Назад

У верасні 2013 года ў Вільні адбудзецца навуковая канферэнцыя па праблемах паўстання 1863-1864 гадоў

Паўстанне 1863-1864 гг. з'яўляецца вельмі важным, шмат у чым пераломным момантам у гісторыі Польшчы, Літвы, Беларусі, а таксама часткова Ўкраіны і Расіі. Гэтае паўстанне, адрозна ад, напрыклад, паўстання 1830-1831 гг., нават тэарэтычна не мела шанцаў на поспех. Але з-за гэтага яно не з'яўляецца менш цікавым і важным.

Паўстанне, якое распачалося на землях былой польска-літоўскай дзяржавы 150 гадоў таму, было адной са шматлікіх грамадскіх спробаў пазбавіцца чужой улады. Яно адбывалася ў той час, калі ў грамадстве ішлі маштабныя перамены, у тым ліку і ў самаідэнтыфікацыі розных сацыяльных супольнасцяў. Менавіта ў гэтую эпоху праходзіла трансфармацыя з грамадства, у якім пераважалі старыя паняцці аб палітычнай нацыі, у свет, дзе вяршэнствавалі этналінгвістычныя катэгорыі. Таму паўстанцкі лозунг "За нашу і вашу свабоду" можа быць прачытаны па-рознаму, у залежнасці ад таго, што разумець пад "мы" і "вы".

З гэтым паўстаннем ці "мяцяжом", як яго зазвычай называлі ў расійскай публіцыстыцы і афіцыйных дакументах, звязаныя і вялікія перамены ў імперскай нацыянальнай палітыцы. "Адліга" змянялася "татальнай русіфікацыяй". Гэты "польскі выклік" таксама мяняў адносіны імперскай палітычнай эліты ў дачыненні да іншых ускраінаў, а ў шырэйшым сэнсе паўплываў і на нацыяналізацыю Імперыі Раманавых.

Зважаючы на ўсе гэтыя моманты, не дзіўна, што дадзеная гістарычная падзея другой паловы XIX ст. прыцягвае ўвагу не толькі гісторыкаў, але і займае важнае месца ў гістарычнай культуры польскага, літоўскага і беларускага грамадстваў. Праўда, стаўленне да дадзенай гістарычнай падзеі зведала ў гэтых грамадствах розныя метамарфозы. Найменш пераменаў адбылося ў польскай традыцыі. Тут, не ўлічваючы кароткага перыяду пасля Другой Сусветнай вайны, Студзеньскае паўстанне заўсёды было як афіцыйна, гэтак і грамадскі прызнаным важным "месцам памяці", якое паказвала нязгаснае імкненне польскага грамадства да свабоды. У Літве і Беларусі можна вылучыць не адну і не дзве інтэрпрэтацыі. На пачатковай стадыі паўстанне ўспрымалася як "польскае", а таму чужое і нявартае павагі. Савецкі наратыў паспрабаваў пераўтварыць гэтую гістарычную падзею ў паўстанне сялян супраць абшарнікаў і "царызму", але дадзеная інтэрпрэтацыя так і не была прынятая шырокімі коламі насельніцтва. Замест гэтага ўжо ў Савецкай Літве, а наймацней за апошнія два дзесяцігоддзі стала распаўсюджвацца канцэпцыя, якая сцвярджае, што літоўскія паўстанцы ваявалі за незалежную Літву. У той жа час у Беларусі выразна прасочваецца тэндэнцыя зрабіць Кастуся Каліноўскага адной з найважнейшых постацей беларускага нацыянальнага пантэона.

Маючы на ўвазе ўсе гэтыя кантэксты, Інстытут гісторыі Літвы, Беларускае гістарычнае таварыства, Польскі інстытут у Вільнюсе ў верасні 2013 года арганізуюць міжнародную навуковую канферэнцыю ў Вільнюсе. Канферэнцыя засяродзіць сваю ўвагу на наступных пытаннях (праблемах):

  • за што змагаліся паўстанцы ў 1863-1864 гг.?; "праграма" паўстання ў кантэксце вызваленчага руху на колішніх землях ВКЛ;
  • склад удзельнікаў паўстання і лагера яго праціўнікаў;
  • імперская палітыка ў час "мяцяжу" і ў наступныя дзесяцігоддзі;
  • "памяць" пра паўстанне ў розных нацыянальных і дзяржаўных наратывах.

Канферэнцыя будзе праходзіць на рускай і польскай мовах (без перакладу).

Прапановы тэмаў Вашых паведамленняў просім дасылаць да 30 верасня 2012 г. на электронны адрас.

Нам. Дырэктара Інстытута гісторыі Літвы др. Даруса Сталюнаса.

darius01108@gmail.com