
Апошняя ноч Каліноўскага
Заўтра ўсё... Заўтра смерць. Мяне выведуць каты.
Сакавік на двары... Яшчэ тыдзень — і птушкі дамоў,
О буслы, дзеці сонца! Летучы, адшукайце вы хату,
Дзе жыве маё шчасце, якога ў жыцці не знайшоў.
У вясновай красе! Ясна-чыстая, нібы бяроза.
Вуснаў не цалаваў і яе не насіў на руках.
Птушкі! Людзі казалі... Прашу вас праз слёзы —
Ўкіньце вы ёй праз комін маленькага хлапчука,
Хай ён будзе маім! Тую дзеўчыну вы папрасіце.
У краіне цяпер будуць вісельні, здзекі і жах,
Будзе слухаць ён жаль перапёлкі у стоптаным жыце,
Песні ціхія з прызбаў па вечарах.
Веру — кроў мая ў сэрца яго застукоча.
І калі прыйдзе час новай гнеўнай касьбы, то ізноў,—
Хай жа пільнымі будуць і ноччу і днём яго вочы.
І пажары палацам! За мову, за слёзы, за кроў!..
Хлопчык мой! Я цябе, дарагі, абдымаю.
На радзіме маёй здратаванай павінен ты быць.
Крокі ў лёхах! Ужо і світаць пачынае!
Беларусь, мая маці! Ты будзеш, адзіная, жыць!
1967