Назад

Пятро Ламан

Балада 1863 года

Вось і ўсё. Я дайшоў да мэты.
Сеча стала маім каханнем,
Палажыла на дол угрэты,
Хутка вып'е маё дыханне.

.............................................

Сярод ночы суняўся вецер.
Занялося неба пажарам.
Зоркі, зоры... Мой боль ці месяц
Усплывае барвяным шарам?

І мацнее лучнасць абдоймаў,
Захліпаюцца вусны шчасцем.
Цвердзь зямная... Нябёс прадонне
Закалышацца і пагасне.

Новы свет узарве павекі,
На свядомасць абрыне раці.
Непарушнай будзе давеку,
Белакрылая наша Маці.

Твой вястун, твой ахвярны бусел
Ці ўратуе душу сляпую?
Чым ты ёсць? Чым ты заўтра будзеш?
Чым дзяцей сваіх нагадуеш?

Што сягоння апора праўдзе —
Лік, аблічча, свіное рыла?
Пакаянны крык: "Пакарайце!"?
Зло, што пашчу сваю раскрыла?

Перакручаная прастора
Працінае жывое сэрца.
Прычасці мяне, маці, горам,
Ля душы тваёй дай сагрэцца.

Наша сёння настане потым.
Па знявечаных нашых гонях
Сеем заўтра крывавым потам,
А за намі ляціць пагоня.

Меч на доле. Памру пад небам.
Чую, зноў груганы гарлаюць.
Прарастаю духоўным хлебам.
Хлеб і воля не паміраюць.

Што нашчадкам да нашай смерці?
Іх маланка жыцця цікавіць.
Быць паходнямі нашым сэрцам.
Хай жа поле сваё шукаюць!

Ураган пад радном прасторы.
Не парваць векавую повязь.
Не замкнуць на замок прастору.
Род не згасне, пакуль ён помніць.

.............................................

Боль дыхання ніхто не верне,
Вось і вочы мае застылі.
Быў ахвяраю — буду зернем,
Узмахні, мая маці, крыллем.

 

Публікацыя паводле: Беларусь. – 1988. – №2. – С. 22.
Матэрыял даслаў: bibliograf