якога-небудзь чыноўніка, што мог разгаварыцца менавіта ў пасцелі з каханкай. У апошняе дзесяцігоддзе, асабліва пасля 1852 года, калі ў тэатры мінскай публіцы паказалі "Сялянку", яна пачала сачыць не толькі за артыстамі, але і за Дуніным-Марцінкевічам, Манюшкам і Кжыжаноўскім, робячы гэта лёгка і спрытна, прыкідваючыся прыхільніцай гэтых талентаў і не шкадуючы захапляльных двудушных слоў ім: жаночыя абаяльнасць, хітрасць, уменне прыкінуцца кім хочаш ды яшчэ ў актрысы — гэта вялікая сіла, і, зразумела, ахранка гэта ўлічвала і будзе ўлічваць. Настаўніца жаночай гімназіі, якая ведае некалькі замежных моў, але, як кажуць, сама сябе есць з-за зайздрасці, нянавісці да маладых, найперш прыгожых як настаўніц, так і гімназістак, Столяр (па мянушцы "Змяя") — рослая, худая, з мужчынскім абліччам, незамужняя дзявуля — не толькі расказала яму пра сваю гімназію і шмат чаго вакол яе, але і смела выклала яму, што патрэбен новы статут усіх гімназій, а ў ім трэба не толькі падбаць пра пэўныя змены, але найперш зрабіць больш строгімі, нават жорсткімі правілы.

Венікаў, Грыбная, Столяр амаль нічога не дадалі яму да таго, што пісалі ў сваіх данясеннях ці гаварылі тым, хто іх "вёў", але Зайцаў усіх прымаў ветліва, усім падзякаваў, пажадаў усяго самага лепшага, хоць адразу ж пераканаўся: карысці з іх няшмат, але пакуль што няхай будуць нават са сваімі самалюбствам, хцівасцю: патрэбныя як паслугачы. Іншых такіх, як яны, шараговых агентаў, больш не клікаў, выбраў толькі яшчэ два дасье тых агентаў, хто па іхнім рангу-падзеле, а значыць і па аплаце быў вышэй.

Гэтыя два агенты лічыліся тут ледзь не ваўкадавамі: яны былі старэйшыя за названых агентаў, вучыліся яшчэ ў Віленскім універсітэце — праўда, пасля выкрытых філаматаў і філарэтаў, незадоўга перад мяцяжом 1830–1831 гадоў (выдалі нямала студэнтаў, якія меліся браць удзел у мяцяжы, пасля яго задушэння ад імя студэнтаў-"патрыётаў" пісалі гнеўныя лісты на сваіх калег (у мяцяжы ўдзельнічала трэць студэнтаў), а таксама з просьбай зачыніць універсітэт, што быў з 1570 года і куды яшчэ нядаўна яны мелі за шчасце патрапіць. Ваўкадавы ці не, але працягласць іхняга іншага, патаемнага жыцця, жыцця для ахранкі, ужо немалы. Тры з паловаю дзесяцігоддзі. На іх ён і найбольш патраціў часу.

Вось — "Серж". Сапраўднае прозвішча незвычайнае — Костачка. За пяцьдзясят, але яшчэ маладжавы, сярэдняга росту, шчуплаваты, з сіваватым хібам, як у дзіка, з бойкім позіркам вачэй няпэўнага колеру, азызлаваты — значыць, п’е і, мабыць, найчасцей адзін, бо нават па паводзінах відаць, што тоіць сваю грэшную схільнасць. У свой час, яшчэ студэнтам Віленскага ўніверсітэта, яго падлавілі на двух ганебных учынках: краў кнігі з бібліятэкі, кнігарні, а таксама "растлевал" дзяўчатак з багатых дамоў, якім даваў прыватныя ўрокі, каб зарабіць сабе на пражытак і апратку. 3 бедных, "барзо зол" на заможных і ўдачлівых. Калі зачынілі Віленскі ўніверсітэт, памаглі яму патрапіць у Пецярбургскі, дзе ён сачыў за выхадцамі з польскіх і беларуска-літоўскіх зямель, а пасля ўладкоўвалі на працу ў розныя гімназіі, каб вельмі нідзе "не засвечваўся"; калі ў 1848-м годзе ў Горках адчыніўся земляробчы інстытут, упіхнулі яго туды — адсочваць выкладчыкаў, сваіх і замежных студэнтаў, а таксама мець пад назіркам "Записки Горы-Горецкого земледель­ческого института" і ўсе іншыя публікацыі — лепш сказаць, тое, што з рукапісаў магло трапіць на старонкі выдання. Абнюхваў ён і інстытуцкую бібліятэку. Заўзяты славянафіл (можа, і не зусім шчыры, але мае добры нюх на тое, дзе пахне смачным маслам); па просьбе сталічнай ахранкі яго як "сторонника из провинции" славянафілаў "падключылі" весці перапіску са сталічнымі ідэологамі, каб тых на штосьці справакаваць (з "заходнікамі" вялі перапалку іншыя падабраныя). Костачка спакваля ўвайшоў у сваю ролю, ястрабам сачыў не толькі за інстытуцкімі, але і за тутэйшай ўладаю, пісаў свае заўвагі, парады губернатару, прасіўся да яго на прыём, так уталкоўваў свае "прапазіцыі", што той урэшце не вытрываў, зверам накінуўся на сваіх памочнікаў: "За версту не допускать до меня этого глупого барана!" Вось пасля гэтага і памянялі яму псеўданім-мянушку, і ён стаў "Сержам".

— Сяргей Паўлавіч? — павітаўшыся і пасадзіўшы госця, ветла ўсміхнуўся Зайцаў.

— Я, — насцярожана адказаў той — канечне ж, папярэджаны супра­цоў­нікамі Трунова.

На нейкі час Зайцаў запыніў на ім позірк, вывучаў — не, не як тайнага агента, гэта ўсё добра відаць з даносаў: адкрыты, часамі, як кажуць, лабавы; гэта — не вялікая сіла агента, лепей, мацней іншае — мала гаварыць, а калі падаваць голас, то каб хітра натхніць альбо падбіць субяседніка на шчырую ці адкрытую размову. Але гэты Костачка не ў стане: не той інтэлект.

— Вам, шаноўны, сказалі, хто я і якія мае тут паўнамоцтвы?

— Сказалі, — той адказаў і яшчэ ў знак пацвярджэння хітнуў галавою.

— Добра. Таму, Сяргей Паўлавіч, мы павінны пагаварыць толькі шчыра і даверліва, — Зайцаў пахітаў паднятым уверх указальным пальцам. — Таму ніякіх утойванняў.

— Я заўсёды толькі шчыры! — пакляўся той.

— Верым (не "веру", а менавіта "верым", каб зазначыць, што ён, Зайцаў, гаворыць не толькі ад сябе). — Мы, шаноўны Сяргей Паўлавіч, ці для нас "Серж" (ён не ведаў ніякіх замежных моў, такую мянушку яму далі наўмысна, з насмешкай), высока цэнім, як вы тлумачыце нашую гісторыю. Да слова тое, як вы ў свядомасці маладога пакалення ўсталёўваеце паняцце "Кіеўская Русь", а за яе пераемніцу падаеце Маскоўскую, як сціраеце з памяці Полацкую і Тураўскую вольніцы і асабліва такое паняцце, як "Вялікае Княства Літоўскае". Яно было, ёсць і будзе...

Зайцаў наўмысна недагаварыў — нахібіўся.

— ... яно было, ёсць і будзе косткаю ў горле.

Пасміхнуўся ад такога вось свайго паліцэйска-жандарскага каламбуру-жарту і дадаў:

— А вы, шаноўны, найперш будзьце косткаю для іх...

Той насур’ёзіўся.

— Што рабіць, шаноўны? Самае простае, сваё. Як гісторык-філосаф, скажам, паўсюль самі падавайце, змушайце падаваць іншых паняцце "Літва" з гэтых зямель, дзе яна, летапісная, сапраўды была недзе паміж Мінскам, Навагрудкам, Слонімам і Маладзечна, у зусім аддаленым месцы, пераносьце яго, гэтае паняцце, далей, на прыбалтыйскія землі, дзе былі летапісныя Аўкштайція і Жмудзь. А ўсе разам узятыя гэтыя вобласці, правільна, тлумачце, больш — убівайце ў галовы, што яны "исконно русские". Паўтару, гэтым вы будзеце працаваць і на сёння, і на будучыню. Абсякалі і далей абсякайце на гэты конт адрозныя публікацыі, размовы. Думаю, вам ніякі не сакрэт, мы, спаўняючы вышэйшую волю, грамілі і будзем граміць "заходнікаў" кшталту Герцэна, а з вас, славянафілаў, падтрымлівалі і будзем падтрымліваць не ўсіх. Не такіх, як, скажам, Кірэеўскі. Ён і яго аднадумцы захопленыя славянскім, дык ён сабраў тут, у Мінскай губерні, тысячы народных песень і, дурань, усцешыўся: якое багацце! Золата! Уклаў гэты фальклор у свой "Беларускі архіў" і хацеў, яшчэ большы дурань, выдаць яго. Але мы своечасова ўведалі гэта і не дазволілі. Цяпер беларускім фальклорам зацікавіўся іншы славянафіл, Бяссонаў, ён хутка прыедзе на працу ў Вільню, дык вось нам там, а вам тут трэба таксама пазамінаць яму. А калі ён здолее зрабіць сваё, то прасачыць, каб мова сабранага ім фальклору была пададзеная як "диалект", "наречие". Дробязь? Не, зусім не! Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць тых, хто прапаведуе панславізм, вядучую ролю нашай імперыі ва ўсім славянстве. Але я, — Зайцаў прыклаў худую руку да ўпалай грудзіны, — як ваш шчыры і гарачы прыхільнік, папрашу: будзьце, шаноўны, асцеражнейшым, нават перад сябрамі (іх у Костачкі не было) не ўжывайце слова "панславізм". Спажывайце тэрмін "агульнаславянскасць", ён не мяняе сутнасць, але нібыта зусім бяскрыўдны, не выяўляе сапраўдных, агрэсіўных, захопніцкіх намераў па падпарадкаванні ўсіх славянаў пад скіпетрам нашага цара. Зразумелі, шаноўны Сяргей Паўлавіч?

— Зразумеў, — запэўніў той. — Усё добра зразумеў.

— Ну і ладненька. А за тымі вашымі былымі аднадумцамі-славянафіламі, якія насцярожаныя да панславізму, — яшчэ раз прыклаў руку да грудзіны, — выбачайце, да агульнаславян, узмацніце назірк. Асабліва за тымі, хто пагаворвае пра "наше кошмарное прошлое"...

"Почвенники", — падказаў Костачка.

Зайцаву, канечне, не спадабалася, што агент перапыняе яго, палкоўніка, ды яшчэ з асобымі місіяй і паўнамоцтвамі. Мала гэтага — дык яшчэ дапаўняе, лічачы, што ён ведае больш.

— "Пачакай! — у душы пазласлівіў Зайцаў. — Зараз я тузану цябе за ногі і гопну з печы на дол!" Але праявіў сваю славутую вытрымку, уголас нічога не прамовіў, са згодаю хітнуў галавою:

— Так-так, шаноўны, "почвенники". Нам імпануе, што яны супраць матэ­рыялізму, рэвалюцый, што ўслаўляюць гарманічны разнакласавы геній Пушкіна, усяцэласць, усёпрымірымасць, агульначалавечнасць, але яны небязгрэшныя: у іх — небяспечныя мікробы "демократии" і "оппозиции".

— У нас тут, ваша высокаблагароддзе, — зноў заспяшаўся выскачыць наперад Костачка, — таксама ёсць "почвенники", але ўсе — драбната. Самыя вядомыя — у Пецярбурзе. Грыгор’еў, Страхаў, а цяпер вось і Дастаеўскі, які колькі гадоў таму вярнуўся са ссылкі. Да Грыгор’ева і Страхава я па заданні некалькі разоў ездзіў, падбіваў іх на розныя размовы (пытанні і парады складала ахранка), але яны ўхіляюцца ад сустрэч. Дастаеўскаму я пісаў як "шчыры прыхільнік ягоных "Бедных людей"". Ён спачатку адказаў мне пару словамі пра вельмі агульныя рэчы, а пасля параіў чытаць часопіс "Время", ягоную палеміку з "Современником". Цяпер, калі "Время" зачыненае, будзе выходзіць новы часопіс...

