Назад

Прадмова

Паўстанне 1863-1864 гг. стала значнай падзеяй у грамадска-палітычнай гісторыі Беларусі, Летувы, Польшчы. Яго мэтай варшаўскі цэнтр фактычна лічыў узнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Але, у адрозненне ад папярэдніх паўстанняў, на няпольскіх землях былой “дзяржавы абодвух народаў” ужо існавалі сілы, што адстойвалі права беларусаў, летувісаў, украінцаў на самастойнае развіццё. І, перш за ўсё, гэта левае (“чырвонае”) крыло віленскіх канспіратараў, якое ачольваў К. Каліноўскі.

Заўсёдны інтарэс да дакументальнай спадчыны паўстання, як сярод навукоўцаў, так і сярод шараговых чытачоў цалкам заканамерны. Гэтак, шматлікія дакументы і матэрыялы 1863-1864 гг. былі апублікаваныя ў зборніку “Восстание в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг.”, што выйшаў у Маскве і Вроцлаве ў 1965 г. Акрамя гэтай кнігі заслугоўваюць высокай адзнакі дакументальныя зборнікі, прысвечаныя асабіста правадыру беларуска-літоўскіх і летувіскіх паўстанцаў, — “К. Калиновский. Из печатного и рукописного наследия” (Мн., 1988) і “Каліноўскі К. За нашую вольнасць” (Мн., 1999). Адзначым, што апошні зборнік падрыхтаваны ў межах унікальнага кнігавыдавецкага праекта “Беларускі кнігазбор”.

У той жа час з віртуальных гісторыка-дакументальных рэсурсаў, прысвечаных Паўстанню і яго беларускаму кіраўніку можна назваць хіба што толькі асобную старонку праекта “Асьвета”, але там апублікаваныя толькі “Мужыцкая праўда” і “Пісьмы з-пад шыбеніцы”. Таму задача дадзенага раздзелу — закрыць існуючыя прагалы, надаючы ўсім зацікаўленым людзям магчымасць доступу да максімальна шырокага кола дакументальных матэрыялаў аб вызваленчым Паўстанні 1863-1864 гг. і Кастусю Каліноўскім.

Структуру онлайнавага зборніка складаюць 4 падраздзелы:

  1. Асабістыя і сямейныя дакументы К. Каліноўскага
  2. Дакументы паўстання
  3. Дакументы імперскай адміністрацыі
  4. Успаміны сучаснікаў

Прыёмы перадачы тэксту дакументаў пакуль не уніфікаваныя. Гэта звязана з тым, што праект рыхтаваўся і дапаўняўся цягам доўгага часу, а таксама з рознымі крыніцамі публікацыі. Тыя дакументы, якія публікуюцца паводле папяровых выданняў, падаюцца так, як яны прадстаўлены ў гэтых выданнях. А арыгінальныя архіўныя матэрыялы падаюцца згодна ўсіх правілаў гісторыка-археаграфічнай дысцыпліны. Знакі прыпынку ва ўсіх выпадках расстаўляюцца паводле сучасных правілаў правапісу.

Кожны дакумент (за выключэннем “Мужыцкае праўды” і “Пісьмаў з-пад шыбеніцы”) вынесены на сэрвер асобнай web-старонкай, якая ўключае непасрэдна тэкст дакумента і яго археаграфічнае афармленне, уключаючы тэкстуальныя заўвагі. У шэрагу выпадкаў карыстальнік можа прагледзець і захаваць на ўласным лакальным дыску факсімільныя выявы першакрыніц.

Праект здзейснены на базе юнікодавага шрыфту Palatino Linotype, і для паўнавартаснай працы (карэктнага адлюстравання састарэлых кірылічных сімвалаў) вымагае наяўнасці гэтага шрыфту ў сістэме карыстальніка. Карэктна адлюстроўваюць дарэвалюцыйныя літары кірыліцы таксама шрыфты Lucida Sans Unicode і Arial Unicode MS.

Навукова-даведачны апарат праекта на дадзены момант складаецца са слоўніка паланізмаў і малавядомых слоў, а таксама геаграфічнага паказальніка. Спасылкі ў паказальніку даюцца на нумары апублікаваных дакументаў і выкананыя ў выглядзе гіперспасылак на гэтыя дакументы, што дае мажлівасць хуткага пераходу.

Усе водгукі, заўвагі і прапановы просьба дасылаць на электронную паштовую скрынку аўтара ці пакідаць у Гасцёўні сайта.

Кузменка Зміцер