
Песня каліноўцаў
Палыном і быллём параслі нашы нівы,
як ні б’ёмся, ні гнёмся над імі у крук,
плён адвеку чужынцы збіраюць, не дзіва,
што канае народ твой і ты,
Беларусь!
Але годзе!
Мы ўстанем!
Ціхім раннем, на ўсходзе,
ссыплем, згорнем у шапкі залатую зару
і ў сталёвым ад кос і ад песняў паходзе
возьмем волю сабе і табе,
Беларусь!
Каліноўскі нас кліча і агніста й зацята,
на змаганне за свята для мазолістых рук,
за зямлю для аратых
і за сонца ў хатах,
за увесь твой народ, за цябе,
Беларусь!
Дык ударма, як гром, дык лінем навальніцай,
дык праб’емся ж крыніцай
з-пад зямлі угару,
каб мядзянай пшаніцай мог зігцець-каласіцца
наш загон, і бязмежжы твае –
Беларусь!
Гэй, смялей,
гэй, далей,
не лякаймася смерці!
Нашы целы і славу сыны падбяруць.
Хоць і зложым на пожнях гарачыя сэрцы,
але ты будзеш жыць і расці,
Беларусь!
1942