Зайцаў зноў не ўпадабаў, мала сказаць, нецярплівага агента, але і зноў не падаў выгляду.

— Новы часопіс будзе называцца "Эпоха", — сказаў, маючы пра гэта звесткі па сваёй службе з самога Пецярбурга. — Ды ладна, шаноўны. Пра сталічнае няхай разбіраюцца ў сталіцы. Нас з вамі павінна больш турбаваць іншае.

Падняў галаву, уперыў позірк у няяснага колеру вочы агента, паставіў правы локаць на стол і верхнімі пальцамі пачасаў падбародак:

— Я нядаўна сказаў, што мы, шаноўны, вамі задаволеныя. Трэба ага­варыцца: вы былі ў нас на добрым уліку раней. Апошні год вы рабілі для нас работу дрэнна.

Костачка ўстрапянуўся, наставіў хіб, але цяпер зразумеў: ні апраўдвацца, ні пра што-небудзь запытваць не варта. Трэба слухаць гэтага ўладнага недарослага лысмана. Ад нечаканасці, мабыць, хлынула кроў у скроні: пацёр іх пальцамі.

Зайцаў дапусціў зацяжную паўзу — няхай папамучыцца крыху, будзе шаўкавейшы. I той збянтэжыўся: за што папрок?

— А папрок, шаноўны Сяргей Паўлавіч, — угадаў яго думкі Зайцаў, — за тое, што вы ў свой час не перасцераглі нас у небяспецы ад вашага інстытута. Гэта ж столькі выкладчыкаў, студэнтаў пайшло з паўстанцамі! Вы, яны асаромелі нас, усю імперыю: у захопленых Горках на нейкі час была свая рэспубліка!

— Паверце! — разгублена падхапіўся запрошаны, прыклаў руку да грудзіны. — Я і падумаць не мог, што ёсць столькі ненадзейных!

Зайцаў махнуў рукою: сядзь. Той паслухмяна апусціўся ў крэсла насупраць.

— Вось і дрэнна, вельмі дрэнна, што вы як след не падумалі. Добра, што вы вялі размовы, правакавалі, спрачаліся. Але было б значна лепш, каб менш гаварылі, а больш пранікалі ў думкі не толькі субяседнікаў, але і тых, хто асцерагаўся, маўчаў, тайна дзейнічаў і чакаў свайго часу. Цяпер (але не ад вас, шаноўны Сяргей Паўлавіч) нам стала вядома: выкладчыкі і студэнты сустракалі віленскіх агітатараў, мелі тайныя сходкі, абгаворвалі, змаўляліся, што, як і калі рабіць. У вас пад носам!

Агент апусціў галаву: што праўда, то праўда, што шмат іхніх інстытутцаў хлынула да паўстанцаў, памагло захапіць Горкі ў іхнія рукі. Ён гэтага не прадбачыў, своечасова не перасцярог. Значыць, правароніў. Яго могуць адхіліць ад агентуры. Канечне, бяда не ў гэтым, а ў іншым. У "ганарары". За яго віжаванне яму добра плацяць, за гэтую і інстытуцкую плату ён можа для сябе, жонкі, сына і двух унукаў мець ладны дом, дачу, пакаёўку-няньку, кухарку, конюха і тройку коней, можа памагаць дзвюм дочкам, што выйшлі замуж і жывуць асобна. А што цяпер, калі адхіляць і забяруць большы за яго службовую плату "ганарар?" Выбівацца з гразі ў князі, жыць уежна і ўлежна, і апынуцца ля разбітага карыта?

— I, дарэчы, маглі б, шаноўны Сяргей Паўлавіч, гэтак не казыраць сваёй заможнасцю, — заўважыў Зайцаў, чым зусім уеў таго. — Вашыя калегі па інстытуце не могуць сабе дазволіць тое, што дазваляеце вы. Як вядома, людзі зайздросныя. Вось і не адзін з іх падумаў, запытаў у іншых: адкуль у вас столькі грошай, калі вы з галяцкага роду? Канечне, за нашыя "ганарары". I пасля гэтага хочаце, каб яны вам давяралі? Зажыравалі вы, шаноўны! Атлусцелі, абляніліся, ужо зусім не гончы пёс: страцілі нюх на звярыны след. А гаўкаць, аббрэхваць — гэта зусім не для гончага пса. На гэта ёсць дварнякі.

Твар Костачкі наліўся чырванню, стаў як у печанага рака.

— Хто такія, па-вашаму, Макарэвіч, Чарняўскі, Хлоп, Хамут, Хамуціус? Хоць чулі пра іх?

— Чуў, пра гэта пытаўся ў мяне мой куратар, — панікла адказаў той. Але я не ведаю, хто гэта такія.

— А Яська з-пад Вільні?

— Гэта рэдактар "Мужыцкай праўды". Яе тут часта і шмат раскідвалі.

— Я гэта, шаноўны, і без вас ведаю. Скажу больш: газета пісалася проста, нават вельмі проста, але ясна, даходліва. Да яе прыкладалі рукі разумныя галовы. I з беларускім мысленнем. Дык вось і трэба шукаць гэтых яськаў сярод беларускамоўных, свядомых, хто за адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага, а то ўжо і асобнай Беларусі. Не выпадкова ж у многіх паўстанцаў пароль "Жыве Беларусь!"

Костачка апусціў галаву, палымнеў чырванню: не мог нічым апраўдацца, выслужыцца. А для гэтага цяпер і маці родную не пашкадаваў бы, прадаў.

— Цэнячы вашыя былыя заслугі перад намі, даю вам шанец выправіцца, даказаць сваю вернасць і карысць Айчыне, — нацешыўшыся пакутамі агента, зміласцівіўся Зайцаў. — Заданне і лёгкае, і заадно цяжкае. Яно — як кажуць, з ліку "бруднай работы". Але вы яе ўжо рабілі, а цяпер зрабіце яшчэ лепш.

— Я ўсё зраблю, што загадаеце! — усцешаны надзеяй, падхапіўся Ко­стачка. — Усё!

"Зробіць", — паверыў Зайцаў, але цяпер не паказаў садзіцца. Няхай стоячы выслухае загад.

— Успомніце сваё заданне больш чым трыццацігадовай даўніны, — па­цешыўся Зайцаў. — Успомнілі? Асноўнае сваё заданне, якое выконвалі па-маладому спрэчліва, перажываючы, але выканалі, за што вам адкрылася дарога ў жыццё!

Агент не ўцямліваў гэтага.

— Трэба пакараць вашыя Горкі ды і ўсю гэтую Беларусь, што хоча паўстаць на падмурку Вялікага Княства Літоўскага. У ліку карных мер мы раім пазбавіць іх адзінай вышэйшай навучальнай установы, забраць земляробчы інстытут з Горак. У іншым месцы і выкладчыкі, і студэнты будуць іншыя. I іншыя будуць вучоба, выхаванне. А для тутэйшага люду адчыняюцца ўжо і далей будуць адчыняцца па нашых праграмах пачатковыя школы. Хопіць з іх і такой навукі, такіх ведаў. Як кажа Мураўёў, што не дарабілі мы са штыком, то няхай дарабляюць далей поп, настаўнік, чыноўнік, каб праз пакаленне-другое зусім зніклі не толькі назвы, але і паняцці "Вялікае Княства Літоўскае", "Беларусь", "беларускі"! Усю літаратуру адсачыць, крамольную для нас калі не знішчыць, то запраторыць у глыбокія норы! I доступ туды — толькі лічаным (нашым) людзям!

Костачка не ўзрадаваўся, няўцямна, нават з адчаем лыпаў павекамі: як зачыніць інстытут, дзе ён ужо шаснаццаць гадоў? Адразу падумаў не столькі пра вучэльню, колькі пра сябе.

— Пра сябе не хвалюйцеся, — усміхнуўся, супакоіў Зайцаў. — Бядней жыць не будзеце. Знойдзем вам і працу, і "ганарарамі" не пакрыўдзім. Канечне, калі будзеце старацца. А нашага з вамі старання, працы яшчэ будзе патрэбна шмат. Як у бліжэйшыя гады, так і ў будучыя дзесяцігоддзі. Жывучыя расліны не хутка і не за адзін раз выполваюцца. Вось вы, шаноўны, і будзеце палоць-палоць-палоць!

— Што мне рабіць? — аддана запытаў той.

— Вы павінны сабраць шмат лістоў ад розных слаёў грамадзян з прось­бай, парадаю, каб строга пакараць бунтоўных выкладчыкаў і студэнтаў, а земляробчы інстытут перавесці з Горак, з гэтага краю. Дзеля ж яго спакою, ладу.

— Я ўсё зраблю, як вы і сказалі, ваша высокаблагароддзе! Я...

— Вось і ладненька, шаноўны Сяргей Паўлавіч, — паверыў Зайцаў, што "Серж" будзе дзеля апраўдання і тлустага кавалка рупіцца — гэта значыць, праяўляць усё сваё "усердие". — Зразумела, усе свае акцыі, шаноўны Сяргей Паўлавіч, не афішуйце, абгортвайце ў прыгожыя паперачкі. Нідзе ні слова, скажам, пра русіфікацыю краю і паглынанне яго ў расійскі страўнік. Ёсць іншыя тэрміны, паняцці. Пра "наши одни исторические корни", "братство", "единую и неделимую священную империю"... Значыць, трэба завастрыць увагу на... "способах сближения", каб нават самаму задрыпанцу хацелася на пузе паўзці да нас, без каго ён не ўяўляе сабе жыцця! Ясна?

— Ясна, ваша высокаблагароддзе! — выструніўся Костачка. — Усіх нена­дзейных нават у думках скруцім у бараноў рог! Ніякай Беларусі тут ніхто не пабачыць нават у сне! Нагамі затопчам! Рукамі задушым! Зубамі загрызём! — I як апошняе, самае страшнае: — Заплюем!

— Бласлаўляю, — пасміхнуўся Зайцаў. — Веру, што вы цалкам апраў­даеце наш давер. — Дастаў з верхняй шуфляды стала пакоўны канверт і падаў агенту. — Гэта вам асабіста ад генерал-губернатара за вернападда­ніцкую службу.

 

"Графоман"... "Ну і псеўданімы-мянушкі даюць мінскія жандары сваім агентам!" — пахітаў галавою Зайцаў.

"Графоман" — Эдгард Кубыльцаў, з чыноўнага люду, супрацоўнік губернскай управы. За пяцьдзясят гадоў, сярэдняга росту, худы, рэдкія і кароткія сівыя валасы, вялікія залысіны, выцягнуты твар з тонкімі рысамі, невялікія вузенькія акуляры, а з-пад іх глядзяць ні то стомленыя ад седатні і пісаніны, ні то са знакам душэўнай нездаровасці, ліхаманкавыя вочы. Адукаваны, нават кніжнік, ведае некалькі моў, у тым ліку і старажытна­грэчаскую, не п’е і не курыць, хоць для сям’і, можа, няхай бы лепш грашыў, чым меў такую паважлівую "добродетель": хворы. I гэтая хвароба, як у народзе кажуць, "на галаву" — гэта значыць псіхічная, з кожным годам, асабліва на маладзіку, набірае моц. Тайна і за немалую плату лечыцца ва ўрачоў і вясковых бабулек. Яго ўласна і падчапілі на гэты кручок зусім проста, хоць і неміласэрна: сыгралі на ягонай маніі сваёй геніяльнасці.

"Вы — выключная асоба, вышэй тут за ўсіх чыноўнікаў і творцаў, дык памажыце нам, гэта значыць Айчыне, вызначыць, хто і чым дыхае з супрацоўнікаў губернскай, гарадской управы і з мінскіх польскіх, польска-беларускіх паэтаў і кампазітараў, мастакоў". Згадзіўся. I служыць ахранцы аддана, хоць часамі, заўважаюць у сваіх прыпісках куратары, у яго шмат "бреда". Дарэчы, адзін з яго ранейшых псеўданімаў — "Бредовый".

— Эдгард, — калі адмысловы госць сеў, зазірнуў у ягоныя вочы Зайцаў, каб пранікнуць таму ў душу. — Рэдкае ў вас, міл-чалавек, імя. Нават, па-мойму, не зусім польскае. — "Сержа" ён называў "шаноўны", а вось для больш інтэлігентнага "Графомана" тут жа, у першую хвіліну сустрэчы, выбраў іншы зваротак.

