Назад

Янка Золак

1863

Ня звонам зьвініць сьпелы колас,
Ня вецер шуміць у траве, —
То праўды мужыцкае голас
Народ на змаганьне заве.

Ня бура-пярун з бліскавіцай
Грукоча, грыміць над зямлёй, —
Над змучаным краем ірдзіцца
Народнае волі узьлёт.

Прыслухайся! Гэта ня громы,
Ня дзікі разбойніцкі сьвіст, —
У жаху сьмяротным харомы
Дрыжаць, як асінавы ліст.

У змучанай катам краіне
Вызвольніцкі ўзьвіўся штандар,
Да неба пагрозьліва хлынуў
Народнае помсты пажар.

Ня зьзяньне на небе віруе,
Ня сьвеціць на моры маяк, —
То сілай паўстанцаў кіруе
Кастусь Каліноўскі — ваяк.

Ён люду свайму і Радзіме
Здабыць хацеў шчасьця пару...
Яго легендарнае імя
Запомніць навек Беларусь.

26 студзеня 1946 г.

Публікацыя паводле: Золак Я. Вятрыска з радзімай краіны, – Мн., 1996