
1863
"2 ноября в Ошмянской следственной комиссии были спрошены нижепоименованные лица и показали:
1. Казимир Иосифов Богушевич... имею четырех сыновей... Владислава, 25 лет, служащего офицером в Капорском полку, Францышка, 23 лет, ушедшего в мятеж, Валериана, 22 лет, имеющаго должность землемера в Ошмянском уезде, Аполлинария, 18 лет, занимается дома хозяйством..."
Са справы Часовага палявога аўдытарыяту Віленскай вайсковай акругі
Праўды хоча адзін,
а спакою другі —
кожны сам выбірае
пагоні і ўцёкі.
Прыйдзе смерць без чаргі,
час разгорне сцягі,
і чатыры сыны —
як чатыры дарогі.
Мы ніколі не дзякуем
нашым часам:
тут умовы не тыя
і людзі не тыя,
але кожны за зброю
хапаецца сам —
не схіляецца болей
і вечна не ные.
Беларусы адны
будуць век бедаваць,
што аднойчы зашмат
начыталіcя кніжак,
беларусы другія
ідуць ваяваць —
Каліноўскі Кастусь,
Багушэвіч Францішак.
Іх чакае выгнанне,
турма і пятля,
Ім праз сотню гадоў
не відно абеліскаў —
толькі кліча зямля,
толькі кліча зямля
да Гародні,
да Ліды,
да Вільні,
да Мінска.
Генерал-губернатар
і граф Мураўёў
на той час быў не горш
за Цанаву з Яжовым.
Біў шляхэцкую дур,
піў мужыцкую кроў,
спраўных гнаў на Сібір
з іх тутэйшаю мовай.
Не прадайце народ,
не дзяліце народ
на мужыцкія косы
і штуцэры шляхты!
За няволі жыццё
варта узяць волі год,
гэта потым —
на крыж, на Амур і на шахты.
Нам цяпер, як раней,
валіць здрада пад дых,
але мёртвыя сораму й страху
не маюць,
нашы мёртвыя помняць
пра нашых жывых,
нашы мёртвыя
нашых жывых узнімаюць.