— Мы — мінчане, гускія, тут з часоў Кацягыны Дгугой, — запэўніў Кубыль­цаў. — У вайну з Напалеонам майго бацьку-афіцэга выгатаваў салдат-латыш, Эдгагд. Вось бацька і назваў у аддзяку таму яго іменем мяне, сына.

— Але дзіўны ў вас, міл-чалавек, гук "р"... — наўмысна вось так зазначыў Зайцаў.

— Не, я не з пегахгышчаных, — паспяшаўся апраўдацца і запэўніць у славянскасці той. — Мы — пгаўда, гускія. У мяне "г-р" — "дефект г-речи" (далей мы не будзем падкрэсліваць гэтую моўную хібу).

— Я гэта між іншым, каб мы з вамі размаўлялі шчыра і даверліва, — супакоіў Зайцаў. — Мы вам верым, высока цэнім вас за вашыя паслугі, за тое, як вы свядома прыніжаеце тут польскую літаратуру і знішчаеце парасткі сучаснай беларускай. Вашы аналітычныя нататкі памагаюць лепш зразумець тутэйшы літаратурна-мастацкі працэс, яшчэ з таго часу, калі вы своечасова забілі трывогу за празмерную ўвагу пецярбургскага часопіса "Маяк" да беларускай гісторыі, мовы і літаратуры. Мы, дзе і каму трэба, узмацнілі вашую трывогу і памаглі "Маяку" спачыць на векі вечныя — зразумела, не толькі за яго беларускія сімпатыі. Задаволеныя мы вашай ацэнкаю "Энеіды навыварат" і "Тараса на Парнасе", творчасці Равінскага, Баршчэўскага, Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Каратынскага, Ельскага і іншых, менавіта па вашых рапартах мы своечасова многае ўведалі і зрабілі нямала чаго, каб штосьці забараніць, не дапусціць да друку. Праўда, і вы, прафесіянал, мушу зазначыць, не заўсёды былі на вышыні. Вось, скажам, не разгадалі, хто напісаў падбухторніцкую "Гутарку старога дзеда".

— Я ўважліва вывучыў метафары, манеру, стыль усіх віднейшых паэтаў нашага краю, але да пэўнай думкі прыйсці цяжка, — горача пачаў тлумачыць Кубыльцаў. — Мабыць, паэму напісалі ўтрох. Дунін-Марцінкевіч, Каратынскі, Сыракомля.

— "Мабыць", міл-чалавек, ёсць мабыць.

— Але ж ёсць некалькі варыянтаў твора. Прапольскі і прабеларускі. Пра­польскі дух надалі, канечне, выдаўцы. Значыць, прабеларускі варыянт мог напісаць ДунінМарцінкевіч. Я пра гэта казаў.

— Тады такіх вашых тлумачэнняў не хапіла, каб зняволіць яго.

— А мог прабеларускі варыянт напісаць і хтосьці з маладзейшых, хто запісваў свае творы ў "Альбом" Вярыгі-Дарэўскага, — пачаў заглыбляцца ў паэтычныя сакрэты Кубыльцаў. — Бо васьміскладовік "Гутаркі" не толькі з польскамоўнага вершаскладання, беларускага народнага, але і з рускай паэзіі, якую вывучаюць тут у гімназіях пасля 1838 года, калі пачалося шырокае выкладанне рускай славеснасці. Вось ужо новая паэма "Крыўда і праўда" мае яўныя русізмы, што...

— Ладна, Эдгард Міхайлавіч, — перапыніў пазнанні і захопленасць Ку­быльцава Зайцаў. — Мне няма часу слухаць лекцыі па паэзіі і яе тонкасцях. Гэтым ужо займайцеся вы, а нам давайце тое, што хочам мы. — Вось, да слова, што і як робіць цяпер "ліцвінскі" класік Дунін-Марцінкевіч?

— Цяпер ён жыве вельмі скрытна, мала каго да сябе дапускае. Я, як мне і было даручана, ездзіў да яго, спрабаваў разгаварыць, але ён ні на якія размовы не паддаўся. Ён — немалады, хворы, хутчэй за ўсё быў убаку ад мяцяжу, а вось яго дочкі маглі браць у ім удзел.

— Як паэта яго песенька ўжо спета. На беларускай мове ён не пабачыць ні аднаго свайго вершыка!

— Але ж я пісаў: ягоныя прыхільнікі шукаюць шляхі, каб выдаць яго творы за мяжою!

— Не дапусцім, — упэўніў Зайцаў. — А цяпер іншае да вас пытанне: хто сапраўдны(я) аўтар(ы), выдавец(аўцы) "Мужыцкай праўды?"

— Гэта нехта з глыбокага падполля, з мяцежнікаў, — паціснуў плячыма агент-літаратар-службовец.

— Гэта мы і без вас, міл-чалавек, ведаем, — махнуў рукою Зайцаў. — I вось яшчэ што: па нашых звестках недзе тут цяпер хаваюцца галоўныя завадатары паўстання. Калі вы здолееце хоць бы неяк, хоць крышачку памагчы натрапіць на след, мы вас за гэта азалацім.

Вочкі ў Кубыльцава загарэліся, ліхаманкава бліснулі, але зусім не весела, а нават панікліва:

— Мне ў маім жыцці патрэбна толькі адно. Але не столькі грошы, колькі іншае...

— А што? — зацікавіўся Зайцаў.

— Паспрыяць надрукавацца. Я напісаў 49 раманаў, 57 паэм і 2118 вер­шаў. Каб выдаць гэта, то была б унікальная ў Расіі бібліятэка аднаго аўтара! А яшчэ ў мяне, — паказаў рукою высока над сталом, — во такая гара перакладаў.

— I што ж? — пасміхнуўся Зайцаў. — Чаму мы гэтага, міл-чалавек, не бачым выдадзенымі кніжкамі? — Ведаў чаму, але наўмысна так запытаў, сыграўшы на самалюбстве.

— Не выдаюць. Ні ў Вільні, ні ў Пецярбурзе.

— Чаму, скажам, у Пецярбурзе? — не проста пацікавіўся, але зноў жа, пра ўсё маючы звесткі, у душы паздзекаваўся Зайцаў з графаманіі Кубыльцава.

— Я няўгодны дзярмократам з "Современника" на чале з Някрасавым. Мяне там поедам елі цяпер нябожчык Дабралюбаў, Чарнышэўскі.

— А цікава вы сказалі: "дзярмократы"! — захапіўся Зайцаў. — Трэба запомніць гэтае вашае азначэнне. Думаю, спатрэбіцца. Скажам, калі ўзмоцнім назірк за Някрасавым, будзем судзіць Чарнышэўскага.

Кубыльцаў, як убачылася па позірку, усцешыўся.

— Будзем. Хутка, праз месяц-другі. І для Чарнышэўскага ганебна. Цяпер, пасля мяцяжу тут, будзем больш жорстка брацца за яго натхняльнікаў і ў Ра­сіі. — Захітаў галавою. — "Дзярмократы!" Добра! Нават выдатна сказана! А калі не сакрэт, то пра што вашы творы, міл-чалавек?

— Пра гісторыю антычнасці, імперыі нашай. Усе яны напісаныя, каб вы­клікаць у чытача, найперш маладога, любоў да нашай Айчыны, патрыятызм, пачуццё ўсеславянскасці на чале з нашым гасударом.

— Вы — панславіст?

— Так.

— I таму вашыя творы не падабаюцца?

— Таму.

— Ай-яй-яй! — зноў пахітаў галавою, "паспачуваў" Зайцаў. — I яны, нягоднікі, бракуюць іх за вашыя святыя ідэі!

— Яны прыдзіраюцца за іншае. Маўляў, маім творам бракуе мастацкасці. Маўляў, яны прымітыўныя.

— Яны спрытныя на прыдзіркі і адгаворкі, хоць асабіста я не сказаў бы, што многія з іх пішуць моцна па-мастацку. Ёсць сярод іх хоць адзін, хто можа наблізіцца да мастацкіх твораў Льва Талстога?

— З іхняй "натуральнай школы", якую яны пачалі прапаведаваць яшчэ ў 40-я гады, найбольш выдзяляюцца Ганчароў, Тургенеў, Салтыкоў-Шчадрын, Грыгаровіч. А цяпер модны стаў Дастаеўскі, які нядаўна вярнуўся са ссылкі і актыўна падключыўся да літаратуры, развівае ідэі "почвенничества". I я пішу не горш за іх. У асобных творах нават лепш.

— I вы, міл-чалавек, ухваляеце, скажам, Дастаеўскага з яго "Запіскамі з Мёртвага дома"? Не бачыце ў гэтай "праўдзе" пагрозы нашаму ладу? Не лічыце, што ён пад "Мёртвым домам", пад "заганамі" мае на ўвазе ўсю нашу Расію-матухну? Не настройвае супраць яе тую ж нашу моладзь, якую вось вы хочаце выхоўваць у любові, святасці, патрыятызме? Ён жа яе выхоўвае не на асілках, героях, іхніх вялікіх справах, а на "ўвазе да "маленькага чалавека"", які, выходзіць, зусім не бязгрэшны, а ў душы нягоднік. Вас не бянтэжыць гэтае корпанне ў псіхалогіі і ў тым, што з ёю? А гнюсныя ўчынкі? Не бярыце, міл-чалавек, і з яго прыклад, пішыце так, як пісалі дасюль. I верце ў сваю шчаслівую планіду. Бывае, прызнанне да некаторых прыходзіць нават пасля смерці. — "Толькі не да словаблуддзя", — мог так дадаць, але не сказаў, а ўголас пра сваё: — Узмацніце-ўзмацніце, міл-чалавек, назірк за польскай і польска-беларускай інтэлігенцыяй. Цяпер для вас галоўнае — не вашы ненадрукаваныя творы, а іменна гэта. Пра ваша прыгожае пісьменства падбаем пазней.

— Учора я зусім выпадкова сустрэўся з адным маладым чалавекам, — сказаў Кубыльцаў. — Ён, як тут кажуць, "шчыры ліцвін", паэт, артыст, любімец Дуніна-Марцінкевіча і Манюшкі, іхняя надзея на ліцвінскую будучыню. Апошнія часы ў Мінску я яго рэдка бачыў: ён некуды падоўгу знікаў.

Каб іншы следчы, то мог бы тут жа выгукнуць: "Яго прозвішча, імя?", але Зайцаў не мог сабе гэтага дазволіць, чакаў для сваёй карысці нейкай інтрыгі.

— I ён быў пераапрануты пад служачага, у акулярах і не пад сваімі валасамі. Я яго пазнаў па голасе. Аклікнуў — ён ажно ўздрыгнуў, кінуў мне, што я памыліўся, і хуценька шмыгнуў прэч.

— Вы не прасачылі за ім?

— Прасачыў. Ён падаўся ў Бабруйск.

— Ягоныя імя, прозвішча, падрабязныя прыкметы, — Зайцаў падаў Ку­быльцаву чысты аркушык паперы, ручку са стальным пяром, чарнільніцу.

— Я перадаў летась сюды, у ахранку, фотаздымак, дзе ён, Яўген Новік, з прыхільнікамі разам з Дуніным-Марцінкевічам.

Зайцаў нагнуўся ўправа, адцягнуў верхнюю шуфляду стала, дастаў з яе папку і, каб Кубыльцаў не пабачыў яе, не ведаў, што і на яго тут ёсць дасье, пагартаў, знайшоў старонку з буйным надпісам "1863 год", а пасля — тое фота. Прыкрыў усё, апроч здымка, белымі аркушыкамі, узяў тоўстую папку і, павярнуўшы, паказаў Кубыльцаву: — Гэты?

— Гэты. Вось ён, кучаравы, у світцы. Чацвёрты справа. Хлапчук яшчэ зусім. Гадоў пад дзевятнаццаць. Разумны, здольны і, паўтару, заўзяты ліцвін з беларускім ухілам.

— Ужываў калі кліч "Жыве Беларусь"?

— Пры мне — не. Толькі чуў разы два, што іншыя называлі яго дзецюком. А менавіта так звярталася "Мужыцкая праўда" да сваіх чытачоў, прыхільнікаў: "Дзецюкі!"

"Тут штосьці ёсць, тут можна пацягнуць за нейкую нітачку, — сабачым нюхам учуў зайцаў след Зайцаў (сам сабе ўсміхнуўся ён ад такога апошняга выразу). — Канечне, гэты Новік не можа быць верхаводам ці нават паблізу яго, але, можа, і тое-сёе ведае пра тых іншых, хто тут хаваецца і затаіўся".

