Назад

Васіль Макарэвіч

Апошняе слова Каліноўскага

— Мне у вочы, каты, пільна гляньце!
Там гнеў бушуе, нібы смерч.
Гуляў на панскай пагулянцы я,
нібыта у бітве голы меч.
Удзень і ноччу, калі вёскаю
праносіліся важакі,
чапляліся за Каліноўскага,
нібы дзядоўнік, мужыкі.
Храплі дарогі ад галоты,
і ля палацаў на зары
блішчалі люта і галодна
наточаныя тапары!
Хацеў не вершам і не словам,
кап'ём, што узнімае раць,
удоўж і упоперак саслоўі
як чарназём, пераараць.
Каб, уцякаючы ад кары,
гублялі хіжыя паны
свае маёнткі у пажарах,
як з плеч уласных — жупаны.
Каб селяніну без прынукі,
нібы слухмянае цяля,
з даверам торкнулася у рукі
яго карміцелька-зямля...
Густое віленскае неба,
будзь слову сведкай,
                    што з касцей,
калі зямлю укорміш гневам,
меч на магіле прарасце.
І гнеў падасць яго ў рукі,
каб за сабой павесці у бой,
калі не сыну, то унуку
у світцы шэрай ільняной.
...Бывай, народзе мой!..

 

Публікацыя паводле: Макарэвіч Васіль. Лісавей. – Мінск, 1971. – С. 73–74.
Матэрыял даслаў: bibliograf