Назад

Сяржук Сокалаў-Воюш

Апошні бой Валерыя Ўрублеўскага

Верш-песня

Наскок казачы не суняць. Маланкі шабель, куляў град,
Але мы мусім бой прыняць, і я гукнуў: "Назад!".
Нязвыклы заклік супыніў і нацягнуў аброць,
А гулкі бор прагаманіў маё "назад" стакроць.

Назад... Назад... І коні рвуцца ў бой.
Назад... Назад, калі супарат за табой.

Пазаднік сьсечаны ушчэнт, навокал звон, навокал кроў,
Ды не здаецца інсургент, ён помсьціць за сяброў,
За вечны гвалт, за вечны зьдзек, бо до ўжо моўчкі спаць,
Ты -- чалавек. Ты -- чалавек! І позна адступаць.

Назад... Назад... І коні рвуцца ў бой.
Назад... Назад, калі супарат за табой.

Клінок ударыў у клінок. Казак ня ўседзеў у сядле.
І я прасунуўся на крок да вольніцы, але
Клінок другога казака ў маіх касьцях завяз,
І я, зьляцеўшы старчака, гукнуў апошні раз:

Назад... Назад... І коні рвуцца ў бой.
Назад... Назад, калі супарат за табой.

Назад... Назад... І коні рвуцца ў бой.
Назад... Назад, калі супарат за табой.

 

Гуказапіс песьні