Яшчэ да паражэння паўстання некаторыя польскія, тутэйшыя "белыя" і "правыя чырвоныя" пачалі каяцца, прадаваць сяброў, пісаць на імя цара просьбы пра памілаванне, а вось тутэйшыя "левыя чырвоныя" не здаюцца, разбегліся, пазалазілі ў норы ці на гарышчы, хоць зусім не значыць, што адышлі ад свайго. Канечне ж, яшчэ маюць свае паролі і яўкі, сувязных.

— Вось што яшчэ, Эдгар Міхайлавіч. Паколькі вы працуеце ў губернскім упраўленні, многіх ведаеце, то складзіце спіс мясцовых здольных, але ненадзейных чыноўнікаў. Мы прыбяром іх адсюль, а замест іх прышлём сваіх, з цэнтральных губерній, — прамовіў Зайцаў і ўручыў Кубыльцаву канверт. Ад імя Мураўёва.

Агент, хоць і казаў, што грошы не галоўнае, канверт усё ж узяў з ахвотаю, прыгнуўся:

— Дзякую, шчыра дзякую яго правасхадзіцельству. Перадайце яму: быў, ёсць і буду "гускі патгыёт!"

Зайцаў хацеў ужо "цёпла" развітацца з ім, ведаючы, што нічога перадаваць Мураўёву не будзе: таму не да іх, псоў-агентаў. Але нечакана найбольш інтэлігентны з усіх агентаў Кубыльцаў не проста здзівіў, а ўразіў: лічы, кінуўся, схапіў яго руку і зацмокаў у яе. Зайцаў ажно адхіснуўся; тутэйшы мужчына, нават просты селянін да адмены прыгону так не рабіў, мог зняць перад панам шапку ці, калі вінаваты, бухнуцца на калені, але каб так? Гэта што — аддзяка за тое, што яго могуць прапіхнуць яны ў сойм вялікіх рускіх пісьменнікаў?

Зайцаў вырваў руку, махнуў ёю: ідзіце; Кубыльцаў, кланяючыся, пачаў адступаць ад стала спіною да дзвярэй. Знік за імі.

"Невысокага палёту птушкі мінскія і пазамінскія агенты, — зняважліва падумаў Зайцаў. — Усе з нейкімі хібамі, без вялікага розуму, хітрасці, спрыту, тонкасці. Драбяза. Але кожны па-свойму драпежнік. Ды нідзе не дзенешся. Няма іншых, талкавейшых, дык няхай будзе хоць такая погань. Няхай тое, што трэба, топчуць, душаць, грызуць, абплёўваюць. Без гэтага не абыходзілася і не абыдзецца. На яго не шкадавалі і не будуць шкадаваць нават вялікіх грошай".

 

Праз некалькі дзён да Зайцава пад канвоем прывялі юнака — высокага, танклявага, русавалосага, пабялелага, з даволі прыгожым, але чымсьці непрыемным, нейкім лісіным тварам, з застылым у вялікіх упалых вачах страхам. У мундзіры чыноўніка ніжэйшага класа. Ён адразу ж пазнаў яго па здымку: Новік, любімец Дуніна-Марцінкевіча і Манюшкі. Той, што цяпер, са слоў "Графомана", мітусіцца-бегае. Пакуль яго падводзілі, Зайцаў гадаў: а як паводзіць сябе і ў Вільні, і тут, у Мінску, ён намагаўся кожнага па-свойму заманіць у сваю павуціну.

Канваірам махнуў рукою на дзверы: пакіньце нас удвух. Тыя не маглі не паслухаць.

"Напалоханы і вельмі. Нават у перапудзе, у паніцы ад арышту, — вылічваў-думаў. — Дык што — яшчэ настрашыць? Загнаць у кут? Бадай, не. Можа ўперціся, зацяцца. Тым больш, што падумаў ужо, як выкручвацца. Але паколькі самавалоданне слабое, вельмі хоча жыць, то трэба падабраць іншы ключык. Да таго, што яму дорага".

— Прашу, сядайце, — як амаль заўсёды, "ветліва" запрасіў ён. — Мне будзе вельмі прыемна пагаварыць з вамі, маладым чалавекам ці, як у вас кажуць, хлопцам, хлапчынам, — пасля паўзы, — ... дзецюком.

Той сеў. Нерваваўся, пакусваў ніжнюю губу; кулакі на каленях, і яны падрыгвалі.

— Вам, юнача, сказалі, што я палкоўнік ахранкі?

Той адмоўна пакруціў галавою.

— Так, я ёсць палкоўнік. Прыехаў сюды з Вільні расследаваць, хто і як браў тут удзел у мяцяжы. Адпаведна, служба мая вымагае быць мне строгім, нават неміласэрным. Зразумела, не да шчырых, сумленных людзей, а да дзяржаўных злачынцаў. Іначай я не выканаю свайго абавязку, буду пакараны. Як і кожны на маім месцы.

Новік апусціў галаву, слухаў; яго білі дрыжыкі.

— Але я не машына нейкая, а чалавек, — павёў сваю лінію Зайцаў. — Як і вы, юнача, маю душу, свае ідэі і ідэалы. Вось да мяне прывялі вас. Я не хачу спяшацца запытаць, за што арыштавалі, патрабаваць адказаць, як вы паводзілі сябе ў час мяцяжу. Я найперш хачу пагаварыць з вамі як старэйшы чалавек з маладзейшым, як бацька з сынам. Сын... — Заміргаў павейкамі, а потым і (сам здзівіўся) заплакаў. — I ў мяне быў сын. Старэйшы за вас, афіцэр. Прыгожы, разумны, у яго магла быць бліскучая ваенная кар’ера, але, бядача, паў смерцю храбрых на нядаўняй Крымскай вайне. За цара нашага і за Айчыну мілую.

Дастаў з ніжняй кішэні пінжака хустачку, выцер слёзы, бачачы, што ягоныя слёзы ўразілі Новіка.

— Вы, юнача, мабыць, падумалі: а які ўсё ж слабак жандарскі палкоўнік з Вільні, які мог бы быць цяпер тут "извергам" — ліхадзеем, нягоднікам, вылюдкам, катам над лепшымі людзьмі краю. Кажу ж, і я чалавек, дык не вытрымлівае вялікай страты, гора, бацькоўскае сэрца, — і нечакана перавёў гутарку на іншае, на тое, што трэба гэтаму Новіку: — У вас, юнача, ёсць бацькі?

Той хітнуў галавою ў знак згоды.

— Думаеце, іхняе бацькоўскае сэрца не будзе балець нават ужо за тое, што вас арыштавалі, могуць прыпісаць розныя грахі і саслаць у Сібір на марненне і гібенне?

Новіка гэтыя словы расчулілі.

— Сібір, — наступаў Зайцаў, — вялікая, прыгожая, багатая, але яна ўлетку гарачая, узімку страшна халодная, даволі пустынная, ціхая... Некаторыя ссыльныя вар'яцеюць ад яе вялікасці, глушыні, дзікіх нораваў тубыльцаў. А калі яны адтуль вяртаюцца, то гэта ўжо зусім іншыя людзі. У чымсьці ўжо скалечаныя. А да ўсяго застаюцца пад назіркам паліцыі.

Зайцаў адвярнуў убок галаву, нейкі час пазіраў у акно, за якім шалела мяцеліца — белая, хоць і халодная, але прыгожая. Ды любаванне зімовым пейзажам было між іншым: ён хацеў, каб ягоныя словы запалі ў Новікаву душу, глыбока і трывала аселі там, узварушылі тое, што трэба яму.

Пасля зноў перавёў позірк на, здаецца, ужо іначай, з ваганнямі, разгубленага Новіка і запытаў свядома:

— Вы, юнача, ведаеце, што ў свой час генерал-губернатар Мураўёў, якога мяцежнікі тут празвалі "вешацелем", "душагубам", "глухой сцяной царызму", у маладосці хіліўся да дзекабрыстаў?

Агаломшыў: Новік вырачыў свае блакітныя вочы.

— Так-так, — пасміхнуўся Зайцаў. — Юнацтва! Маладосць! Хто з нас тады не быў перапоўнены летуценнямі, вальнадумствам, прагаю зменаў і пераменаў, "вызвалення народа ад ярма"?! Асабіста я зусім не асуджаю вас, юнача, калі і вы бралі ўдзел у мяцяжы, жадалі адраджэння сваёй мовы і культуры, Бацькаўшчыны! Зусім не! Святыя пачуцці, што кожную асобу робяць сапраўдным сынам сваіх бацькоў, свайго народа! Тым больш, што з вамі, ліцвінамі, беларусамі, абышліся і абыходзяцца вельмі жорстка. Адкрыта я не магу асуджаць нашую імперскую палітыку, але я ў душы спачуваў і спачуваю мяцежнікам, на допытах хачу ўсё пра ўсіх уведаць. Каб не столькі далажыць вышэйшым за мяне па пасадзе, пакараць, колькі намагаюся памагчы выратаваць светлыя галовы і шчырыя душы.

Перапыніў сваю казань, нібы між іншым, а на самай справе пільна назіраў: а гэта як успрымае юны нацыяналіст?

— Вось цяпер, ведаю, тут не столькі цэнтр, колькі той-сёй з паўстанцаў перабег сюды, хоча прадоўжыць мяцеж. Мне, юнача, не трэба нічога ў вас ні пытаць і нічога вам не тлумачыць: мяцеж задушаны. Зноў жа, часамі вельмі нелітасціва, агнём і мячом. Такая ўжо логіка вайны. Логіка барацьбы за цэласнасць імперыі. I яны, імперыі, паверце мне, чалавеку дасведчанаму, усе і ўсюды так робяць. Не толькі вам, але і мне гэтага не змяніць. Бо іначай і мяне аб’явяць здраднікам, самае малое пашлюць пазнаёміцца з Сібір'ю.

Зайцаў яшчэ пільней зазірнуў Новіку ў вочы, яшчэ раз агаломшыў, але ўжо іншым:

— Скажыце, што цяпер для ацалелых мяцежнікаў лепш: працягваць сваю барацьбу, гінуць самім і цягнуць на эшафот іншых? Самім усё сваё падрэзаць пад корань? Альбо здацца, але заслужыць высокія міласць і дараванне, жыць, вучыцца, працаваць, ствараць сем’і і паволі для сваёй святой справы збіраць новыя сілы, каб у новы, зручны час падаць голас пра свой заняволены народ, пра сваю загубленую краіну? — Патрос рукой далоняй уверх. — Што, юнача, дружа мілы, лепш?

Новік ад пачутага ажно разявіў рот: зусім не чакаў такога ад палкоўніка-жандара, каго ўжо загадзя ненавідзеў толькі за тое, што ён з ахранкі.

— Скажыце, як назваць сёння завадатара мяцяжу, які па-ранейшаму пад­бівае свой люд на змаганне? — уцешліва наступаў Зайцаў, прадчуваючы сваю ўдачу. — Каму ён цяпер вораг? Ужо не яму, свайму люду? Не яго найсвятлейшым марам?

Новік быў анямелы, а значыць і маласвядомы, паддатны. Ужо ў павуціне.

— Мы ўсё пра яго ведаем, — Зайцаў ціхенька, каб не скінулася здра­нцвенне ахвяры, "падцягваў" яе да сябе. — А вы што-небудзь чулі пра яго?

— Чуў, — нібы ў гіпнозе адказаў Новік.

— Яго прозвішча? — паўшэптам запытаў Зайцаў.

— Каліноўскі.

— Імя?

— Кастусь.

— Сапраўдныя?

— Сапраўдныя.

— I дзе ён, па-вашаму, цяпер?

— У Вільні.

"Як? — ледзь не ўсклікнуў Зайцаў. — Не тут, а ў нас, пад носам?" Але паасцярогся, каб не вывесці ахвяру амаль са сну.

— I псеўданімы-клічкі яго ведаеце? — пытаў усё тым жа, адным, без маленечкай змены тонам. — Нават самыя новыя? Яго паролі? Яўкі?

— Ведаю.

— Якія былыя яго псеўданімы?

— Хамуціус.

— А хто, па-вашаму, "Яська-гаспадар з-пад Вільні?"

— Гэта ён.

— А які яго апошні ці адзін з апошніх пароляў?

— "Жыве Беларусь!" Адказ: "Жыве!"

— А які цяпер яго псеўданім?

— Вітажэнец.

— I дзе ён хаваецца ў Вільні?

— У Святаянскіх мурах.

