Назад

Алесь Разанаў

Арышт Кастуся Каліноўскага

Аблога...
Крокі...
Ляск...
Прыцемненыя сцены,
і дрогкай свечкі бляск,
і на парозе цені.
І месяц паўз акно
слізне, як паражэнец –
на схіл усё адно...
Як зваць вас?
Вітажэнец.
Утойваюць муры,
сцярожкі бор таемны
да іншае пары
імя яго нядрэмна.
Да іншае пары
пакінуты сякеры,
да іншае пары
сышлі касіянеры.
І запазычан край,
і аціхаюць знічы...
Хавай,
хавай,
хавай
сапраўднае аблічча!
О, наступ нематы –
нябога... выраджэнец...
І ўжо знікаеш ты...
Няма ўжо...
Вітажэнец...
Ні вучняў, ні сяброў...
Сарвецца шлях памглённы...
Як волю і любоў,
дае нам час
імёны.
Учэпяцца... –
з пятлёй –
не выбіцца... –
ажэняць...
Па той бок – што па той?..
Па гэты –
Вітажэнец.
Заўжды – адзін адказ,
утойванне... змяншэнне...
Але прыходзіць час
імя і ўваскрашэння.
Ўсе ніты ў сувой,
у заклік пагалоскі
з’яднаць –
і стаць сабой!..
Як зваць вас?
Каліноўскі.

1974

Публікацыя паводле: Новы Час, 2003. №2(7)