— Дзе-дзе?

— У Святаянскіх мурах.

— З якога часу вы знаёмыя з ім асабіста?

— З верасня мінулага года.

— А калі бачыліся самы апошні раз?

— Зусім нядаўна. Перад новым годам.

— Сам-насам?

— Сам-насам.

— Але ж ён вельмі асцярожны, да сябе дапускае блізка толькі лічаных людзей.

— Мне ён верыць.

— Значыць, за вас хтосьці паручыўся. I не проста абы-хто, а той, хто добра ведае Каліноўскага і каго той даўно знае. Хто гэты паручэнец?

— Аскерка.

— Міхаіл Андрэевіч?

— Ён.

"Гэтага Аскерку, што гуртаваў паўстанцаў у Магілёўскай і Мінскай губернях, схапілі летась на пачатку лістапада. Упарты, не толькі пра сябе, але і пра нікога іншага нічога не хоча гаварыць. Не толькі пра "дыктатара", але нават і пра самага радавога. Цяпер, калі сутыкнем яго лоб у лоб з Новікам, расколем, як арэх".

— Вы сувязны Каліноўскага?

— Сувязны.

— А дзе вы і як першы раз сустрэліся з ім у Вільні?

— На кватэры нашых агульных знаёмых. Ямантаў. Марыся Ямант Кас­тусёва нарачоная. Тады Аскерка назваў маё прозвішча, але Каліноўскі не назваўся. Распытваў мяне пра мае два-тры апошнія гады, а пасля сказаў, што верыць Аскерку — значыць, верыць і мне. Накіруе мяне сваім эмісарам у Магілёў. Расказаў, што і як там рабіць. Але спачатку, каб, можа, і праверыць, паслаў у Пецярбург замовіць там пашпарты для яго мінскіх давераных Ляскоўскага і Свентаржэцкага. Праз тыдзень я вярнуўся і зайшоў да Ямантаў. Там зноў быў Каліноўскі, а з ім і дочкі Яманта, Мілевіч, Далеўскі. Каліноўскі выслухаў мяне, пахваліў, моцна паціснуў руку, даў 150 рублёў.

— Гэта грошы на новае заданне?

— Ехаць у Магілёўскую губерню і абуджаць прыхільнікаў.

— I даў вам свае паролі, яўкі?

— Даў.

— Дык цяпер вы ехалі туды па яго заданні і ў Бабруйску вас перахапіла ахранка?

— Так.

— А хто, па-вашаму, мог выдаць вас, як бачна па ўсім, спрактыкаванага канспіратара? Можа, тыя, хто быў тады на кватэры ў Ямантаў?

— Не ведаю.

"Ох, Яманты! Ох, дзеванькі! Ох, Марыська — нарачоная верхаводы-дыктатара! Вы і думаць не думаеце, што вас хутка чакае!"

Зайцаў адкінуўся на спінку. I хоць ад пастаяннай доўгай у Вільні і тут седатні ў час допытаў балелі палавінкі клубоў, усё ж задаволена скрыжаваў рукі на грудзях, усміхаўся-цешыўся. Калі ўсё яно так, то гэта — велізарны яго поспех. Пахвала, слава яму. Ды гэта — не галоўнае. Важнейшае іншае — генеральскае званне, найменне "ваша правасхадзіцельства" забяспечаная старасць.

Не чуючы яго голасу, Новік ачнуўся і зноў закусаў губу, вырачыў па яблыку вочы. Але па-іншаму ўжо: што і чаму я нагаварыў? Здранцвенне, анямеласць змяніліся адчаем, жудасцю. Зайцаў цяпер мог пахмыльнуцца з яго, мала­патрэбнага цяпер яму, але не дапусціў гэтага, падняўся, падышоў, ашчаперыў галаву далоньмі, разоў пяць пацалаваў у халодны лоб, шчокі:

— Сынок! Які ты малайчынка! Ты выратаваў не толькі сябе, але і, канечне ж, любімага Кастуся Каліноўскага! Свой люд! Сваю будучыню!

— Каліноўскага не расстраляюць? — абмякла запытаў абцалаваны.

— Не. Але яго будуць судзіць. Калі ён пакаецца, то прысуд можа быць мяккі, — "супакоіў" Зайцаў. — А цяпер, даражэнькі, я загадаю смачна пакарміць вас, даць вам паспаць, адпачыць, супакоіцца. А пасля мы працягнем нашую сяброўскую размову, і вы падрабязненька раскажаце мне ўсё, што ведаеце і пра Каліноўскага, і пра іншых мяцежнікаў. Лады?

Новіка трэсла. Як пры страшнай нервовай хваробе.

— Вазьміце сябе ў рукі, — "прасіў" Зайцаў, гладзячы таго па худой спіне і зноў гаворачы паўшэптам з тым жа тонам. — Не асуджайце сябе. Вы не здрадзілі Каліноўскаму, вашай святой справе. Кажу ж, вы споўнілі вялікую місію паратунку. Разумныя людзі вас зразумеюць, не асудзяць. А бацькам будзе радасць, што вы будзеце жывы і здаровы.

— А мяне не асудзяць? — Новік зноў стаў паддатны.

— Што вы! Я, юнача, буду стаяць за вас гарой! Калі і асудзяць, то толькі сімвалічна. Для ўроку іншым. Вы ж дваранін?

— Са шляхты. Але з небагатай. У нас нават пакаёўкі няма. Усё сама робіць мама. Тата — мінскі паштовы служачы.

— Але ведаюць пра слаўныя шляхецкія часы Вялікага Княства Літоўскага?

— Помняць.

— Яны ведалі, што вы з мяцежнікамі?

— Здагадваліся.

— Натхнялі?

— Не. Адгаворвалі.

— Разумныя ў вас мама і тата.

Цяпер слова "юнача" не называў: яно, звернутае да яго, магло вывесці яго з такога пакорлівага стану.

— I я з небагатых дваран. А ў нас, дваран, быў і будзе свой кодэкс гонару. Таму не хвалюйцеся, мы паспрыяем вам. Па пратэкцыі, падмозе далёкіх матчыных родзічаў вы закончылі Мінскую гімназію, паступілі ў Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе прыхінуліся да сваіх землякоў, "свядомых ліцвінаў", а пасля пакінулі вучобу і прыехалі сюды, каб далучыцца да паўстанцаў (слова "мяцежнікаў" паасцерагаўся назваць). Павальнадумнічалі, хопіць. Цяпер, любы ты мой, самы час сур’ёзна падумаць пра жыццё, свой лёс. Трэба працягнуць вучобу, набыць адукацыю, прафесію і працаваць-працаваць на карысць справы, сабе на дастатак і радасць. А цяпер чэп-чэп да стала, у ложак, набірацца сіл і духу. Наперадзе ў нас з вамі яшчэ нямала работы.

Пасляслоўе

Новіку, сапраўды, падрыхтавалі багаты стол, дазволілі па-панску паесці, паспаць, хоць яму, знерваванаму, нічога не лезла ў рот, а пасля не ўдалося нават заплюшчыць вочы.

Пакуль ён яшчэ звешваў галаву над талеркамі з ежай, Зайцаў ужо даў тэлеграму ў Вільню са звесткамі пра Каліноўскага. У гэты ж дзень квартал, дзе той жыў, ачапілі дзве роты салдат, паліцыя, высокія чыноўнікі. На ўмоўлены стук у дзверы Каліноўскі адчыніў іх, трымаючы ў руцэ запаленую свечку. "Вы хто?" — "Ігнат Вітажэнец" — "Вы якраз нам і трэба". Каліноўскага арыштавалі.

Пазней будзе пазначана: "Несмотря на все усилия членов комиссим, им не удалось отторгнуть от Калиновского подробного показания о личностях, составляющих революционную организацию края", цяпер, калі чытаць тыя дакументы, відаць: ён, калі і называў чые імёны, дык толькі тых, хто загінуў у баях ці каго ўжо расстралялі альбо павесілі. Ратаваў жывых на жывое. Цярпеў вялікія знявагі, абразы, ведаў, што чакае немінучая расправа, але, здаецца, найбольш думаў пра Бацькаўшчыну, родных і Марыську, з якімі бачыў сваё шчасце. Калі меў няшмат, але страшных бяссоных начэй, вылічыў таго, хто выдаў і не толькі яго. Ды на допыце сказаў усё ж безыменна: "Одному только лицу (канечне, малазнаёмаму) открыл я настоящее имя свое — и попался". Мужны, высакародны, ён не дазволіў сабе перад смерцю адпомсціць нават прадаўцу-юду, не назваў і яго імя. Каліноўскі не прыйшоў помсціць; ён прыйшоў паспрыяць родны люд падняць да народа, край — да краіны, дзеля чаго зусім не пашкадаваў свайго маладога жыцця.

Новіка "за строгим караулом" (па тэлеграме самога генерал-губернатара) адправілі ў Вільню, там яго смачна не кармілі і не давалі разлежвацца, трэслі, як грушу, і ён выдаў усё, што хоць адзіны раз пабачыў і пачуў ды з выключнай памяццю пра паролі, яўкі, імёны. Выкрываў усё і ўсіх на вочных стаўках — праўда, на волю прасачылася звестка, што і як ён учыніў. Прасіў міласці і даравання, кляўся адрачыся ад каталіцтва, прысягнуць на вернасць цару і імперыі, плакаў, біўся ў ліхаманцы, але ніякага Пецярбургскага ўніверсітэта ўсё роўна не пабачыў, па волі Мураўёва яго адправілі ў Томскую губерню, дзе ён змяніў веру, з Новіка стаў Новікавым, пісаў і пісаў пакаянныя, слёзныя лісты, каб яго вярнулі ў цэнтральную Расію. Выехаць з Сібіры яму дазволілі толькі ў 1879 годзе; у Вільні, Мінску, Магілёве яго не бачылі; можа, увогуле на Бацькаўшчыне, якой ён выракся і якую прадаў, пракляў, не асмеліўся паказацца, туляўся-тунькаўся недзе ў іншых мясцінах (яго сапраўднае прозвішча, як і ягонага "дабрадзея" Зайцава, тых мінскіх тайных агентаў-асочнікаў беларускасці зусім іншыя, але не хочацца іх называць, лепш сцерці з памяці).

Зайцаў застаўся ў Мінску і 17 сакавіка даслаў у Вільню вялікую справа­здачу "Аб адкрыцці рэвалюцыйнай арганізацыі ў Мінскай губерні". Па яго вялікіх паўнамоцтвах, пры яго "ветлівасці", "слёзах", "шчырых спачуваннях і пацалунках" арыштуюць 89 чалавек, секвеструюць (лічы, адбяруць) 28 маёнт­каў у ненадзейных заможных гаспадароў, да ўсяго ён прыкладзе важкія до­казы  — скажам, паўстанцкія пячаткі начальніка Мінскага ваяводства, ваяводскага камісара, начальніка горада Мінска, начальніка Мінскага павета, бюро Мінскага ваяводства.

Мінскія жандары доўга будуць помніць, успамінаць яго паміж сабою як "езуита", "кровопийцу": нямала крыві папсаваў ён і ім, бо многім перашчыкнуў рух па службе, да вышэйшых пасад і тлусцейшага кавалка.

Трайны агент

Пасля таго, калі палкоўнік Зайцаў на пачатку года з’ездзіў у затоены Мінск, прабыў там некалькі не толькі месяцаў, а часам ужо нясцерпных дзён і прывёз сюды, у Вільню, самому Мураўёву даклад, што выкрыў у Мінскай губерні ўсе патаемныя антыдзяржаўныя суполкі, арыштаваў усіх падазроных, пазабіраў у бунтоўных памешчыкаў маёнткі, набыў розныя сакрэтныя паўстанцкія паперы, знакі і, галоўнае, зусім лёгка натрапіў на віленскі след завадатара мяцяжу Каліноўскага, — дык вось пасля ўсяго гэтага ён чакаў адпачынку. Стаміўся ад сваіх допытаў і ўпіранняў, хітрыкаў, маны, ад слёз і прызнанняў соцень арыштаваных бунтоўшчыкаў, ад сваёй злосці, якую ўвесь час трэба было хаваць ад сваёй гульні, хлусні, ад вялікай павуціны, якую плёў і плёў кожную хвіліну і ў якую завабліваў сваіх ахвяр, каб заблытаць іх, усё выпытаць і вызначыць, каму што — вісельня ці расстрэл, высылка ў Сібір або пад тайны назірк тут. Нават і за тое, што хоць і не браў у рукі вінтоўку, а толькі даў акраец хлеба ці словам паспачуваў паўстанцу.

Ды не ўдалося насалодзіцца спакоем і моцным сном: не адпусцілі са службы. Не столькі генерал Весяліцкі, старшыня камісіі, што расследавала мяцеж, колькі сам Мураўёў. Нідзе не дзенешся, падпарадкаваўся. Тым больш, што была радасць — давер, пахвала, абяцанак новага чыну і выгод. Маладзейшыя саслужбоўцы глядзелі на яго з захапленнем, як на героя, хто адзін зрабіў больш за ўсю мінскую жандармерыю, старэйшыя і аднагодкі — хто з павагай і зайздрасцю, а хто з нянавісцю як да самага выбітнага з іх: менавіта ён, адзін без рот салдат і гарматаў дабіў мяцежнікаў. Саслужбоўцы ведалі, як гэтага дамогся, бо спазналі за доўгі час яго характар: ён і з імі гуляў, ні з кім не шчыраваў і нікога не шкадаваў, мог з усмешкай аддаць на згубу, за што яго за вочы абзывалі "мерзавцем из мерзавцев". Але не мяняўся і не думаў мяняцца, яшчэ болей раздвойваўся, што часам сам разгубліваўся: а дзе, у чым ён сапраўдны? Радня лічылася з ім, той-сёй дзеля сваёй карысці ліслівіў, але амаль усе баяліся і, значыць, у душы ненавідзелі; некалі прыгожая, гарэзная жонка, дачка яго былога шэфа, якіх ён зачараваў "приличными манерами", трапіўшы ў сямейнае павуцінне, спакваля пачала задыхвацца, знясільвацца і вар’яцець, ведучы па гэтай сцяжыне і дачку; сын-афіцэр загінуў на вайне, і ён, бацька, неаднойчы спажываў сынаву пагібель для свайго поспеху.

Зайцаву, калі нядаўна сутыкнуўся з мяцежнікамі ў Мінску на допыце, цюкнула ў галаву: мала, зусім мала разбірацца з тым, што і як было тут, у краі, летась ды сёлета, трэба і мусова зазірнуць у сталічныя, пецярбургскія архівы за некалькі гадоў да паўстання: там, канечне ж, можна знайсці, бадай, і невялікае, але вельмі значнае пра тое, як ажыўляліся зламысныя парасткі яго, гэтага паўстання. Так, паўстання, бо гэта — не проста выбух гневу, гэта — прага палякаў, літоўцаў, беларусаў да сваёй волі, што "чревато". Генерал Весяліцкі адмахнуўся: на чорта нам корпацца ў архіўным пыле, тут хоць бы як след разабрацца з цяперашнім. "Разабрацца" — найперш бойка, самапа­хвальна дакласці Пецярбургу пра кіпучую, пераможную работу яго камісіі. Ленавата, абыякава паслухаў яго і Мураўёў, зморшчыўся і ўскінуў не на плечы, а на плячук іншае, па-ягонаму вельмі важнае, а на справе драбязу, што па сіле малодшым чынам жандармерыі — нейкія праверкі-пераправеркі таго, што нашкрэбалі віленскія следчыя. Зайцаў, гуляючы і з Мураўёвым, загаварыў пра тое, што трэба "глубже изучить вопрос", "пресечь подобное на будущее", а пасля, бачачы, што той спяшаецца паслаць свой хвалебна-пераможны даклад у сталіцу, пачаў абразумліваць, спакушаць графава самалюбства: зусім нелішне паглядзець, а што і як чыніў тут ранейшы генерал-губернатар, ці не правароніў той польска-беларуска-літоўскае "брожение умов" і "подготовку мятежа". Мураўёў адразу скеміў, што, прынізіўшы папярэдніка, ён можа выйграць і ў вачах царскага двара, і ўсіх імперскіх сілаў. Мігам перажаваў "пачутае", задаволена пасміхнуўся: "А вы, любезный наш, не простой, а интриган большой!" — "Ради вас, ваше превосходительство", — нахіліўся ў нізкім паклоне Зайцаў, "выяўляючы сваю адданасць" валадару краю. І яму, Зайцаву, каб не надта ведаў генерал Весяліцкі, Мураўёў даручыў запрасіць патрэбнае дасье з Пецярбурга, на ўсіх тутэйшых, найперш на былых і цяперашніх студэнтаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, а таксама і інжынераў і некаторых вайскоўцаў. "Копай, любезный. И поглубже. Вырой такую яму, чтобы в нее свалить если не всех полячишек, то белорусцев. Этих надо навечно закопать, дабы мы напрямую вышли к Польше и Европе".

"Дурнота, і вялікая, — і раней, і цяпер мог сказаць Зайцаў, — беларусцы нам патрэбныя як буфер, як наш эксперымент над малымі народнасцямі, як козыр геапалітыкі. Іх, не ўсіх, а некаторых, самых адданых, паслужлівых, трэба пакінуць, аберагаць, падкормліваць, каб яны сталі нашай падпіткай". Але ўголас такога цяпер абачліва не сказаў: нечалавечая зараз лютасць на палякаў, літоўцаў, беларусаў, а таксама і на Украіну. Іх усіх ён бачыць толькі пад магільнай плітою.

Дурань. Такое не вынішчыш і за стагоддзі. Калі ёсць хоць адзін іх пісьменнік. А ў беларусаў ёсць такі. І здольны. Дунін-Марцінкевіч. Яго не падкупіш і на нейкай дробязі не вельмі падловіш. Толькі можна затыкнуць яму рот: не надрукаваць яго беларускія творы. Гэта значыць — яшчэ стражэй забараніць беларускую мову.

Дунін-Марцінкевіч і іншыя — вялікі клопат. І ў далёкай будучыні. Але няхай гэтым ужо займаюцца іншыя. Яму, Зайцаву, цяпер трэба злізваць з гэтай Перамогі самае смачнае. Уголас гэтага нікому не скажаш, нават жонцы, якая можа начаўпсці іншым. А на тое, што плявузгаюць "пра чорную душу", "пра кроў і слёзы лепшых сыноў тутэйшага краю, якіх загубіў", яму напляваць. Ёсць свая вабнасць у тым, што ён сапраўды крывапіўца, што іншыя, разумнейшыя і дабрэйшыя, яго ахвяры, чарвякі перад ім. Каго захоча, таго і растопча. Улада ягоная цяпер вельмі вялікая. Як ніколі. Трэба быць олухом царя небесного, каб не паўпівацца ёю, каб нечым тайна не падпарадкаваць нават Мураўёва, не паставіць сабе на службу Пецярбург, які ўгодліва дазваляе яму ўсё! Абы "закрыл польско-литовско-белорусский вопрос"! Закрые! Не горш за Суворава са штыкамі ды за Мураўёва з гарматамі, якімі ён спапяляў цэлыя вёскі...

Цешачы сябе сваімі патаемнымі думкамі-развагамі, Зайцаў спакойна, удумна перачытаў сотні прысланых з Пецярбурга спраў, дзе на чысценькай казённай вокладцы красаваўся горды двухгаловы арол, менавалася справа, а ў папцы ляжалі хораша напісаныя чарнілам, што ніколі не выцвіце, дбайна падшытыя паперыны — даносы, пратаколы, даведкі, заключэнні, што сведчылі: была беларуская мова, культура, гісторыя, дзяржаўнасць, і пра гэта некаторыя, каму яму яшчэ як след не апаласкалі мазгі, каму не затуманілі розум, ведаюць, ганарацца і спрабуюць гэта ўсё аднавіць. Як кажуць тут, "усё яшчэ бруіцца крынічка пад каменнем і пяском..."

Зайцаў уважліва перачытаў серыю спраў "О революционном духе народа в России" за 1862 год, тое-сёе адабраў у іхнюю цяперашнюю справу "О беспорядках в Царстве Польском и западных губерниях", дзе, канечне ж, збярэцца не адна сотня папак і дзе будзе "осветлён вопрос", апісана, як трэба ў люду, што хоча быць народам, вырываць язык, нішчыць ягоную памяць, свядомасць, будучыню, рабіць яго "ветвью"...

Усеўшыся, як хіхікалі незычліўцы, "жалезным задам" на сваё цвёрдае крэсла і ўнурыўшыся ў паперы, завочна пазнаёміўся з сотняй тайных агентаў, што адсочвалі тутэйшыя нацыянальныя настроі, і па почырку, складзе напісанага пазнаваў, хто верны як пёс, але тупагаловы, хто прадажны ці вельмі хітры, а хто, як ягоныя жонка ды дачка, хворыя на галаву. За шмат гадоў ён навучыўся "бачыць" і "чуць" паперы, почыркі, напісанае. Ясна, бывае настолькі цікава, пазнавальна, настолькі і сумна, нават нудотна, што і яму, жалезназадаму, часамі хочацца завыць ад казённай руціны, тупаць нагамі, трэсці перад сабой кулакамі і скрыгітаць зубамі ад варункаў іхняй службы не толькі з прыстойнымі людзьмі, а і з розным быдлам — п’яніцамі, зайздрос­нікамі, прадажнікамі, ахвотнікамі да лёгкага хлеба, чые хібы можна і трэба спрытна спажыць ім, жандарам, хоць у душы і ненавідзіш брыду.

Міжволі затрымаў у руцэ паперчыну з дасье 1861 года на аднаго тайнага агента. Лісток, почырк на ім былі яму вельмі знаёмыя. "Письмо неизвестного за подписью Владимир от 10 августа". Подпіс гэты зрабіў яго памочнік, а лісту сапраўды невядомага ім Уладзіміра даваў ход ён, а пасля па волі былога генерал-губернатара паслаў яго, вось гэты ліст, у Пецярбург.

Яшчэ не чытаў, а ўжо, маючы выключную памяць, прыгадаў: "ваш покорный слуга Владимир" быў малады чалавек, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, на чымсьці ў сталіцы яго падлавілі, і ён стаў платным агентам ахранкі, пачаў віжаваць за сваімі землякамі з гэтага краю. Так-так, тады той віж прыслаў ліст віленскаму паліцмайстру, сам вельмі ахвотна падмеўся выдаць у Мінску, Гродне, Коўне, Вільні тутэйшыя зямляцкія "тайные общества", дзе той-сёй — так-так, Зайцаў зазірнуў у ліст, — са шляхты "по крестьянскому делу", і "возвращенных из Сибири" (пасля мяцяжу 1830–1831 гадоў), мінска-коўна-віленскіх студэнтаў замышляе антыдзяржаўнае. Канечне, тут, у Вільні, гэтым данослівым лістом вельмі зацікавіліся, хуценька паказалі яго нават самому генерал-губернатару Назімаву. той прачытаў і абурыўся: "Однако же какой нахалюга и подлец!" Рэч у тым, што "покорный слуга" не проста з-за адданасці веры, цару і Айчыне хацеў шчыра памагчы ім, а патрабаваў узнагароду і пры гэтым цанаваўся, тузаўся, прыпалохваў: "В случае ежели вы мне откажете, я буду пробовать счастья в Петербурге". Назімаў абурыўся, але ж... "сволочь, да наша", паразважыў і вырашыў, што трэба паслаць нягодніку на яго тайны адрас і прозвішча задатак, а ягоны ліст — у Пецярбург, у Трэцяе аддзяленне, няхай яны, галоўныя імперскія адсочнікі, самі разбіраюцца, што за птах такі гэты прадажнік, шукаючы грашовае шчасце тут, у правінцыі.

Натрапіўшы цяпер на гэты ліст, Зайцаў і цяпер, як кажуць паляўнічыя, ваўчыным нюхам учуў уежлівы след, што можа вывесці на вялікую здабычу. Ён папрасіў у Пецярбурга даслаць яму ўсё, што датычыць справы "покорного слуги Владимира". Толькі шпарка-шпарка, з нецярпеннем пагартаў новыя прысланыя паперы, зазірнуў на апошні сказ на іх... ахнуў, бадай, упершыню ў жыцці мацюкнуўся.

Ён зразумеў кожнай жылкаю: тады, у 1861-м, азнаёміўшыся з дасланымі імі, віленцамі, дакументамі, сталічныя жандары-фанабэрнікі, як гусакі, ускіпелі-зашыпелі больш за Назімава на свайго платнага даносчыка, адразу ж схапілі таго за каршэнь: "Ты что, сволочь? Трехглавый змий? С полячишками н белорусцами? С нами и еще втайне для себя на стороне приторговываешь? Позоришь нас перед губернией, перед сундуками?" Карацей, завялі на яго іншую справу, а прынесеныя ім новыя паперы аформілі як тайна хаваныя ім, абвінавацілі ў антыўрадавасці і патурылі яго этапам у архангельскую глушэчу да мядзведзяў і камароў. Пстрыкаўся, канечне: я ж — ваш! Ну, памыліўся, каюся, даруйце. Клянуся: буду служыць яшчэ болей верна.

Не даравалі, пазбавіліся ад гнюсніка. Не, Зайцаў ахнуў не ад таго, што вось так несправядліва пацярпеў паслужлівы ім віж, чорт з ім, замест аднаго здрайцы будзе дзясятак яшчэ больш здрадлівых. Накінуць на іх ашыйнік зусім лёгка — за пасады і грошы многія могуць і бацькоў родных прадаць, а не толькі сяброў, сваю мову, радзіму. Зайцава ўразіла іншае, недаравальна дурное, што ўчынілі пецярбургскія напышлівыя гусакі. Міжволі яны...

Зайцаў загарнуў лёсаносную папку, патрымаў яе ў чамусьці раптоўна запацелых руках, пасля паклаў на стол, што прапах архіўным пылам, і падняўся, натужліва падышоў да акна, па любімай сваёй звычцы падважыў цяжкі жывот складзенымі далоньмі, павагаўся на дыбках хромавых ботаў і спеўна замармытаў:

— Гм-гм-гм...

Ён яшчэ і сам не ведаў, што такое ягонае гэтае "гм" — навіна, што ён адкрыў і цяпер падступаўся абдумаць, у думках мацаў, ціснуў, камячыў, абшчыкваў "езуицким" чуццём. Адчуваў: з гэтага "дельца" можна раздзьмуць вялікае дно.

"Однорукий садист", Весяліцкі, можа і павінен урэшце апынуцца поўным дурнем на задвор’і. "Аднарукі садыст" — гэта па іхніх, жандарскіх, пацешках за тое, што генерал сапраўды аднарукі, але кат з катаў: арыштаваных мяцеж­нікаў, іхніх памагатых, нават спачуваючых не столькі разумна дапытвае, а б’е неміласэрна, адзіным кулаком выбіваючы прызнанне. Многім наляпіў сінякоў, выбіў зубы, пераламаў рэбры, пусціў кроў, а сам пераўтвараўся ў мясніка-секача, ды так, што на яго агідна глядзець. "Пускай бьет, выбивает из непослушных всю дурь", — усхваляе Мураўёў.

Не толькі ліхадзейства, але і злачынства, канечне, судзіць трэба за катаванне. Ды яно ж для веры, цара і Айчыны. Праўда, як расказалі яму, і мардоўна не скарыў на сваім "допыце" з заламанымі за паясніцу і звязанымі рукамі Каліноўскага. Абражаў, здзекваўся, тоўк-малаціў акрываўленым кулаком, перабіў нос, ссінячыў, выбіў пярэднія зубы, твар зрабіў месівам, а знявечаны Каліноўскі ніяк не адступіўся ад свайго, нікога жывога не назваў, з апошняе сілы агідліва плюнуў крывёю Весяліцкаму ў вочы: "Кат! Імя тваё, як і Мураўёва, будзе навек клятае! Мураўёва — і на яго радзіме, у Масковіі! Вас і там лепшыя людзі назавуць душыцелямі, вешацелямі. Вы, псы-ганчакі, набіваеце сабе цану, подла прыпісваеце нам нянавісць, варожасць да Расіі. Я, як і іншыя, не вораг ёй, я больш за вас люблю рускую мову. На рускай мове атрымаў вышэйшую адукацыю, пазнаў сусветную культуру. Маю там шмат аднадумцаў і сяброў. Але я ненавіджу там і тут тупых і жорсткіх, вашу дурную ўладу, якой рана-позна будзе канец. Я — за незалежную нашу старажытную Літву! Ці, як ужо многія кажуць, за нашу Беларусь! Як вы не высільвайцеся, нас не знішчыце! Устоім! Выжывем і ў створаным вамі пекле! Будзем народам! Дзяржаваю! І даможамся, што ў нас будзе не народ для ўрада, а ўрад для народа!"

Весяліцкі выцер (абмазаў крывёю) твар і адступіўся: такога бі, забі, але пакаяння ад яго не даб’ешся. У яго такая сіла, што яе не пераможаш. Яе можна толькі знішчыць. Куляй ці пятлёю. Па-свойму пераможаны, зганьбаваны, Весяліцкі пабег да Мураўёва, пачаў апраўдваць сваё бяссілле. Той зірнуў на яго з прыкрасцю, але каб не дапусціць сваёй слабасці, загадаў: "Никаких разговоров! Расстрелять! Всю ответственность беру на себя! История меня, "душителя-вешателя", и осудит, и оправдает! Такие, как мы с тобой, генерал, всегда будем нужны! Если даже будем и охаяны! Бей! Бей! Выбивай все, делай их тупыми и послушными! Они не нужны нам умные и образованные, сознательные! Они должны стать для нас рабочим скотом! Благодарите нас, господ, за свой же кусок хлеба, за нашу маленькую милость!"

Каліноўскага не расстралялі. Павесілі.

І зноў жа гэты малады, адукаваны, яшчэ нежанаты (была ў яго каханая) чалавек не збаяўся кары смерці: ішоў да вісельні горда, дапытліва ўзіраўся ў сагнаны, а таксама цікаўны натоўп. Ці вышукваў позіркам сваіх, ацалелых ад арышту, ці хацеў угледзець жаданую будучыню. На эшафоце назвалі дваранінам — адмахнуўся: няма ніякіх дваранаў, усе мы людзі як людзі роўныя! Мураўёў на гэта сказаў так: "Наивный глупец с какими-то социалистическими бреднями, но личность! Надо приложить все усилия, не допустить, дабы он стал национальным героем для белорусцев. Его надо сделать врагом своего же народа!".

І на гэтым Мураўёў не суцішыўся, чагосьці асцерагаючыся, нават баючы­ся, паўтараў і паўтараў яму, Зайцаву: "Александр Михайлович, голубчик, ты умный, придумай, что и как сделать, чтобы имя этого Калиновского не сверкало для белорусцев светящейся точкой будущего". — "Да вы, граф, уж сами и придумали, — паліслівіў ён. — Сделаем его врагом. Мол, он боролся не за свободу Беларуси, а за независимость шляхетской Польши. Это коварный удар, но точный, прямо в белорусское сердце. А для их будущего надо воспитывать анти-калиновских. Это уже задача наших чиновников, школы, церкви, газет и журналов". — "Да-да, голубчик, Александр Иванович (Мураўёў агаварыўся). Будь добр, приготовь мне секретную подробную записку. О наших действительных намерениях могут знать только наши близкие люди. А из меня они должны лепить образ патриота России и объединителя всех славян, благодетеля и хозяйственника этого края".

Пазіраючы цяпер у акно, Зайцаў аж здзівіўся: ды вясна ўжо на дварэ. Высокае блакітнае, з кучмамі белых воблакаў неба, сухія чырвона-рудыя дахі, шэрыя сцены дамоў, паўпразрыста зялёныя дрэвы, лёгка апранутыя, але на ўсякі выпадак з парасонікам у руцэ прахожыя, гучны гарадскі шум, далёкі паравозны гудок, вазок з важнай персонай...

Жыццё ідзе сваім ходам, — разважаў Зайцаў. Не, не зусім сваім, яго хочуць перайначыць розныя каліноўскія, але на іх былі, ёсць і будзем мы, ахоўнікі заведзенага ладу і ходу. І мы вечныя, хоць некаму і ненавісныя. Часам нават сваім. Як вось я. Саслужбоўцам, радні, жонцы і дачцэ. Нават часамі сам сабе непрыемны. Ды трэба несці свой крыж. Хоць бы для абранай ідэі: без яе, вялікай ідэі, кожны — толькі рабсіла, люд — статак.

Трэба ісці да Весяліцкага з дакладам ці не? Не. А да Мураўёва? Можа, напісаць адразу ў Пецярбург? Не. Самому туды вытыркацца не варта: не дужа даспадобы будзе там ягоны ліст. Няхай, спаталяючы сваю злосць, Мураўёў пашле туды запіску са сваім подпісам. Што да яе, злосці Мураўёва на Пецярбург, то гэта нікому не сакрэт: той міністрам дзяржаўнай маёмасці быў супраць адмены прыгону, пярэчыў нават самому цару ("Будзе развал імперыі, вялікай дзяржавы, падзе апора ў асобе памешчыкаў-дваранаў, а просты люд стане малазалежны"), дык цар меўся пагнаць яго ў адстаўку. Цар асцерагаўся вялікага сялянскага бунту, новага Пугачова, але не хацеў выглядаць рэтраградам перад светам: вунь у Амерыцы рабства хочуць адмяніць, а вялікая з сусветнай славянскай місіяй Расія — што, будзе ўтрымліваць яго і даваць грунт для розных рэвалюцыянераў? Калі ўспыхнула ў Польшчы і тут паўстанне, цар з радасцю сплавіў Мураўёва сюды: едзь, дабі тое, што не дабіў раней. "Не дабіў!" — тады ў думках перадражніў імператара Мураўёў: дабіў бы, але ж Мікалай I не ўсё задуманае ім дазволіў тут чыніць, лічачы, што тое-сёе запразмернае і выкліча вялікі гнеў.

Зайцаў перадаў справу на "покорного слугу Владимира" Мураўёву. Той праз некалькі дзён паклікаў яго.

Выйшаў з-за стала, ветліва сустрэў. Здаецца, шчыра паважае, цэніць за розум і паслугі. Немалады ўжо, гадоў пад семдзесят, але яшчэ жвавы, напорысты. "Старый осел", "бульдог". Апошняе — ад таго, што быў аплылы, нізкалобы, з жорсткімі валасамі, шыракатвары, з масіўным падбародкам, нібы абсечаным носам, з халодна-пранізлівым позіркам, ад чаго ў таго-сяго ажно стыне кроў, з абвіслымі па-сабачаму пасля сківіц шчокамі.

Слушай, — калі парукаліся, дабрадушна абурыўся Мураўёў, — зачем ты всучил мне дело про какого-то неудачливого агента-белорусца? Он же уже давно в ссылке. Или ему надо еще добавить?

"Не ўнікнуў усё ж. Асёл".

— Можна дадаць, Міхаіл Мікалаевіч, — як і прасіў Мураўёў, Зайцаў звярнуўся да гаспадара па-сяброўску, — а можна вызваліць і папрасіць прабачэння.

— Нават так? — здзівіўся Мураўёў, цяжка і важка ўзяў папку, апусціўся на канапу, рукой запрасіў прысесці побач. — Але ж, дружа, доказна выкрылі яго злачынства. Яркія дакументы антыўрадавага характару выявілі ў яго.

— Гэтыя паперы, Міхаіл Мікалаевіч, ён прынёс ім сам. І збіраў іх менавіта для ахранкі.

— Не разумею нічога, — прызнаўся Мураўёў. — Вельмі ж хітрамысна пляце павуціну ваша служба.

— Гэтае дасье, Міхаіл Мікалаевіч, прэцэдэнт. І вялікі. Я сказаў бы нават больш: велізарны промах пецярбургскай ахранкі, калі ўважліва чытаць не столькі жандарскія вывады, а лісты, даносы, асабліва першыя, асуджанага. У іх уся соль. Я, Міхаіл Мікалаевіч, вельмі здзівіўся, як пецярбуржцы ахвотна перадалі нам гэтую выкрывальную для іх справу! Не мы тут, а яны там, выбачайце, "сундуки!".

— Ну, дружа! — і стары Мураўёў, які шмат чаго пабачыў, чыніў, уразіў­ся. — Не тамі, патлумач атупеламу старцу свае пільныя назіранні.

— Уся соль, Міхаіл Мікалаевіч, у тым, што ніякага мяцяжу тут магло і не быць. Каб не промах пецярбуржцаў, яго, мяцеж, мог прадухіліць вось гэты студэнт-беларусец, наш тайны агент.

У Мураўёва выцвілыя, цяпер вадзяна-шэрыя вочы палезлі на лоб.

— Гэты "покорный слуга Владимир", як вы, Міхаіл Мікалаевіч, заўважы­лі, — пачаў далікатна тлумачыць Зайцаў, — мясцовы, родам з-пад Ашмянаў. Тут, у Вільні, скончыў гімназію і паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт, сустрэўся там з землякамі, сышоўся з нелаяльнымі да нашага ладу, асабліва з нацыянальна настроенымі. Праўда, сярод іх было нямала і нашых, рускіх, выкармленых на злачынных трызненнях герцэнаў ды чарнышэўскіх, а таксама палякаў і ўкраінцаў. Жыў ён, як і той жа Каліноўскі, у нястачы. Гэта і спажыла наша ахранка, падлавіла на дробязі, пагаварыла мякка і спакусіла грашыма. Вось і з’явіўся наш "покорный слуга Владимир", "Владимир Иванов". Часта прыязджаў сюды, у наш край, зразумела, па даверы "паплечнікаў", па іхніх паролях і яўках знаўся тут з апазіцыйна-настроенымі, выведваў ад іх патаемнае. Як заўважылі, якраз ён перасцярог нас, што ў красавіку 1861-га будзе тут студэнцкая зборня, пачаў пакрысе адсочваць будучых мяцежнікаў, эмісараў, такіх, як вольны слухач Маскоўскага ўніверсітэта Юльян Чаноўскі. Яго, "Владимира", спецыяльна пасылалі з Пецярбурга ў Мінскую губерню выявіць, хто і дзе піша крамольныя адозвы, і ён падаў думку, што, скажам, падбухторніцкую "Гутарку старога дзеда" мог скласці Дунін-Марцінкевіч. Сённяшнія платныя тайныя мінскія агенты, той жа вершаплёт Кубыльцаў, настойваюць на гэтым. Мінская ахранка ўзяла Дуніна-Марцінкевіча пад пільны назірк, робіць усё, каб ён не надрукаваў ні радка на беларускай мове. "Владимир" яшчэ памог выкрыць некалькіх ксяндзоў-падбухторшчыкаў, кадэта інжынернага вучылішча Мінейку, што летась валадарыў мяцежнікамі каля Ашмянаў, нелегальную бібліятэку ў Пецярбурзе...

Мураўёў слухаў вельмі ўважліва і, было відаць, яго вельмі цікавіла інтрыга з Пецярбургам.

— Увесну 1862-га, як ведаеце, Міхаіл Мікалаевіч, тут, у Вільні, палячышкі, беларусцы і жмудзіны пачалі выдаваць падпольны рукапісны часопіс "Jedność" — "Еднасць". Мы, канечне, кінуліся шукаць пісакаў, што цешылі сябе ідэяй Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага, — вёў далей Зайцаў. — І тут у чэрвені таго года трапляе нам у рукі ліст з подпісам невядомага нам "Уладзіміра", прабачце, "Уладзіміра Іванова". Уважліва чытаем. Адразу было бачна: аўтар-ананім яшчэ малады, кемны, дасведчаны ў патаемных справах зламыснікаў, але галяк. І, галоўнае, пажадлівы, без высокай маралі. Як кажуць тут, за капейку вош у Маскву пагоніць альбо родную маці прадасць. "Чуў, — піша нам, — што вы можаце даць 1600 рублёў за тое, калі хто падкажа, дзе рэдакцыя насцярожлівага для вас часопіса. Я не пасягаю на столькі, але мне цяпер трэба 800 рублёў срэбрам. Калі дасцё 200 ці 300 задаткам, то адкрыю вам таямніцу. Не дасцё — буду шукаць шчасця ў Пецярбурзе".

Мураўёў апусціў вочы, захітаў галавою, але не падаў голасу, слухаў.

— Мы, Міхаіл Мікалаевіч, — не стрымаўся, пацешыўся сваёю пранікліва­сцю Зайцаў, — зразумела, абнюхалі кожнае слова. "Чуў" пра 1600 рублёў — сапраўды, мы тайным агентам абяцалі такія вялікія грошы за лухту, але на самай справе за агромністай сілы бомбу. Значыць, ананім ці з нашай службы, ці з нашых тайных агентаў, ці чорт ведае хто. "Мне цяпер трэба 800", але возьме нашмат меншы задатак за ўведанае ім. Значыць, можна даць яму і не шмат. Усё роўна выдасць. І да ўсяго, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, усіх нас не магло насцярожыць апошняе: "буду шукаць шчасця ў Пецярбурзе". У разгадцы гэтай імпрэзы нямала патаемнасцей: ён у адчаі? палохае? Але для нас, сышчыкаў, выбачайце, Міхаіл Мікалаевіч, была і яшчэ адна пагроза: а раптам ён, гэты тыпус, правакуе нас, "сундуков", па загадзе сталічнай ахранкі?

— А ці не быў гэта звычайны сукін сын? — усклікнуў Мураўёў, трасучы "сабачымі" шчокамі. — Ці не бессаромны вымаганец?

— Выбачайце, Міхаіл Мікалаевіч, але амаль так жа ўсклікнуў і генерал-губернатар Назімаў, калі я паказаў яму гэты ліст. Ды мая роля, Міхаіл Мікалаевіч, сціплая: я сказаў яму, што не трэба пасылаць к чорту нягодніка, яго трэба ўсё ж спажыць. Ён, заўважце, намякае і пра іншыя вывіжаваныя ім тайныя суполкі. А ён, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, як відаць з сённяшняга дня, выводзіў нас ужо тады на такіх верхаводаў мяцяжу, як Аляксандр Аскерка, Францішак Далеўскі, мог, чуеце, мог вывесці і на "генія" беларусцаў ці іхняга "дыктатара" Каліноўскага. Назімаў мяне паслухаў, загадаў даслаць ананіму задатак. Яшчэ ён падумаў-падумаў і дадаў: усё ж дашлі гэты ліст у пецярбургскую ахранку. Не будзем нічога таіць ад іх. Няхай разбіраюцца, хто такі "покорный слуга Владимир", каго мы зачапілі на кручок. Ці няхай бачаць, што мы не паддаліся на іхнія штучкі-дручкі.

— Ліс! — усклікнуў Мураўёў.

— І я, паверце, дарагі Міхаіл Мікалаевіч, — і шчыра, і лісліва імгненна прыляпіў правую руку да левай грудзіны, як кажуць, "да сэрца", Зайцаў, — менавіта так падумаў. Такім чынам ён падстрахаваўся. Нават на будучыню. А Пецярбург, паўтаруся, заваліў справу. Мы тут з яе маглі многае вывудзіць, прадухіліць.

— А можа, і добра, Аляксандр Міхайлавіч, што не прадухілілі. Цяпер ёсць больш і спрыяльнейшы шанец выкараніць тут усю заразу, — сказаў Мураў­ёў. — Так што давай, дружа, Назімава не чапаць. Мы з табой возьмем на сябе і ўвесь цяжар расправы, і поспех ды славу пераможцаў.

Адразу ж воўчым нюхам-духам учуўшы змену настрою Мураўёва, абачліва падхапіўся Зайцаў:

— Ёсць, ваша...

— Ды сядзі, — махнуў-загадаў рукой Мураўёў. — Цяпер зразумеў: у Пе­цярбурзе, калі займелі на руках ліст з Вільні на "покорного слугу Владимира Иванова", ускіпелі: а ты водзіш за нос, страшыш і нас? Ды з праціўнікаў імперыі і яе шчырых абаронцаў хочаш, мярзотнік, нажыцца?

— Так-так, Міхаіл Мікалаевіч, — падтакнуў Зайцаў. — Менавіта так. Вы ўсё мудра разгадалі. Агент-двайнік ці трайнік раздражніў іх. Вось яны і загадалі яму прынесці ўсё ім сабранае, патайное, разлічанае для продажу, а пасля ўсё гэта аформілі як здабытае іменна імі, злачынна ўчыненае ім, злачынным польска-беларусцам. Гэта, Міхаіл Мікалаевіч, подлы метад, але без яго часамі не абысціся.

— Разумею, — вяла сказаў Мураўёў. Памаўчаў. Пасля, паколькі быў і ў старэчым узросце, але жвава-напорысты, папрасіў: — Падкажы, даражэнькі Аляксандр Міхайлавіч, што цяпер рабіць асабіста мне пасля твайго дакладу? Я маю вялікі козыр у руках супраць Пецярбурга. Тым больш цяпер, калі нейкія (ён сказаў не "нейкія", а лаянкавае слова) нашы антыпатрыёты лямантуюць (замест гэтага таксама лаянка з лаянкі), Аўстрыя, Францыя і Англія сіпяць, што Пецярбург, я тут паводзімся як драпежныя звяры. Пецярбургу такой бяды, пашумяць-пакрычаць і сціхнуць, бо з ім нельга не лічыцца. А што са мной? Усё зверства тут зноў браць мне толькі на сябе?

— Гэта ваша вялікая місія, Міхаіл Мікалаевіч...

— Ды перастань, — шчыра, груба абарваў Зайцава Мураўёў. — Я зусім "не стары асёл", "бульдог ці мопс", як нават лічыце вы, ахранка. Я ўзваліў на свае плечы непамернае, грубае, злоснае, але для Расійскай імперыі неабходнае: я дзесяцігоддзямі тапчу, выразаю, высякаю тут усе парасткі мясцовага. Мяне хваляць, узнагароджваюць і мяне за гэта ненавідзяць у маёй любай, але сапраўды, дурной Расіі!

— Ды што вы, Мі...

— Памаўчы! — зноў груба абарваў яго, Зайцава, Мураўёў. — І ты, і я ведаем — і добра ведаем, — што робім тут страшэнную, нечалавечую работу, каб адразу ж знішчыць узыход кожнай нацыянальнай раслінкі.

— Міхаіл Мікалаевіч...

Мураўёў, узгарачаны, успацелы, зноў перапыніў яго ўзмахам рукі:

— Ладна, — паўтарыў. — Ты таксама не чуў, што я казаў у эмоцыях апошняе. Я быў, ёсць цвёрды: па маім загадзе не менш 128 мяцежнікаў пакараем смерцю, больш 12 тысяч вышлем на катаргу і пасяленне ў Сібір. Я даю табе, дарагі мне Аляксандр Міхайлавіч, даручэнне вялікай важнасці: складаць і складаць спісы ўсіх тых, хто не толькі прагне, але нават імкнецца, як тут кажуць, "дыхнуць на поўныя грудзі". Абарвем, не дадзім тут такога дыхання. Гэта — мой загад. І на далёкую будучыню!

— Ёсць! — зноў падхапіўся Зайцаў.

— Думаю, дарагі, што цар-вызваліцель і нас, "прыгоннікаў", не пакрыў­дзіць, — пажадліва прамовіў Мураўёў. — Мне дасць графа Віленскага, а ты станеш генералам.

— Дзякую, Мі...

Ды Мураўёў не даслухаў. Стомлена, але паважна седзячы на канапе, на падлакотніках якой выразаныя з дрэва львы, раптам жвава, з чорцікамі гуллівымі ў вачах, у чымсьці помсліва пасміхнуўся:

— Аддай гэтую папку Весяліцкаму. Няхай ён, балван, пашле па ёй свой даклад у Пецярбург. Няхай ён міжволі стане непрыемны, нават прыкры сталічнай ахранцы. Нам з табой дражніць яе ўсё ж не варта.

 

"Патриот Отечества", "благодетель и хозяйственник", "усмиритель-ветеран Северо-Западного края" граф Віленскі Мураўёў пажыў сыта, са старэчай буркатнёй на паслярэформавы лад, але не шмат. У 1866 годзе ён пакінуў гэты свет. У Вільні яму паставілі помнік, каб ён і мёртвы пільна глядзеў на край. Ды тутэйшая моладзь не давала яму спакою: абмазвала помнік воўчым тлушчам, дык уночы з усяго горада збягаліся бяздомныя брудныя сабакі і аббрэхвалі яго. Перад наступленнем кайзераўцаў на Вільню помнік вывезлі ўглыб Расіі. Абодва, ахвяра Каліноўскі і яго загубца, мелі рацыю: і сёння для адных Мураўёў — "вешацель", "душыцель", для іншых — "хозяйственник".

Генерал Зайцаў "благочинно" дажываў сваё; "Уладзімір Іваноў" віжаваў сярод ссыльных і на поўначы, пісаў на іх даносы, выпрошваў сабе грошы і волю. Апошнія яго сляды губляюцца ў Архангельскай губерні за 1870 год. Як кажуць, так яму, мярзотніку, і трэба.

2000–2004

Публікацыя паводле: Дзеяслоў. – 2016. — №82–83.